10.04.2019
10.04.2019

Вавёрка ў коле, альбо Я хачу качаць жалеза!

logo
Думкі ўслых
0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Усе бягуць, бягуць, бягуць, бягуць…» – спяваў некалі Валерый Лявонцьеў, а разам з ім і мы. «І я бягу!» – дадаваў Воўк з мультфільма. Тая папулярная песня прыпала на часы майго дзяцніства, калі – вось дзіва! – усе ТАК яшчэ не бегалі...

Калі зараз пытаешся ў сяброў, знаёмых:  «Як пачуваешся?», дык што часцей за ўсё чуеш у адказ?! Правільна: «Як вавёрка ў коле». Альбо гэтае: «Дом-праца-дом ». І акрэслены такім чынам маршрут жыцця змяняецца рэдка.

Так, усё тое, пра што пішу зараз, зусім не навіна. Пра іншае хацела б сказаць. Ці здаралася вам патрапіць у складаную сітуацыю, з якой ну зусім не бачыцца выйсця? Калі не дапамагаюць нічые парады, альбо проста не знаходзіш у сабе сіл камусьці распавесці пра тупік, а тым больш – папрасіць аб дапамозе?!

Як вы тады знаходзіце выйсце?! Вавёрка ж павінна працягваць круціць кола. І яна не разумее, што калі проста спыніцца, дык разам з ёй спыніцца толькі кола, а не ўсё жыццё. Мне ў такіх выпадках дапамае якраз-такі напісанае кімсьці. І часцей за ўсё гэта бывае сапраўды падказкай аднекуль зверху. Бо абавязкова падчас абдумвання сітуацыі дзесьці ў часопісе альбо нават мастацкай літаратуры я раптам знаходзіла калі не цалкам гатовае рашэнне, дык штуршок да дзеяння.

Нават болей! Як прынята казаць, гэта станавілася такім «чароўным пендалем», якога мы падчас чакаем. І ўсё! І я забіралася назад у сваё жыццёвае кола, якое часова мяне проста выкідвала, і круціла яго далей.

Але ўсё часцей надараюцца моманты, калі прыходзіць усведамленне: па-за колам застаюцца не толькі звычкі, захапленні, але і сябры, і родныя. Тэлефанаванне? «Ой, мне няма калі… Ператэлефанаваць?!  Ну-у-уу-у… Праз пару тыдняў, магчыма». Заняцца чымсьці? Як кажуць, не ў гэтым жыцці. А якім???

Памятаю, адзін час зайздросціла (па-добраму) сябру, які жыў у сталіцы. Маўляў, мае магчымасць хадзіць у тэатр хоць кожны тыдзень! Але, як аказалася, і я, жывучы ў сваёй правінцы, і ён не былі там аднолькавую колькасць гадоў! «Разумееш, – тлумачыў сябар, – так стамляюся на працы, што ў выхадныя хочацца проста пабыць дома, паляжаць на канапе…»

Калі я адпачывала ў сваім любімым Нясвіжы, дык часта думала: «Якія шчаслівыя тыя, хто жыве тут! Штодня бачыць усю гэтую прыгажосць…» Але назіраючы за абыякавымі тварамі мясцовых, якія спяшаліся міма палаца, сістэмы заваблівых сажалак, праз паркі, разумела: большасць з іх гэтую прыгажосць… проста не заўважае. Бо прывыклі за столькі гадоў. Гэта для мяне ўсё – ах!

Зараз у сеціве вельмі шмат карысных парадаў ад псіхолагаў пра тое, як вавёрцы вырвацца з кола. А доктар Лібі Уівер нават напісала кнігу пад назвай «Сіндром вавёркі ў коле: Як захаваць здароўе і зберагчы нервы ў свеце бясконцых спраў». Многія пры жаданні вам распавядуць пра тайм-менеджмент альбо дэдлайны… Для сябе ж я галоўным абрала гэтае: на першым месцы заўсёды павінны быць людзі, іх справы, стасункі з імі.

Таму зараз заўсёды адказваю на тэлефанаванні, нават калі ў гэты момант у мяне можа збегчы кава, альбо я рыхтую святочныя стравы і да прыходу гасцей зусім мала часу. Усе і ўсё пачакаюць! Калі чалавек патэлефанаваў табе ў гэты момант (зайшоў у госці, падышоў на вуліцы, «пастукаўся» ў вайбер), значыць, ты сапраўды яму патрэбна неадкладна!

А яшчэ ў пэўны момант прыходзіць усведамленне, што трэба рэалізоўваць свае планы, задумкі, нават амбіцыі ў бліжэйшы час, а не праз пяцігодку. Вось пачала я з панядзелка раніцай знаходзіць 15 хвілін для зарадкі – і ўсё ОК! Цяпер задумалася: хачу пакачаць жалеза ў трэнажорнай зале. Проста так, для сябе. Спыняйся, кола! Адпачні! У мяне больш важны занятак для душы, цела і здароўя!

А якія бліжэйшыя планы ў вас? Для чаго ці каго вы гатовыя добраахвотна пакінуць сваё кола?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 41

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама