Па ацэнках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, прыблізна 40 чалавек у дзень у Беларусі памірае ў выніку захворванняў, справакаваных ужываннем тытуню. Усяго ж паліць у нашай краіне больш за 2 млн чалавек. Такія дадзеныя былі агучаныя спецыялістамі на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, прымеркаванай да Сусветнага дня без тытуню, які штогод адзначаецца 31 мая. Экспертамі выступілі:
- каардынатар праграм Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па грамадскім здароўі Краінавага бюро СААЗ Валянцін Русовіч;
- вядучы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Інэса Грыгор'ева.
Толькі факты
Па словах Валянціна Русовіча, у Беларусі сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын – 69 гадоў, у жанчын – 79 гадоў. Разам з тым, СААЗ лічыць кожную смерць, якая наступіла раней за 70 гадоў, заўчаснай. І адна з прычын такіх лятальных выпадкаў – распаўсюджанасць фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў, у тым ліку курэння. Па дадзеных маштабнага даследавання STEPS, у Беларусі ўжываюць тытунь 48% мужчынскага насельніцтва ва ўзроставай групе 18-69 гадоў, сярод жанчын – 12% (трохразовае павелічэнне ў параўнанні з 1995 годам).
На першым месцы сярод прычын смяротнасці ў выніку курэння, адзначыў эксперт, – сардэчна-сасудзістыя захворванні (інфаркты і інсульты). На другой пазіцыі – анкалагічныя захворванні, абумоўленыя тытунекурэннем. І гэта не толькі рак лёгкіх, але і 28 іншых лакалізацый ракавых пухлінаў, у тым ліку рак мачавога пузыра, прамой кішкі, страўніка, прадсталёвай залозы. Трэцяя найбольш масавая прычына смяротнасці ад захворванняў, звязаных з тытунём, – эмфізэма і хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх.
Паводле ацэнак СААЗ, кожны другі, які паліць зараз і не зможа адмовіцца ад гэтай звычкі, загіне ад захворванняў, звязаных з тытунекурэннем.
Актуальнай застаецца праблема палення сярод моладзі і непаўналетніх. У пацверджанне Валянцін Русовіч прывёў наступныя факты. Сярэдні ўзрост пачатку курэння, паводле даследавання STEPS, ва ўзроставай групе 18-29 гадоў складае 16,1 года – сярод юнакоў і сярод дзяўчат – 17,3 года.
Забарона на курэнне ў памяшканнях і павышэнне акцызаў на цыгарэты
Разам з тым, адзначыў Валянцін Русовіч, на працягу апошніх 10 гадоў распаўсюджанасць курэння ў Беларусі зніжаецца: з больш чым 56% да 48% (сярод мужчын). Калі кожны працэнт ад агульнага ліку курцоў – гэта 20 тысяч чалавек, дык зніжэнне нават на 7% азначае, што ўжо ў 140 тысяч чалавек меншая рызыка развіцця захворванняў.
Значным крокам, падкрэсліў эксперт, стала прыняцце Дэкрэта Прэзідэнта РБ «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў». З 27 ліпеня 2019 года курэнне будзе забаронена: у цягніках працяглага накірунку і пакоях гасцініц, кафэ і бараў, у дапаможных памяшканнях жылых дамоў, ліфтах, аўтамабілях, калі там знаходзяцца дзеці да 14 гадоў, на дзіцячых пляцоўках, працоўных месцах, тэрыторыях і ў памяшканнях спартыўна-аздараўленчых лагераў, падземных пераходах, на прыпыначных пунктах і пасадачных пляцоўках.
Спецыяліст дадаў, што ў дзяцей, бацькі якіх кураць, пачашчаюцца выпадкі рэспіраторных інфекцый, вострых сярэдніх атытаў, павялічваецца верагоднасць развіцця пнеўманіі, у два-тры разы вышэйшая схільнасць да бранхітаў і бранхіяльнай астмы.
Яшчэ адной стратэгічнай мерай па далейшым скарачэнні курэння і зніжэнні смяротнасці ад захворванняў з'яўляецца значнае павышэнне акцызных падаткаў на тытунь. Цяпер ён складае 34% ад кошту пачкі цыгарэт, а мінімальны рэкамендуемы СААЗ узровень – 75%. Гэтая мера дазволіць у два разы знізіць колькасць распаўсюджанасці курэння сярод беларусаў, у тым ліку сярод моладзі, упэўнены Валянцін Русовіч.
Кожныя 6 секунд – 1 смерць ад тытуню
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Інэса Грыгор'ева падкрэсліла, што кожныя 6 секунд у свеце з-за курэння памірае чалавек, а гэта 6 млн смерцяў у год. З іх 600 тысяч чалавек гіне ў выніку пасіўнага курэння. Спецыяліст нагадала, што цыгарэтны дым змяшчае 4 тысячы шкодных рэчываў і 13 безумоўных ядаў. Пры пасіўным курэнні чалавек удыхае паветра, якое змяшчае тытунёвы дым, пры гэтым у яго арганізм трапляе каля 60% небяспечных таксінаў.
У Беларусі ва ўсіх абласных цэнтрах псіхіятрыі і наркалогіі, у РНПЦ працуюць кабінеты дапамогі асобам з залежнасцю ад тытуню, дадала эксперт.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by