12.12.2018
12.12.2018

Вучыся, студэнт!

logo
Думкі ўслых
0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Ад сесіі да сесіі жывуць студэнты весела», «Сярэднестатыстычны студэнт – гэта Змей Гарынавіч наадварот: галава адна, а хвастоў тры», «І быў дзень. І была ноч. І прыйшла сесія»... Якіх толькі крылатых выразаў і прыколаў ні складалі пра студэнтаў і іх жыццё ва ўсе часы! Штосьці актуальнае і па сёння, іншае ж састарэла настолькі, што сучасныя студэнты і ўцяміць не могуць: пра што размова?!

Але неяк так атрымліваецца, што ва ўсе часы былі і ёсць студэнты галодныя, студэнты сумленныя, студэнты-гультаі і... студэнты хворыя. Вось пра апошніх і захацелася напісаць. Пра перагрузкі. Ад якіх цяпер церпяць не толькі дарослыя, але і школьнікі, навучэнцы, студэнты... Галаўны боль, астэахандроз, захворванні вачэй, гастрыты ды іншае... Бедныя нашы дзеці!

Так, ёсць і аб’ектыўная рэальнасць, так бы мовіць, у гэтым. Але ёсць і іншая праблема: не прывучаныя з маленства да рацыянальнай арганізацыі вучобы і працы, да своечасовага (!!!) адпачынку, да размінкі для вачэй і цела...

А ўсё ж было правільным у савецкія часы ладзіць фізкультхвілінкі на ўроках і фізкультзаняткі на перапынках у школах, фізкультпаўзы на вытворчасці. Так, дзесьці фармальна, хтосьці ўхіляўся... Але ж усё гэта, па вялікім рахунку, спрацоўвала!

Памятаю, як радаваліся дзеткі, у якіх я была настаўніцай пачатковых класаў, тым фізкультхвілінкам ды фізкультразмінкам! Як прасіліся іх праводзіць самі, за галоўнага!

А што мы маем зараз??? Кручком над ноутам ці смартфонам у сацсетках ды на розных сайтах... Гадзінамі. Каб падрыхтаваць рэферат самому (каб скачаць чужы, часу ідзе нашмат меней). Пастасавацца з віртуальнымі сябрамі трэба?! А як жа! Адпачынак?! Самы лепшы – у тэлефоне пасядзець! Усюды: у транспарце, на прыпынках, на канапе... Ледзь не 24 гадзіны ў суткі!

Так, асаблівасці сучаснага жыцця. Але ў выніку што??? Правільна, разнастайныя хваробы, непрыемныя адчуванні і пагаршэнне здароўя, якасці жыцця.

...У 20-гадовай студэнткі моцны і працяглы галаўны боль. Інтэрнэт, вучоба, праца... Есць, калі ёсць на гэта час і магчымасці... Спіць... Ужо не можа нармалёва заснуць... Бачу на раніцу, што ў сацсетках ці месэнджарах была а трэцяй ці чацвёртай ночы... Боль давёў ужо так, што пайшла «здавацца» да ўрачоў. Хаця і не адразу. Бо... няма калі!!! Вісіць і тое, і тое, і тое... Дамоклавым мячом. А каму гэта трэба, калі жыццё з-за болю не ў радасць?!

Размаўляем са знаёмым урачом пра здароўе і карысныя звычкі. У тым ліку – і што не ўмеем берагчы тое, што дадзена. «Чаму так, доктар?!» – пытаюся. Ён лічыць, таму, што ўсё гэта не сфарміравана, як след. Так, нейкія пачатковыя веды даюцца і ў дзіцячым садку, і ў школе... Але мала... Гэтага так мала для фарміравання прывычак здаровага ладу жыцця! Трэба пачынаць з самых маленькіх дзетак, лічыць доктар. І гэтым хтосьці павінен кіраваць, хтосьці іх накіроўваць.

І да таго часу, пакуль гэта не будзе распрацавана і не пачне дзейнічаць, як патрэбна... Бедныя нашы дзеці! Мы будзем імкнуцца дапамагаць ім парадамі, лячыць медыкаментозна... Спрабаваць зняць ужо тое, што атрымалася... І перажываць, і спачуваць... І пераконваць. «Я паспрабую рабіць перапынкі...» – сказала мне знаёмая студэнтка. Але я так і не пачула ў яе голасе ўсведамлення і перакананасці...

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 28

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".