Прыйсці ў краму і набыць тавар для дзіцяці, які пасля можа стаць для яго не самым бяспечным? На жаль, такое магчыма. Са студзеня 2019 года Беларусь адмяніла «перашкоду на ўнутраным рынку Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС)», вызваліўшы пастаўшчыкоў і вытворцаў ад неабходнасці атрымліваць у нашых службаў санітарна-гігіенічнае заключэнне на прадукцыю, якая ўжо прайшла працэдуру пацвярджэння адпаведнасці патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС.
Прасцей кажучы, замежны вытворца цяпер сам вырашае – патрэбная яму ўнутраная санітарна-гігіенічная экспертыза, каб прадаваць свой тавар на тэрыторыі РБ, ці не. Увогуле ж, для бесперашкоднага гандлю досыць мець дакументы на пацвярджэнне адпаведнасці патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС і маркіраваць свой тавар адзіным знакам абарачэння на рынку – ЕАС.
Тым не менш, толькі за бягучы перыяд 2019 года, дзякуючы працы кантралюючых органаў, 78 найменняў імпартнай і небяспечнай прадукцыі для дзяцей і падлеткаў былі забароненыя да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі Беларусі. Адмененае дзеянне 91 дакумента на пацвярджэнне адпаведнасці патрабаванням ТР.
Хто стаіць на варце беларускага рынку? Як шараговаму спажыўцу, прыйшоўшы ў краму, ацаніць, наколькі прадукцыя якасная і бяспечная?
Пра гэта і многае іншае журналіст Слушна даведалася даведалася ад урача-гігіеніста аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ангеліны Міцковіч і загадчыцы сектара аддзела дзяржнагляду за тэхнічнымі рэгламентамі і стандартамі ў лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці і будіндустрыі Інспекцыі Дзяржстандарту па Мінскай вобласці і г.Мінску Людмілы Панковай.
У краму – з бязменам і лінейкай
Адным з накірункаў дзейнасці Міністэрства аховы здароўя Беларусі і падведамнай яму санітарна-эпідэміялагічнай службы з'яўляецца абарона рынку ад недабраякаснай прадукцыі. Усё, што з'яўляецца на прылаўках айчынных крамаў, павінна адпавядаць устаноўленым патрабаванням бяспекі. Асобна ўстаноўлены на парадак больш жорсткія патрабаванні бяспекі да прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў.
Трэба ўлічыць, што ўсе паказчыкі бяспекі даследуюцца лабараторна, і толькі спецыяліст сваёй справы ведае ўсе нормы назубок. А што рабіць спажыўцу, які прыходзіць у краму з адзінай мэтай: купіць не толькі якаснае і патрэбнае, але і бяспечнае.
Эксперты прапануюць некалькі крытэрыяў ацэнкі тавару, для якіх не спатрэбяцца асаблівыя веды і навыкі.
- Дзіцячы абутак. Звяртайце ўвагу на вусцілку і падшэўку. Яны абавязкова павінны быць вырабленыя з натуральных матэрыялаў. Для ўсіх полаўзроставых груп дзяцей не дапускаецца выраб вусцілкі і падшэўкі са штучнай, сінтэтычнай і кампазіцыйнай скуры.
- Калі ў вас добры вакамер, ацаніце вышыню абцаса. Для дашкольнікаў ён павінен быць не больш за 10 мм. Для дзяўчынак 7-12 гадоў – не больш за 2,5 см; 12-16 гадоў – максімум 3,5 см. Для хлопчыкаў 7-16 гадоў вышыня абцаса ў абутку павінна быць не вышэйшай за 2,5 см.
- Вучнёўскія ранцы і партфелі абавязкова павінны быць аснашчаныя святлоадбівальнымі элементамі і мець шырыню плечавага рамяня 35-45 мм. У заплечніках для дзяцей малодшых класаў абавязковая наяўнасць формаўстойлівай спінкі. Значэнне мае і вага ранца: для вучняў малодшых класаў – не больш за 700 грамаў; для вучняў сярэдніх і старэйшых класаў – максімум 1000 грамаў. Падрабязна пра тое, як адрозніць правільны школьны заплечнік ад падробкі і ў чым розніца паміж школьным партфелем і моладзевай торбай – тут.
- Што тычыцца сшыткаў, школьных альбомаў, звяртайце ўвагу на якасць паперы і яе колер. Яна павінна быць даволі шчыльнай, не шэрай. Але і ярка-белая таксама не варыянт.
- Выбіраючы вопратку, важна глядзець не толькі рост/памер, але і ўважліва чытаць этыкетку. Што ў ёй павінна быць паказана і якімі яшчэ крытэрыямі кіравацца пры выбары школьнага адзення, мы падрабязна распавялі ў гэтым матэрыяле.
- І вядома, любы рэзкі, насычаны, спецыфічны пах ад тавару – відавочны знак, каб устрымацца ад пакупкі. Прычым гэта адносіцца да любой прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў – няхай гэта будзе абутак, адзенне або канцтавары.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by