26.03.2021
26.03.2021

Выпадзенне валасоў: прычыны і лячэнне

logo
Здароўе дарослых
0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Выпадаюць валасы, што рабіць? Мяркуючы па частаце запытаў у Google, гэтае пытанне хвалюе сотні тысяч людзей: жанчын, мужчын і нават дзяцей. Як зразумець: валасы выпадаюць ад стрэсу і гэта хутка пройдзе, альбо мае месца сур'ёзная праблема, якую трэба вырашаць у кабінеце ўрача? Як мінімізаваць страты? І якія метады аднаўлення валасоў лічацца самымі эфектыўнымі? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да дэрматавенеролага 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі, трыхолага, касметолага Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Наталлі Паўловіч.

Як зразумець, што выпадзенне валасоў – праблема сур'ёзная

Наталля Паўловіч

Выяўленае выпадзенне валасоў складана не заўважыць. Яны застаюцца паўсюль – у ванным пакоі пасля мыцця, на расчосцы, падлозе і вопратцы... У норме ў суткі можа выпадаць да 150 валасоў. Але наўрад ці хтосьці будзе лічыць кожны валасок. На гэты выпадак ёсць просты тэст для самастойнай дыягностыкі, які можна зрабіць прама зараз. Аддзяліце пасму валасоў з верхняй часткі галавы, зацісніце яе паміж пальцамі і пацягніце ад сябе з невялікім нацяжэннем. Калі пасля гэтага ў руцэ застаецца больш за 5 валасінак – праблема сур'ёзная і патрабуе кансультацыі ў спецыяліста. Інтэнсіўная страта валасоў называецца алапецыяй.

Як растуць валасы

У цыкле росту волас праходзіць праз тры стадыі. Першая – анаген – час актыўнага росту. 80% валасоў знаходзяцца ў гэтай фазе. Доўжыцца яна ад 2 да 5 гадоў.

Другая (пераходная) – катаген. Валасяны фалікул паступова замірае. Фаза доўжыцца каля 3 тыдняў.

На трэцяй, заключнай стадыі  (тэлаген) волас выпадае разам з цыбулінай. На яго месцы пачынае фарміравацца новы. Працягласць гэтага перыяду складае ад 2 да 3 месяцаў.

Што вядома пра алапецыю і яе прычыны

Валасы не хварэюць асобна, самі па сабе. Гэта заўсёды адлюстраванне працэсаў, якія адбываюцца ў арганізме чалавека. Гарманальны збой, моцны стрэс, хвароба ўнутраных органаў, дэфіцыт вітамінаў і мікраэлементаў, дыеты, прыём лекавых сродкаў – прычынаў мноства. Уплывае і спадчыннасць. Калі ў бацькі ў 30 гадоў утварылася залысіна, сын павінен быць гатовым да таго, што і ў яго гэта здарыцца прыблізна ў такім жа ўзросце. Добрыя навіны ў тым, што алапецыя ў большасці выпадкаў – зварачальны працэс, гэта значыць, страту валасоў можна спыніць.

Алапецыя. Прычыны выпадзення валасоў.

Алапецыю класіфікуюць на рубцовую ці нерубцовую. Волас расце толькі тады, калі ў яго ёсць здаровы валасяны фалікул. У рэдкіх выпадках вусці фалікула зацягваюцца рубцовай тканкай, утвараючы «мёртвую зону», на якой больш нічога не расце. Прычынамі такой з'явы могуць стаць аўтаімунныя хваробы (да прыкладу, чырвоная ваўчанка), траўмы, інфекцыі ды інш. Рубцовыя змены незваротныя.

Нерубцовую алапецыю адрозніваюць па фазах росту валасоў:

  • Тэлагенная алапецыя – валасы выпадаюць з-за таго, што значная частка фалікулаў пераходзіць у стадыю тэлагену. У выніку пачынаецца актыўны валасаспад (больш за 100 валасінак у дзень). На канцы іх можна заўважыць белую цыбуліну. Як правіла, парадзенне адбываецца раўнамерна па ўсёй галаве. Тэлагенная алапецыя лічыцца хранічнай, калі доўжыцца больш за паўгода. Яе прычынамі робяцца гарманальныя змены, стрэсы, прыём лекавых прэпаратаў і інш.
  • Анагенавая алапецыя – валасы пачынаюць пакідаць галаву ў стадыі анагену, г.зн. актыўнага росту. Характэрная прыкмета – вельмі хуткае выпадзенне. Валасы робяцца тонкімі. Выпадаюць без цыбуліны, абламанымі. Анагенавую алапецыю можна назіраць пры хіміятэрапіі ў працэсе лячэння анкалагічнага захворвання.
  • Андрагенная алапецыя – выпадзенне валасоў пад уздзеяннем мужчынскіх палавых гармонаў, андрагенаў. Пры гэтым відзе алапецыі ўтвараюцца бакавыя і цемянныя залысіны. Віной таму спадчыннасць.
  • Тракцыённая алапецыя выяўляецца часцей за ўсё ў лобна-скроневай зоне. Валасы траўмуюцца з-за нашэння тугіх прычосак альбо частага тузання.Алапецыя. Выпадзенне валасоў з-за тугіх прычосак.

Часцей за ўсё з праблемай выпадзення валасоў прыходзяць жанчыны. Але валасаспад можа пачацца як у дарослым, так і ў дзіцячым узросце. Як правіла, у дзяцей і падлеткаў яго прычынай з'яўляюцца гельмінты.

Хто дапаможа пры выпадзенні валасоў

Праблемамі валасоў займаецца трыхолаг. У Беларусі трыхалогія пакуль не выдзеленая ў асобную прафесію, ёй не вучаць у медыцынскіх інстытутах. Таму і спецыялістаў не так шмат. Трыхолаг – гэта заўсёды ўрач, як правіла, дэрматолаг, які атрымаў дадатковую адукацыю па трыхалогіі.

Што адбываецца ў кабінеце трыхолага

Выпадзенне валасоў – комплексная праблема, таму на хуткае яе вырашэнне разлічваць не варта. Звычайна да бачных паляпшэнняў праходзіць час ад паўгода і больш. Так што з трыхолагам пацыент бачыцца не аднойчы.

На першасным прыёме адбываецца збор анамнэзу – доктар даведваецца, на што хварэў пацыент, ці перажываў ён стрэс, ці прымае лекавыя прэпараты, якая спадчыннасць. Пры неабходнасці прызначаюцца аналізы. Для вызначэння прычынаў валасаспада можа спатрэбіцца комплекс абследаванняў: агульны і біяхімічны аналізы крыві, узровень вітаміну Д, сыроватачнага жалеза, ферытыну, сэкс-злучальнага глабуліну (бялок плазмы крыві, які ўдзельнічае ў злучэнні і транспарце палавых гармонаў), гармону шчытападобнай залозы, палавых гармонаў.

Алапецыя. На прыёме ў трыхолага.

У нашым клімаце недахоп вітаміну Д сустракаецца практычна ў кожнага. У некаторых выпадках для спынення выпадзення валасоў досыць адкарэктаваць узровень вітаміну Д у арганізме. Тое ж і са шчытападобнай залозай. У пацыента можа быць невыразная паталогія, якая, тым не менш, робіцца прычынай выпадзення. Пасля ліквідацыі праблемы са шчытападобнай залозай аўтаматычна спыняецца і валасаспад.

Трыхолаг можа накіраваць пацыента да іншых урачоў: эндакрынолага (на праверку шчытападобнай залозы і гарманальнага статусу), гінеколага (з нагоды палавых гармонаў), неўрапатолага (ацаніць стан сасудаў).

Для дэталёвага даследавання стану скуры галавы і валасоў урач выкарыстоўвае спецыяльнае абсталяванне – трыхаскоп. Па сутнасці, мікраскоп з тысячаразовым павелічэннем. З яго дапамогай можна ўбачыць усё, што нябачна няўзброеным позіркам: шчыльнасць валасоў і ступень іх знясілення, надломы, праблемныя ўчасткі, тып і ступень тлустасці скуры, перхаць, суадносіны колькасці валасоў у розных стадыях і нават стан сасудаў скуры галавы.

Алапецыя. Дыягностыка.

Мы ўсе нараджаемся з пэўнай генетычна запраграмаванай колькасцю фалікулаў. Але не ўсе з іх актыўныя. У працэсе трыхаскапіі ўрач выяўляе колькасць «працоўных» фалікулаў, здольных вырабляць валасы, і «спячых» у рэзерве, якія можна абудзіць пры неабходнасці.

У некаторых выпадках трыхолаг праводзіць біяпсію валасістай часткі галавы. Спецыяльным цыркулярным нажом (панчам) выразае слупок тканкі скуры дыяметрам ад 1 да 4 мм, які змяшчае ўсе яе слаі, ажно да падскурнай тлушчавай клятчаткі. Далей фрагмент адпраўляецца на патагісталагічнае даследаванне, у выніку чаго ўстанаўліваецца выгляд алапецыі, што дазваляе вызначыць тактыку лячэння. Пры наяўнасці паталогіі валасяных фалікулаў біяпсія можа паказаць на магчымыя прычыны.

Як лечаць выпадзенне валасоў

Спосабы лячэння будуць адрознівацца ў залежнасці ад віду алапецыі і стадыі росту валасоў.

Асноўная задача – захаваць «працоўныя» фалікулы, падсілкаваць іх. Калі гэтага не рабіць, дык пры кожным новым цыкле з фалікула будуць з'яўляцца ўсё больш слабыя валасы, і аднойчы фалікул проста спыніць выпрацоўку новых валасоў.

Алапецыя. Валасяныя фалікулы.

Падсілкоўваць можна вітамінамі ў лячэбных дозах курсамі ў два-тры месяцы (самалячэнне тут недапушчальнае!). Імгненнага выніку пры гэтым не будзе, бо волас, які не атрымаў дастатковага сілкавання, ужо «запраграмаваны» на слабасць. Але затое на наступным пакаленні (дзесьці праз 100 дзён) вынік будзе прыкметным.

Выкарыстоўваюцца таксама ін'екцыйныя працэдуры – плазма-, меза-, карбоксі- і азонатэрапія. Гэтыя метады паказваюць высокую эфектыўнасць, але могуць быць злёгку балючымі.

Пры мезатэрапіі ў скуру галавы ўводзіцца вітамінавы кактэйль, гэта сілкуе валасы знутры. Карбоксітэрапія з вуглякіслым газам утварае новыя сасуды і паляпшае біяхімічныя працэсы.

Азонатэрапія насычае клеткі кіслародам, актывізуе працэсы мікрацыркуляцыі ў праблемных зонах, для якіх характэрны недахоп кіслароду.

Плазматэрапія, мабыць, найбольш цікавы і эфектыўны метад. Прабірка з крывёю пацыента цэнтрыфугуецца, што дазваляе падзяліць яе на асноўныя кампаненты – клеткі крыві, перш за ўсё эрытрацыты, і плазму. Пасля чаго ў шпрыц адбіраецца плазма і ўводзіцца ў скуру галавы. Трамбацыты, якія ўтрымліваюцца ў плазме, дапамагаюць абудзіць «спячыя» фалікулы.

Алапецыя. Плазматэрапія.

Плазматэрапія, як і астатнія ін'екцыйныя спосабы лячэння, магчымая толькі ў стадыі росту валасоў. Падчас актыўнага валасаспаду яна толькі ўзмоцніць іх выпадзенне. Тое ж самае з масажам галавы. Яго лепей рабіць на фазе анагену, а на стадыі тэлагену спыніцца на падтрымліваючай тэрапіі – да прыкладу, на прыёме вітамінных комплексаў.

Як даглядаць валасы

Тут важныя тры моманты: увільгатненне, ачышчэнне, расчэсванне.

Колькасць выпітай вады наўпрост не ўплывае на якасць валасоў. Тым не менш, і скуру галавы, і валасы лепей трымаць у добра увільготненым стане. Тады яны самі сябе будуць абараняць ад агрэсіўных уздзеянняў навакольнага асяроддзя. Для гэтага трэба выпіваць дастатковую колькасць вады – у сярэднім не меней за 20 мл на кг масы цела.

Пры выпадзенні валасоў часта бывае перхаць (тлустая себарэя). Ад яе трэба пазбаўляцца, паколькі себарэя ўяўляе сабой перашкоду для росту валасоў.

Калі выхад з фалікула забіты лускавінкамі, злепленымі скурным салам, воласу будзе цяжка прабіцца, і расці ён будзе больш павольна. Таму звычайна трыхолагі раяць пацыентам сродкі ад тлустай себарэі, да прыкладу, пілінгі, якія як след чысцяць скуру і даюць ёй дыхаць.

Алапецыя. Пілінг для скуры галавы.

Шампунь пры выпадзенні валасоў рэкамендуецца купляць не ў мас-маркеце, а ў аптэцы. У аптэчных доглядавых сродках утрымліваецца менш павярхоўна-актыўных рэчываў, якія траўмуюць валасы. Выкарыстоўваюцца пры алапецыі і лячэбныя шампуні. Іх прызначае ўрач, прымяняць трэба не пастаянна, а курсамі.

Некаторыя пацыенты ў гэты перыяд баяцца нават расчэсвацца. Гэта дарэмна. Валасы, якія ўвайшлі ў стадыю тэлагену, усё адно выпадуць. Але калі іх не вычэсваць, дык атрымліваюцца каўтуны, якія затым цягнуць за сабой не толькі тыя валасы, якія выпалі, але і зусім здаровыя. Атрымліваюцца двайныя страты. Таму расчэсвацца трэба абавязкова.

Ацэньваць дынаміку ў аднаўленні валасоў можна не раней чым праз паўгода-год. Гэта вялікі тэрмін, і не ўсе пацыенты вытрымліваюць, многія, на жаль, сыходзяць з дыстанцыі.

Алапецыя. Не ўсе вытрымліваюць доўгае лячэнне.

Важна разумець, што ў некаторых выпадках барацьба з алапецыяй доўжыцца ўсё жыццё. Пры рэзкім спыненні тэрапіі валасы пачынаюць імкліва выпадаць, і гэта можа прывесці пацыента да псіхалагічнай траўмы і нават дэпрэсіі. Задача трыхолага – быць трохі псіхолагам і падтрымаць чалавека ў барацьбе. Каб, з аднаго боку, ён не запусціў праблему, а з другога – не сышоў у чорныя думкі і працягнуў жыць паўнавартасным жыццём.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 32

Журналіст газеты «Медыцынскі веснік»
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"