У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» ўрачыста адкрылі выстаўку саломапляцення і выцінанкі майстроў горада Мінска «Зямныя мары».
На выстаўцы прадстаўлена больш за 130 работ майстроў па саломапляценні і выцінанцы. Нядаўна гэтыя два традыцыйныя для беларусаў віды творчасці ўвайшлі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. «Такія віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці — гэта гонар нашай нацыі. На выстаўцы прадстаўлены не толькі работы народных майстроў, але і тых творцаў, якія з'яўляюцца кіраўнікамі непрафесійных аматарскіх творчых калектываў. Яны перадаюць сваё майстэрства маладому пакаленню. Гэта важна, бо гэта наша культура, аснова» — падкрэсліла на адкрыцці намеснік дырэктара дзяржаўнай установы «Мінскканцэрт» Вольга Цыбульская.
Саломапляценне — адно з найстаражытных рамёстваў у Беларусі. Розныя фігуры з саломкі — гэта не проста цацкі, гэта сімвалы бажаства, памочнікі і абаронцы. Беларускія творы з саломы не маюць аналагаў у свеце, з'яўляюцца адной з найбольш нацыянальна адметных форм выяўлення духоўных каштоўнасцей і мастацкіх традыцый беларусаў.
Творы з саломы хутчэй не функцыянальныя, а эстэтычна цікавыя. Тут вам і саламяныя вяночкі, і вазачка з кветкамі, і фігуркі жывёл, і шкатулкі. Акуратнасць і карпатлівасць прыкметная ў кожным вырабе.
— Я да саломапляцення прыйшла ў даволі сталым узросце. Да гэтага была бухгалтарам і нават не ведала, што можна ствараць такія цудоўныя рэчы. Напэўна, галоўныя якасці, якія павінны быць у майстра па саломапляценні, — уседлівасць і любоў да творчасці. Па-іншаму ніяк, — упэўнена майстар Валянціна Пазнякова.
Свае работы на выстаўцы паказалі 16 майстроў. Адной з іх стала Валянціна Слючэнка, якая ўжо больш за 50 гадоў займаецца выцінанкай. «Па адукацыі я архітэктар, працавала ў рэстаўрацыйных майстэрнях. Аб'ехала ўсю Беларусь, любіла і пазнавала сваю родную краіну. Былі працяглыя камандзіроўкі, і падчас нашых вячорак мы займаліся выцінанкай. Гэта была сярэдзіна 1970-х гадоў» — распавядае майстар.
Пайшла працаваць у школу. Дзякуючы Валянціне Слючэнка ў 1984 годзе Міністэрства адукацыі зацвердзіла праграму для школьнага гуртка «Выцінанка».
Выкладаючы, майстар не забывалася тварыць для сябе. У кожны прыдуманы сюжэт яна ўкладвала свае эмоцыі, перажыванні і ўражанні. Натхненнем магло служыць што заўгодна — ад важных жыццёвых падзей да проста новай незвычайнай паперы. А яшчэ Валянціна Слючэнка рада, што выцінанка знаходзіць усё больш адлюстравання ў сучасным свеце: з'яўляецца на ўпрыгожваннях, банэрах, дамах.
Яшчэ адным майстрам, але ўжо па саломапляценні, стала Алена Таляронак. Яна расказала, што доўгі час працавала з дзецьмі ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ветразь», цяпер выйшла на заслужаную пенсію, але тварыць не перастае. «Да саломкі я прыйшла ў сталым узросце. Тады я і не ведала, што такую прыгажосць можна стварыць з гэтага матэрыялу. Неяк адзін раз была ў швагеркі і ўбачыла выраб з саломкі. Сама я з вёскі і да гэтага бачыла прыгажосць саломы як прыгажосць палёў, а тут ўбачыла яе з іншага боку. дома паспрабавала нешта змайстраваць. З гэтага моманту саломапляценне стала справай майго жыцця», — распавяла майстар.
Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута нагадаў, што зусім нядаўна, пасля змянення заканадаўства, усе грамадскія аб'яднанні павінны былі арганізаваць абласныя і Мінскае гарадское аддзяленні. Выстаўка «Зямныя мары» стала адным з першых мерапрыемстваў, падрыхтаваных Мінскім гарадскім аддзяленнем. Ён падкрэсліў, што нашы майстры гэтых двух відаў творчасці заўсёды ўражвалі замежных гасцей, якія не раз да нас прыязджалі з-за мяжы і прасілі навучыць іх нашым традыцыйным відам мастацтва.
«Беларуская карзіна — гэта асобны сусвет». Алена Гурэцкая раскрыла сакрэты лозапляцення
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by