Арганізм чалавека ўсе неабходныя рэчывы атрымлівае з ежы. Яна з'яўляецца крыніцай энергіі, макра- і мікранутрыентаў. Склад харчовых прадуктаў аказвае ўплыў на самаадчуванне чалавека, яго эмацыянальны стан, фізічнае развіццё, працягласць жыцця.
Багацце нездаровай ежы, пераяданне і парушэнні харчовых паводзінаў нязменна прыводзяць да развіцця розных захворванняў, у тым ліку атлусцення і цукровага дыябету 2 тыпу, сардэчна-сасудзістых і анкалагічных.
Як харчавацца правільна, калі пастаўлены дыягназ «цукровы дыябет 2 тыпу»? Аб гэтым і ў цэлым аб прынцыпах здаровага харчавання журналісту «Слушна» распавяла прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч.
да зместуНавошта нам патрэбна ежа
Ежа патрэбна нам для нармальнага функцыянавання арганізма. Любыя абмежаванні ў рацыёне наўрад ці можна назваць карыснымі. Арганізм чалавека – складаная сістэма, а харчаванне і фізічны стан цесна ўзаемазвязаны. З ежай чалавек павінен атрымліваць дастатковую колькасць энергіі, бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў і мікраэлементаў. Калі гэтага не адбываецца, асабліва на працягу доўгага перыяду часу, могуць узнікнуць сур'ёзныя праблемы са здароўем.
Ежа – гэта яшчэ і крыніца задавальнення.
Падчас ежы ў нашым арганізме выпрацоўваюцца гармоны радасці і задавальнення (эндарфіны, сератанін і дафамін). З аднаго боку, яны аказваюць сур'ёзны ўплыў на наш эмацыянальны стан, з другога – збой у іх працы прыводзіць да парушэння харчовых паводзінаў (булімія, начная ежа або пераяданне).
Па словах эксперта, 95% людзей з цукровым дыябетам 2 тыпу маюць лішнюю масу цела або атлусценне. Калі казаць аб эфектыўным падыходзе да лячэння такіх пацыентаў, дык асноўны метад карэкцыі – гэта змена ладу жыцця і, у першую чаргу, зніжэнне масы цела на 7-10% за 3-6 месяцаў.
Два базавыя прынцыпы харчавання
Любая ежа павінна адпавядаць пэўным колькасным (сутачны калараж, суадносіны вугляводаў, тлушчаў і бялкоў, рэжым харчавання) і якасным (склад прадуктаў і спосаб іх падрыхтоўкі) характарыстыкам.
Каларыйнасць
Паводле рэкамендацый экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пры нізкай або сярэдняй фізічнай актыўнасці сутачная каларыйнасць рацыёну для жанчын складае прыкладна 1800-2000 ккал, для мужчын – 2000-2200 ккал.
Рэзка памяншаць сутачнае спажыванне калорый не варта, бо гэта можа негатыўна адбіцца на эмацыянальным стане чалавека і з'яўляецца адной з памылак пры лячэнні пацыента з атлусценнем. Каларыйнасць рацыёну дастаткова зніжаць на 500 ккал на тыдзень.
да зместуПарцыённасць
Другі сакрэт правільнага харчавання – аптымальны памер порцыі, якую чалавек з'ядае за адзін раз. Ён не павінен перавышаць 150-200 г. Некаторыя выкарыстоўваюць прынцып шклянкі: за адзін раз ежы можна з'ядаць столькі, колькі змесціцца ў адну шклянку.
Чалавечы арганізм так уладкаваны, што пачуццё сытасці спазняецца. Таму ўставаць з-за стала варта трохі галодным, каб не пераесці. Калі вельмі хочацца есці, можна выпіць шклянку вады. Часта пачуццё смагі маскіруецца пад голад.
да зместуРэжым харчавання
Ідэальны варыянт: сняданак у раёне 8-10 гадзін, абед у перыяд 12-15 гадзін, вячэра не пазней, чым за тры гадзіны да сну.
Усе прадукты, якія паступаюць у арганізм у першай палове дня, засвойваюцца значна хутчэй, бо метабалічныя працэсы праходзяць больш актыўна. Менавіта ў гэты перыяд можна дазволіць сабе трохі расслабіцца (паесці крыху больш каларыйнай ежы).
Баланс вугляводаў, бялкоў і тлушчаў
Нармальныя суадносіны вугляводаў, бялкоў і тлушчаў – паказчык гнуткі, можа вар'іраваць да 25%, таму не патрабуе штодзённага стараннага разліку. У ідэале яны павінна выглядаць такім чынам: бялкі – 10-34%; тлушчы – 19-34%; вугляводы – 46-66%.
Вугляводы даюць энергію, бялкі – будаўнічы матэрыял для арганізма, без тлушчаў не могуць сінтэзавацца некаторыя гармоны (у прыватнасці, палавыя).
Аснова правільнага рацыёну харчавання – складаныя вугляводы. У першую чаргу да іх адносіцца гародніна. Яны, акрамя насычэння арганізма энергіяй, утрымліваюць вялікую колькасць клятчаткі, якая рэгулюе страваванне. Да бульбы асаблівае стаўленне: яе рэкамендуюць есці не часцей за два-тры разы на тыдзень і адзін раз на дзень. Астатнюю гародніну можна ўжываць практычна без абмежаванняў. Карыснай крыніцай вугляводаў з'яўляюцца таксама суцэльназерневыя кашы (аўсянка, грэчка, пярлоўка).
Папоўніць запас бялку дапамогуць рыба, белыя гатункі мяса, малочныя прадукты, а таксама прадукты расліннага паходжання (бабовыя, арэхі, семачкі).
А вось да садавіны варта ставіцца з асцярогай. Яна ўтрымлівае шмат кароткіх вугляводаў, насычаных цукрозай і фруктозай. Напрыклад, найбольш карысныя і любімыя яблыкі могуць утрымліваць да 100 ккал у адным фрукце.
У рыбе змяшчаюцца i Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты, якія трансфармуюцца ў арганізме ў ліпапратэіды высокай шчыльнасці (добры халестэрын), стабілізуюць мембраны клетак, удзельнічаюць у сінтэзе гармонаў.
да зместуКалі хочацца салодкага…
У людзей, хворых на цукровы дыябет 2 тыпу, падстраўнікавая залоза працуе не на поўную моц і пры паступленні вялікай колькасці глюкозы яна проста не можа выпрацаваць неабходную колькасць інсуліну. Таму, адзначыла спецыяліст, калі хочацца салодкага, дык папесціць смачным сябе можна, але толькі ў першай палове дня і зусім няшмат.
Цукар лепш замяніць на мёд. Не варта захапляцца фруктозай і іншымі цукразаменнікамі.
да зместуРазнастайнасць
Аднастайнасць у ежы – гэта не здаровы прынцып.
Ад гэтага пакутуе не толькі фізічны стан арганізма, які недаатрымлівае карысныя макра- і мікранутрыенты, але і эмацыянальны.
Спосаб прыгатавання
Першая ўмова: прадукты павінны быць свежымі, а свежымі яны лічацца на працягу 5-6 гадзін. Іх можна тушыць і варыць, рыхтаваць на пару, запякаць у духоўцы або мультыварцы. Ад смажання і вэнджання трэба адмовіцца, бо гэта самыя неспрыяльныя спосабы апрацоўкі ежы.
Чытаем этыкетку
Перад тым, як купляць прадукт, Ала Шапялькевіч раіць уважліва прачытаць этыкетку. Тут утрымліваюцца звесткі аб каларыйнасці прадуктаў (можна разлічыць сутачны калараж), тэрміне прыдатнасці (свежасць), колькасным складзе (баланс вугляводаў, тлушчаў і бялкоў). Перавагу лепш аддаваць тавару з найменшым утрыманнем розных дабавак, стабілізатараў і кансервантаў.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by