Хіміятэрапія нярэдка аказвае неспрыяльны ўплыў на органы стрававання і перашкаджае нармальнаму харчаванню пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі. У той жа час адной з умоў правядзення і працягу лячэння з'яўляецца агульны здавальняючы стан пацыента, а ён шмат у чым залежыць ад правільна падабранага харчавання.
Асноўная мэта збалансаванага харчавання падчас курсу хіміятэрапіі – забяспечыць арганізм дастатковай колькасцю энергіі і карысных рэчываў.
Калі няма апетыту
Зніжэнне або адсутнасць апетыту і, як следства, адмова ад ежы – адна з найбольш частых з'яў у пацыентаў на хіміятэрапіі. Пры гэтым недастатковае паступленне пажыўных рэчываў у арганізм можа прывесці да значнага пахудзення, ажно да знясілення, і паслаблення імуннай абароны арганізма, што суправаджаецца фізічнай слабасцю, павелічэннем колькасці інфекцыйных ускладненняў падчас лячэння і дрэнным гаеннем раны пасля выдалення пухліны.
Як змагацца з гэтым станам?
Па-першае, паспрабуйце ўлічыць усе індывідуальныя асаблівасці арганізма і асабістыя перавагі ў ежы. Задумайцеся, чаго б вам сапраўды хацелася? Харчаванне падчас хіміятэрапіі павінна быць збалансаваным. Дыета падчас хіміятэрапіі накладае пэўныя абмежаванні. Нельга есці смажанае, вэнджанае, з перцам, занадта салёнае... Абмежаванні часцей тычацца спосабу прыгатавання, а не самога прадукту.

Памятайце, што, нягледзячы на выключэнне прыправаў і спецыфічныя патрабаванні да тэрмаапрацоўкі прадуктаў (адварванне, запяканне, гатаванне на пары), ежа абавязкова павінна быць смачнай! Паспрабуйце замест адбіўных на патэльні прыгатаваць бужаніну ў духоўцы. У астуджаным выглядзе нарэзанае тонкімі лустачкамі мяса, прыгатаванае ва ўласным соку, не саступае смажанаму або вэнджанаму. Эксперыментуйце!
Па-другое, выпрацуйце ўласны рэжым харчавання. Вазьміце за правіла ўжываць ежу ў адзін і той жа час, каб стымуляваць своечасовую выпрацоўку страўнікавага соку. Калі ёсць магчымасць, прагуляйцеся перад прыёмам ежы.
Важная дэталь: піце паміж прыёмамі ежы, а не адразу да або пасля. Выпітая перад ежай вадкасць (вада, сок) зніжае апетыт, а падчас або пасля ежы можа справакаваць адрыжку, уздуцце кішэчніка і ўзмацніць млоснасць.
Калі змяніўся смак
У многіх пацыентаў, якія знаходзяцца на хіміятэрапіі, змяняецца смак. Гэта выяўляецца па-рознаму. Смак можа быць аслаблены, згублены або губляе сваю сутнасць, напрыклад, мяса гарчыць, а садавіна і гародніна набываюць металічны прысмак. У любым выпадку гэта прыносіць пакуты і з'яўляецца частай нагодай адмовы ад ежы.
Каб змякчыць выяўленасць смакавых зменаў:
- не ешце ежу, якая здаецца непрыемнай на смак (гэта будзе правакаваць млоснасць і ваніты);
- замяняйце «непрыемныя» на смак прадукты падобнымі. Напрыклад, свініна і ялавічына падаюцца горкімі? Паспрабуйце замяніць іх курыцай, трусам або рыбай;
- ешце пластыкавымі прыборамі або драўлянымі кітайскімі палачкамі, калі вас мучыць металічны прысмак, а таксама выкарыстоўвайце шкляны або керамічны посуд для прыгатавання ежы;
- дадайце ў ежу трохі цукру, калі на смак яна здаецца горкай, салёнай або кіслай;
- выкарыстоўвайце нявострыя спецыі (размарын, базілік), калі ежа здаецца нясмачнай.
Калі мучаць млоснасць і ваніты
З'яўленне млоснасці і ванітаў пры правядзенні хіміятэрапіі – з'ява частая, але, як правіла, часовая. Развіваецца не ва ўсіх пацыентаў.

Прадухіліць або знізіць пачуццё млоснасці і ваніты пры правядзенні хіміятэрапіі дапаможа захаванне некалькіх простых правілаў:
- не займайцеся гатаваннем ежы падчас хіміятэрапіі! Няхай гэта робяць вашы блізкія;
- харчуйцеся часта, дробава, невялікімі порцыямі, аб'ёмам не больш за 100 мл (паўшклянкі);
- не ешце хаця б за 2 гадзіны да ўвядзення цытастатыкаў;
- пазбягайце смажанай, тлустай, гарачай, занадта салёнай або салодкай, а таксама з яркім выяўленым пахам і смакам ежы;
- выключыце вострыя прыправы;
- абмяжуйце прадукты, якія павышаюць кіслотнасць (памідоры, лімоны, апельсіны, гранаты і інш.);
- ужывайце ежу ў халодным выглядзе ці пакаёвай тэмпературы;
- старайцеся есці павольна, старанна перажоўваючы;
- падчас ежы глядзіце тэлевізар, слухайце радыё;
- адпачывайце пасля прыёму ежы не меней за 2 гадзіны, седзячы (у крэсле або, падклаўшы пад спіну падушку, у ложку);
- пры моцна выяўленай млоснасці можна пасмактаць кавалачак лёду або замарожанага лімона;
- не піце падчас прыёму ежы (піць лепей як мінімум за гадзіну да ежы);
- вадкасць павінна быць прахалоднай, несалодкай (мінеральная вада без газу, гарбата, узвар, журавінавы морс, яблычны сок і інш.);
- калі адчуваеце млоснасць, дыхайце глыбока і павольна. Можа дапамагчы пах імбіру.

На жаль, пры выяўленай млоснасці і ванітах задаволіць усе патрэбы ў пажыўных рэчывах з дапамогай адных толькі прадуктаў практычна немагчыма. Гэта патрабуе ўважлівага стаўлення да колькаснага і якаснага складу ежы. У выпадках, калі атрыманне неабходнай колькасці калорый і бялку немагчыма, варта звярнуць увагу на спецыяльна распрацаваныя сумесі для энтэральнага харчавання, аптымальна збалансаваныя па ўтрыманні бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў і мікраэлементаў.
Мэтазгодна выбіраць высокакаларыйныя высокабялковыя сумесі. Перавага такіх кактэйляў у тым, што адна бутэлечка, звычайна аб'ёмам усяго са шклянку, цалкам замяняе адзін паўнавартасны збалансаваны прыём ежы. Гэта дазваляе павольна, маленькімі глыткамі выпіць прадукт, не справакаваўшы ваніты, і насыціць арганізм усімі неабходнымі пажыўнымі рэчывамі.
Пры выяўленай млоснасці вадкую пажыўную сумесь можна астудзіць ці нават разліць у пластыкавыя ёмістасці і замарозіць. Атрымаецца смачнае і карыснае марожанае!
Калі пачалася дыярэя
Калі падчас правядзення курсу хіміятэрапіі развілася дыярэя, неабходна, у першую чаргу, выключыць прадукты, багатыя на клятчатку.

Клятчатка – гэта харчовыя валокны, якія змяшчаюцца ў прадуктах расліннага паходжання, што практычна не ператраўліваюцца ў страўнікава-кішэчным тракце. Яны не ўтрымліваюць каштоўных пажыўных рэчываў і вітамінаў, аднак неабходныя для падтрымання нармальнай мікрафлоры кішэчніка, спрыяюць яго ачышчэнню (рэгулярны стул) за кошт стымуляцыі перыстальтыкі кішэчніка, таму ўжыванне прадуктаў, багатых на клятчатку, узмоцніць дыярэю.
Больш за ўсё клятчаткі змяшчаецца ў сырой гародніне, садавіне з лупінай, арэхах, сухафруктах, бабовых і вотруб'і.
Прадукты з высокім утрыманнем клятчаткі
| Прадукты | Утрыманне клятчаткі на 100 грамаў, г |
| Гародніна | |
| Гарбуз | 8 |
| Авакада | 8 |
| Баклажан | 5 |
| Памідоры | 4 |
| Бурак | 3 |
| Брокалі | 3 |
| Цыбуля | 3 |
| Зеляніна | 2,6 |
| Белакачанная капуста | 2,5 |
| Морква | 2,4 |
| Фрукты (садавіна) і ягады | |
| Абрыкосы | 10,8 |
| Ажына | 8 |
| Маліна | 6 |
| Грушы | 4,3 |
| Яблыкі | 4,0 |
| Парэчкі | 3 |
| Персікі | 3 |
| Мандарыны | 2,7 |
| Ківі | 2,5 |
| Арэхі | |
| Насенне чыа | 38 |
| Ільняное насенне | 27 |
| Міндаль | 15 |
| Фісташкі | 10,3 |
| Насенне сланечніку | 10 |
| Фундук | 9,4 |
| Кунжут | 9,1 |
| Арахіс | 8 |
| Грэцкі арех | 7,5 |
| Бабовыя | |
| Гарох лушчаны (свежы) | 18 |
| Фасоля | 17,3 |
| Сачавіца | 15 |
| Нут | 13,6 |
| Гарох зялёны | 12,3 |
| Бабы | 7 |
| Маш | 5 |
| Крупы | |
| Вотруб’е | 44 |
| Прарослая пшаніца | 17 |
| Пярлоўка | 13 |
| Грэчка | 12 |
| Суцэльназерневы хлеб | 8,5 |
| Ячмень | 8 |
| Буры рыс | 5,5 |
| Аўсянка | 2,8 |
| Белы рыс | 2 |
| Сухафрукты | |
| Інжыр (сушаны) | 9,8 |
| Разынкі | 9,6 |
| Чарнасліў | 9 |
| Курага | 7,3 |
| Фінікі | 6 |
Утрыманне клятчаткі значна зніжаецца пры тэхналагічнай (вытворчасць мукі, ачыстка рысу) і кулінарнай (тушэнне, адварванне) апрацоўцы прадуктаў.
Пры развіцці дыярэі варта выбіраць прадукты з нізкім утрыманнем клятчаткі. Напрыклад, класічнай рэкамэндацыяй па харчаванні падчас дыярэі з'яўляецца ўжыванне рысавага адвару, які не проста замацоўвае вадкі стул, але і, ахінаючы сценкі страўніка і кішэчніка, дзейнічае заспакаяльна, здымаючы раздражненне. Акрамя таго, рыс змяшчае дастатковую колькасць пажыўных рэчываў і мікраэлементаў.

Важна памятаць, што некантралюемая дыярэя небяспечная, паколькі часты вадкі стул прыводзіць да страты арганізмам вады і жыццёва неабходных мікраэлементаў. Дысбаланс, які развіваецца, можа прывесці да сур'ёзных наступстваў, ажно да комы. Таму вельмі важна выконваць пітны рэжым, прычым піць не толькі простую ваду, але і мінеральную без газу (для папаўнення мікраэлементаў). Сутачны аб'ём вадкасці пры правядзенні хіміятэрапіі павінен складаць не менш за 2 літры, а пры развіцці дыярэі можа быць павялічаны да 2,5-3 л. Калі самастойна справіцца з дыярэяй не атрымліваецца ці стан пагоршыўся, неабходна звярнуцца да ўрача.
Калі здарыўся запор
Запор не меней непрыемны, чым дыярэя, і прыносіць значны дыскамфорт пацыентам. Падыход да арганізацыі харчавання пры запоры дыяметральна адрозніваецца ад такога ж пры дыярэі. Пры развіцці запору, наадварот, неабходна ўключаць у ежу больш прадуктаў з высокім утрыманнем клятчаткі. Штодзённы рацыён дарослага чалавека павінен змяшчаць не менш за 20-25 г клятчаткі.

Апаражненню кішэчніка спрыяюць шклянка цёплай мінеральнай вады без газу нашча па раніцах, свежевыжатыя фруктовыя і агароднінныя сокі, свежыя садавіна і гародніна (напрыклад, салата з цёртых яблыкаў і морквы на сняданак). Пры гэтым нельга забывацца, што на хіміятэрапіі сутачны аб'ём вадкасці павінен складаць не менш за 2 літры, а пры запорах ён можа быць павялічаны да 2,5-3 л.
Такім чынам, у большасці выпадкаў можна знізіць праявы пабочных эфектаў хіміятэрапіі (млоснасць, ваніты, дыярэя, запор) з дапамогай карэкцыі дыеты. Аднак калі вы аб'ектыўна недаядаеце, губляеце вагу, слабееце, варта параіцца з урачом пра неабходнасць дадатковага папаўнення пажыўных рэчываў, вітамінаў і мікраэлементаў, якіх не хапае. Аптымальным рашэннем з'яўляецца выкарыстанне ў харчаванні збалансаваных па сваім складзе спецыяльна распрацаваных сумесяў для энтэральнага харчавання.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by
