28.02.2023
28.02.2023

Я гасцюю ў Адэлі (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Я лёгка знайшла ферму, на якой працавала мая прыяцелька. Гаспадыня ахвотна паказала мне яе загончык і запрасіла ўвайсці.

— Даруйце, пані Наталля, але я не маю часу пасядзець з вамі. Вы ўдвух з Адэляй гарбаткі папіце. І вельмі прашу: супакойце яе.

— А што здарылася?

— Ды ўчора нехта яе зялёнай абазваў. Дык ці паверыце? — некалькі разоў уначы прыбягала. То ёй сніцца, што воўна пазелянела, то што з капытцаў шыпы растуць, як у ружы. А пад раніцу наогул пачала трызніць, нешта пра зялёную жабку ёй мроілася. Чыста змучыла. І слухаць нічога не хоча. «Раз сказалі дактары, што я зялёная, значыць, ёсць нейкая хвароба».

Кава з Наталляй Бучынскай

Я паабяцала пані Гэлене вдапамагчы і зайшла да Адэлькі. Тая адразу падхапілася, замітусілася, уладкоўваючы мяне як мага зручней. Выхапіла з рук торбу і павесіла на гачок ля ўваходу, папярэдне выцягнуўшы з яе пакунак з гасцінцамі, — і тут жа кінулася гатаваць гарбату.

— Як маецеся, спадарыня Наталля? Я дык не вельмі. Не зблудзілі, нас шукаючы? А на мой лужок не заглядвалі — што там робіцца? Вы ж ведаеце — толькі пакінь без дагляду! Малімонка абяцала прыгледзець, але што ад яе чакаць — сама больш вынішчыць, чым захавае, — сакатала Адэля без перапынку. — Ой! Колькі гасцінцаў! Вельмі дарэчы. Пасля працы прыйдуць сваякі адведаць мяне — будзе чым іх пачаставаць. Вы таксама бярыце печыва, не саромейцеся.

Адэля наліла мне ў кубачак гарбаты і падсунула вазачку з сочывам.

Кубак гарбаты

— А бачылі, якая ўчора залева была? Ведаеце, я не змокла толькі дзякуючы парасону, што вы мне так ласкава спрэзентавалі.

— Адэлька,— не вытрывала я, — ты і так не змокла б, маючы такую шыкоўную воўначку. А я вось да ніткі вымакла.

— Ды што вы кажаце!— успляснула яна капыкамі. — І як быць?  Што бы вы не думалі, мне таксама парасон патрэбны!

— Я ўжо сёння новы набыла, так што карыстайся на здароўе.

— Пакажыце-пакажыце, — тут жа зацікавілася Адэля. — Ах, які прыгожы! І нават не горшы за мой. От бачыце, як цудоўна ўсё развязалася! Цяпер ні я, ні вы не будзем мокнуць.

Адэля на хвілінку прыпынілася, каб перадыхнуць і з’есці грушу. Я з цікавасцю аглядала яе жытло. Светлы і ўтульны загончык. І паўсюль проста выключная чысціня. На стале ляжаў цэлы стос зашмальцаваных часопісаў «Гламур на кожны дзень».

Адэля и парасон

— Ах, смаката! — з’еўшы грушу, зноў пачала Адэля. — Малімонка хвалілася, што ёй штодня даюць на падвячорак грушы. І нібыта таму ў яе вельмі смачнае малако. Скажу вам пад сакрэтам: Малімонку гаспадыня толькі таму і трымае, што любіць малачком ласавацца. Інакш даўно звольніла б гэтую перабору. От ужо нораў дык нораў! Цэлы дзень пасвіцца, а штовечара гаспадыні адно і тое ж бае: не піла я, не ела… Такую персону з сябе ўдае! А насамрэч — нічога вартага. Ну і што, што яе поўсць мае лекавыя якасці, у мяне не горшая, але ж я не крычу пра гэта ўсім і кожнаму…

«Ды ўжо ж», — падумалася мне.

Цудоўнае выратаванне ад незвычайнай хваробы

Цудощнае выратаванне ад хваробы

 

Раптам, нешта ўспомніўшы, Адэля зніякавела:

— Спадарыня Наталля! Але што гэта са мной будзе? Я чытала, што, калі есці шмат морквы, скура набывае прыемнае залацістае адценне, а я, выходзіць, ад траўкі зелянею...

— Пачакай маркоціцца, Адэлю, — перапыніла я. — Помніш, я ўчора табе паабяцала растлумачыць, чаму цябе назвалі «зялёнай».

— Так, прыпамінаю. Дык вы ўсё ведаеце і маўчыце!? — абурылася авечачка. — Улічыце, гэта несумленна! Якое ж жорсткае і чэрствае сэрца трэба мець, каб так здзекавацца з няшчаснай істоты… — усхадзілася Адэля. Яна падскочыла со свайго месца і ўзрушана бегала па пакойчыку.

Я зразумела, што трэба хутчэй ратаваць гэту «няшчасную істоту», пакуль не налучыўся з ёй яшчэ адзін прыступ. Выхапіўшы з торбы газету з артыкулам пра Грынпіс, якую так абачліва ўзяла з дому, я падсунула яе авечцы.

— На вось, пачытай і супакойся.

— Ах, вы здзекуецеся? Ці ж магу я спакойна чытаць перад абліччам такой небяспекі!

Ну што тут рабіць? Каб супакоіць Адэлю, калі яна нешта ўзяла ў голаў, анёльскую цярплівасць трэба мець! Я ўзяла сябе ў рукі і пачала чытаць ёй:

— «Міжнародная арганізацыя аховы прыроды і ўсяго жывога называецца «Грынпіс», а яе паплечнікі называюць сябе «зялёнымі».— Я заўважыла, што Адэля пачала прыслухоўвацца і паціху знізіла хуткасць прабегу.— Яны праводзяць шматлікія акцыі ў абарону расліннага і жывёльнага свету, часам звяртаючыся да нетрадыцыйных метадаў змагання з забруджваннем нашай планеты».

— Як вы іх назвалі, — перапыніла мяне авечка, — «зялёнымі»? Дык гэта не хвароба?

— Я яшчэ ўчора табе даводзіла, што гэта арганізацыя, — нагадала я. — А ты якраз тую цётку ганяла, рупячыся пра чысціню свайго лужка, а значыць, пра куточак планеты. І метады твае традыцыйнымі таксама не назавеш.

Кава з раніцы

— Не нагадвайце мне пра тую нервовую асобу! Трэба ж выдумаць такое — мне ўколы ад шаленства калоць! — абурылася авечка. — Такі стрэс! А тут яшчэ думкі пра незвычайнае захворванне… Ах,— з палёгкай уздыхнула Адэля.— Якое шчасце! Якое нечаканае выратаванне! А каб жа вы толькі ведалі, што я перажыла за гэты час! Якіх сноў насніла!

— Твая гаспадыня казала. Яна вельмі турбуецца за цябе. А я нават і падумаць не магла, што ты такая надумлівая і экзальтаваная.

— Паглядзела б я на вас,— хмыкнула мая прыяцелька.— Уявіце сабе, мне прыснілася, што я пацалавала зялёную жабку і сама ператварылася ў такую ж. Прачнулася ўся спацелая ад перапуду і думаю — з чаго б гэта я жабку тую цалавала? Фэ-э!

Псіхалогія сяброўства

Асіхалогія сяброўства

Адэля ўрэшце супакоілася і зноў уселася на сваё месца.

— Пакіньце мне газету, я перад сном перачытаю. —Тут Адэля выразна паглядзела на гадзіннік, потым на мяне. — Ведаеце, я думаю, што вам ужо трэба ісці, каб не пазніцца вельмі. Да таго ж зараз прыйдуць мае госці і тут будзе не павярнуцца.

Крышку пакрыўджаная такой бесцырымоннасцю, я пачала збірацца і адвітвацца.

— Пачакайце, — прыпыніла мяне на парозе Адэля, — а малачко ад загару вы мне прынеслі?

— Так, — спахапілася я, — прабач, зусім забылася.

— А чаго ад вас яшчэ чакаць? — скрывілася Адэля. — Пра новенькі парасон для сябе не забыліся. Толькі пра сябе і думаеце.

— Паслухай,— абурылася я,— гэта ўжо занадта. Я набыла табе найлепшае, найдалікатнейшае малачко, рэкамендаванае нават дзецям, а замест падзякі адны ўпікі чую.

Адэля схапіла бутэлечку:

— Як, спадарыня Наталля, няўжо я яшчэ вам не падзякавала? Прабачце! Гэта ўсё стрэс вінаваты,— шчыра гледзячы мне ў вочы, запэўнівала Адэля.— Заходзьце заўтра. Пачастую вас Малімончыным малаком — спецыяльна прызапашу.

Адэля і кніга

Ну што за стварэнне! Хіба можна на яе доўга злавацца?

Ідучы дамоў я думала пра свае дачыненні з Адэляй. Чаму штораз пасля сустрэчы з ёй у мяне баліць галава ці псуецца настрой? Раней я такога не заўважала. Авечка заўсёды ўдавала з сябе выхаваную і дасціпную асобу. Можа, пасля маёй легкадумнай згоды пісаць пра яе кнігу, мы разам бавім больш часу? А можа, занадта пераймаюся яе праблемамі? Ці я такая нецярплівая да чужых заганаў? Ці ў Адэлі «зорная» хвароба пачалася? Нешта зарана… Але так больш доўжыцца не можа. Трэба неяк папраўляць становішча, бо мне зусім не даспадобы заўсёды адчуваць сябе ў нечым вінаватай.

Прыйшоўшы ў свой утульны пакойчык, я адразу накіравалася да шафы з кнігамі. Адну — пра псіхалогію сяброўства — выбрала для сябе. Другую — «Правілы этыкету» — для Адэлі. Толькі як яе запэўніць, што гэтая кніга куды больш карысная, чым часопіс «Гламур на кожны дзень»?

Ранні візіт маёй «зоркі»

Ранні візіт Адэлькі

Не ведаю, як вы, а я люблю паспаць хаця б да 8.30.

Але буднік штораніцы падае голас у 6.30. І, заўважце, вельмі непрыемны голас! На гэты раз мой дзень пачаўся яшчэ раней — ужо ў 5.30 нехта настойліва барабаніў у дзверы. Здагадаецеся з аднаго разу? Вядома ж — Адэля.

— Спадарыня Наталля, чаму вы так доўга спіцё? Я прачнулася ўжо паўгадзіны таму і, нават не снедаючы, кінулася да вас.

— Ну і дарэмна, Адэля, — пазяхнула я . — Лепш бы ты паснедала.

— Як гэта «дарэмна»? І нічога не дарэмна! У мяне ідэя, а вы павінны мне памагчы! — патрабавальна заявіла Адэля.

Адэлька і гадзіннік

Але пасля ўчарашніх роздумаў я мела цвёрдыя намеры перавыхаваць сваю прыяцельку:

— Па-першае, дапамогі звычайна просяць, а не патрабуюць. А па-другое, мая даражэнькая, у нас з табой вельмі розныя працоўныя графікі. Калі ты бачыш трэці сон, я яшчэ працую. А таму маю поўнае права ўстаць  калі мне патрэбна, а не тады, калі ты на пашу збіраешся. Так што давядзецца табе з тваёй ідэяй пачакаць да вечара, — рэзка выгаворвала я Адэлі.

— Якая вы нявыхаваная, пані Наталля, — пакрыўджана прабляяла Адэля. — Ваша прыяцелька спяшаецца падзяліцца цудоўнай думкай, а вы яе за парог выстаўляеце!.. Проста нечувана… Ведаеце, я вельмі расчараваная.

 

Пакрыўджаны Адэлін выгляд можа каго хочаш збіць з тропу, але з мяне ўжо досыць!

— Было б лепш, каб ты хоць крышачку дбала пра планы іншых. Учора я легла спаць а палове першай. А ты прыбегла ледзь свет, разбудзіла мяне і  патрабуеш неадкладнага ўдзелу ў тваіх авантурах. Калі будзеш назаляць, я наогул адмоўлюся пісаць пра цябе кнігу.

— Што? — Адэля ажно збялела. — Няўжо вы можаце так са мной абысціся? Няўжо не шкада свайго часу, змарнаванага на напісанне кнігі? А я так старалася, дамаўлялася з Малімонкай пра малако для вас…

Я была непадкупная:

— Увечары прыходзь са сваімі ідэямі, а зараз ідзі снедаць, а мне дай паспаць, — станавіта заявіла я.

Адэля, крышку агаломшаная перспектывай застацца нікому невядомай авечкай, адступілася.

— Што ж, спадарыня Наталля, я так і ведала, што дзве разумныя істоты заўсёды знойдуць кампраміс. Сустрэнемся ўвечары. Заходзьце да мяне а палове на сёмую. Я буду вас чакаць.— Адэля са стрыманасцю англійскай каралевы кіўнула мне, адвітваючыся.

Стараючыся не глядзець на гадзіннік, я зноў залезла пад коўдру. Але не ўдалося паспаць і дваццаці хвілін. Буднік занудзіў свой прарэзлівы спеў. Я націснула на ім кнопачку выключэння і схавала галаву пад падушку. Пра свой настрой у той дзень я нават казаць не буду — усё ж кніга пішацца пра Адэлю, дзеля яе славы. Толькі адно ўспамяну — цэлы дзень мяне трывожыла цьмянае адчуванне, што, баронячы перад свае правы, я нешта ўпусціла. Толькі ўвечары сцяміла: я ж хацела настаяць на сваіх умовах. А выйшла, што зноў пакорліва згадзілася з Адэлінымі: «Заходзьце да мяне а палове на сёмую». Настрой мой ад гэтага не палепшыўся. Але, захапіўшы кнігу пра этыкет, я скіравалася да сваёй знаёмай. Я прывыкла трымаць свае абяцанні.

Адэля збіраецца ў экспедыцыю

Адэля збіраецца ў эспедыцыю

З усяго было відаць: Адэля спужалася, што я сапраўды перастану ёй цікавіцца і не скончу распачатай кніжкі. Модныя часопісы былі карцінна адсунутыя ўбок, пасярод стала красаваўся разгорнуты атлас свету і контурная мапа, а побач — лінарка і чырвоны аловак. Авечачка гасцінна запрасіла мяне сесці.

— Як вы думаеце, спадарыня Наталля, удзел у экспедыцыі да Паўночнага полюса — гэта цікавая прыгода?

— Вядома, — насцярожылася я. — Але ж там вечная мерзлата. І няма траўкі, каб падсілкавацца. Ты хочаш сказаць, што гатовая пусціцца ў такое экстрымальнае падарожжа?

— А чаму не? Вы патрабуеце ад мяне неверагодных учынкаў. Значыць,  давядзецца адважыцца на такую авантуру. Праўда, не ведаю, ці змагу выжыць у суровым клімаце. Я вельмі далікатная істота і надзвычайныя ўмовы мне проціпаказаныя…

— Паслухай, Адэля, як ты наважылася адна ў такую экспедыцыю выправіцца? — збянтэжана запыталася я.

— Ну што вы! Вядома, не адна. Я прачытала ў газеце абвестку —запрашэнне далучыцца да экспедыцыі, — Адэля сунула газетны аркуш мне ў рукі, — звязалася з яе кіраўніком, мяне залічылі ў групу. Заўтра раненька трэба выпраўляцца ў дарогу. Я вунь ужо і плецачок сабрала, — яна кіўнула галавой у куток, дзе стаяў напакаваны пад завязкі заплечнік.

Я разгублена глядзела на авечачку:

— Дык ты дзеля гэтага прыбягала да мяне нараніцы?

— Не, у мяне была іншая ідэя. Я надумала ўступіць у «Грынпіс» і хацела параіцца, як напісаць заяву. Але цяпер лепш дапамажыце ўгаварыць маіх гаспадароў пусціць мяне ў экспедыцыю. Самой мне гэта нізавошта не ўдасца. Яны мяне так любяць, так рупяцца пра мяне! Я ж іх найлепшая працаўніца… — Адэля ўсхліпнула і выцерла насовачкай слязінку. — Затое не будзеце скардзіцца, што вам не стае матэрыялу для кнігі пра мяне… Вядома,  пра славутую заваёўніцу Паўночнага полюса пісаць лягчэй, чым пра нікому невядомую авечачку, хай сабе і незвычайную… — дакорліва зірнула на мяне Адэля.

Я пачувалася зусім разгубленай. Круціла ў руках газету, спрабуючы прачытаць абвестку пра экспедыцыю. Ад хвалявання літары скакалі перад вачыма, у галаве круціліся думкі пра небяспеку, якая будзе чакаць маю прыяцельку ў такім падарожжы.

— Што вы стаіце? — настойліва запыталася Адэля. — Пані Гэлена якраз дома. Дый гаспадар таксама. Хадзем выпрошваць для мяне дазвол на ўдзел у экспедыцыі. — Яна наважна скіравалася да выхаду.

— Пачакай, Адэля,— узрушана пачала я.— Можа, ёсць час адмовіцца ад тваёй задумкі?

— З чаго б гэта? — азірнулася Адэля.

— Я лічу, што такая экспедыцыя сапраўды для цябе небяспечная. Мяне здзіўляе, як камандзір згадзіўся цябе ўзяць. Трэба ж спецыяльная падрыхтоўка, экіпіроўка…

Экіпі…— што? — наіўна міргаючы вейкамі, перапытала Адэля. Яна спынілася на парозе і чакала маіх тлумачэнняў.

Я ліхаманкава прыпамінала, што ведаю пра экспедыцыі на Паўночны полюс.

— Адэлька, ты нават не ўяўляеш сабе ўсіх цяжкасцяў такога падарожжа. На полюсе не расце траўка, якую ты так любіш.

— Буду есці сенца, — спакойна адказала Адэля.

— Там для цябе сенца ніхто не назапашваў, — працягвала я адгаворваць сваю знаёмую.— У цябе няма лыжаў, няма спецыяльнага касцюма — там жа вечная мерзлата і суцэльныя льды!

— У мяне цёплая густая воўначка, — запярэчыла яна.

— Што твая воўначка супраць вечнай мерзлаты! А неверагодныя фізічныя нагрузкі? — не здавалася я.

— Я штодня займаюся фітнесам, — горда даводзіла Адэля.

— Адэлька, — умольна прасіла я, — не трэба на Паўночны полюс. Раптам ты захварэеш, ці ножку выкруціш, гойсаючы на лыжах. Давай лепш напішым ліст ў Грынпіс. У гэтай арганізацыі ніколі не было такіх незвычайных аднадумцаў. Яны з радасцю прымуць цябе ў шэрагі сваіх паплечнікаў. Хочаш — сёння напішам?

— Праўда? — падалася назад Адэля.

— Я цябе запэўніваю! Табе знойдзецца шмат цікавых заняткаў тут. І не трэба за свет ляцець, — пераконвала я авечачку.

адносіны

Адэля на хвілінку задумалася:

— А кніжку пісаць пра мяне не кінеце, калі я адмоўлюся ад удзелу ў экспедыцыі?

— Не, не кіну. Мы абавязкова знойдзем у тваім жыцці моманты, вартыя стаць старонкамі кніжкі, — запэўнівала я.

— Ну што ж, — уздыхнула Адэля, — добра, калі так. Саступлю вам. І заўважце — не такая ўжо я і ўпартая, якой вы мяне апісваеце. Добра, пайду да гаспадыні — патэлефаную ад яе кіраўніку экспедыцыі. Папярэджу, што гэтым разам не пайду з імі. Уяўляю, як ён будзе расчараваны. Але хто ведае, можа, калі-небудзь… Усяго найлепшага, спадарыня Наталля.

P.S. Праз колькі дзён мне на вочы трапілася газета, у якой быў надрукаваны артыкул пра Паўночны полюс. Машынальна ўзяла яе ў рукі і пачала чытаць абвестку, абведзеную чырвоным алоўкам. Я з палёгкай перавяла дух, зноў уявіўшы, ад якіх неверагодных цяжкасцяў мне ўдалося засцерагчы прыяцельку. І толькі тут заўважыла, што газета, якая так зманліва запрашала Адэлю ў экспедыцыю — леташняя! Ну, Адэля, ну, хітруха! Зноў мяне вакол пальца абвяла.

https://bel.24health.by/adelchyny-poshuki-svajgo-pryznachennya-kazka/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"