Больш за 14 тысяч дзяцей з вясковых раёнаў Брэсцкай вобласці змогуць праверыць свой зрок у 2018 годзе цягам трэцяга этапу дабрачыннага праекта «Я бачу», арганізаванага кампаніяй velcom і Беларускім дзіцячым фондам пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя і аблвыканкамаў.
Мабільныя брыгады ўрачоў-афтальмолагаў будуць кансультаваць дзяцей адразу ў школах.
У 2016 і 2017 годзе такі праект быў рэалізаваны ў 19 раёнах Магілёўскай і 14 раёнах Гомельскай абласцей. За гэты час абследавалі каля 25 тысяч дзяцей.
Чаму праект настолькі важны?
Ірына Чарнякова, намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду:
Наш фонд стаў ініцыятарам праекта «Я бачу!». Яшчэ ў 2010 годзе па нашым запрашэнні ў Беларусь прыляцелі выпускнікі і выкладчыкі каледжа аптаметрыі з штата Вірджынія (ЗША). Тады мы праверылі зрок у хлопцаў Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці. І зразумелі, што праблема паталогіі зроку ў дзяцей вельмі актуальная.
У рамках праекта «Я бачу!» мы правялі вялікую працу. Да канца снежня працягваем абследаваць дзяцей Гомельскай вобласці. Тут арганізаваны 2 мабільныя брыгады медыкаў. Адна з іх створана на базе Гомельскай цэнтральнай дзіцячай паліклінікі, а другая – на базе Мазырскай.
Трэба было дамовіцца і з медустановамі, і з транспартнымі кампаніямі, аддзеламі адукацыі, райвыканкамамі, дырэктарамі школ. Цяпер працэс настолькі адладжаны, што ўрачы з задавальненнем адзначаюць: іх там чакаюць.
Унікальнасць праекта ў тым, што не бацькі з дзецьмі едуць на кансультацыю ў вобласць альбо ЦРБ, а ўрачы прыязджаюць у вясковы населены пункт, у школу.
Цяпер колькасць абследаваных дзяцей школьнага ўзросту ў Гомельскай вобласці – каля 12 тысяч. Праблемы са зрокам выяўлены ў 35% дзяцей, прычым у 40% упершыню. Дыягностыку выконвалі на некалькіх апаратах. У выпадку парушэнняў урачы выпісвалі накіраванні на больш паглыбленае даследаванне альбо лячэнне ў абласныя і рэспубліканскія цэнтры. Вынікі абследаванняў выдаюцца не толькі бацькам, але і класнаму кіраўніку, урачам на месцах.
Вынікі праекта ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях пацвярджаюць эфектыўнасць і неабходнасць правядзення праекта «Я бачу» і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Гэта выдатны прыклад прыватнага і дзяржаўнага супрацоўніцтва.
Вячаслаў Смірноў, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom:
Сучасныя дзеці вельмі рана знаёмяцца з гаджэтамі, таму асабліва важна сачыць за станам вачэй з самага ранняга дзяцінства. За 2 гады праект «Я бачу!» зарэкамендаваў сябе як па-сапраўднаму карысны і эфектыўны. Мы рады прадоўжыць яго і зрабіць афтальмалагічную дапамогу даступнай яшчэ для 14 тысяч дзяцей. Для нас асабліва важна, што сродкі будуць сабраныя ў рамках штогадовай дабрачыннай акцыі velcom «Рабіць дабро так проста». З 2010 года яна аб'ядноўвае дзясяткі тысяч людзей па ўсёй Беларусі. Агульная сума дапамогі, аказанай дзіцячым установам рэспубліканскага маштабу за 7 гадоў правядзення акцыі, ужо перавысіла мільён рублёў.
Алена Несцяронак, урач-афтальмолаг РНПЦ «Маці і дзіця»:
Пераацаніць значнасць праекта для дзяцей немагчыма, ён унікальны. Калі атрымаецца, як плануем, ахапіць дыягностыкай усю рэспубліку, гэта будзе велізарная падмога. Урачоў-дзіцячых афтальмолагаў сапраўды не хапае. Праект дазваляе часткова закрыць гэты прабел. Ранняе аказанне дапамогі вырашае масу праблем у будучым. У асноўным у дзяцей выяўляюць анамалію рэфракцыі, міапію, астыгматызм і інш. Некаторыя паталогіі пры своечасовым медыцынскім умяшальніцтве цалкам карэктуюцца альбо пры назіранні прыводзяць да менш выяўленай шкоды для здароўя дарослага. Так, можна не дапусціць адслаенняў сятчаткі, зменаў збоку вочнага дна.
Што такое мабільны рэфрактометр?
У 2018 годзе ў арсенале ўрачэбных брыгад праекта «Я бачу!» будуць вельмі незвычайныя прыборы – мабільныя рэфрактометры.
Прыборы закліканы дапамагчы ў самастойнай дыягностыцы праблем са зрокам. Невялікая чорная трубка мацуецца да экрана смартфона, затым трэба спампаваць спецыяльны мабільны дадатак. Націскаючы на клавішы і вывучаючы малюнак на экране, можна зразумець, ці ёсць нейкая праблема з вачыма. Пакуль прыбор будзе прымяняцца толькі падчас акцый «Я бачу!». Яго эфектыўнасць у поўнай меры павінны ацаніць урачы-афтальмолагі.
Алена Несцяронак:
Назваць гэты дэвайс заменай паўнавартаснага агляду ва ўрача нельга. Але калі з яго дапамогай дзіця, гуляючы, выявіць, што ёсць нейкія адхіленні, то, магчыма, гэта паспрыяе больш хуткаму і своечасоваму звароту да ўрача, каб высветліць прычыну «збою.
Як можаце дапамагчы праекту вы?
Усе выдаткі на праект «Я бачу!» аплочваюцца за кошт сродкаў, сабраных кампаніяй velcom падчас традыцыйнай дабрачыннай каляднай ініцыятывы «Рабіць дабро так проста». У гэтым годзе кожнае падключэнне на любы з тарыфных планаў лінеек «Камфорт» і «Камфорт +» у перыяд з 1 па 31 снежня ператворыцца ў 5 рублёў, якія і будуць пераведзены на спецыяльны дабрачынны рахунак.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by