23.06.2019
23.06.2019

Ягадны рай. Не лянуйся, а збірай!:)

logo
Карысныя прадукты
0 74
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

...І еш, вядома ж! Пабольш! Памятаеце, як у дзяцінстве казалі мама і бабуля пра ягады?! «Назапашвайся вітамінамі!» А яшчэ калі ёсць магчымасць збіраць іх і спажываць свежанькімі... Во дзе сапраўднае летняе лясное ягаднае шчасце!:)

Карысныя ўласцівасці лясных ягад

Так, я менавіта пра ягады лясныя. Ці, як іх называюць па-іншаму, дзікарослыя. Якія мы з братам прывучаныя збіраць з самага маленства. Праўда, не ведаю, ці перамагла б зараз у чэмпіянаце па збору тых жа чарніц, але для сябе атрымліваецца назбіраць неблагую колькасць за адносна невялікі час. Пры ўмове, што ягады ёсць. Але калі іх і няшмат, таксама не крытычна. Бо мы прывучаныя збіраць літаральна па ягадцы.

Лясныя суніцы

Вось што такое лясныя суніцы

Гэта вітаміны А, В, С ды іншыя, яблычная, воцатная і аскарбінавая кіслата, пекцін, клятчатка, жалеза, кальцый, магній плюс (з асцярожнасцю хворым на цукровы дыябет!) цукар. Прычым апошні, сцвярджаюць даследчыкі, у даволі значнай колькасці. Хаця асабіста я не магу ўявіць, каб блага зрабілася ад суніц. Але, кажуць, усё можа здарыцца. Па-першае, калі без меры, а па-другое, суніцы ўсё ж у пэўным сэнсе алерген.

А як прыемна іх збіраць, асабліва на лясных палянах! Там, дзе такія месцейкі не дужа зацененыя дрэвамі, ягады і паспяваюць раней тэрміну.

Напрыклад, 6 чэрвеня, як я распавядала ўжо тут. А што датычыцца чырвоных сунічных дываноў, дык самыя вялікія, мабыць, мы даволі даўно бачылі з мамай на Смалявіччыне, калі вазілі школьнікаў на адпачынак у санаторый.

Вось дзе было сапраўды хараство нерэальнае! Санаторый размяшчаўся глыбока ў лесе, не так-то проста было туды дабрацца. Да навакольных населеных пунктаў таксама далекавата. Таму практычна сунічны запаведнік мы там убачылі, сапраўдны ягадны рай! Дзе рэальна было б назбіраць і 10-літровае вядро гэтых ягад, калі б мелася такая магчымасць...

А паласавацца суніцамі дык і вельмі карысна! І найперш гэта прафілактыка авітамінозу і заўчаснага старэння. Вучоныя нават даказалі, што гэтыя ягады не даюць развівацца запаленчым працэсам у кішэчніку, таму іх раяць ужываць пры запорах ды іншых кішэчных расстройствах. А таксама пры захворваннях крыві, прастудзе, нервовым знясіленні.

Калі хочаце пахудзець, ешце суніцы! Яны, апрача іншага аказваюць добры ўплыў на шчытападобную залозу і перашкаджаюць разбурэнню сятчаткі вока. І гэта я толькі ўзгадала пра пэўную карысць ад свежых ягад! А яшчэ ж іх сушаць. І нарыхтоўваюць у пару лісце – таксама вельмі і вельмі карыснае, калі прымяняць яго правільна і – памятаеце?! – шчыра верыць у ва ўласцівасці і іх дабратворны ўплыў на арганізм.

Калі ўжо загаварылі пра карыснае ўздзеянне на зрок, дык чэмпіён тут бясспрэчны – чарніцы! Якія ўжо ёсць, паспелі! Сёлета нашмат раней, чым звычайна! Праўда, пра тое, наколькі іх шмат у лясах Чэрвеньшчыны, пакуль сказаць не магу: лес-то зачынены... У сувязі з пажаранебяспечным перыядам. Але паколькі прайшлі ўжо дажджы... У чаканні! А пакуль бацькі патроху збіраюць чарніцы непадалёк – у лесапарку.

Лясныя чарніцы

чарніцы

Што ж вядома пра чарніцы? Што карыснае яны ўтрымліваюць?

Тыя ж вітаміны А, В, С, фосфар, калій, хром, жалеза, марганец (рэгулюе вугляводны абмен). Чарніцы, як і суніцы, умацоўваюць імунітэт. А яшчэ – сценкі сасудаў, памяць, нармалізуюць абмен рэчываў, папярэджваюць утварэнне злаякасных пухлінаў... І вось гэта і ёсць карысныя ягады для дыябетыкаў, паколькі падтрымліваюць бяспечны ўзровень цукру ў крыві. І яшчэ шмат-шмат-шмат усяго! Знаходзім у сеціве і чытаем!

Але, вядома ж, вялікіх цудаў не чакайце. Вучоныя сцвярджаюць, што чарніцы сапраўды могуць дапамагчы пры дальназоркасці, блізарукасці, астыгматызме, папярэдзіць кан’юнктывіт, паляпшаюць кровазварот у сятчатцы вока, сілкаванне вочнага яблыка... Але не справяцца з катарактай, парушэннямі зрокавага нерва...

Самае цікавае, што наш арганізм засвойвае карысныя рэчывы з адной невялікай дозы. Таму калі вы захочаце (і зможаце!) за раз з’есці вядро чарніц, карысць у 10 разоў не ўзрасце! Дастатковая доза ў дзень – 3-4 сталовыя лыжкі ягад, і лепей іх есці раніцай, нашча. Што мы, уласна кажучы, ужо і робім – другі год, у сезон...

Прычым спажываць варта штодня на працягу 4-7 тыдняў. І карысныя рэчывы яшчэ павінны назапасіцца ў арганізме! І толькі пасля праявіцца. Адчувальна.

Але ж чарніцы збіраць прасцей – іх на кусціку больш! Асабліва калі трапляеш у месца, дзе да цябе ніхто не быў. І ўмееш збіраць дзвюма рукамі адначасова (я  ўмею – ад мамы навучылася даўным-даўно!) Ляпата! Здаецца, ягады самі скачуць у вядзерца! 🙂

Так што, калі ёсць магчымасць, збірайцеся ў лес! Рыхтуйце правільную вопратку, каб абцяжарыць доступ кляшчам ды камарам, бярыце з сабою рэпелент... І прыемных усім уражанняў ад наведвання ягаднага раю!:)

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 74

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Карысныя прадукты"