У Арт-гасцёўні «Высокае места» адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі скульптуры Аляксандра Наймана «ПАРАДОКС NAY».
Калі чытаеш біяграфію Аляксанда Наймана, спачатку з’яўляецца нейкае здзіўленне, а потым ахоплівае пачуццё павагі. Бортінжынер кампаніі «Белавія» з вельмі салідным стажам, не спыняючы сваю прафесійную дзейнасць, пачынае пісаць сцэнарыі да мультыплікацыйных і мастацкіх фільмаў, а потым захапляецца скульптурай. Захапленне гэта расце, пашыраецца, развіваецца і вось перад намі творчая асоба — скульптар.
На выстаўцы «ПАРАДОКС NAY» прадстаўлена больш за 30 работ, сярод якіх асобнай тэмай гучаць тыя, што прынята называць філасофскімі. Хто мы? Якія мы? Адкуль мы? Ці задаем мы сабе гэтыя адвечныя пытанні? Ці атрымліваем на іх адказ? Выстаўка Аляксандра Наймана з’яўляецца менавіта тым месцам, дзе склаліся ўмовы паразважаць пра гэта, месцам, дзе зямное і ўзвышанае разам і ніколькі не перашкаджае адно аднаму. Парадокс? Магчыма.
Я памтаю Сашу ў розныя перыяды жыцця, — падкрэсліў на адкрыцці выстаўкі мастацтвазнаўца Мікалай Паганоўскі. — І ён ва ўсіх сваіх прафесіях быў здольным чалавекам. Яго заўсёды цкавіла наваколле жыццё, у іі літаральна жыве рух.Асоба Наймана — гэта зусім не пра славу, а пра жаданне рабіць прафесійна, адказна і таленавіта. У гэтым яго галоўная фішка.
Далёка не кожны чалавек здольны кардынальна змяняць звыклае жыццё, нават калі марыць аб гэтым. «Я ніколі не займаўся той справай, якая мне не падабалася». Відавочна гэтыя словы Аляксандра з’яўляюцца зразумелым тлумачэннем такіх нечаканых, са старонняга пункту гледжання, паваротаў.
Жалеза, бронза, латунь, сланец… Авраам, Маісей, Давід, Каін, які падняў руку на брата, Лот, што не азірнуўся. Пантаміма амаль што бесцялесных, міміка амаль што безаблічных, рух амаль што нерухомых. Гэтыя скульптуры — аўтарская трактоўка старазапаветных сюжэтаў з глыбокім эмацыянальным напаўненнем, якое адваротна прапарцыянальна іх невялікаму памеру.
Героі іншай часткі прадстаўленых на выстаўцы твораў — не біблейскія персанажы і не анёлы, а жыхары нашага горада з не такіх ужо далёкіх гадоў прошлага стагоддзя. Тут зусім іншыя эмоцыі, іншая дынаміка. Здаецца, што чуваць шматгалоссе старых мінскіх дворыкаў. Матэрыялы, якія выкарыстоўваў аўтар, таксама іншыя. Цікава, што стаяць скульптуры на кавалках асфальту.
Падчас палётаў у якасці бортінжынера Аляксандр адказваў за ўсе сістэмы кіравання самалётам —ад запуску рухавікоў да кіслароднага абсталявання. Так паступова ён захапіўся напісаннем сцэнарыяў. Аднойчы расказаў пра сваё захапленне сябру Ігару Волчака, які да таго моманту скончыў вышэйшыя рэжысёрскія курсы. Той параіў выкласці ідэю на паперы. З гэтага пачаўся творчы шлях і многае атрымалася.
Выстаўка называется «Парадокс» яшчэ таму, што і сам мастак у сваім жыцці парадокс не толькі для сябе, а ўвогуле для многіх. Яго жыццё ніколі не было меланхалічным, нецікавым, яно заўсёды хуткае, крэатыўнае, рызыковае.
Гледзячы на мастака, спачатку складана ўявіць, наколькі смелы і рашучы можа быць чалавек перад вамі, але ж деведаўшыся падрабязнасці яго лёсу, разумееш, што у яго нават стыль жыцця такі — не згубіць самаго сябе, адсюль столькі розных жыццёвых спроб і эксперментаў.
Сёння Аляксандру Найману падабаецца займацца скульптурай. Але мастаком сябе называць ён не спяшаецца. Пра сябе кажа так: «Я проста чалавек, які робіць». І гэта не дэвіз, і не метафара, гэта яго сапраўдны выбар і ўнутраннае пачуццё, якому ён не змяняе ўсё сваё жыццё.
Мастацкі падыход Наталлі Шапавалавай. Выстаўку мастачкі прэзентавалі ў Мінску
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by