Лячэнне ран ды інфекцый, звязаных з імі, сыходзіць сваімі каранямі ў глыбіню стагоддзяў. Каб спыніць крывацёк і прыкрыць рану, старажытныя людзі выкарыстоўвалі лісце раслін, пучкі сухой травы і моху. Адны з самых ранніх звестак пра лячэнне ран выяўлены пры вывучэнні старажытнашумерскіх гліняных дошчачак, датаваных прыкладна 2500 г. да н.э. У тэкстах апісваецца прамыванне ран вадой і малаком з наступным накладаннем павязкі з мёдам і смалой.

Не толькі ісціна ў віне…
Розныя віды алкаголю таксама выкарыстоўваліся ў старажытнай медыцыне. Адным з першых, вядомых сучасным навукоўцам, прэпаратаў для апрацоўкі ран было віно, змяшанае з алеем. У старажытным свеце гэта было распаўсюджаным сродкам для прамывання ран. Шумеры выкарыстоўвалі піва ў якасці антысептыку для апрацоўкі ран, ужываючы да 19 розных гатункаў піва. Яшчэ адным народам, які скарыстаўся ачышчальнымі ўласцівасцямі алкаголю, былі грэкі. Яны выкарыстоўвалі віно, а таксама гатаваную ваду ды воцат для прамывання ран. Грэкі, у прыватнасці Гіпакрат (430–377 гг. да н. э.), былі першымі, хто вылучыў чатыры асноўныя прыкметы запалення: пачырваненне, ацёк, жар і боль.

Народная медыцына беларусаў
Што да старажытных беларусаў, дык пры атрыманні любой раны, яе адразу ж прамывалі, прычым стараліся прамыць “жывой” або “святой” вадой. У асноўным гэта была вада, набраная ў пэўныя часы і ў пэўных крыніцах, загавораная вада ці вада, у якой былі асвечаныя лекавыя зёлкі. У асвечанай вадзе варылі велікодныя яйкі, вугельчыкі са сваёй печы ці вугельчыкі з абрадавага велікоднага вогнішча. Таксама выкарыстоўвалася вада, якой змазвалі велікодныя булкі або вада, пралітая праз рэшата, праз заручальны пярсцёнак ці праз адтуліну ткацкага чаўнака.
Дарэчы, нашы заможныя гаспадары таксама прамывалі раны віном. Для простага люду гэта было дорага, і таму яны часам выкарыстоўвалі куды таннейшы сродак, які заўсёды быў пад рукой: на адкрытую рану трэба было… памачыцца. Што цікава, падобны “рэцэпт” на ўсю моц выкарыстоўваўся і ў XX стагоддзі.
Пасля прамывання на рану прыкладалі дрэвавы трут, закручвалі павуціннем, замазвалі хлебным мякішам ці коламаззю, якая ўтваралася з дзёгця на калёсах. На раны прыкладалі анучкі, якія намочвалі ў настоеных на гарэлцы бярозавых пупышках.
Павуцінне для гаення
Беларускі пісьменнік 19 стагоддзя Ігнат Ходзька ў сваёй аповесці “Дзённік манаха-бернардына” прыводзіць дыялог паміж двума шляхціцамі з-пад Ушачаў. Адзін з іх перад дуэллю дастаў з-за пазухі невялікі вузельчык і заявіў, што ў ім жытні хлеб і павуцінне — выдатныя шляхецкія зёлкі. “Кожны шляхціц, выязджаючы на соймік, зараз па ўсёй хаце збярэ павуцінне і заўсёды ў запас з сабой носіць. Ледзь толькі непрыемнасць... зараз з кашаля лекі: яно і кроў спыніць, і рану загоіць так хутка, што толькі адзін рубчык застанецца. Ты яшчэ малады, Міхал! Так вучыся ў мяне, старога, і без павуціння ні на крок на сойміках”. Справа ў тым, што на сойміках, лакальных зборах шляхты, увесь час узнікалі спрэчкі, нярэдка яны сканчаліся бойкамі з ужываннем халоднай зброі.
Не прайшло і 200 гадоў, як навукоўцы вярнуліся да тэмы павуціння ў медыцыне — некалькі гадоў таму практычна сінхронна ў Кітаі, ЗША і Расіі заявілі пра стварэнне штучнага павуціння, практычна ідэнтычнага натуральнаму, для гаення ран.

Ды расліны ў дапамогу
Тым не менш, практычна ўся народная медыцына беларусаў у справе лекавання ран будавалася на выкарыстанні раслін. І знакаміты трыпутнік быў сапраўды адным з асноўных сродкаў. Больш за тое — дапамагаў ён вельмі добра: ужо сучасныя навукоўцы высветлілі, што трыпутнік аказвае супрацьзапаленчае, кроваспыняльнае, супрацьацёкавае і болесуцяшальнае ўздзеянне, спрыяе хуткай эпітэлізацыі і гаенню ран. Вось толькі гаворка ідзе не аб прыкладанні лісціка расліны — лечыць сок трыпутніка, таму расліну разжоўвалі і гэтай “жованкай” мазалі раны.
Таксама ў топ народных сродкаў для гаення ран уваходзіла лісце лапуха, адвар з рамонка (у тым ліку і пры лячэнні апёкаў), сок дзьмухаўца. У некаторых вёсках да раны прыкладалі мазь з кветак нагатка, мазь з шышак хмелю, настой пупышак чорнага топаля, лісце ліпы або таркаваны хрэн. Парэзы залівалі сокам травы “серпарэзніка” або прысыпалі парашком з сушаных кветак чамярыцы.

Мядзьвежае вуха і заечае сала
Для лячэння ран даволі часта выкарыстоўвалі жывых або мёртвых лягушак ці жабак. Паводле запісаў этнографаў, у 19 стагоддзі ў паўночна-заходніх раёнах Беларусі да раны прыкладалі лягушку, разадраную напалам. Потым рану пасыпалі нюхацельным тытунем, палівалі віном і малаком. Да раны ад укусу змяі прыкладалі брушкам жывых лягушак, мяняючы іх па меры акалявання. Для хутчэйшага прарывання нарываў, прыкладалі мёртвую жабу, заячае “сала”, дзёгаць ці гліну з калёс, лісткі трыпутніка ці “мядзвежага вуха”.
Ранкі на дзёснах прысыпалі парашком, стоўчаным з маленькіх каменьчыкаў з галавы акуня. Ранкі на вачах змазвалі авечай жоўцю і кроўю з-пад крыла голуба.
Да гнойных ран прыкладалі свежыя лісты бэзу і мянялі іх раз на дзень. Калі гнаіліся раны на нагах, то спальвалі сабачыя рэбры, іх попелам прысыпалі раны і зверху накладалі лісты капусты ці таго ж трыпутніка, штораз мяняючы іх.
Пухліны лячылі рознымі спосабамі. Эфектыўным метадам лічылася накладванне павязкі змочанай ў 10 % растворы солі. Да пухлін таксама прыкладалі нагрэтую качаргу, цёплы галубіны памёт, печаную цыбулю, жывую разадраную мыш.
Шмат народных методык існавала для лячэння апёкаў. Месцы апёкаў змазвалі цёртай бульбай, мёдам, мазямі з канаплянага, ільнянога алею і каровінага масла, змешанага з жаўтком курынага яйка. У апошнім выпадку трэба зварыць адно яйка накрута, дастаць жаўток і, насадзіўшы яго на пруток, патрымаць над агнём. Тады пачне капаць нешта накшталт тлушчу, якім трэба мазаць апёк ці абваранае месца. Таксама да апёкаў прыкладалі свежы гной з-пад каровы, белую алейную фарбу, рабілі кампрэсы з анучак, намочаных у свежай дзіцячай мачы або мачы самога хворага. Апроч іншага, абпаленыя месцы пасыпалі парашком з драўлянага вуголля, а калі апёк быў ад пораху, то рану пасыпалі гарохавай мукой.

Лячэнне ран ад укусаў сабак
Такую рану засыпалі перапаленай поўсцю менавіта таго сабакі, які ўкусіў чалавека. Калі заўважалі, што ўкусіў шалёны сабака, то звярталіся да знахара, які загаворваў кавалак хлеба з пакладзенай у яго травой “шаленец”. Пасля такі хлеб абавязкова з’ядалі на вуліцы, а не пад дахам. Абрад трэба было паўтарыць тройчы.
У паўночна-ўсходняй частцы вёскі Малыя Грыдзюшкі Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці ляжыць валун, які завуць Шалёны Камень. Згодна з павер’ямі, каб вылячыцца ад укусу шалёнага сабакі, раілі з каменя сашкрэбсці парашок, які потым выпіць з вадой. Па легендзе, калісьці тут прабягаў ашалелы чалавек, паваліўся на камень, стаў яго грызці і заснуў. А прачнуўся ўжо здаровым.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by
