13.01.2024
13.01.2024

Як і дзе беларусы лячылі анкахваробы? 10 сакральных месцаў

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Рак – прычына 12 адсоткаў усіх смерцяў у свеце. Штогод урачы выяўляюць больш за 12 мільёнаў новых анкалагічных пацыентаў, 7 мільёнаў з іх гіне ад гэтай хваробы. Доўгі час рак быў невылечным праклёнам чалавецтва – прагрэс у яго лячэнні азначыўся толькі ў 19 стагоддзі. Пры гэтым рак яшчэ не пераможаны – барацьба з хваробай вядзецца да гэтага часу.

recidiv-raka-mozga

З часоў старажытнага Егіпту і Полацкага княства…

Самыя раннія апісанні раку сустракаюцца ў сямі старажытнаегіпецкіх папірусах, знойдзеных і расшыфраваных у канцы 19 стагоддзя. Два з іх, "Папірус Эдвіна Сміта" і "Папірус Эберса", датуюцца 1600 годам да нашай эры, аднак імаверна яны грунтуюцца на значна больш ранніх крыніцах (да 2500 гадоў да н.э.).

Гіпакрат (каля 460 г. да н. э. – 377–356 гг. да н. э.) у сваіх працах згадваў некалькі відаў рака. Для некаторых з іх ён упершыню выкарыстоўваў грэчаскае слова «carcinos» (краб або рак). Прычынай такой назвы стаў знешні выгляд злаякаснай пухліны на зрэзе. Аднак "бацька медыцыны" апісваў толькі тыя пухліны, якія можна было ўбачыць на паверхні цела (рак скуры, носа, малочных залоз).

У старадаўніх рукапісах таксама ёсць апісанні  розных новаўтварэнняў і метады іх лячэння: прыпальванне, настоянкі зёлак, ампутацыі канечнасцей. З вынаходніцтвам мікраскопа навука анкалогія пачала  развівацца. У 1775 годзе англійскі хірург Потт падрабязна апісаў рак скуры машонкі ў чысцільшчыкаў комінаў, які з’явіўся ў выніку працяглага забруджвання сажай.

Што да лячэння анкалогіі на землях сённяшняй Беларусі, то лячыць рак у нас імкнуліся з часоў Полацкага княства. Таксама ёсць падрабязнае апісанне выдалення пухліны малочнай залозы хірургам князёў Радзівілаў – Фрыдэрыкам Эме ў 24-гадовай сялянкі. Гэта аперацыя ў дэталях апісаная медыкам у сваёй навуковай працы «Назіранне за левай жаночай малочнай залозай, часткова пашкоджанай ракам, … што паўтара гады спрычыняў невыносныя болі і быў пасечаны 19 мая 1773 года».  Пра ўсё гэта можна пачытаць у сучасным беларускім двухтомным “Руководстве по онкологии”, якое спалучае ўнікальны досвед беларускіх урачоў-анколагаў у галіне прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння злаякасных пухлін. Гэта гісторыя беларускай анкалогіі з часоў Полацкага княства.

Але сёння мы пагаворым не пра досвед дактароў, а пра народныя сродкі лячэння раку. У прыватнасці з дапамогай культавых крыніц, камянёў і дрэў.

Дзе на беларускіх землях лячылі рак?

Урочышча Грушка, якое знаходзіцца ў 500 метрах ад вёскі Бушмічы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Па легендзе, на гэтым месцы побач з грушай некалі цудоўным чынам аб’явілася Божая Маці і дапамагла сляпой дзяўчынцы, якая пасвіла тут гаспадарскую худобу, вылекавацца ад слепаты і знайсці згубленых жывёл. З таго часу да грушы пачалі хадзіць людзі. У народзе пайшла пагалоска, што гэтае месца дорыць ацаленне ад усіх хвароб, у тым ліку і ад раку. Побач з дрэвам паставілі капліцу. Цяпер на пагорку стаіць сучасная царква, і сюды кожны год на свята Успення Багародзіцы прыязджаюць сотні паломнікаў. Каб вылекавацца, яны прывозяць з сабой драўляныя крыжы і ставяць іх у дворыку за царквой – побач з грушай. Месца так і завуць у народзе – Святая Грушка ці проста Грушка.

Святая-Грушка-Бушмічы-Камянецкі

Урочышча Ізбійскі Бор каля вёскі Будча Ганцавічскага раёна Брэсцкай вобласці. Па адной з легенд на гэтым месцы, каля цудадзейнай сасны, аднаму селяніну ў сне аб’явілася ікона Божай Маці, а па другой – у лесе згубіўся вол (конь) і знайшоўся менавіта тут. Навіна аб «знаходцы» абляцела ўсе ваколіцы і ў лясное ўрочышча для пакланення сталі сцякацца людзі. З часам тут пабудавалі капліцу, а потым царкву. Штогод сюды прыходзяць тысячы хворых, каб пакланіцца Уладарцы Неба. Божая Маці па веры вылечвае ад анкалогіі, бясплоднасці, дэпрэсіі і мноства іншых захворванняў. На святым дрэве павязваюць яркія стужкі, ручнікі і палотны тканіны. Гэта абрад абракання – старажытная традыцыя нашых Дзядоў. Сэнс заключаецца ў тым, што людзі ахвяруюць упрыгожванні, а наўзамен просяць дапамогі, як бы «ўлагоджваюць» месца. Калі ўсё дрэннае сыходзіць, людзі вяртаюцца з падзякай і зноў павязваюць стужачку.

Святая-сасна-ў-Ізбійскім-боры

Вёска Паромец, Вілейскі раён Мінскай вобласці. Там проста каля дарогі стаіць гіганцкі дуб. Каб яго камель абхапіць, спатрэбіцца некалькі чалавек. Увесь дуб абчэплены каляровымі стужачкамі. Рэч у тым, што па легендзе гэтае дрэва надае сілу і вылечвае ад рака, калі пад яго карані пакласці кавалачкі хлеба і павязаць стужку. А раней каля гэтага дуба стаяў крыж і праходзілі маленні.

Дуб-каля-в-Паромец-Вилейскага-раёна

Лекуе ад анкалогіі ды іншых хваробаў, паводле легендаў, Святы або Даждзьбогаў Камень каля вёскі Крамянец Лагойскага раёна Мінскай вобласці. На камені маюцца паглыбленні, дажджавая вада з якіх лічыцца гаючай. Каб такая вада дапамагла, трэба прыйсці на гэтае месца да заходу сонца і абмыць хворае месца, а ў падзяку навязаць на навакольныя дрэвы стужачкі або пакласці на камень кветкі ці грошы. Калі ж хто прыйдзе да каменя пасля заходу сонца, то трэба лекавацца вадой, якая збіраецца пасля дажджу ў лужыне пад каменем.

Дажбогаў-камень

Лічыцца гаючым і камень-следавік з вёскі Лукава Маларыцкага раёну Брэсцкай вобласці, які знаходзіцца ў мясцовай царкве. Раней камень ляжаў на беразе возера. Легенда распавядае, быццам некалі ў храме здарыўся пажар, падчас якога Божая Маці выйшла з царквы, ступіла на камень і пайшла праз возера. З тых часоў на камені застаўся яе след. Каб атрымаць ацаленне, трэба прыкласці да слядка на камені хворае месца.

Лукава-Маларыцкі-камень-следавік-у-храме

Усе хваробы лечыць, як лічылі нашыя продкі, паклонная камлыга Каменныя Вароты, ці Паклонныя камяні на схіле гары, каля вёскі Горка Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Побач стаіць драўляны крыж, а на вяршыні гары знаходзіцца каплічка. Паводле павер’яў, каб не хварэць, трэба зайсці ў гэтую каплічку, памаліцца, а потым ужо тройчы прапаўзці на каленях праз адтуліну ў камені. У якасці лекаў ужываюць таксама дажджавую ваду і мох з гэтай камлыгі.

Каменная-Брама-Горка-Дзятлаўскі-р.

Святая крініца Іезусік паміж вёскамі Вішкавічы і Баравыя ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці дае мінеральную ваду, якая б’е фантанам і пахне серай. Вада захоўваецца доўга і не робіцца каламутнай, выкарыстоўваецца пры лячэнні шматлікіх хвароб. Апроч гэтага, раней дзяўчаты мыліся тут, каб быць прыгожымі і каб «харошы малец замуж узяў». Вераць, што вада дапаможа, калі прамовіць малітву «Ойча наш» і пакласці манетку ў дупло суседняй хвоі. Дрэва таксама лічыцца святым, на ім вісіць абраз і яно абвязана фартухам.

Культавая крыніца Сіні Калодзеж у вёсцы Будзішча на мяжы Чачэрскага і Веткаўскага раёнаў Гомельскай вобласці знаходзіцца ў зоне адчужэння з-за Чарнобыльскай катастрофы, але вада тут добрай якасці. Яе, прынамсі, так кажуць мясцовыя, даследавалі нават навукоўцы з Японіі, іх вердыкт: вада чыстая і нават гаючая. Ёю карыстаюцца жыхары ўсёй акругі. Уздоўж крыніцы стаяць абракальныя драўляныя крыжы, абвешаныя вышытымі ручнікамі і фартухамі – у падзяку за лекавую ваду. Але ўвага! Калі да крыніцы падыходзіць нядобразычлівы чалавек, то вада становіцца белая як малако і кіпіць суткі.

Будзішча-Чачэрскі-крыніца-Сіні-Калодзеж

Святая крыніца на паўночна-ўсходнім ускрайку аграгарадка Сухары Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці, на левым беразе ракі Рэста, як святая і гаючая была вядомая з даўніх часоў, але пасля рэвалюцыі была закінута. Сёння крыніца закута ў жалезабетоннае кальцо і абсталявана як студня. Вада з яе паступае ў купальню. Змяшчае іёны срэбра, радон, шмат мінеральных соляў. Зімой вада не замярзае, нават у самыя лютыя маразы. Крынічная вада, паводле вераванняў, дапамагае ад анкалогіі, галаўных боляў, хвароб ног і хрыбетніка. Былі выпадкі, калі мясцовыя жыхары вылечвалі гэтай вадой сваіх кароў, якія не маглі падняцца на ногі.

Вада ў святой крыніцы ва ўрочышчы Прошча паміж вёскамі Карытнае і Коханаўка Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці ўтрымлівае жалеза і лічыцца, што дапамагае ад шматлікіх хвароб, у тым ліку анкалагічных. Паводле легенды, некалі на гэтым месцы невідушчыя старцы пачулі цурчанне крынічнай вады. Калі яны прамылі ёю вочы, то адразу зрабіліся відушчымі і ўбачылі на дрэве абраз Божай Маці. Тройчы адносілі абраз у храм, а ён зноў вяртаўся да крыніцы. Тады вырашана было на гэтым месцы пабудаваць царкву. Асабліва лекавай крынічная вада лічыцца на свята крыніцы – 28-29 жніўня на Успенне Прасвятой Багародзіцы.

Сакральная Беларусь

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0