18.12.2024
18.12.2024

Як Іван-асілак з нечысцю змагаўся (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Даўно, надта даўно тое было. Людзі сяліліся рэдка адзін ад аднаго, а лясоў было шмат. Усюды быў лес і лес. Дзе  вялікая і незвычайная  крыніца была, а з яе выплывала шмат вады. У ёй вада круцілася і хвалявалася, як у віры ў паводку. А з гэтай бяздоннай крыніцы былі падзямельныя лёхі да бяздонных віроў вялікіх рэчак, да дзікіх азёраў, да бяздонных крыніцаў-вокнаў. Тая вада была запярэчана грэбляй поперак логу, дык было вялікае і глыбокае возера.

Ля возера ў невялікай хаціне жылі муж з жонкаю. І мелі яны двух сыноў – маладых і дужых. Старэйшы Яўсей – разважлівы і кемлівы, і дужа да бацькоў і гаспадаркі прывязаны. Яму ўсё павінна быць дасціпна. Тут клопату хапае, і ўсё мае свой сэнс. У гаспадарцы ўсё ішло ладам. Казалі, што ў іх ха ціне жыў Хут, шматаблічны дэман з рысамі хатніка, хлеўніка і «русалчынага брата», які і спрыяў добраму вядзенню гаспадарцы. Даглядаў жа яго Яўсей. Ён яго шанаваў, смачна карміў. Ведаў, калі той улагоджаны, тое і ў гаспадарцы будзе багацце прыбываць. Не ў кожнага гаспадара Хут прыжывецца. Тут яму ўсё спрыяла. І ён дапамагаў усім, чым мог: цягаў снапы ў гумно, аббягаў палі і сенажаці. Таму і Яўсей быў заўжды пры ім. Можа, з-за гэтага занадта асцярожным быў, можа, нават баязлівым. Не жадаў нават на кірмаш з’ездзіць. Усё Іван ды Іван.

Іван паказвае сваю сілу

Іван, яго малодшы брат, бялявы мацак, з доўгімі прамымі валасамі, тварам прыгожы, адзежу насіў белую. Ростам быў, як дуб векавы і ў шыркі за два сажні. Нічога ён не баіцца: яму не толькі кірмаш, а нават да самога цара наведацца, як прагуляцца. Казалі, нібыта аднойчы ён знайшоў у Купальскую ноч чароўную кветку. З тае пары разумее мову жывёл і раслін, бачыць у зямлі схаваныя клады.

Іван – сябра кожнаму: усім дапамагаў, вызваляў з розных пастак ды нечаканых здарэнняў. Яго неймаверная сіла дала новае жыццё не аднаму-двум, а сотняў цікаўных небаракаў паселішчаў,  што добраму малайцу ў чэсць.  Яны яго так і звалі Дубам Векавым. Ён жа толькі пасміхаўся, адказваў: “Можа, калі  трохі ніякавата, але пазнанне нязведанага, як і сябе, і іншых – не страшна. Жыццё цудоўнае ва ўсіх сваіх праявах. Калі і рызыкоўнае”.

Ён увогуле з маленства не прывык жыць без страху. Казаў, што жыць без страху – гэта сумна і нецікава. Яркая эмоцыя надае не толькі прыліў сілы, але і галава лепш кеміць. Перад сваімі ён па-акцёрску спрытна робіць выгляд, што пужаецца чаго-небудзь па-сапраўднаму, з дрыжыкамі, войканнем і нават нечаканымі ўскрыкамі кшталту – sos! або палундра! Здаецца, такі як усе, але гэта зусім наадварот.

Надоечы паехалі сыны з бацькам у лес. Неспадзявана адкуль наляцеў Злы Віхор, падхапіў, вырваўшы з карэннем вялікую сасну і кінуў на іх павозку. Яўсей быццам саскочыў з яе і - воддаль-воддаль. Стары бачыць, што Яўсей уцякае і пагатоў душу аддаць пад той сасной. Іван жа, адкуль што ўзялося, у адно імгненне падстаўляе свае дужыя рукі перад вачмі-маланкамі таго ўяўнага забойцы і ставіць  тое дрэва на сваё месца. Як нічога і не было. Стары і вохнуць не паспеў, толькі заўсміхаўся, гледзячы на такога смелага і дужага сына. Хаця ведаў, што той рызыкаваў жыццём.  Нават Віхор, здзівіўся такому. Застагнаўшы ад злосці, знік са сваімі песнямі.

— Ляці, ляці! А тое зараз перадумаю і змяню твой накірунак! – смяяўся Іван.

З тае пары ён атрымаў яшчэ адно імя  - Іван-Асілак. Нічога не баіцца Іван. Ні магіі люстэрка сярод ночы, ні павукоў, ні чорных катоў, як і вышыні ды рознага бяскрыўднага глупства.

Іван-Асілак паказвае свой розум і спрыт

Паселішча жыло ў сваіх звычайных клопатах. Аднае раніцы данеслася да яе жыхароў, нібыта непадалёку пасяліўся вялікі і невядомы ні то звер, ні то чалавек у звярынай шкуры. Вялізны, валасаты, з вялікімі загнутымі клыкамі. Відаць, ён вельмі жорсткі і злы і вельмі галодны, калі праглынуў вала, што нават ні рагоў ці капытоў не пакінуў.

Колькі дзён пасля таго было ціха. І вось надвячоркам вёў гаспадар сваю скаціну з пашы. Незвычайны двухгаловы Вялікан выйшаў з лесу і пахапаў усю скацінку разам з ланцугамі і кантарамі. І нават на вачах гаспадара да спражкі і паўсцінкі праглынуў. Як зараз кажуць: і пашопіўся і пазабаўляўся. Вось дык нахабная абжора! Тым часам дождж, што акурат распачаўся, сціх, затое ўзняўся і абяцаўся зрабіцца яшчэ больш моцны нізавы вецер, заганяючы пачвару ў самы часцёр. У яго бярлог. Маўляў, каб і духу той пачвары ў наваколлі не было чуваць.

Дык вось распавёў той чалавек пра Вялікана ненажэрлага. Той-сёй не верыў, ухмыляўся, нязлобна цвяліўся: «Многа чуецца, ды мала верыцца». А калі і сам пераканаўся, што згуба суседам гавяды насамрэч сталася, насцеражыліся. Гаспадыня раніцою сноўдалася па двары з пустой даёнкай  і галасіла мацней як па нябожчыку.

— І што за нечысць такая? Гэта ж трэба: дзесяць галоў гавяды на раз-два праглынуў! І што гэта за істота такая? Незвычайная! Ведаеце: меў ён дзве галавы, але адна галава меншая за другую, а вось пашчы яго аднолькавыя.

— Мутант? Вось дык галаваломка! – разважаў натоўп.

І стары распачынаў аповед, што памяць перапуджаная захавала:

— Я і крычаў яму, просячы: «Калі ласка, не пакідайце на галодную смерць!». А ён як бы і не чуў той просьбы. Толькі разяўляў сваю зяпу і ўсе да яго самі ішлі, нібы магнітам прыцягваў. А чырвона-карычневая скура таго вялікана як не трашчэла, а сплюснутыя галовы яго і маленькія чырвоныя вочкі так і свідравалі за маёй скацінкай. Вялічэзныя, мусіць шасціпалыя валасатыя рукі і жоўтыя, як у дзіка, клыкі не давалі ніводнага шансу на выжыванне. – І сапраўды, нечысць якая. Што тут паробіш.  Да сёння дзіўлюся, як удалося, няхай сабе бокам-скокам, ногі знесьці.

Паслухалі, паслухалі ды й рабілі, як і раней, пераняўшы за доўгі век норавы адзін аднаго. Хаця, некаторыя пачалі камбінаваць з рознымі загарадкамі ды пасткамі-ямінамі, якія змыкаліся ў кола вакол селішча. Стрэлы рабілі ды мячы кавалі. Каторыя і Сокалаў у памочнікі гадавалі, якіх нельга апярэдзіць. Рыхтаваліся як найлепшага друга таго жорсткага Вялікана прывеціць.

Іван бацькоў супакойвае: «Не бядуйце загадзя, нешта і мы прыдумаем. Лепей кладзіцеся спаць. А прыйдзе раніца – тады будзем раіцца як выбавіцца з бяды».

Іван перамагае ненажэрлага Вялікана

Сабраў Іван усіх стэльмахаў – столяраў, бондараў ды цесляраў. Кожны з іх быў вядомым майстрам, які забяспечваў суродзічаў рознымі неабходнымі ў гаспадарцы вырабамі.

І распачалася вялікая праца. Адзін выразаў вала, другі авечку, трэці – каня, чацьвёрты – карову... Столькі драўляных скульптур  з выявамі хатняй жывёлы панавыраблялі, калі паставіў Іван вакол паселішча – да небасхілу той статак расцягнуўся. Але што гэта? Дайшла чутка, што некаторыя адзінокія хутаране па добрай волі аддавалі той пачвары сваю скаціну:

— Вазьміце, спадар Вялікан!

— Калі ласка, спадар Вялікан!

Баяліся за дзяцей. І кланяліся яму да зямлі.

Вялікан зрабіўся тоўстым, як будан. Толькі галовы не падраслі, відаць, розуму не дабавілася. Ён ужо не так часта выходзіў да паселішча, больш валяўся ў сваім логаве і заманьваў  да сябе кожнага, хто адгукаўся на яго плаксівы голас аб дапамозе. Як толькі каторы пакорліва з’яўляўся побач, аказваўся ў яго пашчы.

І жыў бы той Вялікан да сёння, і невядома ці былі б і мы на гэтым свеце, каб не адзін малады і храбры дзяцюк. А звалі яго хто як — Іванам-Асілкам і Дубам Векавым. Пра адвагу і сілу якога вы ўжо чулі.

Што б ні рабіў, Іван выношваў сваю ваярскую тактыку. Па палях ды лугах парасстаўляў ён драўляныя скульптуры хатніх жывёл, а сам пайшоў у лес.  Прабраўся да логава Вялікана і распачаў капаць вялізны катлаван ля ўваходу. Вялікан храпець сабе і хоць бы хны яму.

А Іван ўсё капае і капае. І выкапаў яміну як не на паўсотні метраў углыбіню. Прыкрыў яе галінкамі ды мох паверсе расклаў, што і не прыкметна яміна тая. Затым узяў вялікі камень і шпурнуў прама ў лоб таму злыдню.

— Гэй, істота ненажэрлая, вылазь! Я табе вала прывёў!

Вялікан раззлаваўся і вылез з бярлогу. Думаў і насамрэч паласуецца. Аж не! Кінуўся за Іванам. Хацеў дагнаць яго і знішчыць, але праваліўся ў яміну. Як ні стараўся вылезці, кожны раз зямля абсоўвалася і ён падаў на дно. Ён грозна роў і размахваў кулакамі, біўся галавою. Выў і вар’яцеў. І ўжо так стаміўся, што сеў долу і ледзь не плача ад злосці і безвыходнасці. Паглядзеў уверх і людскаю моваю кажа: “Даруй, Іван! Я больш не буду чыніць шкоды!”

— Я табе не веру! Ты нас пакінуў на галодную смерць! – адказваў Іван. – Ты жорсткая і сквапная істота. Гэта табе ўзнагарода за твае чорныя справы!

Прыцэліўся Іван з лука выпусціў адну за другой тры стралы. Прама ў сэрцы яго патрапілі, бо адразу абмяк і языкі з дзвюх галоў павылазілі.

Як толькі ў паселішчы даведаліся пра тое, усе сталі весяліцца ды радавацца.

— Дзякуй табе, Іване, што ты выслабаніў нас ад гэткага страшылішча ненажэрлага! – казалі людзі і старыя, і маладыя. Адзін дужа харошы чалавек абняў Івана па-бацькоўску і Сокала падараваў.

Іван паказвае сваю кемлівасць і перамагае Цмока

— Дзякуй табе, Іване! А гэты Сокал будзе табе добрым памагатым у новых справах: ён бачыць і чуе за сотні вёрстаў. І паляўнічы, і стралок трапны. – Але, вядома, адна бяда не ходзіць. Чулі, - казаў той, - што ў суседніх паселішчах яшчэ адна крыважэрная нечысць аб’явілася. Нібыта на Лысай гары з-пад мураванай Вежы, што ў Жаўнах, за колькі вёрстаў ад  земляў пана Сабуця нехта разрушыў заклятыя залатыя клады. І зараз раз’юшаны Цмок лютуе. Кажуць, што ходзіць па паселішчах ды крадзе маладых людзей, асабліва дзяўчат. Пабудовы і жывёлу вынішчае. Калі бачыць каторага дужага і смелага супраць яго ўстаўшага, частуе вадой, якая змяншае сілу. Ведай, Іване! А калі сам прыстане – п’е тую ваду, што сілу павялічвае.

— Гэта несправядліва! І чаго яны хочуць ад нас? – чуецца з натоўпу.

— Бач, ты! Ваду жывую мае! Хітры звер!

— Не паспее адужаць! – рассмяяўся Іван-Асілак.

— Гэта яшчэ не ўсё! – Дык вось, браце ты наш Іване, побач з Цмокам коціцца вогненае кола, але гэта не звычайнае кола, а ведзьма ў яго перакінулася.  Будзь гатовым да розных пераўтварэнняў!

— Дзякуй! Усё будзе добра! – запэўніў Асілак. – Але ж і вы, мае паважаныя землякі, будзьце пільнымі і абачлівымі: можа і да вас наведацца высокая страшная жанчына, нібыта пагарэліца якая. Крадзе чужое дзіця, а замест яго пакідае маленькага плаксівага нячысціка.

— Адкуль ведаеш, Іване-Асілак?

— Нябёсы падказваюць! – узмахнуў Іван рукой угору.

— Табе верым!

— Дык цяпер настаў мой час з агідным Цмокам сустрэцца! – кажа смелы Іван. Яму вельмі захацелася пакараць тую істоту і выслабаніць  палонных. Урэшце, пазбавіць людзей страху.

Бойка была на роўных. Калі Цмок закідваў свае галовы над Іванам, каб задушыць, а той імгненна адхінаўся і нахрыст рубаў-рубаў па каторай, што адразу ці знасіў яе ці калоў стальным клінком. І сам нібыта адступаў, адыходзіў і адыходзіў назад, заманьваючы Цмока да свайго «нежывога» статка. «Вось там ён разгубіцца ад  такой увагі і раскошы выбару ахвяр» – думаў Іван.

А Сокал яго тым часам кружыць над Цмокам і выцікоўвае калі хоць на адно імгненне той згубіць пільнасць і яму ўдасца спікіраваць у вока. І вось – раптам той паспрабаваў чароўнай вады папіць, каб набрацца свежых сіл, а Сокал ужо і на ім сядзіць,  раз і выцекла адно вока! Іван тут жа наступаў, размахваючы вострым клінком у дужых руках. Сокал зноў пікіруе і выклёўвае вока ў іншай галаве.

Тут і статак з драўляных скульптур побач. Цмок зусім звар’яцеў і пачаў без разбору хаваць ды душыць тую скаціну. Іван у той момант падбяжыць і як замахнецца ды секане-секане па яго галовах. Толькі адна засталася. А тут і Сокал зноў пікіруе. Напаўсляпы Цмок стараўся выпусціць полымя са сваёй пашчы, але меч Івана не даў гэтага зрабіць. Тут і дух з яго выперла.

Расправіўшыся з Цмокам, Іван дагнаў палаючае кола і яго рассек ушэнт. Пасля заспяшаўся да свайго паселішча. Усе ўжо ведалі пра яго кемлівасць і новую перамогу. Сокал кружыў над натоўпам. Івана сустракалі вясёлымі песнямі і крыкамі:

— Слава адважнаму Івану-Асілку! Слава! Слава!

— Дзякуй табе за тое, што абараніў нас ад нечысці паганай!

І была светлая радасць.  І распачалося свята.

Асабліва шчаслівымі былі бацькі белакурай дзяўчыны, што была ў палоне. Ды іншыя сем’і, сваякі якіх таксама былі выслабанены з кіпцюроў злога Цмока. Бацька той дзяўчыны падараваў Івану арабскага скакуна па клічцы Вецер. Іван-Асілак развітаўся  і зноў памчаўся ў далёкія краіны змагацца з Вяліканамі і  неразумнымі пачварамі, што здзекуюцца над людзьмі. Змагацца з жорсткасцю і несправядлівасцю.

Казалі, нібыта сэрца таго Івана-Асілка і смельчака было палымяным. У ім танцавалі велізарныя  вогнішчы, трашчалі дрэвы, і дзесьці ўдалечыні білі барабаны. Калі хто з незнаёмцаў сустракаўся з ім сам-насам, нават не здагадваўся, на што ён здатны. Энергія, што ён укладваў ў думкі адразу матэрыялізавалася. Такіх людзей пазнаюць па тых, хто знаходзіцца побач. Тыя заўсёды шчаслівыя, заўсёды свецяцца.

Пасля таго пабоішча не стала ні вялікай крыніцы, ні вялікага і глыбокага возера. Лог стаў роўны, хаця і поплавам яго завуць. Толькі трава на ім амаль не расце, а калі і расце, тое скаціна вясковая яе мінае. Але ж памяць засталася ў тутэйшых людзей і аб бяздоннай крыніцы, і аб вялікім возеры, і аб ненажэрлых і злых пачварах — аб усім, што тут некалі дзеялася.

Прыгоды лісачкі Красуні. Частка 1 (казка)

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».