10.12.2019
10.12.2019

Як вадкасная цыталогія дапаможа ў прафілактыцы раку шыйкі маткі

logo
Здароўе дарослых
0 51
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штогод у Беларусі выяўляецца каля 1000 выпадкаў раку шыйкі маткі. Праблема ў тым, што ён узнікае ў жанчын у самым росквіце іх рэпрадуктыўнай функцыі і можа перашкодзіць стаць маці. Але гэтая праблема вырашаецца – захворванне лёгка выявіць на пачатковай стадыі, у тым ліку дзякуючы сучасным дыягнастычным метадам.

Пра іх журналісту «Слушна» распавяла Святлана Жукоўская, асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны».

Ці будуць дзеці і ці не заразіцца партнёр

Якія прычыны ўзнікнення раку шыйкі маткі?

Якія прычыны ўзнікнення раку шыйкі маткі?

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны»
Даказана, што на развіццё раку шыйкі маткі ўплывае вірус папіломы чалавека (ВПЧ), які ўбудоўваецца ў генетычны матэрыял клеткі і змяняе яе ўласцівасці: яна робіцца атыповай, бескантрольна размнажаецца. На 80% павышае рызыку развіцця раку непралечаная хламідыйная інфекцыя. Таксама ўяўляюць небяспеку вірус імунадэфіцыту чалавека і вірус простага герпесу. Сярод іншых фактараў рызыкі: курэнне; атлусценне; вялікая колькасць палавых партнёраў, асабліва пры неабароненым палавым кантакце; вялікая колькасць родаў (з-за частай гарманальнай перабудовы); прыём камбінаваных аральных кантрацэптываў.

Чым гэты рак небяспечны для дзетароднай функцыі?

Раку шыйкі маткі часцей за ўсё папярэднічаюць фонавыя змены – эрозіі, паліпы, эндаметрыёз шыйкі і перадракавыя захворванні – дысплазія. Дысплазія дзеліцца на 3 ступені, апошняя з іх лічыцца ракам нулявой стадыі (рак in situ). Дадзеныя змены не ўплываюць на рэпрадуктыўны патэнцыял жанчыны, не перашкаджаюць зацяжарыць, але гэта вельмі непажадана. Цяжарнасць правакуе хуткае прагрэсаванне раку, што прыводзіць да цяжкіх наступстваў: даводзіцца яе перарываць і праводзіць агрэсіўнае лячэнне. Таму пры планаванні цяжарнасці трэба выключыць фонавыя і перадракавыя захворванні, пралячыць іх. Але хачу падкрэсліць важны момант. Вельмі часта дыягназ «эрозія шыйкі маткі» ставяць на падставе простага агляду ў гінекалагічных люстэрках візуальнага агляду. Гэта няправільна. Неабходна прайсці кальпаскапію. Толькі тады можна адрозніць эрозію ад псеўдаэрозіі, якую, як правіла, лячыць не трэба, яна праходзіць сама. Гэта асабліва важна для дзяўчат, якія не нараджалі, паколькі няправільнае лячэнне можа прывесці да траўмавання шыйкі маткі.

Ці небяспечнае гэтае захворванне для партнёра?

Так, бо ВПЧ перадаецца пры палавым кантакце. Прычым вірус можа пранікаць нават пры выкарыстанні прэзерватыва, а таксама праз прадметы сумеснага ўжытку, напрыклад, ручнікі. Паводле дадзеных буйнога міжнароднага даследавання, у дзяўчынак, якія не жылі палавым жыццём і чые маці былі інфіцыраваныя ВПЧ, таксама выяўляўся гэты вірус – з-за выкарыстання агульных прадметаў гігіены.

ВПЧ выклікае не толькі рак шыйкі маткі, але і рак прамой кішкі ў мужчын-геяў, рак гартані – пры аральным сэксе. Таму ў шматлікіх краінах рэкамендуецца вакцынаваць ад ВПЧ не толькі дзяўчынак, але і хлопчыкаў.

Якія шанцы вылечыць рак на ранніх стадыях?

Рак шыйкі маткі лічыцца ўмоўна папераджальным захворваннем, бо яго можна дыягнаставаць на раннім этапе, нават на стадыі дысплазіі. Калі лячэнне пачынаць на стадыі дысплазіі трэцяй ступені або раку «на месцы», шанцы вылячэння высокія. Кажучы мовай анколагаў, пяцігадовая выжывальнасць складзе 90%, пры 1-й стадыі раку – 80-90%, пры 2-й – 58-60%, пры 3-й – 32-35%, пры 4-й – не больш за 16 %.

Нягледзячы на тое, што рак шыйкі маткі развіваецца вельмі павольна, ён з'яўляецца інвалідызуючым захворваннем, бо метастазуе ў яечнікі, іншыя бліжэйшыя органы, суправаджаецца масіўным крывацёкам, анеміяй.

На стадыі дысплазіі магчымыя аперацыі, якія захоўваюць органы, і кансерватыўнае лячэнне. Пры 2-й і 3-й стадыях раку спатрэбіцца выдаленне ўсяго комплексу органаў: шыйкі, маткі, яечнікаў і часцяком правядзенне прамянёвай тэрапіі.

Магчымасці новых метадаў даследавання

Як своечасова заўважыць захворванне?

У нашай краіне дзейнічае праграма дыспансерызацыі раку шыйкі маткі. Раз у год жанчыны здаюць мазок на анкацыталогію. Гэтага дастаткова, каб выявіць атыповыя ракавыя клеткі на ранняй стадыі.

Акрамя гэтага, сёння таксама рэкамендуюць правядзенне вадкаснай цыталогіі і даследавання на ВПЧ (найбольш надзейнае – ВПЧ квант 15 ці 21). Калі гэтага віруса няма, то можна не хвалявацца.

Што тычыцца сімптомаў, дык на ранніх стадыях рак шыйкі маткі сябе ніяк не выяўляе. На што дакладна трэба звярнуць увагу:

  • нетыповыя крывяністыя выдзяленні з палавых шляхоў (па-за месячнымі);
  • кантактны крывацёк (пры палавым акце);
  • вялікія слізістыя выдзяленні з непрыемным пахам;
  • боль у паясніцы, пры мочаспусканні, кроў у мачы (гэта ўжо пры прагрэсавальным раку).

Чым вадкасная цыталогія адрозніваецца ад звычайнага мазка?

Звычайны мазок бяруць спецыяльнай шчотачкай і наносяць на прадметнае шкло для даследавання пад мікраскопам. Вадкасная цыталогія – гэта інавацыйны метад, які дазваляе змясціць матэрыял не на шкло, а ў герметычную прабірку, дзе ён знаходзіцца ва ўзважаным стане, не дэфармуецца і не забруджваецца. Стандартны мазок дазваляе ацаніць толькі наяўнасць атыповых клетак. А вадкасная цыталогія можа быць выкарыстаная для любых ПЦР-даследаванняў: не толькі на наяўнасць ракавых клетак, але і на ВПЧ, хламідыі. Гэта значыць, не трэба браць некалькі мазкоў з шыйкі маткі. Перавага метаду і ў тым, што матэрыял доўга захоўваецца, а значыць, можна пераправерыць вынік. Метад таксама менш залежны ад урачэбнай трактоўкі, бо выкарыстоўваецца камп'ютарны аналізатар.

Якая дакладнасць метаду?

Паводле дадзеных даследавання за 2019 год, адчувальнасць метаду дасягнула 100%, спецыфічнасць 96%. Гэта значыць, вадкасная цыталогія дазваляе выявіць атыповыя клеткі ў вельмі малых канцэнтрацыях і не пераблытаць іншыя клеткі з ракавымі. Лічыцца, што для эфектыўнага лячэння лепей за ўсё выявіць захворванне на 1-й ступені дысплазіі. Дык вось – пры вадкаснай цыталогіі працэнт выяўлення на гэтай стадыі ў тры разы вышэйшы, чым пры стандартным мазку.

У нашым цэнтры было некалькі выпадкаў, калі ў жанчын, якія планавалі ЭКА, стандартная цыталогія паказвала адмоўныя вынікі, а пасля правядзення вадкаснай анкацыталогіі быў выяўлены рак in situ. Калі б мы на гэтым фоне пачалі гарманальную стымуляцыю і надышла б цяжарнасць, прагнозы былі б несуцяшальнымі.

Як праводзіцца забор матэрыялу?

Для жанчыны падрыхтоўка да аналізу, адчуванні гэткія ж, як пры ўзяцці звычайнага мазка.
Для ўрачоў ёсць нюансы: павінны быць спецыяльныя інструменты (шчотачка, прабірка), вельмі важна выконваць правільную тэхніку забору матэрыялу.

Каму можна рэкамендаваць вадкасную цыталогію?

Гэта больш сучасная альтэрнатыва стандартнаму мазку. Паколькі метад больш верагодны, мазок можна здаваць радзей, напрыклад, адзін раз у два гады. Я б рэкамендавала прайсці вадкасную цыталогію тым, хто плануе цяжарнасць, гарманальнае лячэнне, ЭКА, а таксама жанчынам, у якіх у сям'і былі выпадкі раку шыйкі маткі.

Кошт аналізу ў Цэнтры рэпрадуктыўнай медыцыны – 43 рублі.

ПАМЯТКА

Парады рэпрадуктолагаў для прафілактыкі раку шыйкі маткі:

  •  Палавая гігіена: пазбягаць ранняга пачатку палавога жыцця, абмяжоўваць колькасць палавых партнёраў, выкарыстоўваць бар'ерную кантрацэпцыю.
  • Што датычыцца прымянення аральных кантрацэптываў – кантраляваць стан шыйкі ў дынаміцы.
  • Вакцынацыя ад ВПЧ, у ідэале – да пачатку палавога жыцця, але можна і пасля. Нават у 30 гадоў мае сэнс гэта рабіць, хаця эфект будзе меншым. Трэба прайсці аналіз на цыталогію, ВПЧ, і, калі ўсё ў парадку, – вакцынавацца.
  • Раз на год здаваць мазок.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 51

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).