04.06.2024
04.06.2024

Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Палявой сцяжынкаю шпарка ішоў ладны, як не па плячо свайму дзеду, хлопчык Ягорка. Ён толькі скончыў чацвёрты клас і літаральна з першых дзён летніх канікул пашчасціла апынуцца сярод ціхага, але такога шчодрага вясковага хараства. Ён зарабіў гэтую зялёную казку сумленна. Зарабіў добрымі адзнакамі і прыкладнымі паводзінамі.

Прырода радавала гарадскога  хлопчыка і ён стараўся не адставаць ад свайго дзядулі, які быў для яго прыкладам ва ўсім – справах, учынках, адносінах да кожнай жывой істоты.

Ішоў і разглядаўся па баках, уцягваў у сябе той казачны летні пах і занатоўваў у памяці яго непаўторныя краявіды. Вакол яго  цешыліся  палі зялёнага жыта і расквечаныя лугавіны. Хлопчыка гэта радавала. І ён ціхенька напяваў нейкую вясёлую мелодыю.

Раптам дзядуля спыніўся.

— Глядзі, якая армія паўзе! – здзіўлена казаў дзядуля.

Цераз сцежку паўзло безліч смаўжоў. Яны павольна, даволі асцярожна, але ўпэўнена кіраваліся ў вядомым толькі ім напрамку.

— Як ты думаеш, дзядуля, ці правезлі б яны мяне на сваім стужачным канвейеры? Гэта ж, лежачы на спіне, можна было б ў неба зазірнуць. І можа штосьці загадкава-казачнае ўбачыць, га? А там – можна і памарыць…

— Ці чулі, што сказаў той хлапчына? – звярнуўся важак смаўжоў.

— Так, але не зразумелі пра нейкі там канвейер. Што гэта?

— А гэта нашыя з вамі спіны, што роўненька цягнуцца цераз сцежку. Зверху яны нагадваюць рухомую транспарцёрную стужку. І калі легчы на нас, то і не заўважылі б, як прыйшлося б везьці на сабе нейкага віхрастага летуценніка.

— Эй, вы там, асцярожна з выказваннямі, — папярэдзіў Ягорка. — Я і не думаў вас крыўдзіць. Усяго што і сказаў пра роўны канвейерны пераход. Ну, выбачайце, калі ласка!

— Чуў? Вось так, унучок! Прыслухоўвайся да ўсяго зямнога! Зямля пакуль адзіны дом чалавецтва ў бязмежных прасторах Сусвету, - па-філасофску, як з самым сур’ёзным слухачом, з унукам, разважаў дзядуля. Ён, відаць, хацеў падштурхнуць яго да разваг, але той адразу скеміў.

— А космас, дзядуля?

— А што космас? Калі чалавек выйшаў у космас, дык з асаблівай сілай зразумеў: няма ў яго іншага прытулку – прынамсі ў межах Сонечнай сістэмы. А значыцца, пакуль не можа быць і выбару: захоўваць ці разбураць свой дом, ачышчаць ці забруджваць яго.

— Ты сказаў «пакуль», чаму так?

— Унучок, ты ж у мяне цікаўны хлопчык і, я ўпэўнены, што не аднойчы чуў: чалавек вывучае магчымасць пражывання ў космасе. Працяглыя касмічныя палёты ў космас даюць усе для таго падставы.

— Вось і цудоўна: значыць, я таксама буду жыць у космасе.
Дзед толькі ўсміхнуўся, але нічога не сказаў.

Вось яны  падыйшлі да самага ўзлеску. І раптам у тую вясёлую мелодыю Ягоркі ўплялося штосьці таемнае. Ён, відаць, працягнуў бы крочыць наперад, але дзядулеў загадкавы погляд у яго бок прымусіў сцішыць хаду.

Прыслухаўся. Нейкі дзіўны пошум: «Ш-ш-ш-шш-шшш» – падобны на шапаценне майскіх жукоў на першай лістоце ці дождж. Ён працягнуў руку і зірнуў угору. Ні дажджу, ні табе жукоў няма.

Аднак гукі не сціхалі: «Ш-ш-ш-шш-шшш…». Адкуль яны, што за дзіва такое? Ён зірнуў на дзеда, але той стаяў моўчкі і толькі яго вясёлы твар выдаваў дасведчанасць.

Ага, яны, тыя гукі адтуль, з той кучы пад дрэвам.

— Дзядуля, пагля-дзі! Паглядзі!

Пад вялікай сасной быў высокі-высокі мурашнік. Калі хлопчык наблізіўся, той быў нават вышэй яго росту. А на тым мурашніку знізу даверху поўным-поўна мурашоў, якія і шапацелі “Ш-ш-ш-шшш-ш-ш”.

— Вось дзе наш з табою космас, унучок! І яго патрэбна аберагаць і захоўваць. А мурашкі – гэта таксама цуд прыроды. Абаронцы лесу.

— Ну ты, дзядуля, казачнік! Як гэта абараняюць? Са стрэльбамі?

— Чырвоныя лясныя мурашкі вось з такога мурашніка толькі за адзін дзень знішчаюць да ста тысяч насякомых – шкоднікаў лесу.

— Нічога сабе!

— Так. Усяго пяць сем’яў мурашак здольны абараніць ад шкоднікаў гектар дубовых насаджэнняў. І стрэльбаў ім не патрэбна. Зірні, як яны працуюць! Без прынукі, у кожнага сваё заданне, але справа ў іх агульная.

— Сапраўдны цуд прыроды!

Мурашы тым часам рабілі сваю справу: адны беглі туды, другія – сюды, кожны нешта цягнуў, усе спяшаліся.

— Дзядуля, зірні вунь на таго вялікага рыжага мураша! Ён ледзь цягне, але схапіўшы празрысты каменьчык спяшаецца ў мурашнік. Ну, куды ты бяжыш з гэтым скарбам?

— Можа ён думае, што гэта брыльянт і абрадуе ім сваіх дзяўчат-мурашак, — рассмяяўся дзядуля.

— А паглядзі сюды! Гэты мураш, напэўна, нянька. Ён нясе кукалку? – спытаў Ягорка.

—  Так, нясе мурашынае дзіцятка ў коўдрачцы – пагрэцца на сонейку.

Раптам мураш-нянька натыкаецца на сухі карычневы ліст, кранае яго ножкай, але не ведае, як цераз яго пералезці.

— Ідзі ўправа. Там дарога лепшая, - падказваў хлопчык. – Або пралезь пад лістом! Ну давай, думай, брат! А тое дзіцятка замерзне, не выратуеш.

—  Дзядуля, дзядуля! Зірні сюды!

Пяць мурашоў-асілкаў цягнулі мёртвага шэршня. Яны ледзь перастаўлялі ногі, цяжка ўдаецца гэта работа. Але калектыўны клопат павінен быць здзейснены. Пры любых умовах і абставінах: іншага вялікі мурашыны сход не толькі не прыме, нават не зразумее.

Вось і адбылося першае лясное знаёмства. Толькі адна закавыка выйшла: не паспеў Ягорка бліжэй пазнаёміцца з тымі асілкамі,  бо толькі напрыканцы ўздумаў аднаго з іх прыхапіць у свае сябры.

— Дзядуля, а калі ўдасца спаймаць вунь таго, назаву яго Грышкам, што скажаш? Такі ж вялікі і дужы, як мой аднакласнік.

— А чаму б і не! У нашай вёсцы таксама быў чалавек з такім імя. І вялікі, і дужы, але не надта выхаваны. Ну ты паспрабуй спачатку яго спаймаць.

— Паспрабую, дзядуля! Зараз жа я дастану карабок ад запалак і забяру гэтага жэўжыка.

Аднак Грышку не так лёгка спаймаць. Ён то бяжыць па камлі дрэва, то цягне ігліцу, то зусім узбіраецца на самы Эверэст мурашніка і, стаўшы на сасновую іголку – ф’ю-і-ць! – і зухавата з’язджае, быццам на лыжах з заснежанай горкі. Нясецца насустрач ветру, нікога не  бачачы, таму і зносіў усіх на сваім шляху. Першай трапілася мурашка, што цягнула на спіне вялікую сухую ягадзіну. Але “лыжнік” не даў ёй шансу ўстаяць на нагах. Іншая справа адбылася з цеслярамі, якія неслі бервяно. Грышка збіў і іх. Яны хутка паўскоквалі і наважылі дагнаць парушальніка, але бервяно трапіла акурат па грудзях веселуну. Ён колькі разоў перакуліўся, але тут жа ўскочыў і засмяяўся. Знайшоў сваю “лыжыну” і, выкручваючыся на паваротах, хвацка з’ехаў долу.

— Ну што, гарэза? Вось і сустрэліся. Вітаю цябе! – узрадаваўся Ягорка, імкліва зачынячы карабок.

— Вітае ён мяне, бачыце! Глядзі, хлапчына, я вельмі актыўны і свавольны, і  бываю нават неўтаймоўным.

— Нічога, разбярэмся! І выхаваем, і ўтаймуем.

Хто ў карабку жыве?

— Якога цудоўнага сябра ты займеў! – усклікнуў дзядуля.

— Так. Жвавенькі. Сябры будуць зайздросціць! Яшчэ я хачу паказаць Грышку дзецям, што зараз у летніку. Будзем з імі забаўляцца. Вось будзе радасці! – фантазіраваў хлопчык. — Я зраблю з яго вучонага. Пакуль няхай жыве ў маім пакоі, месца ў пісьмовым стале хопіць. Для вуліцы з празрыстага шкла зраблю для яго хатку і буду насіць на шыі. Пасля пабудую для яго вялікі шалаш. Няхай будуе і ладзіць там свае забавы. Ігліцы, і ўсяго астатняга прынясу.

Хто ведае, што ў гэты момант думаў мураш Грышка, каб не пачуў голас важака мурашніка:

— Рыжы асілак! Калі ты паважаеш наша мурашынае сямейства, то будзеш у пашане і ў чалавека, і ў нас. Не ты першы, не ты апошні. Час раставіць усё па сваіх месцах. Запомні: лёс заўсёды на баку разумных. Ты ўжо дарослы і павінен ведаць, што разумны гоніцца не за тым, што прыемна, а за тым, што пазбаўляе ад непрыемнасцяў. Чалавек нас абараняе і мы павінны яму аддзячыць ласкаю.

— Як усё загадкава, — падумаў Грышка. – То мяне ніхто не ратуе, то раяць быць стрыманым у пачуццях і дзеяннях. І як тут зразумець? Моўчкі сядзець у цёмнай драўлянай клетцы і маўчаць? Дзіўная, а хутчэй дзікунская парада.

Усю дарогу ён шукаў хады-выхады з карабка. Ля чарнічніка, калі Ягорка нахіліўся пасмакаваць сакавітыя ягады, яму ледзь не ўдалося выслізнуць з кішэні сарочкі разам з карабком. Але хлопчык гэта запрыкмеціў і пстрыкнуў па карабку: «Сядзі і не рыпайся! Чуў, што казаў важак мурашніка? Дыхай глыбей і сядзі моўчкі. Для цябе ж лепей, сябар!»

— Ты, хлопча, сачы за сваім сябрам: дужа ён вёрткі. Я яго добра ведаю, не аднойчы сустракаліся, - азваўся смоўж, высунуўшы з травы галаву з рожкамі. – Гэта ён парушальнік спакою, хуліган і распуснік. Ён часта з павуком, канатных спраў майстрам, вадзіўся. Заўсёды пасля іх сустрэч усчыналіся нейкія страшныя забавы. Бывала, што меншыя мурашы не вытрымлівалі і гінулі ў прыгожым, але смяротным павуцінні. І нават важак мурашніка не разумеў, чаму знікае малеча.

— Дзякуй, смоўжык. Я ўжо здагадаўся, што гэта яшчэ тая істота. Але я яго вывучу быць стрыманым і пачцівым, - адказваў Ягорка.

Грышка усё падслухаў, але не спрачаўся. Стаміўся. Моўчкі прылег, падклаўшы рукі пад галаву і соладка заснуў. Ці можа проста сцішыўся, грымаснічае і абдумвае сваю чарговую непрыстойную «аперацыю»? З карабка даносілася сапенне, але, нам здавалася, што тое быў не сон. Хутчэй за ўсё мураш сапеў ад абурэння: як так ён, такі лоўкі і неўтаймоўны, раптам сярод белага дня аказаўся ў клетцы. Чуў, што не кожны палонны такога гонару заслугоўвае.

Для надзейнасці асаблівага багажа, хлопчык перавязаў карабок ніткаю і павесіў на шыю: каб адчуваць прысутнасць свайго важнага сябра. Перавязваў карабок, а сам разважаў з чаго пачынаць прывучаць Грышку да новых сяброў?

«Паспрабаваць выпусціць на волю? Ён жа ў адно імгненне знікне. І вокам не паспею міргнуць. Можа лепш адразу прывязаць на вяроўку або стрыножыць Няхай сабе скача. Я ж буду заўсёды побач. Дзень-другі, абатрэцца, прывыкне. А там бачна будзе».

Як жа здзівіўся Грышка, калі прачнуўся. Напачатку прыслухоўваўся, прыглядаўся да кожнай шчылінкі, якой, дарэчы зусім не было. І толькі праз колькі хвілін сцяміў, дзе ён знаходзіцца. Калі распраміў рукі-ногі, то ўбачыў праз каляровую накрыўку, што даўно развіднела. Стаяў ясны дзень. З усіх бакоў спявала, свістала, стракатала і гудзела. Так як ў іх вялікім мурашніку. Як яму хацелася патрапіць у той вясёлы прыродны карагод! Быць сярод прыгожых кветак і вясёлых мушак і жучкоў. Якая гэта радасць!

У мураша заблішчэлі вочкі ад мары. «Вось патраплю на волю і буду прыстойна сябе весці! Прымушу сябе стрымліваць. Мой гаспадар не такі ўжо й благі. А тое як даведаюцца мае суродзічы, што я – самы смелы і ўвішны мураш у карабку жыву, засмяюць. Як потым да іх вяртацца буду? Сорам!

Грышка — сапраўдны артыст

— Ох, як весела было на волі! Ягорка і сапраўды цудоўны хлопчык! Абяцаў пазнаёміць з новымі сябрамі? Абяцаў! І пазнаёміў. І хаця я быў стрыножаны, затое дыхаў свежым духмяным паветрам. Дыхаў і радаваўся, думаў пра сябе мураш.

Вестка пра паланёнага дужага і смелага мураша Грышку разнеслася хутчэй за пушынкі дзьмухаўца, што ляцелі ў паветры.

— Куды вы гэтак спяшаецеся? – пыталіся адныя.

— Вы ж задыхнецеся, я не магу вас ніяк дагнаць! – крычалі іншыя.

Усё, можа б, абышлося без асаблівага шуму, каб першым не даведаўся свавольнік і жартаўнік Жужаль. Гэта ён падаў сваю абвестку пра мураша Грышку. І зараз што тут пачынаецца! Цяжка нават сабе ўявіць.

Да лугу цягнуліся і цягнуліся цікаўныя – лятучыя і паўзучыя, скачучыя і едучыя. Нават жук-Плывун на пузе па расе прыплыў. І Сараканожка, і Пчолкі таксама чакалі свежай інфармацыі. Цэлыя калоны маладых і старых. З усіх бакоў збегліся жучкі і букашкі. Прымчаліся маленькія Лістаеды, якіх раней штодня ганяў мураш Грышка. І Багоўкі ў сваіх хусцінках у бубкі, і Шчаўкуны, і прыгажун Майскі жук у сваіх сямімільных ботах  прыбег. І мноства розных казюляк. Усе гучна смяяліся: “ Вось табе і мураш-асілак! Вось табе і мураш-смяльчак! Ну і ну! Глядзіце! Сёння ён – люстэрка галоўнага ляснога мурашніка – дае сваё першае цыркавое прадстаўленне.

— Што рабіць? Уцякаць? А як, калі стрыножаны? – разважаў пачырванелы ад сораму мураш.

— Увага! Увага! – пачаў выпутвацца з сітуацыі Ягорка. – Сёння да вас у госці прыбыў незвычайны сябар. Завуць яго Грышка, майстар на ўсе рукі, смелы Мураш Грышка. А чаму незвычайны? Таму што ён можа з любой сітуцыі выкруціцца. З любой вады вылезці. Любую хатку пабудаваць. Сёння ён прадэманструе простыя цыркавыя трукі. І так, трук першы: як поўнасцю стрыножанаму выпутацца і ў паветры злаўчыцца заскочыць вось на той канат, што перад вамі. Ну што – прасіце артыста!

— Давай, Грышка! Пакажы майстар-клас!

Мураш літаральна за некалькі рухаў выслабаніўся ад путаў. Імгненна ўскочыў на высокую кволую травіну, а з яе – прыг – і на канаце.

— Во дае! Як сапраўдны артыст! І як гэта без крылаў зрабіць такі прыжок? -  дзівіліся Майскі Жук з Сараканожкаю.

— Ура-а! – крычалі іншыя.

— Брава-а-а!

— А ці зможаш заляцець вунь на тую сасну? – не сунімаліся асабліва зацікаўленыя лоўкасцю мураша.

— Ну што, паспрабуеш? – на вушка прашаптаў яму Ягорка.

— А давай паспрабую! Смеласць гарады бярэ! – адказаў ўпэўнены Грышка і, разбегшыся да хуткасці самалёта на ўзлёце – ф’ю-і-і-ць! – і ўзляцеў на смаую макаўку сасны, быццам з прапелерам.

— Вось гэта палёт! Вось гэта трук! – крычалі злева.

— Грышка, ты – сапраўдны артыст!

Дрэва

— Сябры! Ну вось, на сёння хопіць. Мы яшчэ не раз сустрэнемся пры добрай нагодзе! Ведайце, што наш мураш можа і не тое! Яго зорны час наперадзе! – казаў, зааволены выступленнем Грышкі, Ягорка.

Мураш пачціва кланяўся  і пасылаў публіцы паветраныя пацалункі.

Затым павярнуўся да свайго сябра Ягоркі і сказаў: «Дзякуй табе за тое, што ты паверыў у мяне і прынёс сёння туды, куды трэба!» І хлопчык заўсміхаўся іх паразуменню, абняўшы свайго малодшага сябра. Затым адчыніў ужо вядомы мурашу карабок і той самастойна залез у яго.

Частка 1  Частка 2  Частка 3  Частка 4 Частка 5  Частка 6

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"