Мацярынства — гэта абсалютная любоў, густа замяшаная на трывозе, болі і роспачы. І калі пазітыўныя эмоцыі прынята шчодра ліць у навакольны свет, то негатыўныя, лічыцца, — павінна замоўчваць. Інакш прыляціць ад усіх, хто мае іншае меркаванне. Дваістасць мацярынства наглядна дэманструе аднайменная выстаўка, якая адкрылася 10 красавіка ў сталічным музеі Заіра Азгура.
Акварэль і гліна, салома і масла, шкло і вада, кранальныя лісты ад рукі і строгія, выразна вывераныя графікі кармлення дзіцяці — экспазіцыя ўяўляе сумесь тэкстур, якія трансфармуюцца ў дастаткова абстрактныя выявы. З аднаго боку, вось яна — канкрэтная постаць маці або выразна вядомы профіль салодка спячага нованароджанага. З іншага, не ўсё так празрыста і зразумела. Нават шклянка вады ў цэнтры залы. Здаецца менавіта гэтую шклянку прыстойнае дзіця павінна паднесці бацькам. Ці гаворка больш пра аптымістаў і песімістаў, з іх розным поглядам на паўпустыя ці паўнапоўненыя ёмістасці?
Маці мае права на злосць і стомленасць. Адна з аўтараў праекта, Надзея Хмыль, вырашыла паказаць мацярынства без купюр. Так, мама можа злавацца, стамляцца, адчуваць адзіноту. Галоўнае — не затрымацца ў гэтым, а знайсці сілы ісці далей. І дапамагаюць у гэтым тыя самыя маленькія ручкі, якія абдымаюць, нават калі пяць хвілін таму білі цябе па спіне.
— Абстрактнасць была адным з крытэрыяў адбору работ, — распавяла адзін з куратараў выстаўкі «Мацярынства», старшы навуковы супрацоўнік Мемарыяльнага музея-майстэрні З. І. Азгура Ульяна Івашчанка. — Запрасіць гледача задумацца, паразважаць не толькі над тым, што хацеў сказаць аўтар, але і як работа адгукаецца на эмацыйным узроўні. Нават калі вы пакуль ці ўжо не маеце дачынення да бацькоўскай ролі.
Другі куратар і адна з аўтараў экспазіцыі — Надзея Хмыль. Менавіта яна падала ідэю паказаць мацярынства як яно ёсць. Паказаць, што мама - жывы чалавек і мае права на ўвесь спектр эмоцый. Галоўнае - не заставацца ў гэтых цёмных матэрыях, знаходзіць у сабе сілы рухацца далей.
Выстаўка вядзе гледача па эмацыйным маршруце:
«Зараджэнне» — новае жыццё, надзеі.
«Расшчапленне» — калі свет літаральна разбураецца на часткі.
«Прыняцце» — замілаванне, любоў, але і сталая трывога.
На маршруце аўтары нагадваюць нам: жанчына шматгранная. Яна не толькі маці і дачка, але навуковец і творца, яркая дама і ўтульная захавальніца хатняга агменю, гуллівая і стомленая да шалёнасці. Пра гэта кажуць работы пэндзля Ірыны Котавай, кожная з якіх звязаная лентамі.
Адна з самых кранальных работ — «Ліст да Веры». У ёй аўтар Вольга Ранько звяртаецца да сваёй маленькай дачкі. Той выпадак, калі самыя простыя словы прабіраюць больш, чым выкручастыя метафары і параўнанні. Палатном для лістоў выступаюць дзіцячыя малюнкі: у нейкай ступені аўтарскі тандэм і дэбют юнай Верачкі.
— Выстаўка размаўляе з гледачом на розных мовах, паказвае разнастайнасць вобразаў і эмоцый, але лейтматыў адзін — ты не самотны(а), ёсць тыя, хто цябе сапраўды разумее, а не механічна ківае для падтрымання размовы, — падкрэсліла Ульяна Івашчанка.
А фінал — карціна «Добры дзень, трывога!». Яркія, сакавітыя колеры, але за імі — дэман дэпрэсіі ў прыбранай вопратцы. Гэта пра маскі, якія носяць мамы: «У мяне ўсё выдатна!», а ўнутры могуць быць пустата і страх. Гэта выстаўка для тых, хто адчувае сябе самотным.
— Галоўны пасыл: ты не адзін, — падкрэсліваюць куратары. — Ёсць тыя, хто сапраўды разумеюць твае эмоцыі.
Своеасаблівы фінал экспазіцыйнага маршруту — карціна «Добры дзень, трывога!». Колеры яркія, сакавітыя: аранжавы, ружовы, фіялетавы. На першы погляд, дысануюць з назвай. Многія псіхолагі выказваюць меркаванне, што чалавек у дэпрэсіі часцей звяртае ўвагу менавіта на ружовы і фіялетавы адценні. І чым яны больш насычаныя, тым больш сур'ёзная праблема.
— З аднаго боку, яркія колеры — гэта аўтарскі стыль Дар'і Аляксандравай, — адзначае куратар. — З іншага — «гульня слоў» тут сапраўды ёсць. Гаворка пра маску «я ў парадку, усміхаюся, жыццё цудоўнае», якую апранаюць многія мамы, баючыся ў тым ліку вымовы і асуджэння. А пад гэтым колерам хаваецца змрок, які на карціне выпісаны дэманічным чынам той самай дэпрэсіі ў прыбраных адзеннях.
Гэтая выстаўка— не пра ідэальных мам. Яна пра сапраўдных. Прыходзьце, калі гатовы да сумленнай размовы.
Арт-Мінск 2025. Што змянілася ў канцэпцыі самага маштабнага выставачнага праекта?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by