23.11.2021
23.11.2021

Забавы Чараўніка (казка)+аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 109
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Жыў у лесе Чараўнік. Зазнайка, ганарлівец ды насмешнік. Лясныя жыхары не супраць жартаў, але ад іх толькі Чараўніку весела. Астатнім жа — адна згрызота.

Наладзяць зайцы свята, прыйдуць да яго:

— Дзядзька! Зрабі нам, калі ласка, вясёлку.

А ён усміхнецца ў доўгую бараду, махне чарадзейным пруточкам — і перапэцкае зайцоў фарбамі усіх колераў. Тыя некалькі дзён у рацэ сядзяць, адмываючы свае футаркі. Бо як схавацца ад воўчых зубоў чырвонаму ці сіняму зайцу?

Вяселка

Або ў засуху, калі ўсё жывое ад смагі пакутуе, дажджу ў Чараўніка папросяць — а замест вясёлых кропелек на зямлю перапуджаныя жабкі шмякаюцца.

І так заўсёды. Прасілі яго, ушчувалі — як гарохам аб сценку. Мядзведзь нават прыпалохаць спрабаваў! Ды Чараўнік махнуў пруточкам — у Мядзведзя замест вушэй два зялёныя лопухі павіслі. Ледзь удалося касалапаму гаспадару ўлагодзіць Чараўніка, каб вушы вярнуў.

Чараўнік 

Няма зладу са старым.

Сабраліся звяры на лясную раду і вырашылі: няхай застаецца адзін! Ніхто больш не звяртаўся па яго дапамогу, не цікавіўся  жыццём.

Толькі самы  церпялівы прыяцель Вожык не здаваўся. Ды Чараўнік зноў не ўтрымаўся — пасадзіў яго, соннага, на ліст гарлачыка пасярод возера. Ну і нацярпеўся Вожык страху! Ледзь не патануў, дабіраючыся да берага. І пасля гэтага да «жартаўніка» — ні нагой!

Сумна стала Чараўніку, хоць вый ад адзіноты. А зачапіць каго-небудзь першым фанабэрыя не дазваляла.

Аднойчы, гуляючы па вершалінах ялін, ён пачуў, як Вожык гасцей на вечарыну запрашае:

— Гэй, суседзі дарагія! Прыходзьце да мяне ў нядзельку. Зайкі, вавёрачкі, браткі-мурашы, мятлікі, светлякі — усім месца знойдзецца.

Вожык

Чараўнік  зарадаваўся — можна будзе і пірагамі паласвацца, і пацеху наладзіць.

Спусціўся ніжэй, галлём назнарок зашумеў, пракашляўся …А  Вожык моўчкі зірнуў на яго і патупаў сваёй дарогай. Узяла Чараўніка крыўда. Гэта ж трэба: казявак нейкіх паклікалі на свята, а яго, магутнага Чараўніка, — не. Ну, ён ім пакажа! Моц ды сілу чарадзейскую явіць!

Чараўнік 

Думаў-думаў Чараўнік, як  адпомсціць за знявагу і надумаў.

Позна ўвечары, калі лес заснуў, абуў Чараўнік мяккія пантофлі і нячутна пайшоў па лесе. Убачыць павуцінне між галінак — здыме ды ў глыбокую кішэню хавае. Шмат назбіраў. А вярнуўшыся дамоў, пашыў з павуціння вялізную торбу.

У прызначаны дзень выправіўся ён з торбай на балота. Там вечарамі слаўся такі густы туман — хоць нажом рэж. Напхаў Чараўнік туману пад самыя завязкі і ў свой лес падаўся. Ідзе і ледзь стрымліваецца, каб не зарагатаць на ўсё наваколле. А дарога няблізкая! Стаміўся, ледзь ногі валачэ. Ды вось і пагорачак знаёмы, адсюль да вожыкавай хаткі рукой падаць.

Чароўны лес

Заспяшаўся Чараўнік, не згледзеў кораня старой сасны, што на сцяжынку выпер, зачапіўся ды паляцеў кулём з пагорачка. І шышак набіў, і чарадзейны пруточак згубіў, і мех падраў. З усіх дзірак хлынуў густы  халодны туман. Наваколле як растала за белай завесай. Крутануўся Чараўнік у адзін бок, у другі — стаіць туман сцяной. Зямлю вакол абмацаў — няма пруточка. Паспрабаваў закляццем туман разагнаць:

— Прэч, туман! Прэч! У балота гнілое, у купіны сырыя, пад пні трухлявыя! Прэч!

Дзе там! Без пруточка чарадзейнага якая варажба. А туман клубіцца вакол, вочы засцілае, нос забівае. Страшна стала Чараўніку — ніколі  яшчэ не заставаўся без сілы чарадзейскай. Кідаўся ён кідаўся, шукаў-шукаў дарогі — дарэмна. Сеў разгублены і стомлены на зямлю і захліпаў-загаласіў:

— Дапамажыце!.. Гэй, хто-небудзь! А-у-у!

Чароўны лес

А ў Вожыка вечарына ў самым  разгары. Светлячкі, як маленькія ліхтарыкі, зіхацяць. Музыкі-конікі граюць, госці скачуць полечку-трасуху.

Сам гаспадар Вожык са жвавай Вавёрачкай прытупвае, моладзі дыхту задае.

Весела ўсім, радасна. Ды тут Заяц вушы натапырыў:

— Чакайце-чакайце! Здаецца, клікаў хтосці…

Зайкі

Музыка сціхла, прыслухаліся — праўда. Відаць, нехта ў бяду трапіў.

Сабраліся ўсёй грамадой ды пайшлі на голас. Светлячкі спераду — дарогу  асвятляюць.

Прыйшлі да нізінкі. Аж там за туманам нічога не відаць.

— Гэй, — гукнуў  Вожык, — ёсць тут хто?

Сорамна Чараўніку адзывацца, але што зробіш...

— Братка Вожык! Я гэта, Чараўнік! Дапамажыце...

Жывелы ў десе

Насцярожыліся лясныя жыхары:

— Пэўна, зноў збіраецца свінню падлажыць.

Прыйшлося Чараўніку прызнацца, што збіраўся свята сапсаваць, дзеля гэтага і туману прыцягнуў, а справіцца з ім не можа — пруточак згубіў.

— Вось як! — кажа Вожык. — Што ж, варта за ўсе кпіны пакінуць тут цябе аднаго.

—  Я больш не буду, —  аж застагнаў Чараўнік. — Далібог.

Ну, не помсціць жа таму, хто трапіў у бяду. Кінуліся светлячкі з мурашамі ва ўсе бакі — знайшлі як бачыш чарадзейны пруточак, аддалі Чараўніку. Той махнуў ім — знік туман.

Бачыць Чараўнік — стаяць вакол звяры ды птушкі, даўнія яго знаемыя. Колькі разоў ён цешыўся іх бездапаможнасцю, а прыйшлося — і не змог без спагады іх абысціся.

— Даруйце, — прамовіў Чараўнік. Хоць і не прывык галоўку перад кім-небудзь хіліць, а ўсё ж прызнаў: — Дурныя жарты ў мяне выходзяць.

І, ці паверыце? Выправіўся! Жартаваць, праўда, не перастаў.Толькі жарты яго сталі дасціпнымі і няшкоднымі.

 

Чытайце таксама:      

Музыка крыштальнага саду (казка)
Прагны рыбак (казка)
Дрэва (казка)

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 109

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"