12.05.2017
12.05.2017

Не падстаўляйце свае грудзі. Навошта патрэбны скрынінг раку малочнай залозы?

logo
Здароўе дарослых
0 1209
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Рэальнасць такая, што за ўвесь час існавання анкалагічнай службы ў Беларусі рак малочнай залозы займае лідзіруючае месца сярод іншых анкалагічных захворванняў у жанчын. Кожная 6-я наша суайчынніца на працягу жыцця можа сутыкнуцца з гэтай хваробай твар у твар. Штогод прыкладна 4 тысячы беларусак даведваюцца аб дыягназе ўпершыню.

Чаму раней – лепей?

За ракам малочнай залозы на працягу дзесяцігоддзяў замацавана яшчэ адно сумнае лідарства: разам з такімі онкапаталогіямі, як рак лёгкага, каларактальны рак і рак страўніка, ён упэўнена ўваходзіць у чацвёрку онказахворванняў, якія прыводзяць да смяротнага зыходу. Але тычыцца гэта толькі тых выпадкаў, калі хвароба выяўляецца занадта позна, і таму ўсе намаганні ўрачоў сканцэнтраваны на сімптаматычным лячэнні, каб забяспечыць максімальна магчымую якасць жыцця пацыента. Рак малочнай залозы, выяўлены на ранніх стадыях, наадварот, мае высокія шанцы на лячэнне – да 90% пры першай стадыі захворвання, да 80% – пры другой, да 50% – пры трэцяй. Ці варта прыводзіць нейкія больш пераканаўчыя аргументы, каб даказаць: уважлівае стаўленне да ўласнага здароўя і рэгулярныя прафілактычныя візіты да вузкага спецыяліста – роўна шанц на доўгае і паўнавартаснае жыццё? Пытанне рытарычнае.

Скрынінг папярэджвае

Маммография

Скрынінг раку малочнай залозы з'яўляецца важным складнікам дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады. Выяўленне злаякасных новаўтварэнняў на ранняй стадыі – адзіны шлях да зніжэння смяротнасці ад анкалагічных захворванняў. Скрынінг раку малочнай залозы ў гэтым сэнсе – адзін з чатырох метадаў прафілактычных абследаванняў з навукова даказанай эфектыўнасцю.

Сутнасць метаду зводзіцца да таго, што ўсім жанчынам ва ўзросце ад 50 да 70 гадоў рэкамендавана рэгулярнае – 1 раз у 2 гады – мамаграфічнае абследаванне. Менавіта жанчыны гэтага ўзросту складаюць асноўную групу рызыкі па ўзнікненню раку малочнай залозы.

Мамаграфія – даследаванне, якое мае на ўвазе рэнтгенаўскі здымак грудзей, выкананы ў дзвюх праекцыях.

Навошта гэта трэба?

Будзем глядзець праўдзе ў вочы. Нягледзячы на тое, што за апошнія 50 гадоў айчынная медыцына сапраўды здзейсніла прарыў у лячэнні анкалагічных захворванняў і рак у большасці выпадкаў ужо не гучыць, як прысуд, хвароба адносіцца да ліку паталогій з дрэнным прагнозам. Рак малочнай залозы да таго ж – каварная хвароба, якая носіць сістэмны характар. Іншымі словамі, злаякасныя клеткі не абмяжоўваюцца адным органам, а распаўсюджваюцца па ўсім арганізме, паражаючы жыццёва важныя сістэмы і органы чалавека і шматкроць павялічваючы рызыку смяротнага зыходу. Вось чаму прынцыпова важна распазнаць паталогію як мага раней, каб прайсці курс лячэння і папярэдзіць развіццё хваробы.

У гэтым кантэксце скрынінг раку малочнай залозы, як комплекс абследаванняў сярод пэўнай узроставай групы ўмоўна здаровых жанчын, якія не маюць ні праяў, ні нават сімптомаў магчымага захворвання, бачыцца рацыянальным і апраўданым крокам. Крокам на апярэджанне.

Чаму мамаграфія?

Адносна нядаўна асноўная стаўка на прафілактыку і ранняе выяўленне раку малочнай залозы рабілася на кантроль з боку саміх жанчын. Праводзіць рэгулярнае самаабследаванне грудзей вучылі і зусім юных дзяўчат, і дам сталага ўзросту. Да гэтага часу агітплакаты па самадыягностыцы раку грудзей займаюць бачныя месцы ў жаночых кансультацыях. І метад сапраўды працуе. Большасць пацыентак звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў пасля таго, як самі знаходзяць у сябе нехарактэрныя ўшчыльненні ў грудзях. Аднак, самаабследаванне нельга прызнаць высокаэфектыўным метадам па той простай прычыне, што жанчыны самастойна выяўляюць пухліну толькі тады, калі яна дасягае пэўных памераў – 2-3 см і больш. На жаль, у большасці выпадкаў даводзіцца канстатаваць запушчаныя стадыі хваробы, якія нават на фоне радыкальных метадаў лячэння не гарантуюць пазбаўлення ад хваробы і захаванасці жыцця пацыенткі.

Больш дакладным метадам ранняй дыягностыкі з'яўляецца вочны агляд гінеколага, пры якім урач праводзіць пальпацыю грудзей пацыенткі. Але ў сутнасці і гэтае абследаванне ненашмат больш эфектыўнае. Некаторыя злаякасныя новаўтварэнні размяшчаюцца глыбока ў структуры малочных залоз і звычайным прамацваннем выявіць іх немагчыма. Акрамя таго, не ўсе віды раку грудзей выяўляюцца ў лакальных ушчыльненнях, адпаведна, метад пальпацыі для іх дыягностыкі абсалютна неэфектыўны.

Ультрагукавое даследаванне грудзей – метад на парадак больш інфарматыўны, чым два папярэднія. Безумоўнай перавагай гэтага віду даследавання з'яўляецца тое, што пры яго правядзенні не выкарыстоўваецца рэнтгенаўскае выпраменьванне. Жанчынам, старэйшым за 35 гадоў, пажадана праводзіць УГД малочных залоз з перыядычнасцю 1 раз у год. Асабліва актуальна гэта пацыенткам з дабраякаснымі ўтварэннямі ў грудзях – мастапатыяй, фібраадэномай – паколькі іх наяўнасць ужо з'яўляецца фактарам рызыкі для развіцця злаякаснай пухліны.

Разам з тым, варта заўважыць, што далёка не ўсе змены ў структуры малочных залоз маюць дачыненне да анкалогіі. Толькі ў 2-3% выпадкаў выяўленыя ўшчыльненні носяць злаякасны характар.

Нягледзячы на тое, што УГД малочных залоз традыцыйна выкарыстоўваецца для ранняга выяўлення онкапаталогіі грудзей, максімальна дакладным спосабам дыягностыкі раку малочных залоз з'яўляецца магнітна-рэзанансная тамаграфія (МРТ). Гэты найноўшы і высокаэфектыўны метад лічыцца найбольш перспектыўным для дыягностыкі захворвання нават на нулявой стадыі развіцця. Адзіны мінус – высокі кошт даследавання, звязаны ў першую чаргу з абмежаванай пакуль колькасцю сучасных тамографаў у клініках краіны. МРТ на прадмет выяўлення раку грудзей паказана толькі жанчынам, у родзе ў якіх былі зафіксаваныя выпадкі раку грудзей або раку яечнікаў. Адпаведнае абследаванне ім рэкамендавана праходзіць, пачынаючы з 25-гадовага ўзросту.

Скриминг рака молочной железыТакім чынам, аптымальным метадам прафілактыкі і ранняй дыягностыкі злаякасных новаўтварэнняў малочных залоз з'яўляецца мамаграфічнае абследаванне. Гэтае не толькі шырокадаступнае, але і высокаэфектыўнае даследаванне дазваляе выявіць хваробу фактычна ў зародку, калі памер ушчыльнення не перавышае і 0,5 см. Шматлікія даследаванні паказваюць, што рэгулярная мамаграфія зніжае верагоднасць смерці ад раку грудзей на 20-30%.

Скрынінгавая мамаграфія практычна зводзіць да нуля верагоднасць прапусціць нават такія нязначныя ўтварэнні, якія ніяк не праявілі б сябе ў будучыні і не аказалі ніякага ўплыву на здароўе і якасць жыцця жанчыны. Уласна, гэта можна ўмоўна аднесці да мінусаў так званай гіпердыягностыкі, роўна як і ілжывастаноўчыя вынікі даследавання, якія служаць падставай для дадатковых абследаванняў (напрыклад, біяпсіі). Тым не менш, большасць вучоных-анколагаў падтрымліваюць мэтазгоднасць мамаграфіі ў якасці прафілактычнага абследавання і бачаць у ім несувымерна больш карысці.

Прайсці мамаграфічнае абследаванне можна па накірунку ўчастковага гінеколага. Сучасныя лічбавыя мамографы ёсць ва ўсіх абласных бальніцах, цэнтральных раённых паліклініках Мінска, дыягнастычных цэнтрах краіны. Для скрынінгу раку малочнай залозы ў жыхарак беларускай глыбінкі выкарыстоўваюцца таксама перасоўныя апараты.

 
Сяргей Красны
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім.М.М.Аляксандрава, д.м.н., прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі
Эфектыўнасць скрынінгу раку малочнай залозы навукова даказана. Таму правядзенне прафілактычных абследаванняў з мэтай ранняга выяўлення злаякасных пухлін грудзей – прынцыпова важная задача. Зараз у краіне ўжо ёсць дастатковая колькасць сучасных мамографаў, каб забяспечыць скрынінгавую праграму паўсюдна. Але адначасова з гэтым трэба будзе вырашыць задачу, без якой нельга разлічваць на абсалютную эфектыўнасць поўнамаштабнай скрынінгавай праграмы. Я маю на ўвазе падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў. Занадта саманадзейна пасадзіць звычайнага рэнтгенолага за лічбавы мамограф і чакаць, што ён адразу пачне выдаваць вынікі. Не. Спецыяліста неабходна навучаць, прычым досыць доўгі час. Ёсць нават такі негалосны паказчык: рэнтгенолаг павінен выконваць каля 5 тысяч даследаванняў у год, каб атрымаць дастатковы вопыт і неабходную кваліфікацыю для правядзення мамаграфічных абследаванняў з поўнай аддачай. І такія спецыялісты ёсць, але пакуль іх недастаткова. Аднак, ёсць усе падставы меркаваць, што на працягу 5-7 гадоў гэтае пытанне будзе вырашана. Што тычыцца водгуку насельніцтва на скрынінг па раку малочнай залозы, дык якраз тут няма пра што турбавацца. Жанчыны, трэба прызнаць, больш свядома і адказна ставяцца да свайго здароўя, чым мужчыны. Таму дзе-нідзе нават назіраюцца невялікія чэргі на скрынінгавыя мамаграфічныя абследаванні. Нічога страшнага ў гэтым няма, таму што скрынінг – гэта планавы працэс. Паступова, калі мы напрацуем кадравы патэнцыял і пашырым тэхнічныя магчымасці, скрынінгавая мамаграфія пяройдзе ў разрад яшчэ больш даступных і шараговых працэдур.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 1209

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"