- Еўфрасіння Полацкая (прыкладна 1101—1167)
- Францішка Уршуля Радзівіл (1705—1753)
- Саламея Рэгіна Русецкая (1718—?)
- Эмілія Плятэр (1806—1831)
- Гелена Скірмунт (1827-1874)
- Каміла Марцынкевіч (1837-1887)
- Алаіза Пашкевіч (1876—1916)
- Канстанцыя Буйло (1893-1986)
- Ларыса Аляксандраўская (1902-1980)
- Вера Харужая (1903—1942)
- Стэфанія Станюта (1905-2000)
Аб жанчынах, якія паўплывалі на ход гісторыі, часцей за ўсё ўспамінаюць напярэдадні 8 сакавіка. І ў спісы вядомых людзей Беларусі ў асноўным уключаюць толькі мужчынскія прозвішчы. Хаця беларуская гісторыя ведае шмат жанчын, якія дзякуючы незвычайнай любові да сваёй справы дабіваліся поспехаў насуперак любым абставінам. Мы сабралі 11 цікавых біяграфій таленавітых і харызматычных ураджэнак беларускай зямлі, якіх варта ведаць.
Еўфрасіння Полацкая (прыкладна 1101—1167)
Прадслава, будучы дачкой віцебскага князя Святаслава Усяславіча, адмовілася ад свайго статусу і выбрала іншы лёс: у 12 гадоў яна прыняла манаскі пострыг пад імем Еўфрасіння і пасялілася ў келлі Сафійскага сабора.
Яна займалася асветніцкай і міратворчай дзейнасцю, а адным з яе абяцанняў стала перапісванне кніг — нялёгкая праца для дзяўчыны, бо пісаць даводзілася на вазе, на левай далоні, упіраючыся рукой у калена. Выводзіць каліграфічныя загалоўныя літары, маляваць арнаменты таксама было не так проста.
За свае сродкі Еўфрасіння пабудавала дзве царквы ў Полацку і заснавала паблізу горада жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі цэнтрам асветы Полацкага княства. Там працавалі вучэльні, бібліятэкі, скрыпторый, прытулак. Верагодна, там жа пісаліся іконы і размяшчаліся ювелірныя майстэрні. Па замове Еўфрасінні майстар Лазар Богша зрабіў вядомы крыж, які, нажаль, лічыцца згубленым.
Еўфрасіння Полацкая — першая жанчына ў Беларусі, якую прызналі святой. Яе імя аднолькава ўслаўляе і хрысціянская, і каталіцкая царква. У канцы жыцця (а пражыла прападобная Еўфрасіння, на думку гісторыкаў, 66 гадоў) здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім, дзе памерла і была пахавана. Зараз мошчы святой вернуты на полацкую зямлю.
Францішка Уршуля Радзівіл (1705—1753)
Яна была адзіным дзіцём Тэафілы Ляшчынскай і Януша-Антона Вішнявецкага, вядомага дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай. Дзяўчынка атрымала выдатную хатнюю адукацыю, вывучыла некалькі еўрапейскіх моў, добра ведала сусветную літаратуру і пісала вершы.
Не дзіўна, што Францішка Уршуля так захапілася мастацтвам, бо ў сям'і Вішнявецкіх панавала творчая атмасфера: бацька быў здольным аратарам і літаратарам, а дзядзька меў прыдворны тэатр.
У 20 гадоў Францішка Уршуля выйшла замуж за Міхаіла Казіміра Радзівіла «Рыбаньку», які пазней стаў вялікім літоўскім гетманам. Пры двары па яе ініцыятыве з'явіўся тэатр — вялікая раскоша для таго часу, даступная толькі каралям. Для яго княгіня сама пісала п'есы.
Паколькі князь часта быў у раз'ездах па службе, яго маладая жонка вырашала і мноства іншых пытанняў: кіравала гаспадаркай, кіравала рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка, бараніла горад ад наездаў расійскіх войскаў, наводзіла парадак у княжацкай бібліятэцы і аднаўляла друкарню. Апроч гэтага ў сям'і Радзівілаў было некалькі дзяцей (на жаль, толькі трое з сямі з іх дажылі да паўналецця).
Для беларусаў і палякаў Францішка Уршуля Радзівіл — першая пісьменніца. Яна пакінула пасля сябе шмат драматургічных твораў і каля 80 вершаў. Доўгі час яе імя было вядома толькі ў вузкім асяроддзі, але зараз творы Францішкі Уршулі Радзівіл можна свабодна прачытаць на беларускай мове.
Саламея Рэгіна Русецкая (1718—?)
Саламея нарадзілася на Навагрудчыне, і калі ёй споўнілася 14 гадоў, яе аддалі замуж за нямецкага акуліста Якуба Гальпіра, разам з якім яна пераехала ў Стамбул. Муж займаўся медыцынай, і Саламея гэты занятак неверагодна захапіў. Спачатку яна проста дапамагала мужу, а неўзабаве пачала практыкаваць самастойна. Ёй нават удалося атрымаць афіцыйны дазвол на ўрачэбную дзейнасць!
Разумная і назіральная Саламея, дзякуючы сваім ведам і паходжанню, змагла зрабіць тое, чаго не маглі іншыя. Па мусульманскіх законах мужчыны (нават лекары) не маглі наведваць гарэмы, а жанчыны не маглі лячыць мужчын, таму такая праца была па плячы толькі жанчыне іншай веры.
Нават пасля смерці мужа Саламея працягвала працаваць лекарам. Набытыя кнігі па медыцыне дапамагалі ёй удасканальваць навыкі, а веданне лацінскай (ёй яе навучыў слуга Гальпіра) — выпісваць рэцэпты. Свае навуковыя працы і лісты яна пісала на польскай мове.
Аўтар мемуараў, асветніца, першая ў гісторыі Рэчы Паспалітай жанчына-ўрач — такой Саламею Рэгіну Русецкую запомніла гісторыя. На жаль, канец яе жыцця застаўся пакрыты таямніцай: пасля паломніцтва ў Святую Зямлю яна планавала паехаць у Палестыну і Егіпет, але далейшы лёс Саламеі невядомы.
Эмілія Плятэр (1806—1831)
Са з'яўленнем на свет яна атрымала права называцца графіняй — нарадзілася Эмілія ў графскай сям'і, у Вільні. Калі ёй было 9 гадоў, бацькі развяліся і яна разам з мамай была вымушана пераехаць да далёкіх сваякоў у цяперашні Даўгаўпілс.
Эмілія збірала беларускі фальклор, запісвала народныя песні, вершы, вучыла танцы і выконвала іх сама. Народную музыку яна іграла на фартэпіяна, а часам сама спрабавала пісаць вершы на беларускай мове.
Апроч літаратуры і музыкі дзяўчынка захаплялася конным спортам і стральбой, а яе ідэалам былі жанчыны-ваяўніцы. Яна зачытвалася кнігамі Гётэ і Шылера, цікавілася подзвігамі Тадэвуша Касцюшкі і Юзэфа Панятоўскага.
Таму не стала нечаканасцю, што Эмілія Плятэр выбрала сабе нялёгкі лёс рэвалюцыянеркі. Даведаўшыся аб паўстанні ў Варшаве, яна стала заклікаць сваякоў і знаёмых пачаць падрыхтоўку паўстання ў іх, у Літве і Беларусі. І няхай гэтыя планы не ажыццявіліся, у дзяўчыне разглядзелі сапраўднага лідэра. Мясцовыя дваране прысвяцілі Эмілію ў рыцары-Панны па ўсіх старадаўніх абрадах.
29 сакавіка 1831 года Эмілія сабрала партызанскі атрад з 280 стралкоў, 60 вершнікаў і некалькіх соцень сялян, узброеных косамі, і павяла ў бой. У той час дзяўчыне было 24 гады.
Пасля яна нават паспела атрымаць званне капітана — на той момант гэта было самае высокае званне, якое магла атрымаць жанчына. Але неўзабаве Эмілія нечакана захварэла і памерла. Віной стала ператамленне, стомленасць, бессань, голад і іншыя нягоды, якія прынесла вайна.
Эмілія Плятэр смела кінула выклік стэрэатыпу аб тым, што толькі мужчыны могуць ваяваць. Няма сумневу, што яна заслугоўвае права называцца «беларускай Жаннай д’Арк».
Гелена Скірмунт (1827-1874)
Гелена Скірмунт, пляменніца Напалеона Орды, нарадзілася на Піншчыне і ўжо ў дзяцінстве здзіўляла настаўнікаў па жывапісе сваім талентам. Нягледзячы на тое, што ўсё жыццё яна пакутавала ад хваробы вачэй, некалькі разоў апыналася ў спасылцы праз удзел у паўстанні 1863 года, яна ніколі не пакідала творчасць. Часцей за ўсё яна пісала партрэты, а аднойчы нават скапіравала Юравіцкі абраз Божай Маці.
У дадатак да жывапісу з цягам часу прыйшла скульптура. Жанчыны ў тыя часы не займаліся гэтым рамяством, жаданне Гелены стаць скульптарам аказалася смелым і нават дзёрзкім. Але, тым не менш, яна стала ляпіць скульптуры з гіпсу, рабіць медальёны. А адна з яе самых знакамітых работ — набор шахмат, дзе замест звыклых фігурак з'явіліся гістарычныя персанажы, удзельнікі польска-турэцкай вайны.
да зместуКаміла Марцынкевіч (1837-1887)
Цяга да творчасці дасталася Каміле ў спадчыну ад яе бацькі, класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Дзяўчына ўваходзіла ў тэатральную трупу бацькі, выступала ў першай беларускай оперы «Сялянка», але больш за ўсё праявіла сябе як таленавітая піяністка.
Яна гастраліравала як на Радзіме, так і за мяжой. Сама пісала музычныя творы, якія хутка падхапляла публіка, і яны часта гучалі на хатніх ці публічных канцэртах. Яе асноўнай дзейнасцю было выкладанне музыкі. Яна працавала ў Менску, нават арганізавала ў горадзе школу для бедных дзяцей. Каміла актыўна ўключылася ў рэвалюцыйную дзейнасць у 1860-х гадах і за антыўрадавую дзейнасць была сілком адпраўлена ў палату для вар'ятаў. Але жыхары Мінска ўсталі на яе абарону, і пасля мітынгаў Марцінкевіч выпусцілі на волю.
Алаіза Пашкевіч (1876—1916)
Алаіза Пашкевіч нарадзілася ў шляхецкай сям'і, на Шчучыншчыне. Скончыла экстэрнам Аляксандраўскую жаночую гімназію ў Санкт-Пецярбургу і ўжо тады пачала грамадска-палітычную і літаратурную дзейнасць, удзельнічаючы ў студэнцкім «Кружку беларускай народнай асветы і культуры».
Затым Алаіза працавала фельчарам пад Вільняй, паралельна займаючыся прапагандысцкай працай (гэтая далікатная на выгляд жанчына ўдзельнічала ў кіраўніцтве Беларускай сацыялістычнай грамадой). Алаіза Пашкевіч горача абараняла правы працаўніц і сялянак, таму карысталася вялікай палітычнай папулярнасцю ў рэвалюцыянераў і дэмакратаў мноства краін.
Падчас эміграцыі Алаіза паспела адвучыцца ў двух універсітэтах — у Кракаве і Львове, вывучыўшы філасофію, філалогію і гісторыю; падарожнічала ў Фінляндыю, Швецыю, Італію. Выйшаўшы замуж, яна вярнулася з эміграцыі, стала актрысай тэатра Ігната Буйніцкага, рэдагавала моладзевы часопіс «Лучынка».
З пачаткам Першай сусветнай вайны працавала сястрой міласэрнасці ў тыфозным бараку Віленскага ваеннага шпіталя. У 1916 годзе, адправіўшыся на пахаванне бацькі, заразілася тыфам і памерла.
Сучасным беларусам Алаіза Пашкевіч больш знаёмая па сваім творчым псеўданіме — Цётка. Пад ім яна публікавала свае кнігі і артыкулы. Яе аўтарству належаць зборнікі «Хрэст на свабоду», «Скрыпка беларуская», кніга для дзяцей «Першае чытанне для дзетак беларусаў».
Канстанцыя Буйло (1893-1986)
Кахаю наш край — старонку гэту,
Дзе я радзілася, росла,
Дзе першы раз спазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
Беларуская паэтка нарадзілася ў Вільні. Яе бацька, Антон Буйло, служыў лясным аб'ездчыкам у графа, маці, Настасся Францаўна, займалася домам і дзецьмі, спявала ў касцёльным хоры. Сям'я жыла сціпла, але бацькі з малых гадоў прывучалі дзяцей да чытання, навуцы і музыцы.
Пазней сям'я пераехала ў Вішнева (Валожынскі раён), дзе маленькая Канстанцыя пазнаёмілася з Эміліяй Станкевіч — маці Уладзіславы Станкевіч. Пані Эмілія давала ўрокі французскай мовы для Канстанцыі. А паміж дзяўчынкамі завязалася сяброўства, якое працягвалася і пасля таго, як Уладзіслава Станкевіч стала жонкай Янкі Купалы.
Першы верш Канстанцыі «Лёс» быў апублікаваны ў газеце «Наша ніва» (1909), пад імем яе брата Эдуарда – Э.Буйло. Менавіта ён настаяў адправіць верш у газету, а каб сястра нарэшце вырашылася, прапанаваў падпісаць яго сваімі ініцыяламі.
У 1914 годзе ў друкарні Марціна Кухты выйшла першая кніга паэткі - «Курганная кветка». Яе афармленнем займаўся Язэп Драздовіч, а рэдагаваў сам Янка Купала. Грошы дапамагла сабраць княгіня Марыя Магдалена Радзівіл.
Пазней Максім Гарэцкі ў «Гісторыі беларускай літаратуры» назаве Канстанцыю Буйло найбольш таленавітай пасля Алаізы Пашкевіч (Цёткі) паэткай у беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя.
У тым жа годзе Канстанцыя Буйло скончыла настаўніцкія курсы і накіравалася на працу ў Лідскі павет. Калі пачалася Першая сусветная вайна, яна паступіла на працу ў канцылярыю Усерасійскага земскага саюза (арганізацыя займалася забеспячэннем арміі), дзе і пазнаёмілася з будучым мужам — Віталём Калечыцам. У 1916 годзе пара абвянчалася.
Праз 10 гадоў мужа Канстанцыі Буйло адправяць у ссылку па абвінавачанні ў садзейнічанні варожай партыі. І толькі ў 1950 годзе яна даведалася, што яе муж памёр у лагеры яшчэ ў 1942 годзе. У 1957 годзе В. Калечыц быў пасмяротна рэабілітаваны.
У 1968 годзе яна атрымала званне «Заслужаны работнік культуры БССР».
Ларыса Аляксандраўская (1902-1980)
Беларуская оперная спявачка валодала ўнікальнымі вакальнымі дадзенымі. Яе называлі ®беларускім салаўём». Яе імя носіць дзіцячая музычная школа мастацтваў № 1 у Мінску. Тутака ж, у Мінску, і нарадзілася сама Аляксандраўская. З дзяцінства захаплялася музыкай, народнымі песнямі, выступала ў самадзейнасці.
Ратуючыся ад вайны, яе сям'я ў 1914 г. пераязджае ў Пецярбург. Там яна ўпершыню знаёміцца з творчасцю прафесійных оперных спевакоў. А на адным з гімназічных вечароў яе выступленне адзначыла салістка Марыінскай оперы і прапанавала пачаць заняткі спевамі. Але з-за разводу бацькоў Ларысе прыйшлося пакінуць заняткі і вярнуцца ў Мінск.
У якасці спявачкі Ларыса Аляксандроўская выступала ў паўпрафесійным тэатры пры Палітаддзеле Заходняга фронту. А ў 1924 годзе паступіла ў Мінскі музычны тэхнікум. Выпускная праца спявачкі — партыя Маргарыты з оперы «Фаўст® Шарля Гуна, якую яна выканала на беларускай мове.
У 1927 годзе на Міжнароднай музычнай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне яна выконвала беларускія народныя песні.
Калі ў 1933 годзе адкрыўся Беларускі тэатр оперы і балета спектаклем «Кармэн», Ларыса Аляксандроўская выканала ў ім галоўную партыю. Пазней, з 1951 па 1960 гады, была галоўным рэжысёрам опернага тэатра.
У 1940 годзе яна атрымала званне народнай артысткі СССР. У час Вялікай Айчыннай вайны выступала з канцэртамі ў шпіталях, партызанскіх атрадах і на фронце.
Пасля вайны актыўна займалася грамадскай дзейнасцю.
Публіка называла яе «беларускім салаўём». Якой была ў жыцці артыстка Ларыса Александроўская?
Вера Харужая (1903—1942)
Вера нарадзілася ў Бабруйску ў 1903 годзе, пазней разам з сям'ёй пераехала ў Мазыр, дзе скончыла школу. У 16 гадоў яна паспела папрацаваць парабкам у кулакоў, затым настаўнікам у сяле, а пасля пайшла добраахвотнікам на грамадзянскую вайну ў Чырвоную Армію. Яшчэ будучы падлеткам, яна захапілася рэвалюцыйнымі ідэямі.
Актыўная і смелая дзяўчына працавала сакратаром падпольнага ЦК камсамола і была членам ЦК КП Заходняй Беларусі, членам ЦК камсамола Польшчы. У 21 год была арыштаваная падчас масавай «зачысткі» сябраў кампартыі і асуджаная да шасці гадоў пазбаўлення волі, якія пазней былі павялічаныя да васьмі.
У 1932 годзе ёй удалося вярнуцца ў Савецкі Саюз. Кніга «Лісты на волю», якую яна напісала ў турэмных засценках, атрымала высокія водгукі. За выдатныя заслугі ў рэвалюцыйным руху Вера Харужая была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны і да дня гібелі Вера Харужая ваявала ў партызанскім атрадзе. Яе група правяла мноства дыверсій на чыгунцы, заводах, збірала разведвальныя дадзеныя для камандавання савецкіх войскаў. Але гітлераўцам удалося схапіць яе разам з баявымі таварышамі. Праз месяц Вера Харужая была пакараная.
Стэфанія Станюта (1905-2000)
У сям'і вядомага беларускага мастака Міхаіла Станюты нарадзілася дачка, якую назвалі Стэфаніяй. Яна вучылася ў царкоўна-прыходскай школе, пасля ў Мінскай жаночай урадавай гімназіі. Дзяўчынка спрабавала сябе як харыстка, танцорка, статыстка, а ў 16 гадоў адыграла першую ролю ў тэатры. З тых часоў яе каханне да сцэны толькі мацнела.
І няхай Стэфанія атрымала тэатральную адукацыю ў Маскве, але ўсё жыццё працавала ў Беларускім тэатры імя Янкі Купалы. Усяго яна сыграла каля 200 роляў, але шырока вядомая стала дзякуючы ролям бабуль і пажылых жанчын. Калі акторцы было 53 гады, ёй упершыню прапанавалі ролю ў кіно, што зрабіла яе яшчэ больш вядомай.
Сцэна не адпускала Станюту да самага канца, і актрыса не пярэчыла гэтаму. Яна пражыла доўгія 95 гадоў і працавала да апошніх дзён жыцця.
Такія біяграфіі натхняюць і дапамагаюць нам зразумець, што нават самыя складаныя і нерэальныя рэчы ўвасабляюцца ў жыццё, калі прыкласці намаганні.
Першая ў старадаўняй Беларусі жанчына-лекар. Лёс і вандроўкі Саламеі Русецкай
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by