22.03.2019
22.03.2019

«Жавароначкі, прыляціце!», або Сустракаем Саракі!

logo
Беларускі код
0 252
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А вы ведаеце, які сёння дзень адмысловы?! І справа не толькі ў супадзенні аднолькавых лічбаў – 22. Сёння прыгожае народнае свята – Саракі (Соракі)!

Яно цікавае найперш сваімі народнымі прыкметамі. Нашыя продкі лічылі, што ў гэты дзень прылятаюць 40 птушак, альбо 40 жаўрукоў, ці нават 40 выраяў. На Саракі сарока (быццам бы!) пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў. Калі 22-га сакавіка надараўся мароз, значыць, чакаць нам яшчэ 40 маразоў (бр-р-р-р, вось не хацелася б!). Таксама ў гэты дзень спяваліся вяснянкі, віталася вясна-красуня.

Даўней, калі зімы былі марознымі і снежнымі, а вёсны – бурнымі і своечасовымі, спраўджваліся такія назіранні: «На Саракі прыляцелі з-за мора шпакі», «На Саракі дрэвы адпушчаюцца», «Саракі – не суйся блізка да ракі».

Для селяніна гэты дзень быў своеасаблівым заклікам да пачатку актыўнай гаспадарчай працы: «Святыя Саракі – у поле саху валакі», «Святыя Саракі лемяшы істраць», «Саракі дровы рубаюць, клады кладуць». Вернікі сёння ўшаноўваюць памяць сарака Севасційскіх пакутнікаў.

Дзеці і падлеткі, асабліва вясковыя, выконвалі на Саракі своеасаблівыя магічныя дзеянні. Так, перад усходам сонца хлопчыкі імкнуліся перакінуць праз страху 40 трэсак. Маўляў, калі атрымаецца, значыць, добра ім будуць знаходзіцца птушыныя гнёзды.

Дзяўчаты павінны былі пераламаць 40 дошчачак ці разарваць 40 вяровачак. У некаторых мясцовасцях у гэты дзень дзецям упершыню дазвалялася выбягаць на вуліцу басанож. Не ўяўляю сабе такога па нашым надвор’і! Хаця... ужо нават лебедзі прыляцелі!

А чым жа ў наш час цікавыя Саракі? Бо наўрад ці хто будзе кідаць праз дах трэскі альбо разрываць вяровачкі. Таму прапаноўваю ўсім сёння наперш… паўзірацца ў неба!

Бо адно з народных павер’яў кажа: хто ўбачыць у гэты дзень птушыны вырай, таму будуць спрыяць поспех і шчасце. І хаця калі не ўсе птушкі, дык іх большасць сёлета прыляцелі зараней... А раптам каго і згледзім?!

Руплівыя гаспадыні сёння могуць парадаваць сваіх сямейнікаў, блізкіх, знаёмых адмысловай выпечкай – «жаваранкамі». Менавіта так іх называюць і па-беларуску: не «жаўрукі», а «жаваранкі». Між іншым, даўней дзеці бегалі з імі па вёсцы, трымаючы высока ў руках, альбо насаджвалі на пруткі, зазываючы птушак сапраўдных.

У нас таксама ёсць традыцыя выпякаць жаваранкаў з цеста – дзякуючы маме, у чыёй сям’і захоўваліся народныя звычаі. Таму прапаную сёння ўсім ахвотным паспрабаваць прыгатаваць смачнае печыва.

Не скажу, што наш традыцыйны, выпрабаваны не аднойчы рэцэпт надта карысны. Але тыя, хто прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, ужо ведаюць, як замяняць інгрэдыенты. А мы проста захапляемся працэсам, выглядам і смакам і атрымліваем ад усяго задавальненне! А добры настрой – традыцыйны спадарожнік добрага самаадчування.

Вы гатовыя?! Тады пачынаем!

0,5 шклянкі цёплай вады, 50 грамаў дражджэй размяшаць да аднароднай масы. Дадаць 250 грамаў кефіру, 4 сталовыя лыжкі цукру, на канцы нажа солі, 2 сталовыя лыжкі алею (ці растопленага сметанковага масла, маргарыну), 0,5 чайнай лыжкі соды, пагашанай воцатам. Усё перамяшаць, дадаць узбітае яйка. Прасеяную муку сыпаць да таго часу, пакуль цеста не пачне адліпаць ад рук. Паставіць на паўгадзіны ў цёплае месца.

Затым дастаем, фармуем ком, дзелім яго на 40 частак (мама звычайна проста адшчыпвае кавалачкі, і ў яе атрымліваецца неабходная колькасць!).

Кожную частку раскатваем паміж далонямі ці на стале ў жгут, завязваем на вузел. З адной часткі робім пляскаты хвосцік веерам, з другой – галоўку птушкі з дзюбкаю. Можна таксама зрабіць вочкі – з разынак, высушаных чарніц ці чаго іншага, пазначыць крылцы, робячы дзірачкі відэльцам.

Птушачак выкладваем на пасыпаную мукой паверхню (у нас гэта стол). Пасля змяшчаем на бляху (змазаную алеем ці таксама пасыпаную мукой) – з такім разлікам, каб паміж імі было крыху вольнага месца, бо птушачкі «вырастуць».

Пакідаем на 15 хвілін. Няхай падыходзяць. Затым выпякаем у духоўцы пры сярэдняй тэмпературы да падрумяньвання, папярэдне змясціўшы на дно духоўкі ёмістасць з вадой, каб наша адмысловае печыва не падгарэла.

І не перажывайце, калі ў працэсе падняцця цеста і яго выпякання ад птушачак застануцца толькі абрысы! Магічнага сэнсу ад гэтага печыва не страціць. Галоўнае – рабіць усё з душой, з добрым настроем, з любоўю да сваіх блізкіх – таксама правіла маёй мамы.

Смачна есці! І са святам!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 252

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"