15.01.2022
15.01.2022

Знак якасці, або 5 правілаў пакупкі і захоўвання спецый, прыпраў і вострых траў

logo
Карысныя прадукты
0 64
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці ведаеце вы, што набываць молатыя мускатны арэх, каляндру, імбір — усё адно што выкідаць грошы на вецер? Гэтыя спецыі практычна не захоўваюцца ў выглядзе парашку, страчваюць водар і карысныя ўласцівасці за лічаныя дні пасля адкрыцця ўпакоўкі.

Свае сакрэты ёсць практычна ва ўсіх спецый і вострых траў. Вы дакладна не памыліцеся з выбарам, калі будзеце ведаць і памятаць 5 залатых правілаў іх пакупкі і захоўвання.

Правіла № 1. Аддавайце перавагу цэльным прыправам

спеціі і прыправы

Гэта могуць быць:

  • насенне;
  • зерне;
  • арэхі;
  • лісце;
  • карані.

Якасць цэльных вострых траў, у адрозненне ад пакетаваных, можна ацаніць нават візуальна. Наяўнасць цёмных плям, пашкоджанняў, заломаў, перасушанасці альбо, наадварот, загнівання, непрыемны пах або поўная яго адсутнасць — тое, на што варта звяртаць увагу пры набыванні любых цэльных спецый і рэзкіх траў. Напрыклад, свежы корань імбіру роўны, гладкі, злёгку залацістага колеру, без бачных пашкоджанняў, у той час як непрыдатны для ўжывання усыпаны «вочкамі» накшталт бульбяных, шышкаваты, пацямнелы. А пры вырабе молатага імбіру і зусім часта выкарыстоўваюць некандыцыйныя карані, карысці ад якіх — кот наплакаў.

Проста ацаніць і ступень свежасці гваздзіковых палачак, калі купляць іх на вагу. Паколькі асноўная канцэнтрацыя эфірных масел знаходзіцца ў пупышцы, дастаткова крыху прамакнуць суквецце тонкай папяровай сурвэткай. Тлусты след будзе сведчыць на карысьць высокай якасці вострай прыправы.

Здрабняюць цэльныя спецыі пры дапамозе кавамолкі, млынка для спецый або ступкі непасрэдна перад тым, як дадаць у страву. Так прыправы максімальна захоўваюць свае духмяныя і карысныя ўласцівасці. І што важна: захоўваць цэльныя вострыя прыправы можна доўга. Якасць перцу гарошкам, суквеццяў гваздзікі, кмену, каляндры, палачак карыцы і ванілі не пагоршыцца на працягу 4 гадоў.

А вось свежы імбір у халадзільніку праляжыць не больш за 7 дзён. Падоўжыць тэрмін захоўвання каштоўнага кораня можна, высушыўшы яго, замарозіўшы або прыгатаваўшы цукаты. У такім выглядзе імбір варта спажыць на працягу 6 месяцаў.

Каштоўнасць насення маку і кунжуту захоўваецца да 24 месяцаў.

Правіла № 2. Не захоўвайце прыправы і спецыі ў вытворчай упакоўцы пасля яе адкрыцця

Інакш праз кароткі тэрмін ад водару не застанецца і следу — ён проста выветрыцца. Менавіта таму варта звярнуць асаблівую ўвагу на цэласнасць упакоўкі пры набыцці. Вялікай шкоды ад ужывання прэсных спецый не будзе. Зрэшты, не будзе і карысці.

Захоўваць молатыя прыправы лепш у шкляных, бляшаных, керамічных слоіках са шчыльна закручаным вечкам. Так спецыі лепш захаваюць уласны водар і не ўбяруць староннія пахі.

Запасацца прыправамі не варта. Тэрмін захоўвання ў іх не доўгі. Мускатны арэх, каляндра ў парашку «пражывуць» максімум месяц. Чыстыя (без солі і кансервантаў) мікшыраваныя прыправы а-ля «для свініны», «для курыцы», «для рыбы» прыдатныя на працягу 1 года.

Ад 6 да 12 месяцаў захоўваюць якасныя характарыстыкі молаты перац, папрыка, карыца.

Доўгажыхар сярод парашкападобных прыправаў — куркума. Яе спакойна можна захоўваць 3 гады.

Правіла № 3. Беражыце прыправы і спецыі ад святла і перападаў тэмператур

Беражыце прыправы і спецыі ад святла і перападаў тэмператур

Як бы ні цешыла вока рознакаляровасць рэзкіх траў на стальніцы ў рабочай зоне кухні або на рэйлінгу, больш разумна будзе схаваць іх у кухонную шафу або ў высоўную скрыню, максімальна абмежаваўшы доступ святла. Пад прамымі сонечнымі промнямі спецыі выгараюць, мяняецца не толькі іх колер, але і склад. Пад уздзеяннем святла разбураюцца эфірныя маслы і знікае пах. Некалі духмяная прыправа ператвараецца ў звычайны парашок.

Наадварот, калі гаворка вядзецца пра цыбулю, часнок, карані хрэну, герметычнасць і адсутнасць паветра ім пашкодзяць. Захоўваць іх лепш у сетках у прахалодным сухім месцы з пастаянным прытокам свежага паветра, папярэдне прасушыўшы. Ідэальным месцам у гарадской кватэры будзе балкон.

Некаторыя гаспадыні памылкова мяркуюць, што тэрмін прыдатнасці спецый можна падоўжыць, калі захоўваць іх у халадзільніку. На жаль. На холадзе выдатна пачуваюцца толькі разнавіднасці чырвонага перцу: востры, чылі, папрыка. Пераважная большасць молатых прыпраў не любяць нізкіх тэмператур. Як і высокіх. Таму іх неабходна захоўваць падалей ад пліты і ацяпляльных прыбораў.

Правіла № 4. Не дапускайце патраплення вільгаці ў ёмістасць з прыправамі

Гэта значыць, што браць молатыя прыправы трэба толькі сухімі рукамі або лыжкай. Адназначна давядзецца адмовіцца ад звычкі запраўляць страву, якая гатуецца, насыпаючы спецыі са слоіка прама ў рондаль з варам або на патэльню. Пад уздзеяннем вільгаці, пары, кандэнсату спецыі набракаюць, вільгатнеюць, у іх утвараюцца камякі. Прыправа губляе не толькі эстэтычны выгляд, але і банальна псуецца.

Вільгаць шкодная і для цэльных спецый і прыпраў: яны могуць пагніць.

Правіла № 5. Датычыць выключна свежай зеляніны і рэзкай травы

травы спецыі

Аптымальны варыянт — дадаваць іх у стравы, што называецца, проста з градкі. Свежая зеляніна не захоўваецца працяглы час. Максімум некалькі дзён у халадзільніку. І тое пры выкананні шэрагу падрыхтоўчых працэдур. Папярэдне яе неабходна добра вымыць, затым на 5–7 хвілін змясціць у ёмістасць з вадой, каб травы ўвабралі неабходную колькасць вільгаці. Пасля чаго старанна прамакнуць папяровым ручніком і пакласці ў герметычны посуд (пераважна шкляны або пластыкавы). Поліэтыленавыя пакеты не пасуюць для гэтых мэтаў — у іх травы «не дыхаюць» і ад лішку вільгаці хутка згніваюць.

На дзень–два падоўжыць «жыццё» рэзкай травы можна, калі пакласці ў халадзільнік, папярэдне абгарнуўшы сцябліны вільготнай тканінай і загарнуўшы ў харчовую плёнку. Пры гэтым кожны дзень неабходна крыху падразаць расліны і змочваць тканіну свежай вадой.

А вось захаваць зеляніну, проста змясціўшы яе ў халадзільнік у слоіку з вадой, не атрымаецца. Яна актыўна выпарвае вільгаць праз лісце, у той жа час тэмпература вады пры такім спосабе захоўвання для траў некамфортная. Яны звянуць на вачах.

На крайні выпадак зеляніну можна замарозіць ці засушыць — цалкам або здрабніўшы. Без страты карысці і водару ў маразільнай камеры яна можа захоўвацца паўгода, сушаная — да года.

Спецыялісты адзінадушныя: для таго, каб атрымаць максімум карысці ад спецый і прыпраў, трэба ўжываць іх у ежу ва ўсёй разнастайнасці. У гэтым выпадку не абысціся без ведаў, як правільна спалучаць спецыі паміж сабой, калі і ў якія стравы іх варта дадаваць. Найвышэйшым пілатажам лічыцца ўменне самастойна прыгатаваць арыгінальныя, з багатым водарам і карыснымі ўласцівасцямі прыправы. Авалодаць гэтым майстэрствам не складана, і мы раскажам вам, як.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 64

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».