Як вядома, у звычайным белым рысе няма нічога карыснага, а вось у падобных крупах, ячцы, булгуры, цэлая скарбніца.
Што такое булгур?
Так, сапраўды, булгур (бургуль, bulgur) – гэта пшаніца, але асаблівая. Лічыцца, што гэта першы вядомы ў гісторыі спосаб перапрацоўкі цвёрдага пшанічнага збожжа, які выкарыстоўваецца і цяпер. Па традыцыі збожжа прапарваюць, высушваюць на сонцы, ачышчаюць ад шалупіння і здрабняюць. Дзякуючы сушцы на сонцы булгур набывае ўнікальны арэхавы водар і смак, адчуць якія можна толькі пры гатаванні. А як лепш гэта зрабіць – раскажам у артыкуле.
Гістарычная даведка
Крупы вядомыя ўжо больш за 4000 гадоў, некаторыя даследчыкі знаходзяць апісанне булгура нават у Святым Пісанні. Радзімай булгура лічаць краіны Далёкага і Блізкага Усходу. Пакуль экзатычныя крупы чакалі ў Еўропе па Вялікім шаўковым шляху, ва ўсходніх краінах булгур стаў асновай плову, усходняй халвы, фалафелю, салаты з зелянінай.
Карысць булгура
- дзякуючы харчовым валокнам, якія ўваходзяць у яго склад, і павольным складаным вугляводам выдатна падыходзіць для людзей, якія кантралююць вагу, пры ўмове ўжывання ў невялікіх колькасцях;
- нармалізуе цукар у крыві, зніжае рызыку развіцця дыябету другога тыпу, дзякуючы нізкаму глікемічнаму індэксу можа быць уключаны ў рацыён харчавання людзей, якія пакутуюць ад цукровага дыябету;
- здольнасць булгура зніжаць сакрэцыю жоўці і ўзровень трыгліцерыдаў у крыві, а таксама нерастваральныя валакны, што ўваходзяць у яго склад, у сукупнасці з'яўляюцца выдатным прафілактычным сродкам жоўцевакаменнай хваробы;
- паляпшае працу сардэчна-сасудзістай сістэмы;
- карысны для нервовай сістэмы, асабліва ў перыяды стрэсу;
- мае супрацьзапаленчае дзеянне дзякуючы бэтаіну, які ўваходзіць у яго склад;
- багаты клятчаткай, што паляпшае перыстальтыку і спрыяе ачышчэнню кішэчніка;
- рэкардсмен па змесце фоліевай кіслаты, так неабходнай жанчынам у перыяд цяжарнасці і падрыхтоўкі да яе;
- утрымлівае халін, які спрыяе паляпшэнню працы мозгу, таму булгур вельмі карысны людзям, якія перажываюць павышаныя разумовыя нагрузкі на вучобе і працы;
- насычаны вітамінам РР, вітамінамі групы В, Е;
- багаты мікраэлементамі: меддзю, каліем, фосфарам, магніем, кальцыем, у меншай ступені – натрыем, цынкам, жалезам, селенам і марганцам.
Акрамя таго, булгур ўваходзіць у топ-10 карысных круп. Яшчэ яго можна назваць «жаночым злакам» з-за здольнасці аднаўляць абмен рэчываў, паляпшаць колер і стан скуры твару і паляпшаць рост валасоў, надаючы ім здаровы выгляд.
Каму нельга есці булгур
Нягледзячы на карысць усходніх круп, беларусам з уласцівымі нашаму геаграфічнаму размяшчэнню харчовымі звычкамі варта быць асцярожнымі і абмежаваць ужыванне:
- дзецям да 2-х гадоў;
- людзям з індывідуальнай непераноснасцю глютэну і злакавых культур;
- з захворваннямі страўнікава-кішачнага тракта ў стадыі абвастрэння;
- з жоўцевакаменнай, мачакаменнай хваробай.
Клятчатка, якой багаты булгур, можа выклікаць уздуцце жывата і метэарызм. А жадаючым пахудзець не варта надта захапляцца ўсходнімі крупамі з-за высокай каларыйнасці (энергетычная каштоўнасць 100 г булгура складае 347 ккал).
Таксама магчыма індывідуальная алергічная рэакцыя, таму ўключаць у рацыён лепш паступова, не больш за 50 грам (у сухім выглядзе) у дзень.
Якому булгур аддаць перавагу?
Выбіраць булгур трэба па наступных крытэрыях:
- тонкі памол – для салатаў і дэсертаў;
- сярэдні – ідэальны для гарніру, плову і супу;
- буйны, грубы спадабаецца прыхільнікам правільнага і дыетычнага харчавання.
Пры гэтым крупінкі павінны быць цвёрдыя, без дадатковых дамешкаў ва ўпакоўцы, аднастайнага колеру і ідэнтычныя па памеры. Захоўваць у герметычнай ёмістасці ў цёмным прахалодным месцы ад 4 да 10 месяцаў. Перавагу варта аддаць упакоўцы з арабскімі надпісамі.
Выбіраем булгур у празрыстым пакеце, глядзім памер, колер, якасць збожжа і адсутнасць смецця або зліплых зярнятак. Самым карысным лічыцца карычневы булгур.
Булгур лёгка гатаваць
З'яўляючыся адным з самых карысных гарніраў, булгур гатуецца досыць хутка, як кіноа, рыс або грэчка, не разварваецца. Дадаваць варта ў кіпячую ваду ў суадносінах 1:1 і варыць каля 10-15 хвілін перыядычна памешваючы. Альбо папярэдне абсмажыць на сметанковым алеі да з'яўлення лёгкага арэхавага водару, а затым заліць кіпенем у суадносінах 1:1 і памешваць, пакуль вада не ўбярэцца, хвілін 15-20.
Падаваць можна з мясам, грыбамі і гароднінай. У салодкім варыянце дадаваць у бісквіты, мафіны і, безумоўна, усходнія прысмакі. Можна дадаваць у суп, запяканку, вегетарыянскія біточкі. Ідэальны ў якасці самастойнага гарніру. Выдатна спалучаецца з такімі рэзкімі прыправамі, як маяран, размарын, чабор, кардамон, карыца, гваздзік.
Цікавыя факты пра булгур
У здробненым выглядзе з даданнем аромамасел можа выкарыстоўвацца ў касметалогіі ў якасці скраба для твару і цела.
Асноўны інгрэдыент турэцкай, ліванскай, магрыбскай і сіцылійскай кухні, абавязковы кампанент міжземнаморскай дыеты.
Памятайце, што правільнае харчаванне – гэта аснова моцнага здароўя. І такое харчаванне павінна быць разнастайным. Смела ўключайце ў свой рацыён булгур, які запускае абменныя працэсы ў арганізме. У сучасным свеце пастаянных стрэсаў, нагрузак і хуткай стамляльнасці булгур стане выдатным спадарожнікам вашых харчовых звычак.
Фота - Алеся Яўных.
Што яшчэ карысна ведаць:
Крупы касманаўтаў – «маці насення» кіноа
Соя — «каралева пратэіну». Расказваем пра самую спрэчную травяністую расліну
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by