Зубр Валер… Ён сціпла стаяў непадалёк ад нас і ўдаваў з сябе самага рахманага і дабразычлівага зубра ў свеце.
Што рабіць? Прафесійны вядоўца мусіць пераадольваць свае страхі. Хоцькі-няхоцькі, Адэля на хісткіх нагах накіравалася да Валера. Здымачная група і я – за ёй.
Нагадаю, што вобраз менавіта гэтага прыгажуна вітаў гасцей міжнароднага чэмпіянату свету па хакеі. З плакатаў, цішотак, сувеніраў – адусюль годна і рашуча пазіраў самы знакаміты зубр нашага часу. Адэля пра гэта таксама памятала. Таму звярнулася да Валера ветліва і пачціва.
– Вітаю! – пачала Адэля. – Ах, Валер! Вы адзіны, хто можа ратаваць сітуацыю!
Валер прыветна хітнуў галавой і няспешна запытаўся:
– Чым магу дапамагчы?
Голас маладога зубра быў хрыпаты і нізкі. І адразу стала зразумела, што гаварыць яму даводзіцца не надта часта. Але Адэля хутка скеміла, што зубр, які некалі згадзіўся пазіраваць мастакам і фатографам, відаць, і ёсць самы гаваркі ў статку.
– Майце на ўвазе, да вас звяртаецца зорка тэлебачання! Мяне завуць Адэля. Наўрад ваша слава пераўзыходзіць маю, таму можам размаўляць на роўных! – адразу задзерла нос авечачка. – Я задам некалькі пытанняў. Адкажыце на іх як мага больш шчыра. Вельмі прашу!
Валер згодна кіўнуў. Адэля зручней ухапіла мікрафон капыткамі, зіркнула на аператара… і расплылася ў чароўнай усмешцы:
– Перад вамі, дарагія тэлегледачы, самы знакаміты зубр-сучаснік. Знаёмцеся: гэта Валер! Яго выявы яшчэ нядаўна віталі нас усіх на Міжнародным чэмпіянаце свету па хакеі, што праходзіў у нашай сталіцы – Мінску. Скажыце, – Адэля звярнулася да зубра, – як змянілася ваша жыццё з таго моманту, як вы сталі вядомым на ўсю краіну?
Валер ледзь заўважна паціснуў плячыма.
– Не думаю, што некалькі выяў здольныя некага праславіць. І ў маім жыцці нічога не змянілася.
– Ну як жа, – не разгубілася Адэля. – На Чэмпіянаце толькі лянівы не фоткаўся з выявай зубра. Няўжо вас не апаноўваюць натоўпы фанатаў, каб атрымаць аўтограф ці сфатаграфавацца?
– Як бачыце, не. І гэта вельмі добра. Інакш статку давялося б яшчэ далей заглыбіцца ў пушчу. А цяпер менавіта тут найлепшы выпас.
– І што, статак не мог бы патрываць дзеля самага знакамітага зубра краіны?
– Патрываць? – Валер амаль усміхаўся. – Вы блытаеце зуброў з кімсьці.
– А няўжо не хацелася самому прысутнічаць на спаборніцтвах, эмблемай якіх вас выбралі? Толькі ўявіце, колькі ўвагі вы атрымалі б! – не здавалася Адэля. Што зробіш: для яе пытанне знакамітасці было адным з найгалоўных.
– Бадай што не, – на імгненне завагаўся Валер. – Па-за пушчай многа тлуму, мітусні. Там час сплывае так хутка, што цэлыя эпохі праносяцца міма шалёнай віхурай.
Ого! Мы ўсе застылі ад нечаканай філасофскай высновы.
– А адкуль вам пра гэта вядома? – недаверліва запыталася Адэля. – Вы хоць раз з пушчы нос вытыркнулі?
– А мне – навошта? – удакладніў Валер. – Дастаткова паслухаць старэйшын, каб зразумець, што ў нашай пушчы пануе ВЕЧНАСЦЬ.
– А хіба гэтага дастаткова для шчасця? – Адэля з усіх сілачак старалася не паказаць сваёй разгубленасці.
– Зубрам – даволі! – пераканаўча выдыхнуў Валер.
– Чакайце! Атрымліваецца, што вы ўсё жыццё праводзіце ў сваёй пушчы?
– Так. Амаль усе мы. Толькі адзінкі вымушаныя пускацца ў падарожжы. Шмат у якіх землях, дзе калісьці жылі нашы суродзічы, зуброў зусім не засталося. Таму на вандроўнікаў ускладзеная вельмі адказная місія ўзнаўлення зубрынага роду.
– Слухайце, Валер! – абурылася Адэля. – Вы ж яшчэ зусім малады зубр, а разважаеце, як стары. Няўжо вам не хочацца проста атрымліваць асалоду ад кожнага дня, а не думаць пра высокія місіі і вечнасць?
– Калі я быў малы, дурэў і скакаў, як яны, – Валер перавёў погляд на зубранят. – Але з узростам мера адказнасці мяняецца! Цяпер я вучуся слухаць ВЕЧНАСЦЬ і жыць з ёй у згодзе.
– Як гэта – слухаць вечнасць? – удакладніла Адэля.
– Па-рознаму. Назіраць за высокімі зорамі, адчуваць пошум ветру ў вершалінах векавых дрэў, любавацца бясконцымі струменямі вады ў рацэ…
– І што, усе зубры такія філосафы? – ускіпела Адэля. Тое, што яна чула ад Валера, не стасавалася з яе ўяўленнямі пра зуброў. – А як тады патлумачыць зубрыныя бойкі? Чаму, ледзь што якое, зубры адзін на аднаго кідаюцца?
– Гэта нораў, – незадаволена засопшы, прызнаўся Валер.
– Нішто сабе нораў! – абурылася авечка. – Хай бы патаўкліся трошкі дзеля прыліку. Дык не! Да ранаў, да крыві бойкі ўсчыняеце. Нават на вадапоі! Нават ля кармушкі! Куды знікае ваша станавітасць і міралюбства? А калі такія наравістыя, дык чаму не змаглі абараніцца ад вынішчэння?
Зубр Валер насупіўся. Ён высалапіў цёмны язык і колькі разоў нервова аблізнуў пысу. А гэта ўжо не жартачкі. Гэта – дакладная прыкмета таго, што зубр знаходзіцца ў вялікім узрушэнні. Не дзіва – Адэля кранула за самае балючае. Ён не стаў чакаць, пакуль авечка зразумее, што схібіла, крута развярнуўся, і падаўся у гушчар.
– Чакайце! – апомнілася вядоўца. – Я ж яшчэ хацела запытацца, ці ёсць у зуброў ворагі ў прыродзе? І ці падвяргаецца моладзь уціску старэйшын? І яшчэ…
Але Валер нават не азірнуўся! Услед за ім рушыў увесь статак. Хаця Валер не быў важаком. Статак звычайна водзіць самая сталая і вопытная зубрыца. Але падаць сігнал трывогі можа любы зубр. Таму ўсе: і малыя і дарослыя зубры моўчкі падтрымалі свайго суродзіча, якому словы тэлевядучай падаліся зняважлівымі. Амаль бязгучна волаты зніклі у пушчы.
Вось так рэзка і нечакана абарвалася інтэрв’ю з зубром. Можа, нехта і быў расчараваны, але толькі не я! Я стала сведкай незабыўнай падзеі!
А вось Адэля атрымала вымову ад рэжысёра за непрафесійныя паводзіны. Яна галасіла і закочвала вочкі, надрыўна блеяла і пускала слязу. Праз нейкі час нам удалося крышку супакоіць і Адэлю, і рэжысёра. Падзякавалі егеру за суправаджэнне, пагрузіліся ў аўтобус і рушылі ў зваротную дарогу. І цяпер ужо Адэля не пазбягала маёй кампаніі. Яна ўселася ў крэсла побач і з гаротным выглядам прытулілася да майго пляча. Здымачная група на чале з рэжысёрам сабралася вакол аператара. Яны раз за разам пракручвалі зняты матэрыял, абмяркоўвалі яго і рабілі заўвагі. А я супакойвала прыяцельку.
– Адэлька, досыць ужо перажываць. Ты і так малайчынкай сёння выявілася! Як адважна ты падыйшла да таго вялізнага зубра, што не захацеў з намі размаўляць! І як лёгка паразумелася з зубрыцай.
– Ага, – паныла хліпала авечачка. – А вось жа не ўзяла ў зубраняці інтэрв’ю…
– Дык ён жа зусім малы! Што ён табе расказаў бы? Што зубрам смачнейшае – трава ці лісце раслін? Дык пра гэта ты і сама ў “Чырвонай кнізе Беларусі” можаш прачытаць.
– Ага, спадарыня Наталля... Я так і не даведалася, за што зуброў выбралі сімвалам Беларусі. Выходзіць, што яны для гэтага не зрабілі НІ-ЧО-ГА! НІЧАГУСЕНЬКІ!!! – мая прыяцелька зноў відавочна пачала нервавацца.
– Затое ад Валера мы ўведалі, што зубры умеюць адчуваць ВЕЧНАСЦЬ… Слухай! – узрушылася я. – Гэта ж таму зубр і ёсць сімвалам! Бо ў кожным народзе жыве мара пра вечную славу сваёй зямлі! А зубры такія далёкія ад штодзённай мітусні, што міжволі верыш ў іх знітаванасць з ВЕЧНАСЦЮ!
Напэўна, маё хваляванне не спрыяла даходліваму тлумачэнню. Бо Адэля глядзела на мяне дакорліва.
– Ат, пані Наталля, вы зноў са сваімі ўражаннямі! А мы, між іншым, мае праблемы абмяркоўваем!
– Ну якія праблемы, Адэлю? Сама падумай! Інтэрв’ю ты ўсё ж узяла. І магчыма, гэта было першае зубрынае інтэрв’ю ва ўсім свеце.
– Праўда? – ажно заззяла авечачка. – Вы дакладна ведаеце?
Я пераканаўча заківала галавой.
– А што ж вы думалі, – да Адэлі імгненна вярнулася яе самаўпэўненасць, – выбітная тэлезорка і не на такое здольная! Я магу разгаварыць каго заўгодна! Шкада, што зрок у зуброў не надта востры. Наўрад яны змаглі разгледзець маю прыгажосць. І хоць гэты зубр Валер быў не самым прыемным суразмоўцам…
- Не наракай! – перапыніла я авечку. – Усё ж ты сама яго зачапіла. Нам яшчэ пашчасціла, што вытрымка не здрадзіла Валеру. Бо ўгневаны зубар можа з лёгкасцю ламаць вялікія дрэвы!
- Ваша праўда! Не хацела б я стаць сведкай зубрынага гневу, –прызналася Адэля. – Дык вось! Я вырашыла падарыць Валеру напамін пра нашу сустрэчу!
– Ты зноў выправішся ў пушчу, каб зрабіць яму падарунак?
– А вось і не! Усё значна прасцей! Я даручыла егеру перадаць зубру Валеру кепку з яго выявай і значок – з маёй!
– Здорава, – ухваліла я Адэльчыну ідэю.
– Дні вечнасці падобныя адзін да другога як дзве каплі вады! Дык няхай хаця б нейкі з іх будзе асабліва запамінальным, – падсумавала Адэля.
Праз некалькі дзён я ўлучыла Адэліну тэлеперадачу. Анонс паведамляў:
Увага! Першае зубрынае інтэрв’ю ў свеце! Самы знакаміты зубр нашай краіны дае інтэрв’ю!
На экране Адэлька красавалася побач з пушчанскім асілкам Валерам. Здымачная група выдатна папрацавала, інтэрв’ю было знята вельмі ўдала. Авечачка выглядала такой мізэрнай у параўнанні з маладым волатам! А той трымаўся так спакойна і годна, яго хрыпаты голас гучаў так пераканаўча! Асабліва там, дзе Валер разважаў пра вечнасць. Нават сцэна, калі зубр раптоўна развярнуўся, спыніўшы нашу сустрэчу, была пададзена як рэжысёрская задумка.
– Вядома, – расказвала Адэля пасля відэарэпартажу, седзячы ў тэлестудыі перад камерай, – у мяне было яшчэ шмат пытанняў да Валера. Напрыклад, ці ведае ён, што зубрыныя выявы выкарыстоўваюцца не толькі на паштовых марках, а яшчэ і на юбілейных манетах. Але я зразумела, што зубры ані не дбаюць пра сваю папулярнасць, – крыху пафасна пабедавала вядоўца. – Што ж, кожнаму сваё. Няхай зубры злучаюць штодзённасць у ВЕЧНАСЦЬ. І лепш лішні раз ім не назаляць!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by