11.06.2024
11.06.2024

Зубрынае інтэрв’ю для авечкі Адэлі (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Авечка Адэля засяроджана сапла, седзячы за маім кампутарам. Калі-нікалі  я саступала ёй сваё працоўнае месца. Бо ў выбітной зоркі тэлебачання здараліся прыступы натхнення!

Адэля неаднойчы рвалася напісаць новы сцэнар для перадачы пра жывёл, што шукаюць вышэйшага прызначэння ў жыцці. Аднак пакуль ёй давяралі быць толькі вядоўцай узгаданай тэлеперадачы. Па-праўдзе, час ад часу яе прыдумкамі карысталіся. І тады здымкі перадачы праходзілі асабліва ўдала. Адэля ў такія дні нагадвала ўсім і кожнаму, што яе кар’ерны рост працягваецца, бо яна ўжо сааўтар сцэнарыста! Аднак гаспадары фермы «Каляроўка», на якой Адэля па-ранейшаму працавала, не згаджаліся купляць ёй кампутар.

Адэля

– Калі тэлебачанню патрэбныя твае таленты сцэнарыста, няхай яно і паклапоціцца пра набыццё кампутара! У нас жа ты па-ранейшаму працуеш авечкай. І для выканання гэтай працы ў цябе ёсць усё неабходнае! – катэгарычна заявіў пан Пастэрнак.

Адэліны гаспадары мелі рацыю. Камп'ютар у загончыку не мог спрыяць нармальнаму адпачынку авечачкі пасля працоўнага дня. Таму натхненне даганяла Адэльку найчасцей тады, калі яна гасцявала ў мяне. Сённяшні вечар не быў выключэннем. Адэля то з імпэтам барабаніла па клавіатуры, то сцішвалася на некалькі хвілін, то ўзрушана бегала па пакоі.

– Пані Наталля! Што вы ведаеце пра зуброў? – раптам запыталася авечка.

– Нечаканае пытанне, – разгубілася я. – Нібыта і нямала ведаю…

– Але што канкрэтна? – настойвала Адэля.

– Ну, зубр, гэта магутная жывёліна. Яна здаўна з’яўляецца сімвалам нашай краіны…

– Вось! – падняла ўгору капыток Адэля. – Чаму менавіта зубр – сімвал? Чым ён знакаміты? Што зрабіў, каб стаць такім папулярным?

– А чаму цябе зацікавіў зубр? Ён у нас не адзіны сімвал.

– Усё проста! На наступным тыдні я буду браць у зубра  інтэрв’ю. Дык чаму яго абралі сімвалам? Што, больш годных жывёл не знайшлося?

Адэля

У Адэльчыным голасе чулася непрыхаваная незадаволенасць. Я даўно прыкмеціла, што для Адэлі няма больш заслужаных жывёл, чым авечкі. І зразумела, што на мяне ўскладзеная важная місія – апраўдаць перад амбіцыйнай авечачкай зубрыныя заслугі.

– Разумееш, Адэлю, – задумліва пачала я, – зубр здаўна ўражваў чалавека сваёй магутнасцю і веліччу…

– Чакайце-чакайце! Якога канкрэтна чалавека? Дзе ён, той чалавек? Адзін чалавек уразіўся, і ўжо на табе – адразу сімвалам прызначылі?

– Не, Адэлька, дакладна не адзін чалавек! Я думаю, што кожны, хто бачыў зубра на свае вочы!

– Не люблю я гэтыя размовы пра кожнага! Вось вы – бачылі зубра? – прыступала да мяне авечка.

– Бачыла.

– І што, вас ён таксама ўразіў?

Я пераканаўча заківала галавой.

–  Чым? І дзе гэта вы яго бачылі? – насядала Адэля з пытаннямі.

– Упершыню – яшчэ школьніцай. Падчас экскурсіі ў Бярэзінскі запаведнік. Ведаеш, зубр сапраўды ўражвае! У ім адчуваецца не проста магутнасць дзікага звера. Ён нібыта пласты часу нясе на сваім хрыбце. Глядзіш, і адчуваеш усю глыбіню мінулых вякоў!  Зубр – як звяно ланцуга, як повязь мінулага і сучаснага.

Я прамовіла гэта так узрушана, што Адэля незадаволена хмыкнула:

– Не думала я, што вы такая ўражлівая, спадарыня Наталля!

Кнігі

– Ды каб жа толькі я! Падумай сама! Выявы зубра выкарыстоўваліся  на гербах славутых родаў. Яны сімвалізуюць непераможнасць, уладу, мужнасць, велікадушнасць. Паэты, мастакі, скульптары, пісьменнікі прысвячаюць свае творы зубру. Паэма «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага – раз! У паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» – зубр неаднойчы згадваецца – два! У «Палесскіх рабінзонах» Янкі Маўра – сцэна забойства апошняга зубра – тры! Гэтыя творы і іх аўтары ўжо даўно сталі нашай гісторыяй.  А ўзгадайма мноства вершаў сучасных аўтараў для дзяцей і дарослых! — я перавяла дух. Спяшаючыся ўсё занатаваць,  Адэля малаціла па клавіатуры.

– І гэта далёка не ўсё! – працягвала я. – У Беларусі і веласіпед называецца «Зубраня», і хакейныя каманды, і найлепшы лагер для дзіцячага адпачынку! Самая вялікая ў свеце скульптура зубра знаходзіцца на мяжы Мінскай і Брэсцкай абласцей на трасе ля вёскі Петкевічы. Між іншым, вышыня яе – дваццаць метраў, а вага 76 тон! Уяўляеш? А вялізная светавая фігура зубра на праспекце Дзяржынскага! На іншых мінскіх вуліцах таксама сустракаюцца скульптуры зуброў, толькі меншыя.  Ды ты павінна іх памятаць – фотасесію нядаўна ладзіла! Ніводзін фотаальбом беларускай прыроды не абыходзіцца без здымкаў зуброў. Іх выявы друкуюць на цішотках, на кепках. Вобраз зубра Валера суправаджаў Чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску. І на адкрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў зубра не абыйшлі ўвагай, – з запалам працягвала я.

– Ага, ага, – згодна заківала авечачка. – Гэта і я на свае вочы бачыла.

Зубраня

– А калыханку памятаеш? «Недзе ў Белавежы дрэмле зубраня» – працытавала я. – Бачыш, вобраз зубра ў нас сапраўды вельмі любяць.

– Але патлумачце мне, пані Наталля! Калі зуброў так шануюць… Як магло здарыцца, што калісьці быў забіты апошні зубр? І адкуль яны зноў узяліся?

Я парадавалася Адэлінай зацікаўленасці. Не ўсё ж ёй пра бранзалеты ды завушнічкі балбатаць! Расказала, што паляванне на зуброў на нашых землях было ўлюбёнай пацехай многіх пакаленняў каралёў і князёў. А пасля і звычайных браканьераў. Пасля знішчэння апошняга белавежскага зубра недзе ў 20-х гадах ХХ стагоддзя вучоным прыйшлося нямала папрацаваць, каб узнавіць зубрыны статак.  Давялося звяртацца за дапамогай у тыя краіны, дзе зуброў удалося захаваць, дзякуючы ўтрыманню іх у запаведніках і заапарках. І толькі пачынаючы з 1951г. зуброў пачалі вяртаць у дзікую прыроду.

– Як бачыш, Адэлю, вялізныя памеры не заўсёды могуць засцерагчы жывёл ад вынішчэння.

– Што ўжо гаварыць нам, безабаронным авечачкам, – расчулілася Адэля.

– Наколькі мне вядома, – авечаму роду вынішчэнне не пагражае, – запярэчыла я.

– Так, – згадзілася Адэля. – Але ўзгадайце: нас таксама стала менш, хоць карысці мы прыносім цэлую процьму.

– Але інтэрв’ю табе трэба браць у зубра, – нагадала я.

– Ну, – зрабіла незалежны выгляд Адэля, – пабачым, што самі зубры думаюць пра сваю папулярнасць! На сёння досыць пра зуброў! Ноч на двары! Мне пара на ферму. Дабранач!

Аўтобус

Прайшло колькі дзён. Адэля штовечар забягала да мяне і адразу ўладкоўвалася за камп'ютарам. Некалькі хвілін апантана стукала па клавішах, частавалася гарбатай з печывам, улучала “Калыханку” пра зубраня на словы А.Вольскага, а пасля скоранька адвітвалася і спяшалася ў свой загончык. Дзень інтэрв’ю з зубрам набліжаўся. Прызнаюся шчыра, мне таксама вельмі хацелася паўдзельнічаць у гэтай прыгодзе! Я патэлефанавала рэжысёру перадачы і напрасілася ў вандроўку ў Белавежскую пушчу разам са здымачнай групай.

А яшчэ мушу прызнацца, што да гэтага часу я ніколі не была ў Белавежскай пушчы. Уяўляеце? Самой сорамна. Усё ж гэта яшчэ адзін сімвал нашай краіны. Але, відаць, прыйшоў час выпраўляцца. Дарэчы, якраз у гэтым месцы ў вольнай прыродзе жыве найбольш зуброў.

На маё здзіўленне, у аўтобусе Адэля села падалей ад мяне.

– Мне перад інтэрв’ю трэба засяродзіцца, спадарыня Наталля, – заявіла авечачка, – а вы – вядомая балбатуха!

Я не стала спрачацца, уладкавалася зручней на сваім месцы і заснула. Выпраўляліся ў дарогу мы рана. Ад Мінска да Белавежскай пушчы не блізкі свет!

Карацей, я ціхамірна праспала ўсю дарогу. Нікому не назаляла размовамі. І балбатухай называць мяне не было за што. Больш таго, ледзь не ўся здымачная група ўзяла з мяне прыклад і ціха драмала, закалыханая дарогай.

Калі-небудзь я абавязкова напішу пра свае ўражанні ад сустрэчы з Белавежскай пушчай. Але дакладна не сёння. Бо зубры зноў завалодалі маёй увагай. Здаецца, я ніколі не перастану дзівіцца іх веліччу і магутнасцю!

Мне не дужа верылася, што зубры дадуць згоду на інтэрв’ю, але варта было паспрабаваць.  Можа хто не ведае, што зубры хаця і лічацца жывёламі міралюбівымі ў дачыненні да чалавека, але залішняй увагі да сябе не любяць. Таму мы паводзіліся вельмі абачліва. Відаць, гэта спрыяла таму, што статак, да якога нас вывеў егер, не зважаў на нас. Зубры і зубрыцы розных узростаў і памераў працягвалі пасвіцца, а іншыя проста палежвалі ў засені дрэў.

Зубраня

Для рэпартажу рэжысёр выбраў самага вялізнага і магутнага зубра са статку, сапраўднага волата. А дамаўляцца наконт інтэрв’ю выправілі Адэлю. Бо хто ж лепш за яе валодае мовай дзікіх жывёл? Дарэмна Адэля рабіла выгляд, што зубры яе не ні макулінку не ўразілі. Дарэмна прыкідвалася адважнай. Кожны крок у накірунку да магутнага асілка даваліся авечцы з такой цяжкасцю, быццам да яе капыткоў былі пачэпленыя пудовыя гіры. (Дарэчы, калі хто забыўся, пуд – гэта 16кг.)

Зубр назіраў за набліжэннем Адэлі знешне спакойна. Толькі самае пільнае вока магло заўважыць стоеную незадаволенасць. Але вось незадача! Варта было Адэлі наблізіцца, як у нос волату трапіла нейкая кузурка. Зубр чмыхнуў і крутануў галавой. Адэля адразу – брык  – і самлела! Мы кінуліся ледзь не пад ногі зубру, схапілі нашу выбітную вядоўцу, апырскалі яе вадой, падзьмухалі на вейкі, каб неяк ачуціць. Зубр цярпліва чакаў, чым скончыцца наша валтузня. Але пасля таго, як Адэля яшчэ тройчы траціла прытомнасць, ён не вытрываў, коратка рыкнуў і адышоў падалей. Ачомаўшыся, Адэля заявіла: яна з першага моманту зразумела, што з яго і слоўца не выцягнеш!

На інтэрв’ю запрасілі крыху маладзейшага і меншага зубра. Адэлю ўсю калаціла. Папрасілі прабачэння і пашукалі яшчэ меньшага і маладзейшага. Наша тэлезорка прыкметна заікалася. Урэшце рэжысёр прапанаваў Адэлі самой выбраць. Авечка ўздыхнул з палёгкай. Супакоіўшыся, яна крутанулася туды-сюды і ўпэўнена пашыбавала да маленькага зубраняці. Дарогу да яго заступіла маладая мамка-зубрыца. На здзіўленне, Адэлі ўдалося запэўніць яе: нічога благога дзіцятку не пагражае. Зубрыца спынілася, даўшы магчымасць вядоўцы з аператарам падыйсці бліжэй да малога. А ён якраз ні на каго не звяртаў увагі! Качаўся у пыле, дурэў, як любое дзіця.

– Гэй! Як цябе? Вылазь! – уладным голасам паклікала Адэля.

Зубраня агледзела нашу кампанію.

– Навошта?

– Я ў цябе буду браць інтэрв’ю!

– А як ты яго возьмеш, калі ў мяне яго няма! – засмяялася малое.

– Ну, я буду задаваць пытанні, а ты мусіш адказваць, – патлумачыла Адэля.

Авечка Адэля

– А калі я не хачу?

– Вось яшчэ! – фыркнула авечачка. – Цэлая здымачная група чакае яго ласкі, а ён упарціцца! – ля маленькага зубраняці Адэля зноў адчувала сябе ўпэўненай зоркай тэлеэкрана. – Глядзі, я табе цукерку прывезла!

І памахала перад носам зубраняці каляровай абгорткай.

– Мне мама не дазваляе есці салодкае, – заявіла малое. – Ад яго апетыт псуецца.

– Ага! – схапіла працягнуты кімсьці мікрафон Адэля і тыцнула яго пад нос зубраняці. – А што яшчэ табе забараняе маці?

– Толькі тое, што шкодзіць майму здароўю!

– І ты з усім згаджаешся? Усё выконваеш? Ці, можа, табе часам хочацца парушыць навязаныя правілы?

– Што ты да мяне прычапілася? Не хачу я адказваць на твае нудныя пытанні! Хочаш: давай разам у пыле качацца! Весела!

Адэля падцяла вусны. Ага! Як жа! Палезе наша гламурная тэлевядоўца ў пыл!

– Ты мне зрываеш цэлы здымачны дзень! – завялася Адэля. – Не будзь такім упартым, дык па тэлевізары пакажуць!

– А ў нашай пушчы няма ніякіх …візараў! Хочаш, ідзі да Валеркі.  Пытайся ў яго, што табе трэба.

І малы, выразна крутунуўшы галавой у бок маладога, але ўжо вялікага і моцнага зубра, зноў з задавальненнем заёрзаў ў пыле.

📌 Чытайце таксама:

Прыгоды авечкі Адэлі. Пачатак тэатральнага сезона (казка) + аўдыё

Выкраданне з бОльніцы (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская