Памятаеце Лепісіна і Быляка, вітамінных чалавечкаў? У мінулай гісторыі яны прыдумалі, як ратаваць дзяцей ад алергіі! А сёння ідуць на дзень народзінаў!
Лепісін і Быляк спяшаліся ў госці. Яны былі запрошаныя на Дзень народзінаў да Алісы і Васілінкі. Абедзве нарадзіліся ў кастрычніку. Васілінка меншая за Алісу толькі на два гады і тыдзень. Дык чаму б не святкаваць разам?
Кожны з вітамінных чалавечкаў цягнуў торбу садавіны. На свяце будзе поўна дзяцей. Значыць, вітамінны пачастунак абавязкова спатрэбіцца.
– Як думаеш, Быляк, дзяўчаткі ўжо прывыклі абіраць яблыкі, перш чым з’есці? – сапучы пад цяжарам апельсінаў, запытаўся Лепісін.
– Упэўнены! Не забывайся, у іх яшчэ старэйшыя сястрычкі ёсць: Злата і Соня. Талковыя дзяўчаткі! І самі дадуць рады любому яблыку, і меншым падкажуць. Так што сёння будзем новую навуку засвойваць.
– На свяце? Быляк, не смяшы мяне! Хто ў святочным гармідары будзе тваю навуку слухаць?
– А я зраблю так, каб слухалі! Правяду майстр-клас! Навучу дзяцей ціскаць сок з яблыкаў! Бачыш, сокавыціскалку прыхапіў.
– Добра прыдумаў, – ухваліў Лепісін. – Чакай, а чым жа мне іх зацікавіць?
– Не хвалюйся! Пакуль соку націскаем, пакуль імянінніцы свечкі на торціку пазадзімаюць, пакуль карагоды паводзім – ужо не да тваіх апельсінаў будзе!
– Што ты маеш супраць апельсінаў? – захваляваўся Лепісін. – Хіба яблычныя вітаміны лепшыя? Ні на макулінку!
– Не-не, прабач! Гэта я не падумаўшы! – сумеўся Быляк.
Каб суцешыць пакрыўджанага Лепісіна, ён хуценька прапанаваў:
– І ты правядзі майстар-клас!
– Які?
– Навучы дзятву розным спосабам нарэзкі апельсінаў! – знайшоўся Быляк.
– О! Геніяльна! – зарадаваўся апельсінавы чалавечак. – Так і зробім!
На свяце дня народзінаў Алісы і Васілінкі ніхто не сумаваў. Карагоды, песні, гульні, скокі! Паветраныя балёнікі, напоўненыя адмысловым газам – геліем – ківалі гасцям з-пад самай столі рознакаляровымі галоўкамі. Ад руху паветра ў пакоі яны блукалі туды-сюды, цягнучы за сабою свае стужачкі.
Яблычны сок і госці, і імянінніцы ціскалі з такім імпэтам, што ён ліўся з сокавыціскалкі ў шклянкі ракой. А тыя, хто не здолеў праціснуцца на Былякаў майстар-клас, засвойвалі навуку абіраць і наразаць апельсіны.
– Думаеце, гэта проста? – пытаўся ў дзяцей Лепісін. – І колькі спосабаў вы ведаеце?
Ён раздаў дзецям апельсіны – і пачалося абіранне-наразанне.
Абіралі асцярожна, каб не параніць ручкі і апельсінчыкі. І каб са скуркі атрымаліся доўгія прыгожыя серпанцінкі.
– Іх можна высушыць і зрабіць упрыгожанні на навагоднюю ялінку.
Павесіць на ялінку апельсінавыя серпанцінкі захацелася ўсім!
– А яшчэ можна зрабіць цэдру са скурак, пацёршы іх аранжавым бокам на тарцы. Будзеце пячы яблычны пірог – смела дадавайце апельсінавую цэдру. Смаката – пальчыкі абліжаш! – тлумачыў Лепісін зацікаўленым хлопчыкам і дзяўчаткам.
– Цяпер бяромся наразаць апельсіны! Самая прыгожая форма – круглая. Можна нарэзаць неабабраны апельсін, кружочкі высушыць – і таксама на ялінку.
– А можна іх проста разабраць на долькі? – спыталася Васілінка.
– Вядома, – усміхнуўся Лепісін. – Так нават хутчэй. І сок не будзе цячы, як з парэзаных кавалачкаў.
Дзеці з захапленнем рэзалі апельсіны ўздоўж і ўпоперак, кружочкамі, трохкутнічкамі, палосачкамі. І частавалі тых, хто ціскаў сок з яблыкаў.
А пасля усёй вялікай грамадой выйшлі запускаць балёнікі ў неба.
Тата імянінніц кожны балёнік зачапіў на нітачку з яшчэ не разматанай шпулькі і патлумачыў дзецям, каб яны нізавошта не адпускалі канец нітачкі, калі яна ўся разматаецца. Дзеці з радасцю пагадзіліся.
Пакуль усе любаваліся рознакаляровым воблачкам з балёнікаў, што завісла высока ў небе, тата тлумачыў, што адпушчаныя балёнікі прыносяць вельмі шмат шкоды. У іх нітачках заблытваюцца птушкі. А калі балёнікі апускаюцца на зямлю, яны робяцца проста смеццем.
Лепісін і Быляк разам з дзецьмі засвоілі навуку і паабяцалі падзяліцца ёй з усімі, хто прачытае гэтую гісторыю.
А яшчэ іх вельмі зацікавіла, які спосаб нарэзкі апельсінаў вам найбольш спадабаўся. Паспрабуеце?
Нават дзіўна, чаму фраза «Сядзі спакойна, а то спіну скрывіш», не ўвайшла ні ў адзін топ самых распаўсюджаных бацькоўскіх настаўленняў. Хаця б аднойчы, але яе дазволіла сабе кожная мама, дзіця якой дарасло да школьнай парты.
Пераважная большасць бацькоў перакананая ў тым, што асноўная прычына дзіцячага скаліёзу крыецца ў няправільным становішчы спіны і цела пры занятках седзячы. І ў гэтым іх галоўная памылка.
Правільная пастава дзіцяці седзячы за сталом, безумоўна, мае значэнне. Але не як першапрычына ўзнікнення скаліёзу, а як фактар, які правакуе і пагаршае развіццё паталогіі.
Дакладна паказаць прычыну скрыўлення пазваночніка ў 8 выпадках з 10 не могуць нават урачы. Менавіта ідыяпатычны (у даслоўным перакладзе з грэчаскай мовы – «хвароба сама па сабе», «невядомая прычына») з'яўляецца самай распаўсюджанай формай скаліёзу і выяўляе сябе ў перыяды інтэнсіўнага росту шкілета: часцей за ўсё ў 5-8-гадовым узросце. У Беларусі дэфармацыя пазваночніка рознай ступені зафіксаваная як мінімум у 5% школьнікаў.
80% выпадкаў скаліёзу маюць няпэўнае паходжанне і характарызуюцца сукупнасцю прычынаў. Захворванне перадаецца па генетычнай лініі ад бацькоў да дзяцей. Дзяўчынкі схільныя да яго ў 5-6 разоў часцей за хлопчыкаў.
Яшчэ 20% выпадкаў дэфармацыі пазваночніка абумоўленыя захворваннямі нервовай сістэмы, траўмамі, парушэннямі метабалічных працэсаў у арганізме, інфекцыйнымі хваробамі.
Станіслаў Траццяк, траўматолаг-артапед:
– Няпэўная этыялогія скаліёзу – не падстава пусціць справу на самацёк.
Наадварот! Часцяком бацькоўская ўважлівасць дапамагае своечасова выявіць пачатак дэфармацыі пазваночніка ў дзіцяці і прыняць адпаведныя меры.
Калі дзіця горбіцца, пры пісьме за сталом відавочна выстаўляе наперад адно плячо і лічыць такую позу для сябе камфортнай, перыядычна скардзіцца на боль у спіне і нагах, хуткую стамляльнасць – гэта падстава паказаць яго артапеду.
Не лішнім будзе раз на паўгода «вывучаць» спіну дзіцяці, нават калі вам здаецца, што вы ведаеце ў ёй кожны сантыметр. Папрасіце дзіця стаць спіной да вас, яго торс пры гэтым голы, рукі выцягнутыя ўздоўж тулава, ногі прамыя і знаходзяцца на адной лініі, ступні разам.
Калі хаця б у аднаго з бацькоў ёсць устаноўлены дыягназ скаліёзу – гэта ўжо дастатковая і важкая прычына рэгулярна назіраць дзіця ў артапеда.
Дакладна вызначыць наяўнасць скаліёзу можа толькі артапед. Паколькі ні відавочная асіметрыя лапатак і надплеччаў, ні розная глыбіня вуглоў таліі і перакос таза яшчэ не кажуць пра існуючы скаліёз. Гэтак жа, як само па сабе не з'яўляецца сведчаннем скаліёзу зафіксаванае на рэнтгенаграме скрыўленне пазваночніка. Для пастаноўкі дыягназу прынцыпова выяўленне торсіі пазванкоў (ад лац. torsio – «кручэнне»; скручванне пазванкоў вакол восі пазваночніка. Менавіта торсія з'яўляецца пачатковай праявай скаліёзу).
Станіслаў Траццяк, траўматолаг-артапед:
– Пазваночнік – адна з самых складаных канструкцый у арганізме чалавека. Формаў і пабудоў яго вялікае мноства, і яны амаль гэтак жа індывідуальныя, як адбіткі пальцаў. Разам са звязкамі, мышцамі спіны, пярэдняй брушной сценкі, тазавага і плечавога пояса ён уяўляе сабой магутны орган апоры і руху, надае форму тулаву і нясе на сабе цяжар усяго цела, калі мы сядзім, стаім ці рухаемся.
Менавіта таму развіццё скаліёзу як дэфармацыі пазваночніка немінуча цягне за сабой і іншыя змены шкілета, неспрыяльна адбіваецца на працы ўнутраных органаў і сістэмаў чалавека. Пазваночнік фарміруецца да 20-22 гадоў, пасля чаго прымае сваю пастаянную форму.
Таму так важна своечасова выявіць захворванне, прыняць адэкватныя меры для яго лячэння. Яшчэ лепей – не дапусціць, наколькі гэта магчыма, развіцця паталогіі.
У залежнасці ад лакалізацыі скрыўлення пазваночніка падзяляюць тыпы скаліёзу: верхнегрудны, грудны, грудапаяснічны, паяснічны, камбінаваны. Тактыка лячэння скаліёзу залежыць ад ступені дэфармацыі пазваночніка, якую ўстанаўліваюць пры дапамозе рэнтгенаграмы.
У сучаснай артапедыі існуюць тры асноўныя метады лячэння скаліёзу:
Дэфармацыя пазваночніка без адэкватнага лячэння адбіваецца на рабоце практычна ўсіх унутраных органаў і сістэмаў чалавека. У першую чаргу пакутуюць лёгкія, з прычыны чаго тканкі і органы недаатрымліваюць кісларод.
Парушаюцца функцыі сардэчна-сасудзістай і апорна-рухальнай сістэмаў. Дыхавіца, пачашчанае сэрцабіцце, міжрэберная неўралгія і боль у паясніцы, дысфункцыя нырак і рэпрадуктыўных органаў робяцца звычайнай справай і значна пагаршаюць якасць жыцця чалавека.
Як вядома, прафілактыка – лепшае лячэнне любой хваробы. Для папярэджання развіцця скаліёзу гэтае правіла асабліва актуальнае. Клапаціцца пра здароўе дзіцяці неабходна з моманту зачацця. А пасля таго, як малыш з'явіўся на свет, захаваць яго спіну роўнай на ўсіх этапах сталення дапамогуць гэтыя правілы, якія кожны з бацькоў павінен ведаць на памяць.
1. Правільна трымйце нованароджанага на руках, прытрымліваючы спінку.
2. Не фарсіруйце падзеі, спрабуючы раней часу прымусіць малое сядзець альбо ўстаць на ногі. Гэтаму яно павінна навучыцца само.
3. Матрац у ложку дзіцяці павінен быць даволі жорсткім, лепей – артапедычным. Падушку класці варта толькі пасля года, пры гэтым перавагу аддаць практычна плоскай.
4. Прывучыце дзіця займацца любімай справай – маляваць, ляпіць, складваць канструктар, выразаць аплікацыі – седзячы за сталом. Звярніце ўвагу: сядзець нерухома больш за 20 хвілін – шкодна. Прапануйце дзіцяці, якім бы займальным ні быў яго занятак, адцягнуць увагу літаральна на хвіліну і размяцца.
5. З ранняга дзяцінства прывучыце дзіця займацца ранішняй гімнастыкай. Самі будзьце яму ў гэтым прыкладам.
6. Навучыце дзіця правільна сядзець падчас заняткаў. Садзіцца варта на край крэсла, каб ногі былі сагнутыя пад прамым вуглом, спіна прамая, плечы распраўленыя, патыліца ледзь прыпаднятая ўверх, падбародак, наадварот, злёгку апушчаны. Такое становішча толькі на першы погляд выклікае цяжкасці. Але пры пэўнай настойлівасці і дысцыпліне ўжо зусім хутка гэтая пастава зробіцца абсалютна натуральнай і камфортнай для дзіцяці. Яна не толькі дазволіць знізіць верагоднасць скрыўлення пазваночніка, але і палепшыць кровазабеспячэнне галаўнога мозгу.
7. Паўнавартаснае і збалансаванае харчаванне – адзін з асноўных момантаў у прафілактыцы скаліёзу. Рацыён дзіцяці ад нараджэння павінен быць багатым на вітаміны і мінералы. Кальцый, цынк і медзь асабліва каштоўныя для фарміравання пазваночніка.
8. Забяспечце дзіцяці фізічную актыўнасць. Плаванне – лепшы сродак для прафілактыкі і метад падтрымліваючай тэрапіі пры лячэнні скаліёзу. Катанне на лыжах і заняткі танцамі таксама выдатна ўмацуюць мышцы спіны і навучаць правільна трымаць паставу.
9. Паслухмянае дзіця – гэта цішыня і парадак у доме. Рухомае – гэта здаровае і гарманічна развітае дзіця. Вызначыце для сябе прыярытэты.
Падарожжа даўно пераваліла за экватар… Здаецца, ужо і стомленасць павінна адчувацца… Але наш велавандроўнік Васіль Літвін яе быццам і не адчувае. Мяркуючы па відэа… У яго ўсё яшчэ стае імпэту ды сіл і круціць больш за 100 км у дзень (!), і захапляцца цікавосткамі ды здымаць іх для нас…
Дзякуючы вашым відэа, Васіль, я цяпер ведаю, што хачу пабачыць на свае вочы. Камаі!
Сапраўды, тамтэйшы касцёл варты гэтага. Ён вельмі незвычайны, спецыфічны, абарончага тыпу. Пачатак 17 стагоддзя. Я раней у нас у Беларусі такой архітэктуры і не бачыў… Да гэтага быў ужо аднойчы ў ім. Там такі класны арган…
І вам жа ўдалося зайсці ўнутр?!
Так! І ў папярэдні раз, і цяпер. Гадоў 15 таму я ездзіў у Камаі з чэрвеньскай групай турыстаў. І тады мы паслухалі арган, мне вельмі спадабалася. Але ж гэтым разам для аднаго мяне ніхто граць не стаў (смяецца). Глядзіце відэа вышэй па спасылцы – там усё ёсць.
А далей, міма шматлікіх азёраў, я паехаў у бок Астраўца. І па дарозе – вёска Варняны (першы пісьмовы ўспамін пра Варняны датуецца 1391. – аўт.) Таксама варта заехаць і палюбавацца на вялізны касцёл.
А далей у нас – БелАЭС.
І мы ўсё глядзім на відэа! У тым ліку і тое, як вы чакаеце, пакуль смоўж перапаўзе дарогу. Феерычна!
А затым вы кіруеце, нягледзячы, што дзень хіліцца да вечара…
… У Гервяты. Дзе адна з самых прыгожых жамчужынаў Беларусі – касцёл. Гэта такое цудоўнае месца! Я б сказаў – месца сілы. Даўно хацеў пабачыць на свае вочы – і ніяк у мяне не атрымлівалася чамусьці.
Так, і цямнела, і ўнутр не трапіў. Але там такая прыгожая тэрыторыя! І так велічна глядзіцца касцёл!
А мы вось патрапілі! І я не хацела з касцёла выходзіць, хаця таксама варта было ўжо паварочваць дахаты… Вялікі дзякуй сям’і брата, якая запрасіла мяне ў аўтамабільную вандроўку!
Значыць, мне трэба будзе яшчэ раз прыехаць, каб трапіць унутр! (смяемся)
А яшчэ на гэтым відэа паказаны быт велавандроўніка ў цемры! Каму цікава, абавязкова дагледзьце да заканчэння!
Ну, і такое бывае… Гэтае месца начоўкі ў мяне было запланаванае зараней – на беразе вадасховішча. Там таксама зона адпачынку з альтанкамі. І яна ёсць на картах. Я з Гервятаў хутчэй пакруціў. Бо сонца садзіцца, а мне ж трэба яшчэ пакупацца. І я паспеў!
Выдатна!
На раніцу – у Астравец. А непадалёк ад Астраўца ёсць вядомая чыгуначная станцыя Гудагай…
А вось туды мы і не трапілі. Бо цямнела ўжо… Трэба было спяшацца дадому. Затое незапланавана заскочылі ў маё горача любімае Крэва!
Таксама цікава. А станцыя вельмі прыгожая. У старажытным стылі. Я туды прыехаў, дастаў відэакамеру – і давай здымаць. І тут прыходзіць чалавек у чыгуначнай форме і сварыцца. Маўляў, ніякіх здымкаў! Памежная станцыя!
Кажу яму:
– Дык я ж не ўнутры здымаю, а звонку…
– Нідзе нельга!
І прагнаў мяне. Але штосьці я паспеў зняць…
За станцыяй Гудагай ёсць вёска Малы Гудагай. Там касцёл, ён драўляны. А побач – вялізная тэрыторыя. Там сцэна, лаўкі. Мабыць, ладзяцца хрысціянскія святы.
У Малым Гудагаі мяне напаткала вялікая навальніца! І гэтая сцэна з навесам якраз мяне і выратавала. Я там зварыў сабе кавы, з’еў каўбасу з сырам…
З камфортам уладкаваліся! (смяемся)
Так! Вось для гэтага і патрэбныя запасы… Перачакаў навальніцу – і паехаў у бок Ашмянаў. Там мяне цікавіла сінагога. І я вельмі доўга, мусіць, з гадзіну ездзіў па горадзе ў пошуках яе.
На карце ёсць. Еду ў той бок, а там двары, прыватныя домаўладанні. Бачу здалёк – сінагога. Але як жа да яе пад’ехаць? Гэта стары вялікі цагляны будынак…
Затым я ўсё ж знайшоў сцежку паміж дварамі. Можна пад’ехаць, але толькі з аднаго боку. З іншага падыходзяць агароды. Сінагога, канешне, старая, але не дзейнічае. На фасадзе барэльеф з габрэйскай сімволікай. Памятная таблічка, што ахоўваецца дзяржавай. І ёсць інфармацыя пра гэты помнік архітэктуры.
Сінагога перастала дзейнічаць пасля вайны, бо шмат габрэяў знішчылі фашысты. А тыя, хто ацалеў, відаць, пазней з’ехалі… Ну, і для такога вялікага будынка трэба шмат вернікаў.
І пасля Ашмянаў…
… было цудоўнае мястэчка Солы з касцёлам, затым – Смаргонь. Дзе я нечакана трапіў на баль выпускнікоў (смяемся).
І далей пакіраваў ужо ў бок Маладзечна. А па дарозе – цудоўнае возера Белае з месцам для адпачынку. Яно не абсталяванае, проста пляжык. І куча рыбакоў.
Так часта бывае… Раніцай прачынаешся, вылазіш з палаткі… Рыбакі падыходзяць:
– Ну што, налавіў чаго?!
– Ды я ўвогуле-то не рыбак…
І такое расчараванне (смяемся)…
Па шляху трапілася на вочы вёска Залессе. Таксама не думаў заязджаць. А там указальнік: «Музей-сядзіба Агінскага».
Так, і мы былі! Толькі па дарозе туды… І дзякуй вам, Васіль, за відэа адтуль, за такое цудоўнае музычнае суправаджэнне – паланэз Агінскага «Развітанне з Радзімай»…
Мне там вельмі спадабалася! І тэрыторыя, і сам музей, хаця ўнутр не заходзіў, і альтанкі з гісторыяй…
І ў музеі вельмі хораша!
Далей у мяне была прамая дарога на Маладзечна. Але я вырашыў заехаць у вёску Кеўлы. Там невялікая царква, даволі старая. І адтуль паехаў добрай дарогай – не такой, як ажыўленая Смаргонь-Маладзечна. На шляху была вёска Беніца, дзе ёсць і царква, і касцёл. Сам вялікі і прыгожы, але не дзейнічае. Шкада…
А горад Маладзечна гэтым разам быў фінішам майго маршруту. Там я бываў не аднойчы. Праехаўся па пешаходнай вуліцы – і мяне накрыла навальніца. Таму я хуценька вярнуўся на вакзал і сядзеў у чаканні электрычкі. Паехаў да Мінска, адтуль – да Пухавічаў… І яшчэ каля 30 км – на веласіпедзе ў Чэрвень.
Васіль, шчыра дзякую вам за такі цікавы і падрабязны аповед, за досвед і лайфхакі, якімі вы падзяліліся з чытачамі сайта СЛУШНА пра Беларусь і беларусаў. І, наколькі я ведаю, у планах у вас усё ж такі Грузія ўвосень? Удачы!
Дзякуй!
Фота і скрыншоты з архіва Васіля Літвіна.
Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 1. «Ты памятаеш, як усё пачыналася?!» (+відэа)
Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 2. «Я еду – і вітаюся з катамі…»
Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 3. «Аўсянка, сэр!»
Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 4. «Я ў Друі перайшоў мяжу…»
«... І гэтае лета зусім незаўважна сыходзіць ад нас» – мімаволі складваецца ў думках працяг. Сапраўды, падыходзіць да свайго заканчэння жнівень, а разам з ім і лета. Будзем спадзявацца, што толькі каляндарнае. Бо гэтыя два святы традыцыйна абвяшчаюць пра пачатак бабінага лета. Нягледзячы на вядомае: «Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе». Завяршаецца і чарада жнівеньскіх святаў – народных і царкоўных.
Калі казаць пра народны складнік Успення (28 жніўня), дык найперш гэта свята хлеба і падрыхтоўкі да азімай сяўбы. Іншыя яго назвы – Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Багародзіца, Гаспажа, Зельная, Зялёная. У сялян традыцыйна пыталіся: «Успенне – ці гатова насенне?»
У некаторых мясцовасцях існавала традыцыя змешваць асвечанае жыта з падрыхтаваным да сяўбы. Лічылася, што тады будзе добры ўраджай на наступны год. У іншых асвячалі апошні сноп («бараду»), а тады зернем з яго пачыналі засяваць раллю.
Вядомыя выслоўі на гэтае свята – «Надышло Успенне – цягні бульбу за карэнне», «Прыйшла Прачыстая – стала поле чыстае», «Гаспажа – хлеба дзяжа».
Праваслаўныя адзначаюць адно з двунадзясятых святаў – Успенне Прасвятой Багародзіцы.
Ну, а заўтра, 29 жніўня, да нас прыходзіць Трэці Спас (Малы, Хлебны, Арэхавы, Палатняны). «Трэці Спас хлеба прыпас» – казалі ў народзе. А яшчэ пачыналі сеяць зімовае жыта, збіралі арэхі, якія павінны былі ўжо выспець да гэтага часу (іх асвячалі ў царкве), і праводзілі ў вырай ластавак ды журавоў: «Хто калі жадае, а журавель да Трэцяга Спасу адлятае». А яшчэ пяклі пірагі і хлеб з мукі новага ўраджаю, частавалі імі падарожных, жабракоў.
І, падсумоўваючы асноўнае па ўсіх трох святах з адной назвай, казалі: «Першы Спас – на вадзе стаіць; Другі Спас – яблыкі ядуць; Трэці Спас – на зялёных горах палотны прадаюць».
Праваслаўная царква адзначае Свята перанясення Нерукатворнага Вобраза Госпада Ісуса Хрыста (Спас Нерукатворны). Лічыцца, што першая такая выява з’явілася, калі Ісус памыўся і выцер твар палатном. Яна вельмі шануецца вернікамі.
Асабіста я найбольш яскрава магу ўявіць гэтыя народныя святы, пераносячыся ў думках у Строчыцы (Азярцо) – у Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Там была ўжо не раз. І заўсёды адчуваю патрэбу вярнуцца праз пэўны час. Тым больш, што непадалёк, у вёсцы Строчыцы, знаходзіцца хата, якая калісьці належала маім продкам па бацькоўскай лініі.
Вяскоўцаў, магчыма, музей-скансен асабліва і не ўразіць. Бо ўсё да болю знаёмае: і традыцыйнае ўладкаванне хатаў, і гаспадарчыя пабудовы, іншыя адмысловыя куточкі. Але яны такія дарагія сэрцу тых, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы альбо ў дзяцінстве штогод на летніх вакацыях гасцяваў там у бабулі-дзядулі.
Нездарма на тэрыторыі гэтага музея ладзяць так шмат інтэрактыўнасцяў, прымеркаваных да пэўных народных святаў. Здаецца, што хаты ад перамяшчэння ў прасторы, а то і ў часе, зусім нічога не згубілі. І таму, пазіраючы на прадметы сялянскага побыту, так яскрава можна сабе ўявіць і святкаванне Успення, і засеўкі азімага жыта на палетках, і частаванне пірагамі на Хлебны Спас...
А чым больш сталым робішся, тым часцей хочацца адрадзіць штосьці з традыцый, няхай сабе і ў межах гарадской кватэры. Найчасцей, дзякуючы нашай з братам маме, гэта тыя ж пірагі з адмысловым начыннем да розных святаў альбо іншыя стравы.
Ці той жа букет з каласкоў новага ўраджаю. Патрэба кагосьці пачаставаць дарамі дачы. Спроба назбіраць у лесе арэхаў, што калісьці ў маміным дзяцінстве рабілася ледзь не ў прамысловых маштабах. І ўсё гэта так сагравае сэрца...
І менавіта падчас гэтых жнівеньскіх святаў, трох Спасаў і не толькі, так яскрава адчуваецца сувязь з продкамі, голас роду. Здаецца, што ў гэтыя дні нябёсы раскрываюцца, каб пачуць цябе. А ты чуеш іх... Прыслухаемся?!
Пра столькі цікавых мясцінаў на паўночным захадзе Беларусі я пачула ад Васіля Літвіна! І што самае дзіўнае – некаторыя назвы чамусьці ніколі на вочы не трапляліся. Ні ў сеціве, ні ў друкаваных СМІ. Ці то інфармацыйных нагодаў там няма, ці то што… Затое ёсць прыгожы касцёл. Ці музей. Ці парк. Адмысловы помнік. Альбо штосьці яшчэ. Таму едзем разам з нашым велавандроўнікам! І – даведваемся пра лайфхакі.
З Барысава – на Лепель, тады на Ушачы… Ваш родны Наваполацк… Усе больш-менш знаёмыя мясціны. І, куды, Васіль, пакіравалі далей?
На аўтамабільную запраўку.
Вось як! А навошта?
ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА
Аўтамабільная запраўка – карысная рэч і для веласіпедыста. Там, па-першае, крамы, а па-другое, там заўсёды можна напампаваць колы ровара!
А які павінен быць ціск у колах?
Тут усё залежыць ад іх памеру. У горніка колы вялікія, там дзесьці 2-2,5 атмасферы, калі я нічога не блытаю. На горніку я, зрэшты, рэдка езджу. А на маім турынгу – 5-6 атмасфераў. Не кожная ручная помпа столькі напампуе. У мяне ёсць з сабою, вядома ж, але яна маленькая. Больш для, так бы мовіць, аварыйных выпадкаў.
А калі я еду, бачу запраўку ды яшчэ і ведаю, што колы трэба падпампаваць… Альбо калі кола прабілася, але не зусім яшчэ спусціла… Дык я стараюся дацягнуць да запраўкі, дзе яго адрамантую і там жа напампую.
І як вы ў дарозе вызначаеце, што кола час падпампаваць?!
Звычайна проста пальцамі правяраеш, наколькі прагінаецца пры націсканні. А яшчэ, калі раптам вялікая дзірка, дык кола хутка спускае. І ты адчуваеш, што ровар едзе неяк не так. Тут ужо трэба рамантавацца тэрмінова.
А калі ў такіх выпадках паспадзявацца, што яшчэ колькі праедзеце… Калі ўжо моцна спусціла… Дык можна так рызіну «пажаваць», што давядзецца мяняць і камеру, і пакрышку.
Далей у вас па маршруце – Расоны, Клясціцы…
… І Асвейскае возера – адно з самых вялікіх у Беларусі. Гэта Верхнядзвінскі раён. У возеры я пакупаўся…
І як на той час была вадзічка – на пачатку лета?!
Яна, канешне, цёплая, ды не такая, як на курорце. Але абсталяваная зона адпачынку маецца. Невялікі пляж, альтанкі, навесы, мангалы… А ў самім возеры зверху на вадзе раска была. Не дужа прыемна купацца… Але ж веласіпедысту трэба памыцца…
І памыць вопратку…
Так! Я з сабой браў трое трусоў, тры пары шкарпэтак, тры футболкі…
ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА
Мыла з сабой лепей не браць гаспадарчае, з яго рэзкім пахам. Пажадана без паху, універсальнае. Каб і самому памыцца, і памыць вопратку.
А што яшчэ, апрача мыла, бяром са сродкаў гігіены?
Зубную пасту (лепей маленькую па памеры, яе хопіць), складную зубную шчотку. Абавязкова трэба ўзяць з сабой вільготныя сурвэткі, хаця за іх і сварацца эколагі. Без іх – нікуды. Бо не заўсёды ты спыняешся ля вадаёма. А памыцца ж трэба. Таму вільготныя сурвэткі – наша ўсё!
Можна браць і вільготную паперу для прыбіральні, якая раскладаецца. Але яна рэдка бывае ў продажы.
ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА
З сабой бярэцца ўсё сінтэтычнае: футболкі, шкарпэткі… Прычым шкарпэткі лепей браць ці спецыяльныя веласіпедныя, ці бегавыя. Яны хаця і сінтэтычныя, але «дыхаюць». Трусы – напалову сінтэтычныя. Ручнікі – спецыяльныя турыстычныя. Усё прадаецца ў спецыялізаваных крамах.
У тым плане, каб хутчэй высыхала?!
Не толькі. Яшчэ каб не націрала. Бо калі будуць мокрымі трусы альбо шкарпэткі натуральныя, дык праз паўгадзіны язды ў іх можна сабе штосьці нацерці… А натуральны мокры ручнік, калі не высахне, заважыць ледзь не кілаграм.
Пераходзім да абутку…
А вось тут ёсць розныя меркаванні. Класічныя велавандроўнікі едуць улетку – у сандалях, увесну ці ўвосень – у красоўках. Я лічу сябе велатурыстам вопытным, прасунутым. У мяне на веласіпедзе спецыяльныя кантактныя педалі, таму спецыяльны велаабутак. Калі ты едзеш на ровары прышпіленым да педаляў.
Звычайна такое выкарыстоўваюць прафесійныя спартсмены, турысты – не часта. Але мне падабаецца. Калі ты адчуваеш сябе з роварам адным цэлым.
Ага! Асабліва, калі, не дай Бог, падаць будзеш…
Так! Калі ўпершыню абуваеш кантактны абутак і прышпільваешся да кантактных педаляў, ты абавязкова падаеш! (смяемся). Бо забываешся адшпіліцца спецыяльным рухам нагі. А мацаванне там – як на горных лыжах. Гэта дарагая рэч, але на такое мне не шкада грошай.
А з сабой што з абутку бераце?
Сланцы ці штосьці такога тыпу. Бо ты цэлы дзень едзеш. У цябе ногі стаміліся, успацелі. Ты прыязджаеш да мяркуемага месца начоўкі – і адразу ж пераабуваешся. А яшчэ ж ёсць такія чыстыя мясціны, дзе можна пахадзіць басанож. Сланцы лёгкія, і яны не займаюць шмат месца.
Адпачылі – і едзем далей… Куды?
У вёску Сар’я. Там адзін з самых прыгожых храмаў Беларусі. І з цікавай гісторыяй. Можна пачытаць у інтэрнэце. Касцёл, які стаў царквой.
Еду я ў тым накірунку, бачу – удалечыні стаіць касцёл. Пад’ехаў, прачытаў – царква. Зараз шмат дзе каля цікавых пабудоў, помнікаў стаіць слупок з таблічкай. І там можна прачытаць, што гэта такое… Сар’ю паглядзець я раю.
Росіца, вёска Вопытная, Бігосава, Верхнядзвінск, дзе таксама ёсць што паглядзець… Міёры, куды вы напачатку не планавалі, але пабылі, бо не туды пасля Верхнядзвінска паехалі… Бывае! Але мы не будзем спыняцца, а рушым у…
У Друю, на самую мяжу з Латвіяй! Гарадок, а дакладней – аграгарадок. Там ёсць што паглядзець. Дабравешчанская царква і касцёл Святой Тройцы, разваліны царквы святых Пятра і Паўла (калісьці ў Друі было больш за 20 храмаў! – аўт.), у цэнтры Друі – Барысаў камень. Былая рэзідэнцыя Сапегаў…
І акурат на беразе ракі стаіць памежны слуп. Калі прайсці міма яго, дык можна перайсі мяжу – у адзін і другі бок (смяецца). Сімвалічна, вядома ж, перайсці. Бо сапраўдная мяжа з Латвіяй праходзіць, я так разумею, па рацэ. Але я прайшоўся ля слупа і зрабіў сэлфі! Па той бок – ужо замежная Піедруя.
Там яшчэ ёсць адмысловы мост праз раку Друйка, прыгожы. Карацей, у Друі я таксама раю пабываць. Гэта прыгожае месца з цікавай гісторыяй.
Пра знакамітыя Браслаўскія азёры не будзем распавядаць – пра іх усюды пішуць. Толькі калі пару ўражанняў…
Маё ўражанне ад Браслаўскіх азёраў (і я нікога не хачу зараз пакрыўдзіць!) – гэта беларускі Крым. І кожны хоча ўзяць з цябе грошай – такое маё адчуванне. Пад’язджаеш да азёраў, а там – турыстычныя альбо рыбалоўныя стаянкі. І яны – платныя.
Вядома ж, калі ты памыешся, пакупаешся – і адразу паедзеш далей, ніхто цябе не прагоніць. Але калі ты хочаш станавіцца з намётам – тэлефануй на нумар, які ўказаны на таблічцы. І альбо да цябе прыедуць, альбо ты сам паедзеш, каб заплаціць.
Там альтанкі, біяпрыбіральня, дровы, месца для вогнішча… І гэта фактычна ўсе паслугі, а заплаціць павінен, як за нармальны хостэл.
Вядома ж, калі ехаць адпачываць вялікай кампаніяй, дык яно таго каштуе. Але калі ты – турыст-адзіночка. І плаціць за цэлую стаянку…
Я, вядома ж, пакупаўся. Знайшоў ужо далей для начоўкі сухое месца на прыгорку. І толькі пачаў ваду грэць… А тут непадалёк ад мяне выходзіць добры такі алень!
Я яму кажу:
– Прывітанне, алень!
А ён зусім мяне не спужаўся. Паглядзеў так і, мусіць, падумаў: «І што ты тут робіш?!» (смяемся)
Пераначаў, як звычайна.
Пад Браславам ёсць такі населены пункт – Плюсы.
Плюсы – гэта грыбы! (смяемся)
Дык вось у аграгарадку прыгожы касцёл. Але ўскладняецца ўсё тым, што і Плюсы вельмі блізка ад мяжы з Латвіяй, і там ёсць памежны пераход. Але ён не для ўсіх, а толькі для мясцовых жахыроў. Зараз, здаецца, і ўвогуле зачынены.
У Плюсах ёсць крама. Але па законе подласці яна была зачыненая. «Ну, – думаю, – з’ем тое, што ў мяне ёсць: каўбаса, сыр…» І толькі прысеў, каб паесці, пад’язджае да мяне на веласіпедзе памежнік:
– А што вы тут робіце – непадалёк ад дзяржаўнай мяжы?!
– Касцёл прыехаў паглядзець…
– А чаму ў бок мяжы ездзілі?!
– У краму…
– Дык яна ж зачыненая!
– Але ж я не ведаў…
– А куды вы затым паедзеце?
Я распавёў, што, маўляў, той дарогай, якой сюды прыехаў, назад і вярнуся…
– Ну, добра. А колькі вы яшчэ тут будзеце сядзець?
– Хвілін 20.
Вось так у нас ахоўваюць мяжу! Варта ведаць, калі зберацеся ў тыя мясціны. І абавязкова трэба мець з сабой дакументы!
А вы чулі пра вёску Данькі?! Вось і я не чуў. А там, аказваецца, музей… ката!
Ого! Здорава як!
Еду я па дарозе і бачу ўказальнік: 5 км, в.Данькі, музей ката, заязджайце. Я, вядома ж, паехаў! У мяне ж дома два каты. І ютуб-канал, калі хто забыўся, – «Два каты і веласіпед». Як жа не заехаць?!
Там мужчына і жанчына, якія пераехалі з Мінска, зрабілі аграсядзібу, прымаюць гасцей. І – так, у іх цікавы музей. Для вялікай групы турыстаў нават цэлае дзейства паказваюць.
А жывыя каты там ёсць?!
Жывы ў іх адзін. Але калі я прыехаў, і яго ў полі зроку не было. Сказалі – пайшоў мышэй лавіць! (смяемся) У іх – скульптуры, пашоўкі, цацкі ды іншае. Легенды распавядаюць пра катоў. Я, вядома ж, набыў сабе магніцік з катамі. Цікава ў іх усё зроблена, таксама раю паглядзець.
Далей – гара Маяк, вёска Мяжаны з касцёлам, Дрысвяты…
У Дрысвяты не даехаў – дарога падвяла. Па карце – грунтовая, са спадарожніка – то ёсць, то няма… На справе тое, што праз поле ішло, перааранае, іншыя часткі проста кустоўем зараслі.
Як я распавядаў ужо, падчас гэтай вандроўкі мяне дужа кусалі камары ды мошкі. І вось для чарговай начоўкі я вырашыў выбраць месца на ўзгорку, каб быў вецер. Каб ён іх здзімаў!
Праўда, гэта мяне не выратавала, бо надвор’е было бязветранае. Затое – прыгоды…
Тэлефаную жонцы, кажу, куды прыехаў. Маўляў, намёт паставіў, усё добра. Надвор’е добрае, камары ядуць… І тут у метрах дзесяці ад мяне выходзіць… кабан. Такая чорная туша! Я замаўчаў, а жонка: «Ты чаго? Ты дзе?»
А я думаю. Што рабіць?! Збегчы ад кабана практычна нерэальна. А ён таксама стаіць і на мяне пазірае. Я пастаяў-пастаяў, а тады давай махаць рукамі ды крычаць! І казаць, каб мяне не еў… І кабан развярнуўся і пайшоў у кусты…
Жахі якія!!!
Так. Мне трохі страшна зрабілася. А ноччу… Ляжу і думаю: ці штосьці стукае ў кустах, ці рохкае… Можа, кабан думае вярнуцца?! Але ж у мяне з сабой радыё ёсць! Я ўключыў радыёпрыёмнік на ўсю гучнасць. Тады выключыў – быццам бы ціха. Ніхто больш не ходзіць і не рохкае.
Яшчэ пару разоў уночы прачынаўся і ўключаў радыёпрыёмнік – для прафілактыкі. А ўвогуле, калі еду адзін, у дарозе я ўключаю радыё і слухаю. Альбо музыку з флэшкі. Бо калі навокал нічога не адбываецца, не змяняецца, а толькі лясы і палі… Музыка дарэчы.
А на раніцу, пашукаўшы ды так і не знайшоўшы дарогу на Дрысвяты, я паехаў у вёску Апса. Там вельмі прыгожы касцёл і старажытная закінутая сядзіба. Увогуле, паўночны захад Беларусі, як вы ўжо зразумелі, гэта край касцёлаў. Многія дзейнічаюць.
Між іншым, калі праязджаў Апсу, пабачыў нарэшце дарогу на Дрысвяты. Але гэта было ўжо добра ўкругаля. А я ж хацеў напрамкі…
Яшчэ раю пабываць у Відзах. Там цудоўны касцёл Раства Дзевы Марыі. Ну, і Відзы – адна з жамчужынаў Беларусі.
Вось пра столькі цікавостак мы сёння даведаліся ад Васіля Літвіна! А наступным разам, шаноўныя сябры, мы ўжо будзем заканчваць гэтую захапляльную велавандроўку. Але цікавостак наперадзе яшчэ шмат! Сачыце за публікацыямі!
Скрыншоты з відэа Васіля Літвіна.
Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 1. «Ты памятаеш, як усё пачыналася?!» (+відэа)
Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 2. «Я еду – і вітаюся з катамі…»
Сакральная Беларусь – гэта ёмістае паняцце. Паняцце, куды ўкладаецца глыбокі і шматгранны сэнс. Гэта той куточак Беларусі, дзе вы з’явіліся на свет, правялі гады дзяцінства, юнацтва, дзе пасталелі, сустрэлі першае каханне... Гэта месца, дзе пахаваныя вашыя продкі.
Гэта родны ландшафт, прырода мясцінаў, адкуль вашыя карані. Прырода стварыла непаўторны і родны для нас ландшафт Радзімы, а продкі напоўнілі натуральную прыгажосць сакральным сэнсам.
Гэта культавыя ўзгоркі і даліны, гарадзішчы і курганы, лясы і балоты, азёры і рэкі, іх вытокі і крыніцы, камяні і валуны, дрэвы і расліны. Пра гэтыя мясціны існуе безліч міфаў і легендаў. Тут у дахрысціянскія часы месціліся свяцілішчы і капішчы прашчураў, адбываліся старажытныя рытуалы, абрады.
Пазней на некаторых з гэтых мясцінаў пачалі будаваць хрысціянскія храмы. Але людзі не забываліся на звычаі сваіх продкаў. Канфесіі не адыгрывалі ніякай ролі: вясковыя святыні наведвалі і наведваюць як католікі, так і праваслаўныя, і пратэстанты.
Такім чынам, ва ўсе часы падобныя месцы акумулявалі жыццесцвярджальную энергію нашых продкаў. Такія мясціны называліся ў народзе намоленымі, святымі або сакральнымі. Цяпер з’явілася больш моднае вызначэнне для іх – месца сілы.
У кожным мястэчку або маляўнічай вёсачцы ёсць cвае святыні: культавыя камяні, крынічкі, азёры, дрэвы…
Людзі памятаюць пра іх, даглядаюць і ўшаноўваюць, расказваюць дзецям легенды пра іх. У старажытных сюжэтах пераплятаюцца падзеі і погляды людзей розных гістарычных эпох.
Так, выток і пачатак усяго існага – гэта вада. Згодна з беларускімі легендамі, зямля была створаная з пяску, здабытага на дне першаснай вады. Паўсюль у Беларусі сустракаюцца водныя аб’екты з назвамі: Святое Возера, Святы Ручай, Божая Крыніца. Шматлікія павер’і звязваюцца з вадой, і ў першую чаргу – з вадой з крыніц.
Абагаўлялася і зямля-матуля, асабліва ўзвышшы і ўзгоркі на ёй. Людзі верылі, што вяршыня ўзгорка – гэта месца выяўлення волі багоў. Таму невыпадкова там збіраліся ў пэўныя сакральныя часы, прасілі ў прыродных сіл дапамогі. На многіх нашых горках існавалі язычніцкія капішчы.
І цалкам лагічна, што ўзніклі такія назвы, як Божая Гара, Святая Гара, Капішча Перуна і інш. У беларусаў шырока распаўсюджаны культ камянёў. Лічылася, нібыта камяні нараджаюцца ў нетрах зямлі, там выспяваюць, і тады зямля іх выштурхоўвае.
Часткай абагаўлення прыроды быў і культ дрэў, які ўвасабляў у сабе ідэю ўрадлівасці. Асабліва шанавалі дуб, які найчасцей звязваўся з мужчынскімі боствамі. Жаночымі дрэвамі былі сасна (хвоя), ліпа, бяроза, груша.
Нашы людзі здаўна вераць, што многія сакралізаваныя аб’екты ландшафту з’яўляюцца лекавымі, што яны могуць забіраць хваробу і дарыць людзям здароўе. У народзе іх завуць Святая Гара, Крыніца Лекараўка, Здаравец, Жывая або Добрая Вада, Крыніца Памоцная, Прошча, Святы або Лекавы Камень, Камень Гаюн.
Многія валуны і сёння лічацца лекавымі. Да адных дастаткова дакрануцца, з некаторых выкарыстоўвалі раней і выкарыстоўваюць сёння мох ці адшчапаныя кавалачкі, якія расціраюць у парашок, настойваюць на вадзе.
Найбольш лекавай да нашага часу лічыцца дажджавая вада з выемак на камені, асабліва з тых, якія нагадваюць чыйсьці след. Іх называюць След Божай Маці, Божы Слядок, След Панны.
Дрэвы таксама ласкава называюць: Цар-Дуб або Святая Сасна. Некаторыя з іх і цяпер лічацца лекавымі. З іх шкрабуць кару, якую настойваюць на вадзе, або тры разы пралазяць праз вялікія адтуліны, якія ўтварыліся пасля ўдару маланкі. Перад тым, як пралезці, скідаюць старое адзенне, а затым апранаюць новае.
Здаўна існавала павер’е, што гаючы камень або памоцная крынічка, лекавае дрэва ці возера валодаюць найбольшай аздараўляльнай сілай у свой сакральны дзень і нават у свой сакральны час. Гэта Каляды, Раство, Вялікдзень, Радаўніца, Юр’я, Тройца, святочныя дні на Яна, Пятра і Паўла, Барыса і Глеба, тры Спасы.
Да кожнай народнай святыні прыходзілі лекавацца ў сваё свята – апоўдні ці апоўначы, гэта залежала ад мясцовых вераванняў. Уплывалі на лекаванне і фазы Месяца, заход ці ўзыход Сонца.
За лекаванне абавязкова трэба было пакінуць ахвяру – кветкі, ягады, грыбы, воўну, палатно, ежу, грошы. Некаторыя камяні пакрывалі абрусамі, абкручвалі палатном, на навакольных дрэвах вешалі ручнікі, стужкі, фартушкі, пасмы ільну.
Цяпер ніхто не тчэ свайго палатна, вешаюць крамнае, пакідаюць у падзяку за лекаванне грошы і кветкі. А калі дзеянне адбываецца на Вялікдзень ці Тройцу – кавалак святочнага пірага і асвечаныя яйкі. Прыходзіць да святыні з пустымі рукамі не заведзена. Да сёння існуе і другое павер’е: калі хто знішчыць народную святыню, то таго Бог жорстка пакарае.
Такія мясціны ў большасці сваёй папулярныя і ў наш час. Да іх прыходзяць людзі, якія згубілі надзею ў звычайных леках і лекарах. Затое свая святыня, якая месціцца на ўскрайку вёсачкі або ў бліжайшым лесе, заўсёды дапаможа быць мацней маральна і душэўна, набрацца аздараўляльнага спакою. Ва ўсялякім разе, так сцвярджалі многія пакаленні ў той ці іншай мясцовасці Беларусі.
Фота ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Жыло-было Воблачка. Усё цікавіла яго: і адкуль сонейка ўзыходзіць, і куды спаць кладзецца, і чаму неба сіняе, а лес зялёны… Чаму яны, воблакі, плаваюць у небе, а істоты, якія завуцца людзьмі, ходзяць па Зямлі?
– Мама, а ты возьмеш мяне з сабой у Афрыку? – часта пыталася малое ў маці.
– Вазьму, толькі падрастай, будзь паслухмяным.
І Воблачка расло. З цікавасцю слухала расказы маці пра сваіх родзічаў, якіх яшчэ мала ведала: пра навальнічныя хмары, начныя і ранішнія. На савеце Белых хмар дня, стаіўшы дыханне, слухала пра розныя невядомыя землі. «Як цікава жыць!» – думала Воблачка.
Хутка яно пайшло ў школу. Так-так, не здзіўляйцеся, хмары таксама ў школу ходзяць. Там паважаная настаўніца з прыгожай белай шапкай валасоў, у доўгай з блакітнымі гузікамі сукенцы вучыла іх, малых хмарак, складанай навуцы: дзе і калі паіць зямлю вадой, каб яе хапіла раслінам.
Хутка стала Воблачку мала таго, што расказвала яму маці, што чула на савеце аблокаў.
– Мамачка, давай паплывём з табой куды-небудзь, – прасіла яно.
– Любае ты маё, пачакай трошкі, – адказвала маці, – шмат працы ў мяне цяпер. Сонейка высушыла лугі і палі, просяць яны дапамогі, трэба напаіць іх.
– Тады пусці мяне адно.
– Маленькае ты яшчэ. Заблудзішся, загінеш.
Не падабалася гэта Воблачку. Яно сябе даўно вялікім лічыла. І калі маці нагадвала пра ўзрост, яно надзімала вусны і адплывала ўбок. А пасля скардзілася сяброўцы:
– Больш не магу я жыць у няволі. Маці мая нічога не дазваляе: і туды не плыві, і гэтага нельга. Свет мне зрабіўся нямілы. Уцяку!
І вось аднойчы, калі ўсе, напрацаваўшыся, спалі, Воблачка ціхенька адплыло ад дому і паімчала па небе.
– Які абсяг! Якая прыгажосць! Зорачкі іскрынкамі ў небе рассыпаліся! – любавалася Воблачка. – І, галоўнае, ніхто не бурчыць, не трымае ля сваёй спадніцы.
Так дзень за днём, ноч за ноччу плыло па небе Воблачка. Радавала яго і сонейка, і шчабятанне птушак, якія лёталі ў блакітнай вышыні. Аднойчы яно нават начавала на ражку серпіка месяца.
«Вось будуць мне сяброўкі зайздросціць!» – ганарліва думала яно.
А маці Хмара тым часам не магла знайсці сабе месца, не ведаючы, дзе шукаць сваё дзіця. Ніхто нічога пра Воблачка не чуў – так далёка адплыло яно ад дома. Плакала-плакала маці ад гора, пакуль зусім не сцякла на зямлю.
А Воблачка бесклапотна гуляла па небе. Усё было добра, але аднойчы загрукатаў злосны Гром, неба шпурнула тысячы маланак у бараду старому задзіру Ветру. І тут такое пачалося! Вецер налятаў на маланкі, яны ж у адказ лупцавалі яго сваімі гарачымі бізунамі. І Вецер шалёна гнаўся за гарэзамі. А разам з ім ляцела і Воблачка. Так няўтульна было яму, так страшна!
– Мамачка! – закрычала яно, упершыню ўспомніўшы пра маці.
І Воблачку раптам так захацелася апынуцца дома, прытуліцца да матулінага пляча і пачуць: «Маленькае ты маё!»
– Вецер, не гані мяне, адпусці! – прасіла Воблачка.
Ды хіба мог штосьці пачуць Вецер у такой шалёнай пагоні. І ляцеў ён наўздагон за маланкамі, цягнучы за сабой Воблачка.
– Што ты, малеча, тут поўзаеш? – раптам сярдзіта зашыпела велізарная зломаная Маланка.
Крывуля схапіла яго сваёй вогненнай лапай і адкінула далёка ўбок.
Тут было ўтульна і зацішна. Крыху аддыхаўшыся, Воблачка агледзелася. Дык гэта ж яго родныя мясціны! Хутчэй дадому! І Воблачка, забыўшыся на ўсе нягоды, кінулася дахаты. Нецярпліва пастукала ў дзверы, потым у вокны. Але ніхто яму не адказаў.
– Напэўна, мама на працы, яна хутка вернецца, – супакойвала сябе растрывожанае Воблачка.
Паўз яго праплывала старая бабуля Хмара.
– Ну што, з’явілася? – дакорліва паківала яна галавой. – Ад смутку па табе загінула твая маці.
– Мама, матуля! – загаласіла Воблачка, уражанае такой страшнай навіной.
Ды не адказала яму прыветным словам бяздонная вышыня.
Пустым, пахмурным стала некалі прыветнае блакітнае неба...
Ну, і дзе тут па аналогіі з вядомым філалагічным прыкладам паставіць коску, запытаецеся вы. Вось і ў мяне самой – пытанне. Бо ў памяці той час, калі мы з мамай захацелі вырошчваць гэтую вельмі прыгожую сонечную расліну на кветніку ля нашай шматпавярхоўкі ў Чэрвені. Тады ж пачулі і яе назву – сумнік (па-руску – «золотарник») канадскі.
Яшчэ гадоў 10-15 таму яго з задавальненнем вырошчвалі на дачных сядзібах ды прысядзібных участках, зразалі на букеты. Залатымі плантацыямі заслужана (здавалася б!) любаваліся. І – ах! Тэрыторый, запоўненых ім, усё большала і большала… Каранямі сумніку глушылася ўсё вакол… І аказаўся ён такім жа ворагам, як баршчэўнік Сасноўскага! Вось табе і прыгажун…
І хаця гэтая інфармацыя даволі актыўна распаўсюджваецца ў СМІ ўжо не першы год, аматараў сумніку (не магу пазбавіцца ад асацыяцый са словам «сум»), я гляджу, не менее… Нават у мінскім метро бачыла людзей з букетамі (спадзяюся, не набытымі ў пераходах?! Бо гандляваць такім… Хм… 🙁 ).
На тэрыторыі нашага дачнага таварыства некалькі пустых участкаў, спрэс ім занятых. У вёсцы майго дзяцінства колькі гадоў таму ля ўчастка добрай знаёмай таксама было ўсё жоўтае… І большая частка нашых астраўскіх могілак ужо таксама жаўцее ў сезон.
А вось той куст, які мы з мамай калісьці пасадзілі пад акном, не выжыў у першую ж зіму. Ці то вымерз, ці то вымак… Таму распаўсюджвання ля нас сумнік канадскі, да нашай радасці, не атрымаў…
Чым жа ён такі шкодны?! Як кажуць, ды няхай ім свойская жывёла ласуецца, з’ядае падчыстую. Але ж во – не есць. Практычна паўтараецца гісторыя з баршчэўнікам Сасноўскага, які ў свой час і спрабавалі вырошчваць з гэтай жа мэтай…
Дык вось сумнік канадскі вельмі хутка захоплівае новыя тэрыторыі, бо кожны куст можа даць да 100 тысяч штук насення. І ўсходжасць яго высокая – да 95%. Уяўляеце сабе тэмпы распаўсюджвання і маштабы?!
А самае непрыемнае – гэта тое, што карані сумніку канадскага выпрацоўваюць такія ядавітыя рэчывы, якія падаўляюць іншыя расліны. Побач перастаюць расці нават кусты! А пасля знікаюць насякомыя, птушкі… Застаецца адзін захопнік.
Расце сабе і расце… Ніхто яго не есць… На вялікіх нічыйных тэрыторыях нават не скошваюць… Зрэшты, на многіх уласных – таксама, таму праблема і не знікае.
А вось калі сумнік канадскі скасіць 3-4 разы за сезон… І асабліва – перад выспяваннем насення… Ды правільна ўтылізаваць… Глядзіш – і адваявалі б паціху тэрыторыі назад… На якіх з-за гэткай прыгажосці нават насычэнне кіслародам глебы змяншаецца. А значыць, пагаршаецца яе структура.
Да ўсяго, пылок гэтай расліны з’яўляецца алергенным. Гэтак пішуць у адных крыніцах. А ў іншых – што ён мае супрацьалергенныя ўласцівасці. Вось і паспрабуй разбярыся… Ва ўсялякім разе, як кажуць, любуйцеся, нюхайце, але – з асцярогай. А на кветнікі – ні-ні!
Але чаму ж тады такая назва матэрыялу з коскай пад пытаннем – «Знішчаць нельга вырошчваць»? Ну, паколькі сумнік на пэўных тэрыторыях ужо вырас… Трэба хаця б слова ў абарону сказаць. Бо па меркаваннях спецыялістаў гэтая расліна ўсё ж мае і лекавыя ўласцівасці. Як і яе разнавіднасць – сумнік звычайны. Але мяжа паміж шкоднасцю і карысцю тут такая невялікая…
Як мне падаецца, проста можна ведаць, але – не выкарыстоўваць… Хаця… Тыя ж мухаморы лічацца таксама і ядавітымі, і лекавымі… А сумнік канадскі сярод іншага мае моцныя мачагонныя ўласцівасці, узнаўляе баланс у нырках.
Разам з тым, ён па меркаваннях спецыялістаў здольны павышаць pH мачы, таму яго нельга прымаць людзям з наяўнасцю фасфатных камянёў. А вось пры ўратных і аксалатных камянях сумнік канадскі досыць эфектыўны. Як і пры лячэнні малочніцы.
Цікава, што жывёлы не хочуць спажываць сумнік канадскі ў ежу, а вось пчолы ахвотна збіраюць з яго мёд! І хаця ён гаркаваты на смак і хутка крысталізуецца, затое таксама з’яўляецца лекавым! Прызнацца, ні разу не сустракала такі від мёду. А цікава было б паглядзець і пакаштаваць…
Вось такая не зусім простая гэтая расліна. І ўсё ж, здаецца, шкоднасць яе пераважае… Бо трымаць толькі за прыгажосць і лекавыя ўласцівасці, абядняючы глебу і навакольны раслінны свет… Мабыць, усё ж не варта. Тым больш, што з 31.12.2016 года сумнік канадскі на тэрыторыі Беларусі занесены ў чорны спіс…
Шчырая душа беларуса праяўляецца ў многіх учынках. І ў тым ліку – у падтрымцы, дапамозе, суперажыванні, звычаі талакі і… гасціннасці ды частаваннях.
А сёння якраз ёсць нагода праявіць апошняе. Бо 19 жніўня да нас традыцыйна прыходзіць самы вядомы з трох Спасаў – Яблычны.
Сёлета на нашым дачным участку з невялікай колькасцю пладоў толькі адна яблыня. І яблыкі на ёй – зімовыя. Зарана яшчэ іх здымаць, частавацца ды частаваць. А былі ж гады, што не было куды іх падзець! І аднойчы мая мілая мамачка вырашыла нават наладзіць частаванне яблыкамі ў нашым пад’ездзе. Акурат на Яблычны Спас…
А яшчэ мама вельмі любіла сушаныя яблыкі і кампот з іх. У нас заўсёды быў запас такіх яблыкаў у шкляных слоіках… Яны стаялі побач з сушанымі баравікамі… І зараз ёсць, яшчэ мамачкай высушаныя...
А тым часам праваслаўныя адзначаюць сёння Ператварэнне Гасподняе ды асвечваюць у царкве не толькі яблыкі, але і іншую садавіну, а таксама гародніну. На Яблычны Спас яблыкі пакідаюць на магілах блізкіх.
У адрозненне ад груш, якіх не з’ясі многа (ды і нельга іх многа есці, бо шкодна для здароўя), яблыкаў можна спажыць і пабольш. Галоўнае, каб не было супрацьпаказанняў да іх ужывання. Напрыклад, у аднаго майго знаёмага алергія на чырвоныя яблыкі. А зялёныя спажываць можа… Магчыма, тут спрацоўвае псіхалагічны фактар, а магчыма, штосьці ў гэтым і ёсць…
А яшчэ ж яблыкі можна дадаваць у розныя стравы, запякаць, гатаваць пюрэ і шмат чаго іншага. Памятаю, як у багаты на яблыкі сезон я гатавала пюрэ яблычнае шакаладнае – з даданнем какавы… І колер, і смак – выдатныя.
Дзялюся рэцэптам! І адразу шчыра прызнаюся: прапорцыі не вытрымлівала, гатавала «па адчуваннях», але атрымалася ўсё роўна смачна! 🙂
Інгрэдыенты
Прыгатаванне
Добра вымытыя яблыкі пазбаўляем ад скуркі і насення.
Рэжам долькамі альбо больш дробнымі кавалачкамі (хутчэй прыгатуюцца).
Складваем у каструлю, пажадана з тоўстым дном, засыпаем цукрам, дадаем крыху вады.
Пад зачыненай накрыўкай на невялікім агні трымаем 20-30 хвілін, перыядычна памешваючы (да мяккасці).
Любым зручным спосабам робім пюрэ.
Вяртаем на агонь, дадаем какаву і сметанковае масла.
Памешваючы, трымаем да першых бурбалак. Можна крыху праварыць.
Затым альбо закручваем на зіму, альбо спажываем пасля астывання. Можна зрабіць начынне для пірага!
Смачна есці!
Ну, і шарлотка ў гэты дзень – класіка, вядома ж! Думаю, у кожнай гаспадыні знойдзецца свой улюбёны рэцэпт. Майму ўжо, напрыклад, гадоў 30! 🙂 І пастаянна штосьці дадаю. Толькі некалькі гадоў таму пачала выкарыстоўваць замест соды разрыхляльнік для цеста. Выдатны вынік! Шарлотка не ападае пасля таго, як дастанеш з духоўкі!
Не ведаю, як у вас, а ў мяне звычайна назіраецца такое стаўленне да яблыкаў. Калі іх шмат, есці не хочацца. Затое калі год неўраджайны… Раз-пораз набываю ў крамах… Хаця не скажу, што гэта мой самы любімы від садавіны. І ўсё ж сёння – Яблычны Спас. Таму ў цэнтры ўвагі – яны, яблыкі.
Крыніца вітамінаў А, групы В, С, К, калію, медзі, марганцу. Садавіна з нізкім глікемічным індэксам, якая падыходзіць для ўжывання і хворым на цукровы дыябет 2-га тыпу. Раяць есці людзям з дэпрэсіяй (!).
А яшчэ ёсць парады для ахвотных пахудзець. Калі з’ядаць яблык альбо некалькі яго кавалачкаў перад асноўным прыёмам ежы, дык апошняй будзе спажывацца меней. І, магчыма, гэта адмінусуе да 200 калорый. 200 у адзін дзень, 200 – у другі… Так і назбіраецца… мінус…
А ў плюсе – паляпшэнне мазгавой дзейнасці, стрававання, умацаванне касцей…
Таму сёння, як ёсць магчымасць, частуемся яблыкамі і частуем іншых! Яблычны Спас – усяму час!
Кросны падобныя да камп’ютара: малюнак ствараецца па пікселях. Нітачка – раз, нітачка – два, перакрыжаванне – вось і гатовы маленькі піксель… Як нараджаюцца сучасныя творы ткацкага мастацтва і як яны знаходзяць сваё месца ў інтэр’еры і трэндах адзення, нашаму карэспандэнту распавяла выкладчык ткацтва ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў Святлана Еўдакіменка.
Наша гераіня ўпэўненая, што знайсці сваё прызначэнне ёй пашанцавала: вучылася ў школе з мастацкім накірункам, якая потым стала мастацкім ліцэем. Туды ж атрымала размеркаванне на працу пасля магістратуры Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў. «Атрымліваецца, што я ўсё жыццё ў гэтым каледжы, толькі статус змяняўся, – усміхаецца Святлана. – І з ткацтвам я ўпершыню сутыкнулася менавіта там».
У каледжы пэўны час выкладала Вера Іванаўна Селівончык. Пра такіх людзей кажуць: як каменьчык кідаецца на ваду і кругі разыходзяцца, так і яна. Людзі такога кшталту – гэта людзі ўплыву. Яны займаюцца чымсьці самі і захапляюць іншых, а тыя перадаюць сваё захапленне далей. Вера Іванаўна працавала ў Акадэміі навук, ездзіла ў экспедыцыі, збірала матэрыялы, і пачала праз гурткі ўводзіць моду на ткацтва паясоў у гарадскім асяроддзі.
Адзін з такіх гурткоў дзейнічаў у каледжы мастацтваў. Паралельна Вера Іванаўна кіравала аднаўленнем праваслаўных храмаў, стала манахіняй. А гурткоўцы рэальна захапіліся ткацтвам і вельмі перажывалі, што іх выкладчыца перастане праводзіць заняткі. Усе разам упрасілі яе, каб давяла той год.
Падчас вучобы ва ўніверсітэце гераіні гэтага аповеду давялося працаваць у розных майстэрнях – студэнты знаёміліся з керамікай, саломапляценнем, з рознымі відамі прыкладнога мастацтва. А пасля трэцяга курса трэба было выбіраць спецыялізацыю.
«І тады я зразумела, што ткацтва – гэта маё. З таго часу займалася ў жыцці розным, але не ведаю лепшага занятку, чым ткацтва. Нават калі фізічна цяжка – спіна баліць ад доўгага сядзення за кроснамі, рукі адвальваюцца, ногі зацякаюць, усё роўна люблю!» – усміхаецца Святлана.
На пытанне, ці ёсць месца традыцыям продкаў у сённяшнім жыцці, субяседніца адказвае адразу і катэгарычна: «Мяне раздражняе падыход, калі народнае мастацтва зводзіцца да патрэбаў сувенірных рэчаў. А каб яно было інтэгравана і з’яўлялася часткай жыцця, трэба пераводзіць традыцыйныя рэчы на сучасную мову. І я бачу гэта сёння: ёсць густоўныя рэчы, але яны не ў сувенірных крамах. Гэта аўтарскія работы мастакоў».
Напачатку, шукаючы напрамак працы, маладая ткачыха звярнула ўвагу, што шматлікія народныя калектывы выкарыстоўваюць сцэнічныя касцюмы ў традыцыях народных строяў. Ад іх бываюць вялікія заказы, ёсць попыт.
Але зрабілася зразумелым, што ў гэтую нішу трапіць складана, яна добра развіваецца. Лепей заняцца тым, чаго не стае. А не хапала менавіта рэчаў інтэр’ерных: абрусы, посцілкі, ходнікі на падлогу, рассоўныя шторы для заніравання памяшкання… Як некалі ў традыцыйнай хаце, так і ў сучасным інтэр’еры іх функцыя не змяняецца.
Сярод модных стыляў інтэр’еру ёсць некалькі, дзе ўсё вельмі лаканічна і пры гэтым абавязковы акцэнт – прысутнасць твораў мастацтва. У такія інтэр’еры арганічна ўпісваюцца як экзатычныя, так і народныя рэчы. Зараз гэтая стылістыка папулярная і ў Беларусі.
Аказваецца, кросны – як камп’ютар. Бо малюнак ствараецца па пікселях. Адна нітачка, другая, перакрыжаванне – гэта адзін маленькі піксель. Навучэнцы каледжу вывучаюць такія прадметы, як работа ў матэрыяле, тэхналогія матэрыялу. І ў межах гэтай праграмы засвойваюць на першым курсе кераміку, а на другім тэкстыль (батык, валянне альбо ткацтва). Батык апошнім часам быў вельмі папулярны, але зараз цікавасць да яго ідзе на спад. Цяпер першынство ўсё яшчэ трымае валянне.
Але мода модай, а каб асвоіць тое ці іншае рамяство, аднаго жадання мала. Суразмоўца ўзгадвае, як спрабавала асіліць валянне, але аказалася, што ў яе… слабыя рукі! Было балюча суставам, і змагла займацца толькі сухім валяннем, дзе трэба іголачкай тыцкаць. Скатваць не атрымлівалася...
Па прычыне слабых рук і кераміка не падышла.
А ткацтва – проста немагчыма спыніцца! Можна бясконца любавацца, як ідзе перапляценне, як ніткі кладуцца ўверх-уніз. Патрэбная каардынацыя рухаў, бо задзейнічаныя ўсе часткі цела. Пад нагамі педалі – панажы, на іх націскаеш, да панажа падвязаны рамкі-рэмізы (калі гэта прамысловая версія, там стаяць металічныя пруткі) альбо ніты (народная версія: там натуральныя ніткі).
Сучасная замена – ніты сінтэтычныя, лаўсанавыя, але прынцып утварэння пяцелькі, у якую праводзіцца нітка асновы, той жа самы. Проста сінтэтычныя менш зношваюцца. А продкі нашы выкарыстоўвалі ільняныя. Адпаведна, сезон-два – і ўсё, трэба было вязаць іх нанова.
Ад таго, як ніць асновы запраўленая ў ніты, залежыць, які будзе малюнак, перапляценне ў тканіне. Гэта вельмі напружаны працэс, трэба правільна патрапіць ніцямі асновы ў адтулінкі, а далей проста падвязваеш і перамотваеш, атрымліваецца кругавы рух. Калі націскаеш нагой, апускаецца пэўная рэміза (ніт) і ніці асновы раскрываюцца, як зеў. І вось у гэты зеў ставіш чаўнок, і ён хутка пралятае ад краю да краю...
Якая б тэхніка ні была, а праклаўшы ўзорную нітку, трэба замацаваць звычайным утком, каб было шчыльнае перапляценне і тканіна не распаўзалася. Узорная – палатнозакрэпачная, узорная – палатнозакрэпачная...
Пра любімую справу Святлана распавядае з захапленнем: «Адзін раз падумала, які хочаш малюнак, разлічыла яго матэматычна, заправіла – і тчэш, пакуль не скончацца ніткі. Потым да іх падвязваеш новыя і працягваеш ткаць. Але працэс запраўкі досыць складаны. 70 % маруднай працы – запраўка, і 30 – задавальненне ад ткацтва».
Што тычыцца матэрыялаў, дык у народнай традыцыі гэта лён і воўна. На аснову маглі браць і льняную нітку, і ваўняную, у залежнасці ад таго, што ткалі. Зразумела, калі будзе ручнік ці вопратка, што прылягае да цела, дык ільняную, прычым яна магла быць рознай ступені вырабленасці.
На кроснах ёсць рухомая дэталь (называецца батан), там шчыльна ідуць пласціны (зуб бярдо). Паміж гэтымі зубамі запраўляюцца ніці. Шчыльнасць зубоў можа быць рознай, ад гэтага залежыць нумар бярда. 10 – значыць, у 1 см змяшчаецца 10 нітак, і нітачкі будуць вельмі шчыльна прыбівацца адна да адной. Дзясяткай ткуць танюткімі ніцямі далікатныя тканіны.
У пяцёрку запраўляюць ваўняныя ніткі і ткуць ваўнянымі. Атрымліваецца штосьці вельмі цёплае, напрыклад, верхняя хустка на зіму.
Добра атрымліваюцца снуды: часцей за ўсё на кроснах бярэцца шырыня 30 см. Трэба разлічыць па даўжыні, потым сшыць два бакі. Спачатку рэч каляная, але пасля першага прання мякчэе і робіцца вельмі прыемнай навобмацак.
У кожнай майстрыхі свае любімыя ніткі. Святлана аддае перавагу слонімскім паўшарсцяным, бо там шмат адценняў. Іх жа раіць выкарыстоўваць на вышыўку: у адрозненне ад мулінэ, яны не скручваюцца, а паралеляцца, кладуцца роўным насцілам.
«Дзеці, калі толькі прыходзяць вучыцца, думаюць, што ткацтва чырвона-белае, як у бабулі на вёсцы ці ў музеі ручнікі, – распавядае ткачыха. – Але колер, нават адзін, можа быць розных адценняў. Чым фарбавалі раней? Карэннем, ягадамі.
Здарыўся год дажджлівы і пахмурны – ад карэньчыка адно адценне атрымліваецца. Другі год сонечны – колер іншы. Таму і ў сучасным ткацтве не прывязваемся да аднаго адцення, а бяром розныя, але каб спалучаліся. А далей дазваляем і шматколернасць».
Дарэчы, ручнікі маюць традыцыйную кампазіцыйную прапорцыю канцоў 1:3 ці 1:5. Адваротны і вонкавы бок у ткацтве аднолькавыя. Толькі ў тэхніках, дзе ручны перабор, прысутнічае аднабаковы малюнак. А каб вызначыць якасць работы, у вышыўцы глядзяць на адваротны бок, а ў ткацтве – на якасць пруга (па-руску – «кромки»).
Гераіню пушкінскай казкі Святлана добра разумее, бо сама ўсёй душой любіць сваё рамяство. Але адзначае, што мары казачнай дзяўчыны наўрад ці спраўдзіліся б. І вось чаму.
Дома ў нашай субяседніцы стаяць кросны вялікія, 1,5х1,5х1,5 м, яны не для кожнай работы зручныя. А мінулым годам давялося невялікія кросны на лета пазычыць. На іх за тры месяцы саткала восем работ (дагэтуль толькі адну работу за год пакрысе атрымлівалася зрабіць)...
Прачнулася а сёмай раніцы – і адразу за кросны. Колісь быў заказ на сем ці восем паясоў, яны зараз знаходзяцца ў нейкім музеі (мастачцы, якая адшывала строі, трэба былі паясы). На той час была ў гіпсе нага, з дому выйсці немагчыма. Вось і села ткаць.
Першы ткала тры-чатыры дні, а з апошнім, дзясятым (ператкала, каб даць на выбар) управілася за чатыры гадзіны. «Хуткасць набіраецца, калі займаешся гэтым пастаянна. Проста ў жыцці рэдка здараецца, каб ты працяглы час у гіпсе сядзеў дома. Звычайна нешта перашкаджае, розных спраў многа штодзень», – тлумачыць Святлана.
Вучні як пачынаюць, дык на першым занятку за паўтары гадзіны добра калі саткуць тры сантыметры. На другім – 10-15 см. Калі ткаць пару разоў на тыдзень, дык 10 см зробіш хвілін за 20. Далей яшчэ лепей. Такім чынам, вопытная майстрыха сатчэ абрус за тры дні, але гэта калі больш нічым не займацца. Таму лічыць, колькі часу трэба на тую ці іншую рэч, лепш не ў днях, а ў працоўных гадзінах.
Майстрыха прыгадвае: «Калі ткала дыпломную работу, а гэта вялікі аб’ём, дык кожны дзень была за кроснамі. І калі адпрацавала шэсць гадзін запар, тры дні не магла прымусіць сябе падыйсці да кроснаў – ператкала. Таму людзей, што ткуць з раніцы да вечара, не разумею, гэта вельмі цяжка эмацыянальна і фізічна. Я не магу так. Знайшла для сябе выйсце – 4 гадзіны з раніцы і 4 гадзіны ўвечары, якраз працоўны дзень. Тады атрымліваю задавальненне».
Сёлета ў Святланы прыгожая дата: 20 год педагагічнай дзейнасці. Па яе словах, ткацтва з 50-ці чалавек на курсе выбіраюць каля 15, з іх траціна будзе працаваць з захапленнем, траціна проста хоча з цікаўнасці паспрабаваць штосьці новае, астатніх трэба будзе лавіць па калідорах...
Ткуць і хлопцы, прычым у іх атрымліваецца лепей за дзяўчат. За кроснамі як за рулем машыны – задзейнічаны ўвесь арганізм, ногі, рукі, галава, трэба і думаць. А ў дзяўчат бываюць пытанні з каардынацыяй рухаў. Затое ў хлопцаў не ідзе вышыўка.
«На працягу жыцця ў мяне было рознае сутыкненне з кроснамі, – кажа Святлана. – Пабыць у музеі і не паспрабаваць паткаць не магу, заўсёды прашу. Іншы раз адмаўляюць, але гэта залежыць ад стану кроснаў і ад смеласці супрацоўнікаў.
Калі чалавек не ўмее карыстацца кроснамі, дык баіцца, што я нешта зламлю, а ён не зможа аднавіць. Але іншы раз я дапамагала адрамантаваць непрацоўныя кросны. Бывала, і звярталіся да мяне, цікавіліся, ці можна са старых дэталяў, што валяюцца пад страхой, на гарышчы, нешта зрабіць. Такім чынам два станкі былі мной прыстасаваныя. І на іх ткуць дагэтуль!»
Фота – Андрэй Васкрасенскі, Святлана Еўдакіменка і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Беручы накірунак на паўночны захад Беларусі, каб пазнаёміцца з новымі мясцінамі і наведаць добра вядомыя, наш спрактыкаваны велавандроўнік Васіль Літвін запланаваў праязджаць па 50-100 км у дзень. Але часцей за ўсё атрымлівалася болей. Ну як жа не пад’ехаць да чарговай цікавосткі, якая не была ўнесеная ў план, але нечакана так завабліва з’яўляецца на гарызонце?!
Ды і дажджу не загадаеш: «А ну, супакойся!» Што ўжо казаць пра пераправу праз раку «а-ля Напалеон», ды яшчэ не дужа далёка ад тых гістарычных мясцінаў, якія і дагэтуль памятаюць пераправу французскіх войскаў 1812 года…
Але галоўнае, шаноўныя нашы цяперашнія і будучыя велавандроўнікі, не варта перажываць, калі штосьці пайшло не так, як было запланавана. Бо гэта ўсё ж – адпачынак! А не веласпаборніцтвы і не дакладнае выкананне маршруту, чаго б гэта ні каштавала.
Гатовыя?! Па-а-а-а-аехалі! Адразу хачу папярэдзіць, што на ютуб-канале Васіля Літвіна «Два каты і веласіпед» шмат відэа з гэтай вандроўкі. Прычым на адзін дзень іх можа прыпадаць некалькі. Калі дзень доўгі, маршрут насычаны, а цікавых мясцінаў ну так шмат!
Таму заходзьце і глядзіце іх, сябры, самі, па парадку альбо выбіраючы штосьці цікавае для сябе. Практычна ў кожным відэа, апрача прыгожых мясцінаў, Васіль паказвае быт велавандроўніка, распавядае пра неабходныя рэчы, хітрыкі ў прыгатаванні ежы, здарэнні…
Ну, а мы пачынаем з Чэрвеня. Каму цікава хаця б крыху пазнаёміцца з нашым з Васілём Літвіным горадам, а таксама паглядзець, з якім настроем і імпэтам велавандроўнік імчыць па М4, тады вам сюды! А мы працягваем нашую гутарку. І сёння, шчыра прызнаюся, далёка не заедзем! Затое даведаемся, чым харчуецца падчас велавандровак мой суразмоўца!
Васіль, куды вы гэтым разам пракладалі свой маршрут?
Вандроўку я планаваў уздоўж паўночна-заходніх межаў Беларусі. Не так, каб ужо дакладна ля мяжы… Але ў тых мясцінах. Я вырашыў, што на відэа варта паказаць свой выезд прама з дому. І я гэта зрабіў.
З Чэрвеня я паехаў на Беразіно. Апошні раз там быў 15 гадоў таму. Думаю: «Трэба паглядзець, што змянілася». На мой погляд, не дужа шмат.
А дарога?! Шашу ж як пашырылі…
Гэта так! Але я туды раней не на ровары ездзіў, а на грамадскім транспарце, па працы.
І як жа, на ваш погляд, прыстасаваныя нашыя дарогі для велавандроўнікаў?
О, гэта цяжкае пытанне. Возьмем нашу шашу Мінск-Магілёў, М4. З аднаго боку, узбочына там – ледзь не 2 метры, добрая, шырокая. А з другога – вельмі шмат машын. Ехаць цяжка, бо пастаянна фуры носяцца.
ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА
Калі плануеце маршрут на карце, варта адразу звяртаць увагу, якія там дарогі – загружаныя, не загружаныя, з асфальтавым пакрыццём, гравійкі… Гэта вельмі важна. Бо калі ровар – горнік, ён больш-менш усюдыходны. На іншым, калі не па асфальце, будзе цяжэй.
А ў вас горнік?!
Не, у мяне спецыяльны турыстычны ровар – турынг. Але і горнік ёсць таксама. Дык вось турынг больш прызначаны для язды па асфальце. Я магу выехаць на ім на грунтовую дарогу, але гэта больш павольна і цяжка. Затое па асфальце ён ляціць, як страла!
Дык вось яшчэ пра выбар шляху. Напрыклад, я гляджу дарогу Мінск-Віцебск. Так, яна асфальтаваная, але ж там вельмі шмат машын. Тады гляджу іншую, магчыма, крыху ў абход. Напрыклад, Беразіно-Барысаў. Яна не дужа напружаная. Але аб прычыне – крыху ніжэй.
Дарогі паміж райцэнтрамі звычайна добрыя для велавандроўнікаў. Чэрвень – Мар’іна Горка, Ушачы – Полацк…
Дык вось у гэтай вандроўцы я на сваім турынгу пад заканчэнне вырашыў у некаторыя месцы нават не заязджаць. Бо гравійкі, па шчырасці, надакучылі. І ў мяне там надарылася праблема з колам. Рызіна парэзалася на пярэднім. І калі б я яшчэ на такой паехаў па гравійцы… Далей бы ішоў пехатой.
І ў параўнанні з Еўропай у нас няма такіх веламаршрутаў, дзе б стаялі ўказальнікі, куды далей ехаць велавандроўніку.
А ў замежжы і паміж гарадамі такое ёсць?!
Ёсць такі праект – «Еўравела» (EuroVelo). Гэта сетка веламаршрутаў па ўсёй Еўропе. Ёсць карта. Маршруты праходзяць па асфальтаваных незагружаных дарогах альбо выдзеленых веладарожках. У нас у Беларусі пакуль плануецца адзін такі маршрут…
Вяртаемся да вашай велавандроўкі ў бок Беразіно.
З’ездзіў туды, паглядзеў, што змянілася. Палац Патоцкіх у запусценні.
Усё роўна як у нас палац Слатвінскіх у Раванічах. Шкада… У Беразіно я застаўся галодным. Вось вам і турыстычная інфраструктура ў беларускіх райцэнтрах. Рэстаранчыкі і кавярні зачыненыя. А калі ў суботу-нядзелю і адчыненыя, дык там альбо вяселле, альбо памінкі – спецабслугоўванне.
Знаёмы малюнак…
У выніку падчас велавандровак можна паесці толькі ў абласных цэнтрах, буйных гарадах. А ў вёсках нават крамы могуць быць зачыненымі. І гэта трэба ўлічваць. Таму на дапамогу прыйдуць узятыя з дому прыпасы – вэнджаная каўбаса, якая не псуецца доўга, сыр…
Пад Беразіно ў мяне была запланаваная начоўка. На рацэ Уша знайшоў прыгожае месца, з альтанкамі. А на наступны дзень паехаў у Барысаў. І… сутыкнуўся з адсутнасцю моста! (смяецца) Вось таму дарога Беразіно-Барысаў і не загружаная ў плане транспарту. І невялічкую рэчку мне давялося пераходзіць з веласіпедам на плячы…
І як жа тут ні прыгадаць пераправу Напалеона праз раку ля вёскі Студзёнка!
Так! Разгрузіў я свой ровар. Схадзіў спачатку без веласіпеда. Бо раптам там глыбока?! Так я б праплыў, як што… Памераў глыбіню, перанёс веласіпед, а тады і рэчы…
Задачка пра ваўка, казу і капусту!
Амаль што! (смяемся)
Паглядзеў Барысаў. Там я таксама быў даўным-даўно, і па працы. Хацелася паглядзець. Горад спадабаўся, асабліва яго старая частка.
Ну, і туды, дзе Напалеон фарсіраваў раку, вядома ж, завітаў. Там з боку Барысава два помнікі. Паглядзеў – і паехаў далей, у бок Лепеля. Пад Барысавам у мяне таксама была запланаваная начоўка – на беразе вадасховішча. Добрае месца, з альтанкай, куды мясцовыя прыходзяць адпачываць. Я адпачыў, зварыў кашу…
І вось мы дайшлі да самага цікавага – да ежы!
Распавяду. Што звычайна з сабой бярэцца? Вядома ж, залежыць ад перавагаў кожнага. У мяне звычайна на раніцу аўсянка… Не ўсе яе любяць, а я – люблю.
Аўсянка, сэр! (смяемся)
Гатую яе з сухім малаком і з разынкамі. Робіцца гэта хутка і практычна без намаганняў.
А на чым гатуецца?!
На інтэграванай сістэме прыгатавання ежы («integrated stove system»). Вы гэтую рэч можаце часта бачыць на маіх відэа. Дарагавата, але зручна. Вельмі хутка вада закіпае, хвіліны за тры, ёсць абарона гарэлкі ад ветру.
Дык вось кіпнем я заліваю ў кантэйнеры з накрыўкай аўсянку з сухім малаком і разынкамі. Накрыўку зачыняю. 10 хвілін – і смачная каша гатовая.
Абед, калі атрымліваецца, – дзесьці ў кавярні ці рэстаране (недарагім). Калі з гэтым дрэнна, штосьці набываецца ў краме. Але ў буйных гарадах я аддаю перавагу кавярням.
У Барысаве, напрыклад, знайшоў сталовую. Там якісьці вайсковы штаб, а за ім – сталовая. Ну я ж не ведаў, што яна для вайскоўцаў (смяецца). Заходжу, а там салдаты, афіцэры сталуюцца. Але за грошы і мяне пакармілі (смяемся).
Але там не пярлоўка была?!
Не. Звычайная для сталовай ежа. Гэта што тычыцца абеду. А на вячэру звычайна бяру вермішэль хуткага прыгатавання ці сухое пюрэ. Проста таму, што калі еду адзін, дык мне асабліва не хочацца гатаваць. Я крыху гультай у гэтым сэнсе (смяецца).
Але гатаваць умееце?!
Ну, так. Калі едзе некалькі чалавек, набываем гародніну, гатуем салаты… Яшчэ пра вермішэль хуткага прыгатавання. Самае галоўнае – не браць танную. Яна рэальна нясмачная.
Атрымліваецца, у вас – трохразовае харчаванне ў велавандроўках. Няблага! А наколькі важнае добрае харчаванне для велавандроўнікаў?
Вельмі важнае! Добра пад’еўшым варта быць абавязкова! І абавязкова мець з сабой які высокакаларыйны перакус – шакаладны батончык, цукеркі… Бо ў дарозе бывае, што ты едзеш-едзеш – і ў цябе падае ўзровень глюкозы ў крыві. Слабасць, памутненне ў галаве… Гэта значыць, што табе трэба тэрмінова падмацавацца.
Гэта з уласнага досведу?!
Так. Упершыню такое са мной здарылася гадоў 7 ці 8 таму, калі вырашыў проста з’ездзіць у Мінск. Я паехаў, пахадзіў там па веласіпедных крамах і паехаў назад. І дзесьці на палове дарогі, пад Смілавічамі, мне зрабілася блага. Я ўжо не мог круціць педалі. Сеў на прыпынку і сяджу.
Але ў мяне штосьці там з сабой было паесці. Паеў, пасядзеў. Зрабілася лепей – паехаў. А затым прачытаў, што такое бывае, калі чалавек пры вялікіх нагрузках згаладаецца.
І варта памятаць, што гэта не проста стома…
Правільна! І яшчэ пра ежу ў велавандроўках па Беларусі. Апрача таго, што возіш з сабою шакаладныя батончыкі, печыва… Бывае, што праедзеш міма крамы. Альбо ў вёсках усё зачыненае. Таму, апрача аўсянкі, вермішэлі (гэта ўсюды можна купіць), бяру з сабою сыр і каўбасу.
ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА
Класічныя турысты бяруць з сабой тушонку. Але пасля некалькіх велапаходаў я прыйшоў да высновы, што гэта прадукт цяжкі – ва ўсіх адносінах. Прасцей узяць сыравэнджаную каўбасу, вельмі цвёрдую, каб навобмацак яна была як палка. Яна доўга не псуецца. Можна некалькі дзён вазіць у сумцы – і з ёй нічога не зробіцца.
І сыр бяру па тыпу пармезану. У нас гэта сыр вытрыманы, прадаецца ў круглых каробачках. Па кансістэнцыі падобны да… гаспадарчага мыла. Таксама доўга не псуецца. Яго можна проста грызці, а можна дадаць да вермішэлі.
Вось я зварыў вермішэль (у сэнсе, заліў кіпнем і настаяў), пакрышыў туды каўбасы і сыру – і ў мяне паўнавартасная страва. А калі яшчэ да гэтага дадаць памідоры ды агуркі…
А што вы бралі з ежы ў гэты велапаход?
Сярод іншага – батон сыравэнджанай сухой каўбасы, каробачку вытрыманага сыру – грамаў 200, 400 грамаў аўсянкі, але мне яе не хапіла. Аўсянку еў на сняданак штодня. Таму ў сярэдзіне велапаходу я набыў яшчэ 400 грамаў. Адразу браў тры ўпакоўкі вермішэлі хуткага прыгатавання – вялікіх. А далей купляў па неабходнасці, як і пюрэ.
Але да пюрэ таксама трэба штосьці дадаваць – каўбасу плюс гародніну, каб было смачна.
ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА
Каб было зручна вазіць з сабой аўсянку, яе варта засыпаць у пэт-бутэльку з-пад напою, пажадана з шыракаватым горлам. У 0,7 л змяшчаецца прыкладна 400 грамаў.
А які водны рэжым варта захоўваць?
У велапаходах, асабліва ў гарачыню, піць трэба шмат. Прычым нават калі асабліва піць не хочацца. Бо арганізм разам з потам губляе вільгаць. Праз хвілін 30 трэба абавязкова піць ваду, хаця б крыху.
З сабой я важу 1,5 літра вады. На ноч гэтага мала. А так… Выпіваеш, як едзеш, і набіраеш яшчэ.
А набіраеце дзе?
Вось! Самае пытанне – дзе набраць! У некаторых вёсках Віцебскай вобласці ў калонках вады не набярэш – адключаныя.
Дык і ў Чэрвені таксама…
А вось пад Браславам, Верхнядзвінскам яшчэ можна. А там, дзе адключылі… Ты едзеш, глядзіш – на двары ёсць хтосьці. Гукаеш: «Добры дзень, гаспадар! Ці можна вадзічкі набраць?..»
… А то так піць хочацца, што пераначаваць няма дзе! (смяемся)
Даеш пэт-бутэльку, ён табе налівае вады. Дык вось чаму 1,5 літра на ноч мала? Бо трэба ўвечары зварыць есці, заварыць гарбаты, на раніцу… Памыцца, зубы пачысціць, проста папіць…
Еду я так па Браслаўскім раёне, гляджу – дзве жанчыны сядзяць на лаўцы.
– Добры дзень! А ці можна вады набраць?
– А ідзі, вунь там калодзеж на двары.
А тады кажуць:
– Хадзі сюды, да нас. Бульбы паясі, агуркоў. Нальем табе…
Гляджу – а ў іх пляшка каньяку. Ад каньяку я адмовіўся. А яны давай мяне распытваць: хто, адкуль, куды еду… І дайшло вось да чаго:
– А можа, ты застанешся ў нас, а заўтра на раніцу агуркі нам пасееш?
Я пасля ўжо даведаўся, чаму агуркі павінен сеяць мужчына (смяемся).
А я як спрактыкаваная дачніца пра гэтую прыкмету ведаю даўно!
А мне ўжо жонка дома патлумачыла (смяемся).
Я так разумею – трэба пільна сачыць, каб не застацца без вады?!
Так! Вось едзеш ты, глядзіш – горад. А па карце наступная вёска будзе толькі праз 2 гадзіны. Вады мала з сабой ужо, а горача. Гляджу, дзе набраць. Калодзежы. У вялікіх гарадах – у прыбіральні кран з вадой.
А бывае, едзеш, бачыш – калодзеж на вуліцы. Падыходзіш набіраць, а з-за плоту крычаць:
– Не бяры тут! Вада дрэнная… Хадзі да мяне ў двор.
Так двойчы было падчас апошняй вандроўкі.
Ну што ж, шаноўныя сябры, запамінаем лайфхакі ад Васіля Літвіна – спатрэбяцца ў велавандроўках па Беларусі. А наступным разам даведаемся, якіх пабудоў больш за ўсё на паўночным захадзе Беларусі і ў якіх з іх варта пабываць абавязкова.
Фота і скрыншоты з архіва Васіля Літвіна.
Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 1. «Ты памятаеш, як усё пачыналася?!» (+відэа)
Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 2. «Я еду – і вітаюся з катамі…»
– Іллюшык, сынок, не спяшайся, калі ясі. Будзь уважлівым, а тое забрудзіш маечку чарнічным варэннем, адмыць маме будзе зусім няпроста, – пяшчотна ўшчувала маці свайго сыночка.
Яна недарэмна папярэджвала: гуляючы ў садку, ён паспеў ужо запэцкаць да колеру зямлі бялюткую сарочку, на якой была намалявана прыгожая жоўтая Жырафа. І калі мамка ласкава сармаціла свайго хлапчука, ён толькі бліскаў блакітнымі вочкамі і звяртаўся да яе з бясконцымі пытаннямі.
– Каб я ведаў, мамка, дзе жыве тая Жырафа, не запэцкаў бы.
– Ну і хітры ты ў мяне! Але адкажу на тваё пытанне. Жырафа – жвачная жывёла, а жыве яна ў далёкай Афрыцы. У саванах афрыканскіх.
– І ніколі не ласавалася чарнічным варэннем?!
– Ці не хочаш ты яе пачаставаць?!
Хлопчык толькі хітравата ўсміхнуўся, а як мамка адвярнулася – хуценька прапанаваў намаляванай Жырафе адну лыжачку чарнічнага варэння. Ён і не ўбачыў, як Жырафа ўсміхнулася, нават доўгай шыяй сваёй заматляла, маўляў, смачна. Але ж з камарыны нос той пачастунак…
Надышла ноч. На неба выкаціўся з-за зор сярпок маладога месячыка. Усе ў доме паснулі, толькі намаляваная Жырафа ніяк не магла задрамаць: ёй так карцела пакаштаваць чарніцаў, бо гарэзлівы яе гаспадар толькі абудзіў апетыт. Яна прыгадала размову маці хлопчыка пра мясціны, дзе збірала смачныя ягады. Значыць, ісці патрэбна толькі туды.
– Але напачатку неабходна выбрацца з сарочкі. Зараз паспрабую, – амаль услых прамовіла Жырафа і павольна пачала пакручваць шыяй.
Праз колькі такіх рухаў атрымалася дзірка, і яна паціху пачала прасоўваць галаву, шыю і ўсё астатняе.
Каб не бачыў на свае вочы, не паверыў бы, што так роўненька і акуратненька ўдалося ей выслабаніцца. Быццам узялі і выразалі яе з тае сарочкі! Жырафа спрытна скокнула на ражок стала, затым на акно і – ў сад. Перамахнула цераз дзядулеў плот і паімчала ў лес. Яна зрабіла яшчэ толькі некалькі скачкоў, як поруч з’явіўся яе сябар – сабачка Шарык. Ён прыветна замахаў хвастом, схіліў галаву, нібы разглядаючы яе, павітаўся:
– Прывітанне, экзатычная Жырафа!
– Прывітанне! Ты скажы мне, як хутчэй дабрацца да таго месца, дзе растуць смачныя і сакавітыя чарніцы?
Шарык параіў ёй кіравацца напрамкі цераз поле і лужок, а там лясная сцяжынка і прывядзе да той самай палянкі, дзе і растуць сакавітыя чарніцы. Ён і сам мог бы праводзіць Жырафу, але ноччу сцерагчы будынак гаспадара патрэбна.
Жырафа ўважліва слухала сабачку, каб нічога не пераблытаць. А як запомніла – хутка аказалася ў патрэбным месцы.
Дрэўцы стаялі, як заварожаныя, толькі зрэдку шапацелі-перамаўляліся сваімі зялёнымі галінкамі ды гонкімі вершалінамі. А навокал ягадніку – суцэльны бэзава-валошкавы дыван. Нахілілася Жырафа і пакаштавала колькі сініх ягадак.
– Дык вось з чаго робяць такое смачнае варэнне! – усклікнула яна.
А тут анекуль узяўся дзяцел-жаўна. Ён сеў на спіну Жырафе і сказаў:
– Так-так, у гэтым лесе самыя спелыя і смачныя ягады!
І ўшчыкнуў сваёй моцнай дзюбкаю Жырафу, ловячы няпрошаных мух на яе спіне. Аднак яна не адрэагавала, бо думала толькі аб адным.
– Сапраўды! Еш, колькі захочаш!
Жырафа працягвала нахіляцца і есці сакавітыя ягады.
Хутка развіднелася. Яна ўспомніла пра дом, маленькага хлопчыка-гарэзу Іллюшу і яго белую сарочку.
«Трэба спяшацца, – падумала Жырафа. – Часу зусім няма».
Яна зірнула на неба, а там месячык стаіць амаль над самымі вершалінамі стромкіх соснаў.
– Месячык ясны, месячык светлы! Аднясі мяне, калі ласка, да таго дому, дзе гасцюе хлопчык Іллюшка.
– Скачы хутчэй!
Жырафа разагналася, падскочыла вышэй за сосны ды елкі і зачапілася за ражок месячыка.
І месячык ясны панёс яе па небе.
– Ну вось ты і дома!
– Шчыры дзякуй табе, – адказала вясёлая Жырафа і паспяшалася ў сенцы, дзверы ў якія парупіўся адчыніць сабачка Шарык.
Маўляў, каб ніхто і не пачуў стуку клямкі.
У дзіцячым пакойчыку смачна пасопваў і бачыў прыгодніцкія сны маленькі хлопчык Іллюшык. Жырафа наўздзіў вёртка вярнулася на сваё месца, і ўсё стала па-ранейшаму: на крэсле вісела белая сарочка, на ёй намаляваная жоўтая Жырафа. Але толькі ўся яна была ў бэзава-сініх кроплях.
З тае прыгодніцкай ліпеньскай ночы чарніцы заўсёды пакідаюць на адзенні свае бэзава-сінія плямы.
Шкада, што маленькі хлопчык Іллюшык так і не пабачыў вясёлую Жырафу той чароўнай ноччу, бо ён тым часам ужо спаў і бачыў казачныя сны. І табе, мой юны дружа, пара класціся адпачываць, каб таксама ўбачыць светлую казачную гісторыю.
One fine body…