У Мінску адкрылі Дні культуры Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта адбылося ўпершыню за ўсю гісторыю кіргізска-беларускіх двухбаковых адносін.
У межах падзеі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20) адкрылі выстаўку твораў Саюза мастакоў Кыргызскай Рэспублікі, на якой наведвальнікі могуць убачыць работы вядомых кыргызскіх майстроў Арыкава Боўнека. Чаюбекава Урмата і многіх іншых аўтараў, якія дэманструюць разнастайнасць стыляў і тэхнік, адлюстроўваюць прыгажосць прыроды, народныя традыцыі і дух свайго народа.
Прадстаўленая ў экспазіцыі творчасць кыргызскіх мастакоў – 30 твораў у тэхніцы алейнага і акрылавага жывапісу (нацюрморты, пейзажы, партрэты, жанравыя карціны) дэманструюць ўвесь спектр мастацкай індывідуальнасці сучаснага кыргызскага выяўленчага мастацтва.
Першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада падкрэсліў на адкрыцці праекта, што Беларусь рада ўпершыню прымаць Дні культуры Кыргызстана. «Гэта яскравае сведчанне імкнення дзвюх краін да супрацоўніцтва ў розных сферах», — падкрэсліў Валерый Іванавіч.
Намеснік міністра культуры, інфармацыі, спорту і маладзёжнай палітыкі Кыргызскай Рэспублікі Гульбара Абдыкалыкава падкрэсліла, што гэта выстаўка — унікальная магчымасць прадэманстраваць багацце кыргызскага мастацтва, прадставіць работы выдатных мастакоў і рамеснікаў, якія адлюстроўваюць шматвяковыя традыцыі народа. «Кыргызскае мастацтва, няхай гэта будзе жывапіс або рамяство, заўсёды было звязана з прыродай і глыбокай павагай да каранёў і спадчыны», — растлумачыла яна.
Такія выстаўкі спрыяюць яшчэ большаму збліжэнню нашых народаў, узбагачаючы нас разуменнем і павагай адна да адной.
Дні культуры Кыргызскай Рэспублікі — значная падзея, накіраваная на ўмацаванне сяброўства і культурнага абмену паміж Кыргызстанам і Беларуссю. У межах падзеі пройдуць розныя мерапрыемствы, якія дэманструюць самабытную культуру і традыцыі Кыргызстана, прапаноўваючы гледачу ўнікальную магчымасць убачыць традыцыйнае і сучаснае мастацтва краіны, яе багатую культурную спадчыну.
Кыргызы прывезлі ў Беларусь не толькі выяўленчае мастацтва. У кінатэатры «Перамога» пройдуць Дні кыргызскага кіно. Таксама ў праграме гала-канцэрт майстроў мастацтваў.
Унікальныя віды Екацерынбурга. Галерэя Міхаіла Савіцкага прэзентавала выстаўку Аляксея Яфрэмава
24-25 кастрычніка 2024 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў XI Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры», прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта значная падзея, якая сабрала вядучых спецыялістаў у галіне бібліятэказнаўства, культуралогіі, гісторыі, інфармацыйных тэхналогій і іншых сумежных дысцыплін з розных краін свету.
Адкрыў кангрэс міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч. Прывітанне на адрас удзельнікаў накіравалі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў. З прывітальным словам выступілі генеральны дырэктар Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, прэзідэнт некамерцыйнага партнёрства «Бібліятэчная асамблея Еўразіі» Вадзім Дуда, прэзідэнт Сербскай бібліятэчнай асацыяцыі Алена Глішавіч, генеральны дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі ім. Б. М. Ельцына Юрый Носаў, дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня Савета грамадскага аб'яднання «Беларуская бібліятэчная асацыяцыя» Уладзімір Кулажэнка.
На пленарным пасяджэнні з работай сваіх бібліятэк пазнаёмілі кіраўнікі і аўтарытэтныя спецыялісты Расійскай Федэрацыі, Кыргызскай Рэспублікі, Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Індыя, Рэспублікі Казахстан, Рэспублікі Малі. Святочны настрой усім стварыў Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі».
Першы дзень кангрэса быў насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі. Прайшлі секцыйныя пасяджэнні «Бібліятэка як месца захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай Вайне», «Электронныя інфармацыйныя рэсурсы і сэрвісы для навукі і адукацыі». Адным з ключавых момантаў стала абмеркаванне праектаў па цыфравізацыі бібліятэчных паслуг і пашырэнні інфармацыйных рэсурсаў на круглым стале «Электронныя бібліятэкі: ад аблічбоўкі да забеспячэння аддаленага доступу». Гэтыя пытанні асабліва цікавыя для прадстаўнікоў публічных бібліятэк.
У другі дзень адбыліся секцыйныя пасяджэнні «Бібліятэка і навука: узаемадзеянне і перспектывы», «Праектныя ініцыятывы і сацыякультурныя практыкі ўстаноў культуры і адукацыі».
На секцыі «Праектныя ініцыятывы і сацыякультурныя практыкі ўстаноў культуры і адукацыі» дакладчыкі расказалі пра рэалізаваныя праекты ў бібліятэках і музеях. Прагучалі выступленні супрацоўнікаў з Мінскага, Салігорскага і Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці. Дырэктар ДУК «Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка ім. П. Труса» Аксана Драчан выступіла з дакладам «У памяці сэрца рэха вайны: з досведу працы па прапагандзе патрыятычнага выхавання», у якім распавяла пра ініцыятывы бібліятэкі ў напрамку захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне сярод падрастаючага пакалення. Прадстаўнікі ДУ «Мінская раённая цэнтральная бібліятэка» закранулі некалькі аспектаў работы бібліятэчнай сферы: загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Марына Камлюк у выступленні «Праект «Бібліятэка ў аб'ектыве як сродак захавання гістарычнай памяці і папулярызацыі дзейнасці бібліятэк» прэзентавала новы віртуальны падрыхтаваны да 100-годдзя Мінскай раённай бібліятэкі і прадстаўлены на яе сайце; метадыст 1 катэгорыі Святлана Каўзелева ў дакладзе «Для тых, хто гады не лічыць» расказала аб актыўнай рабоце бібліятэк Мінскага раёна, накіраванай на падтрымку і арганізацыю вольнага часу чытачоў пажылога ўзросту.
Такім чынам, на XI Міжнародным кангрэсе «Бібліятэка як феномен культуры» абмяркоўваліся надзённыя праблемы бібліятэчнай галіны, звязаныя з цыфрызацыяй сферы культуры, узнімаліся пытанні папулярызацыі гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, ролі і месцы бібліятэк у сістэме патрыятычнага выхавання, абмяркоўваліся новыя ініцыятывы. прыцягненне моладзі і паляпшэнне доступу да інфармацыі.
Скарбніца ведаў. Гісторыя і лёс Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
З 22 па 24 кастрычіка ў Мінску прайшоў канцэптуальны праект «Беларускія дні дызайну».
Гэта праект, які аб'ядноўвае ўсю сферу інтэр'ернага і прадметнага дызайну, архітэктуры, мэблі і дэкору.
Ён цікавы ўсім знатакам якаснага дызайну і архітэктуры: навасельцам, дызайнерам, дэкаратарам, архітэктарам, будаўніча-аздобным кампаніям, вытворцам і пастаўшчыкам. Кожны наведнік мог знойсці ўсё, што яму неабходна.
Мерапрыемства склалася з дзвюх падзей. Адбыўся форум дызайнераў і архітэктараў — тры дні поўнафарматных лекцый ад лепшых спікераў, экспертаў галіны, на самыя актуальныя тэмы, майстар-класы і дыскусійныя пляцоўкі. Таксма была арганізавана выстаўка навінак і трэндаў у дызайне і архітэктуры, на якой вядучыя пастаўшчыкі і вытворцы дызайн-арыентаваных аддзелачных матэрыялаў, мэблі і дэкору прадставілі свой актуальны асартымент.
Таксама ў межах праекта была прадстаўлены яркая і цікавая арт-зона, куратарам якой выступіла мастак па тэкстылю, выкладчык кафедры дэкаратыўна-прыкладных мастацтваў і касцюма БДАМ Хрысціна Высоцкая.
На Арт-зоне былі прадстаўлены работы аўтараў глыбока пагружаных у свой матэрыял. Графіка, скульптура, жывапіс, тэкстыль, шкло і кераміка — кожны напрамак аб тонкім пачуцці і адносінах да матэрыялу, віртуозным валоданні тэхнікай выканання, глыбокіх сэнсах, прыгажосці і эстэтыцы.
Удзельнікамі артзоны сталі мастакі Аляксандр Трускоўскі, Аляксандр Шаппо, Хрысціна Высоцкая, Уладзімір Шаппо, Маргарыта Шчамялёва, Фёдар Шурмялёў, Міла Землякова, Вольга Сямашка і Карына Папроцкая.
Вольга Сямашка, як заўсёды, проста ўразіла сваімі непаўторнымі, сэнсава насычанымі кампазіцыямі. Стыль мастачкі ўжо шмат гадоў пазнавальны для гледача Але ж варта адзначыць, што ў межах Дзён дызайну яе работы зайгралі новымі фарбамі і паказалі, як могуць быць выкарастаны у межах інтэр’ернага функцыяналу.
Мастак Аляксандр Шаппо на ART-зоне прэзентаваў жывапіс, які таксама з задавальненне можна аднесці да інтэр’ернага. Работы мастака з філасофскім падтэкстам і глыбакімі сэнсамі.
Тэкстыльныя работы Хрысціны Высоцкай — гэта ўвогуле казачнае апавяднне, кожны экспанат як казка з малюнкамі, у якіх акрамя вялікай тэхналагічнай працы укладзены вялікі складнік любові і дабрыні, а таксама цікавыя падтэксты традыцыйнасці і ў той жа час сучаснасці.
Увогуле, кожны аўтар падышоў адказна да падрыхтоўкі праекта. Розныя матэрыялы, тэмы і эмоцыі нібы моцны заклік альбо магчымасць разглядзець дызайн інтэр’ера і мастацтва як моцны сінтэз у стварэнні прыемнай для сябе прасторы.
Мастак, які разбурае стэрэятыпы. Выстаўку Уладзіміра Шаппо прэзентавалі ў галерэі «AРТ Фабрыка»
Сёлета мастацкая галерэя «АРТ Фабрыка» арганізавала яркі і вельмі цікавы праект «Shappo 24», які аб’яднаў у сабе выстаўкі ўсіх мастакоў знакамітай творчай дынастыі Шаппо. У кастрычніку галерэя прэзентавала фінальную выстаўку праекта «ANNIVERSARY» мастака, бацькі таленавітай сям’і Уладзіміра Шаппо.
У свядомасці звычайнага чалавека жыццё лінейнае, а юбілеі – свайго роду верставыя слупы, якія адмяраюць этапы шляху. У свядомасці мастака ўсё цыклічна – і мінулае паўтараецца ў будучыні, і будучыня аказваецца ўспамінам мінулага. Канва падзей страчвае паслядоўнасць, замыкаючыся ў бясконцы цудоўны кругазварот жыцця, які стракаціць падзеямі і характарамі, разважаннямі і фантазіямі, адкрыццямі і марамі.
Сусвет Уладзіміра Шаппо — гэта шумны і нястрымны віцебскі трамвай №5, населены вечнымі закаханымі і вагонаважатымі, студэнтамі і старымі, юнацкім максімалізмам і творчай свабодай. І юбілей аўтара – не маркер часу, а новы маршрут, які радуе нечаканым пейзажам з акна на кожным павароце.
Уладзімір Дзмітрыевіч на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў распрацоўвае асобны сусвет, заснаваны на асаблівым мастацкім бачанні жыцця. Тое, што кідаецца ў вочы пры знаёмстве з той ці іншай яго серыяй работ, захапляе гледача: яркасць, экспрэсіўнасць, «вітражнасць», якія адлюстроўваюць непасрэднасць пачуццяў аўтара. Яго візітоўка — шматаблічныя, у чымсьці фантасмагарычныя вобразы.
Сцвярджаюць, што Уладзімір Шаппо разбурае стэрэатыпы. Што датычыцца распрацоўкі тэмы радзімы, то гэта дакладна так. Працуючы над пэўнай праблемай, даносячы канкрэтную ідэю, ён імкнецца пазбавіцца банальных вобразаў, інтэрпрэтуе і вельмі часта нават ускладняе рэчаіснасць, у той жа час шмат увагі надае асацыяцыям, неабходным для абстрактнага мастацтва.
— Маё жыццё — гэта вялікае падарожжа ў свет самых арыгінальных і нетыповых фантазій, — падкрэсліў на адкрыцці праекта мастак Уладзімір Шаппо. — Я не ведаю, наколькі іншым бывае цяжка са мной, але ж мне бывае цяжка з самім сабой, але я творчы чалавек: і гэта заўважна не толькі па маіх работах, але ж і па маіх дзецях. Я люблю сваё жыццё і мне заўсёды ёсць пра што ўспомніць і пра што пафантазіраваць.
Унутраную раскаванасць і свабоду Уладзімір Шаппо звязвае з цягай да ведаў і звычкай называць рэчы сваімі імёнамі, разбураючы стэрэатыпы. У творчасці ён шануе духоўныя каштоўнасці. Яго карціны экспрэсіўныя, як і ён сам, яркія, супярэчлівыя. Партрэты сімвалічныя. Ніякай фатаграфічнай дакладнасці, акцэнт аўтар робіць на ўнутраным свеце герояў.
— У юнацтве я сябе лічыў геніяльным, потым пачаў неяк сумнявацца. Цяпер да гэтага стаўлюся вельмі скептычна, — тлумачыць Уладзімір Дзмітрыевіч. — Сёння ведаю, мастацтва — гэта дар Божы. Калі табе дадзена, ты будзеш мастаком.
Уладзіміру Шаппо пашчасціла атрымаць такі дар. Ужо зараз, азіраючыся назад, ён выдатна разумее, чаго гэта каштавала: папулярнасці і шматлікім выстаўкам папярэднічаў цяжкі шлях станаўлення.
Любоў да ведаў і гарачае жаданне ўдасканалення — галоўнае, што Уладзімір Шаппо здолеў прывіць сваім дзецям. Яны хацелі адпавядаць яму, а ён, у сваю чаргу, ніколі не спрабаваў навязаць ім свой выбар. Тым не менш, трое сыноў сталі мастакамі.
А калі падумаць, як не захацець стаць мастаком, калі ты з самага дзяцінства заседжваешся ў майстэрні ў бацькі? Дзіцячая гульня з фарбамі і пластылінам паступова перарастае ва ўсвядомленае жаданне стаць мастаком ці скульптарам. Так і адбылося ў выпадку са старэйшым сынам Уладзіміра Шаппо Аляксандрам. Ён заняўся скульптурай і сёння паспяхова ўвасабляе свае ідэі ў аб'ёмных фігурах. Некаторыя з іх сталі ўпрыгожаннем нашай сталіцы. Выдатны прыклад старэйшага брата і неверагодны творчы свет бацькі дапамаглі сфарміравацца яшчэ двум мастацкім талентам у сямействе Шаппо: сярэдні сын Павел і малодшы Антон знайшлі сябе ў выяўленчым мастацтве.
На выстаўцы старэйшага прадстаўніка дынастыі у канферэнц-зале галерэі «Арт-фабрыка» прадстаўлены мастацкія работы сыноў аўтара, якія разам нібы акцэнтуюць увагу на тым, што яны заўсёды разам, што яны падтрымка адзін аднаго.
Уладзімір Дзмітрыевіч Шаппо нарадзіўся 4 лютага 1949 года ў гарадскім пасёлку Відзы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1972). Яго педагогамі былі Фелікс Гумен, Яўген Красоўскі, Іван Сталяроў. Падчас вучобы творца шмат падарожнічаў, збіраў матэрыялы па ўсёй Расіі (Поўнач, Запаляр'е, Камчатка), Сярэдняй Азіі. Аднак асноўнай тэмай яго творчасці сталі Радзіма (Прыдзвінне, Паазер'е) і дзяцінства.
Выстаўляецца мастак з 1975 года ў Беларусі, Расіі, Латвіі, Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі... Яго работы знаходзяцца ў Дзяржаўным музеі мастацкай культуры Наўгародскай зямлі, Браслаўскім раённым аб'яднанні музеяў, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, карціннай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і іншых калекцыях.
Падрабязней пра іншыя выстаўкі праекта «Shappo 24» чытайце на нашым сайце:
Эпілог у фарбах. Выстаўка кантрасных твораў Паўла Шаппо працуе ў Мінску
Ідэйна-вобразныя канцэпцыі Антона Шаппо. Асаблівасці творчага почырка мастака
На скрыжаванні магіі і містыкі. Новая выстаўка Аляксандра Шаппо прадстаўлена ў Мінску
Сям’я як натхненне. Выстаўку Юрыя і Вольгі Крупянковых прэзентавалі ў Мінску
У небе над лугам лунаў бусел. Высока-высока. І не зважаў на тых, хто назіраў за ім знізу. А назіралі пільна! Ажно дзве пары вачэй!
– Бацяна бачыш? – спыталася авечка Адэля ў Малімонкі.
– Вядома! – адгукнулася козачка. – Як высока лятае! Ён такі дужы, вялікі і смелы.
– А мы зараз праверым, ці сапраўды смелы.
– Як? – здзівілася Малімонка.
– Мы яго падражнім! Калі спусціцца, каб надаваць нам кухталёў, дык смелы. А калі зробіць выгляд, што нічога не чуе – значыць, усё пра яго маняць.
– А хто маніць? І што маніць?
– Пачакай, спачатку праверым!
Адэлька, задраўшы мордачку ўгору, моцна-моцна заблеяла:
Бацян, бацян даўганосы!
Згубіў боты, а сам босы!
Бусел, бусел-клекатун,
Схапіў жабу за каўтун,
Па балоце валачыў,
Нагавіцы замачыў!
Адэля ажно тройчы праспявала дражнілкі. Малімонка ўсё глыбей уцягвала галаву ў плечы. Ёй здавалася, што вось-вось наляціць на іх гэтая вялізная птушка. Не толькі кухталёў надае, але яшчэ і дзюбай доўгай у лоб дасць! Козачка даўно пусцілася б наўцёкі, але сорамна было пакідаць прыяцельку адну.
– Ну, бачыш? – счакаўшы колькі хвілін пасля песенкі, спыталася авечка. – Бацяну няма да нас справы.
– І добра, Адэлька, – зарадавалася козачка. – Бо ты нейкую небяспечную забаву прыдумала. Давай лепш пасвіцца!
Авечка Адэлька і козачка Малімонка ўлетку працуюць з ранку да вечара: яны скубуць траўку. Сёння козачка не вельмі задаволеная рацыёнам, яна больш любіць пасвіцца пры лясочку. Затое Адэлі ўсё падабаецца. Траўка смачная, свеціць сонца, надвор’е і настрой цудоўныя.
– Малімонка, – ушчувае яна пераборлівую прыяцельку! Патрывай дзень без улюбёнага малінніку, будзе табе ўзнагарода.
– Праўда? Гаспадыня купіць нам бананы? – зарадавалася козачка.
– Бананы яшчэ раніцай прывезлі на ферму. Я на свае вочы бачыла. Але не ў бананах узнагарода!
– А ў чым жа? – зацікавілася Малімонка.
– У бацянах! – з таямнічым выглядам зашаптала авечка.
– Ай, Адэлю, што ты прыдумляеш? Як бацяны могуць быць нам за ўзнагароду? Яны вольныя птушкі, лётаюць пад самымі аблокамі. Ты сама бачыла. Што ім да нас?
– Ім да нас і праўда няма справы, – згадзілася авечка. – Затое нам да іх ёсць! Я тут пачытала тое-сёе і высветліла, што бацяны залічаныя ў сімвалы краіны!
– І бацяны! – ахнула козачка. Пасля Адэльчынага інтэрв’ю з зубрам і валошкавага квэсту, яна таксама зацікавілася сімволікай.
– Так! Бусел пакуль не захацеў да нас спусціцца. Але я дакладна ведаю: ён на наш лужок штодзень прылятае. От мы яго і падпільнуем! – змоўніцкім шэптам паведаміла авечка.
– Напачатку ты казала – бацян. А цяпер – бусел. Дык хто сімвал і каго пільнаваць будзем? – козачку заінтрыгаваў таямнічы выгляд прыяцелькі.
– Я і сама не зразумела, – прызналася Адэля. – Пэўна, нейкая цёмная гісторыя. От і высветлім, што гэта за бацян-бусел. У мяне да яго столькі пытанняў! Найперш, навошта ён выпусціў жаб ды гадаў з меху, які Бог даручыў яму ў прадонне кінуць.
– Адэлю, гэтае паданне ўсім вядомае! Бацян тады яшчэ чалавекам быў. Вельмі цікаўным. Зазірнуў у мех, от гадаўё і выпаўзла. У пакаранне ён мусіць ўсё жыццё тых гадаў збіраць!
– Ну, тады спытаемся, чаму калядоўшчыкі з сабой абавязкова маску бацяна вадзілі. А яшчэ: за што яму такая ласка, што людзі самі дапамагалі яму рабіць буслянкі, усцягваючы на хаты ці дрэвы колы.
– І гэта я табе патлумачу! Калядоўшчыкі бяруць бацяна ў кампанію, бо вераць, што ён спрыяе дабрабыту і ахоўвае душу ад бруду. А калі гэта птушка паселіцца ля чалавека, то засцеражэ жыллё ад пажару, ці папярэдзіць пра яго. Таму і ладзілі буслянкі.
– Ого, якая ты разумная! А чаму пад час навальніцы трэба станавіцца пад дрэва з буслянкай? Як яна можа засцерагчы ад маланкі?
– Гэтага не ведаю, – прызналася Малімонка.
– Дык і не задавайся! – адрэзала авечка. – Думаеш, адна ты такая дасведчаная? Не забывай, я таксама кніжкі чытаю. Дарэчы, там пішуць, што бацян вясну прыносіць на сваіх дужых крылах і апякуецца ўраджаем!
– А пра што яшчэ ты хацела запытацца?
– Вось дачакаемся яго самога, тады і даведаешся!
Прыяцелькам не прыйшлося доўга чакаць. Праз нейкі час бацян прызямліўся ля самай рэчкі. Толькі-толькі ён намерыўся добра папалуднаваць жабкамі, як да яго падскочыла Адэля.
– Прывітанне, бусел! Я знакамітая авечка Адэля, а гэта мая прыяцелька – козачка Малімонка. Як маешся?
Здзіўленая напорам птушка не страціла, аднак, прыроджанай ветлівасці.
– Вітаю вас, Адэля і Малімонка. Дзякуй, усё добра.
– Няўжо? – хітра прыплюшчыла вока авечка. – А я чула, што не ўсё добра. Дажджу даўно не было!
– Твая праўда. Дажджу не было, і невядома калі будзе.
– А навошта ён вам? – нясмела вытыркнулася Малімонка. – Хіба прыемна лётаць пад аблокамі, калі на цябе цурболіць дождж?
Бусел задраў угору дзюбу, уважліва агледзеў аблачынку, што праплывала над імі. Аблачынка была лёгкая, амаль празрыстая. З такой ніводнай кропелькі не ўпадзе.
– Лётаць лягчэй у сухое надвор’е, – згадзіўся ён. – Затое карміцца значна цяжэй. Ні жаб, ні…
– Фі, – тут жа скрывілася Адэля. – Нам зусім не цікава, чым вы, буслы, харчуецеся. У мяне іншае пытанне!
– Я слухаю. Пытайся, – згадзіўся той.
– От скажы, як цябе завуць па-сапраўднаму? Навошта табе аднаму столькі імёнаў? – І Адэля ўзялася пералічваць: бусел, бацян, клекатун, буська, лелько…
– Досыць, – перапыніў бусел. – Я і сам усіх сваіх імёнаў не ведаю! Адно магу сказаць – бусел, гэта маё афіцыйнае імя. А вось на гэтых землях мяне часцей за ўсё называюць бацяном! Але ўсе імёны сапраўдныя!
– Значыць, пакуль ты жывеш у гэтай мясцовасці, ты бацян. А калі пераселішся ў іншую, то зваць цябе будуць буська ці лелько. Так? – удакладніла Малімонка.
– Так, – пацвердзіў бацян. – Толькі я нікуды не збіраюся перасяляцца. Мы гняздуемся звычайна паблізу тых мясцін, дзе нарадзіліся. Але мноства імёнаў, якімі нас называюць людзі, сталася для мяне вялікай праблемай.
– Якой? – ажно заблішчэлі вочкі ў Адэлі. Ёй вельмі хацелася пачуць якуюсь незвычайную гісторыю.
– Увосень мы адлятаем у вырай. Дарога няблізкая і небяспечная. Надумаў я ўсёй сям’ёй у вырай на самалёце падацца. А туды без дакументаў не пускаюць! Кажуць: “Прадыктуйце ўсе свае імёны, тады выдадзім вам пашпарт. Пасля купіце білет і ляціце куды заўгодна!” Быццам гэта сапраўды магчыма – успомніць УСЕ імёны. Я паспрабаваў, але нейкае забыўся, дык мяне адразу абвінавацілі: “Вы нешта ўтойваеце!” Давядзецца зноў з жонкай і дзеткамі толькі на моц сваіх крылаў спадзявацца.
– А як вы па дарозе ў вырай не збіваецеся з кірунку? Пэўна, навігатары добрыя маеце?
– Якія такія навігатры? – здзівіўся бацян.
Толькі ўзяліся расказваць пра навігатар і як зручна з ім падарожнічаць, як бацян заўважыў непадалёк неасцярожную жабку і хуценька крутунуўся ў той бок.
– Ой! – у адзін голас ускрыкнулі прыяцелькі і, не чакаючы пакуль жабка знікне ў доўгай бацяновай дзюбе, кінуліся прэч.
Але Адэлі недастаткова было здабытых звестак.
– Слухай, Малімонка, у мяне ёсць план!
– Які? – насцярожылася козачка.
– А такі! Трэба бацяніху распытаць!
– Мо бусліху? – удакладніла Малімонка.
– А хто іх ведае, як правільна. Не гэта галоўнае! Я бачыла непадалёк буслянку на электрычным слупе. Пакуль бусел спажыву шукае, мы дабяромся да бацяніхі і ўсё выведаем.
– А як да буслянкі дабяромся? Яна ж, пэўна, высока?
– Ат! Прыдумаем нешта! Пабеглі.
Не паспела козачка і слоўцам запярэчыць, як Адэля ўжо неслася з усіх капыткоў у бок вядомай ёй буслянкі. Малімонка памчалася за ёй.
Электрычны слуп быў высачэзны. І гладзенькі. Высока-высока, на самым версе, нейкім дзівам трымалася вялікая буслянка. Адразу было зразумела, што тут гняздуецца не першае пакаленне буслоў.
Адэля пабегала вакол слупа, пабедавала, што самой на яго ніяк не ўзлезці і прычапілася да Малімонкі.
– Слухай, лезь ты!
– Куды? – затраслася са страху козачка.
– Туды! – тыцнула капытком угору авечка. – Я бачыла па тэлебачанню, што горныя козы могуць па самых стромкіх гарах скакаць.
– Я не горная каза! – ледзь не самлела перапалоханая Малімонка. – І як гэта: лезці без запрашэння ў чужое жытло? Нізавошта не палезу!
– Ай, Малімонка! Прызнайся, што проста баішся!
– Так, Адэлька. Баюся!
– Што з цябе возьмеш? Добра, сама зараз прыдумаю.
Адэля на хвілінку наморшчыла лоб:
– Так, хавайся ў кусты і сачы, каб бацяніха нікуды не зляцела. Я хутка вярнуся.
Малімонка, радая, што не трэба караскацца на высокі гладкі слуп, нырнула ў кусты, а авечачка некуды памчалася.
Неўзабаве пачулася тарахценне матора. Да слупа пад’язджала машына з пад’ёмнікам. У яе кашы побач з рабочым стаяла Адэля і ўзрушана нешта расказвала, паказваючы то на буслянку, то на схаваную ў кустах прыяцельку. Машына прыпынілася акурат ля слупа.
– Залазь хутчэй, Малімонка, – пазвала Адэля.
Козачка толькі-толькі хацела запярэчыць, як яе падхапілі дужыя рукі кіроўцы пад’ёмніка і пасадзілі ў кош.
– Віра! – тут жа закамандавала Адэлька, не даўшы козачцы нават апамятацца. Кіроўца націснуў на адпаведны рычаг, і кош папоўз угору. Ён завіс якраз перад бацяновым гняздом.
Бацяніха пазірала на няпрошаных гасцей устрывожана. Яна выседжвае птушанят, ёй не да прыёмаў!
– Спакойна, пані Бацяніха! – лагодным галаском пачала Адэля. – Вас ніхто не зачэпіць. Але гляньце, у якім небяспечным месцы вы буслянку зрабілі. Тут жа дрот, электрычнасць! Я прывяла выратоўцаў, яны замацуюць ваша гняздо больш надзейна.
– Але наша буслянка на гэтым слупе ўжо не першы год трымаецца. І нічога благога з ёй не здаралася, – запярэчыла птушка.
– Гэта пакуль. А раптам сёлета гняздо віхурай скіне на зямлю? – не здавалася Адэля. – А як вылупяцца птушаняты? Раптам каторага токам лясне? Рабочы зараз абмерае ваша жытло. Для яго зробяць новую пляцоўку. Больш надзейную, з добрым падлётам. Я правільна кажу? – паторгала яна за крысо рабочага.
– Так, Адэлю, усё правільна. А самае галоўнае: пляцоўку размесцім крыху вышэй над дротам. Ні вам, ні птушанятам не будзе ніякага неспакою ад суседства з электрычнасцю!
Што не зробіш дзяля бяспекі сваёй сям’і! Мамка-бусліха згадзілася. Пакуль рабочы абмяраў гняздо, а Малімонка з усіх сілачак трымалася капыткамі за парэнчы каша, Адэлька прыступіла да бусліхі з роспытамі:
– Скажыце, пані Бацяніха, колькі дзетак вы сёлета чакаеце?
– Трох, – з гонарам адказала птушка. – Ужо хутка вылупяцца.
– Стамляецеся ўвесь час сядзець на яйках? – паспачувала Адэля.
– Мы па чарзе выседжваем, – удакладніла бацяніха. – Звычайна ў мяне начная змена, а днём я адпачываю. Толькі сёння недзе мой бацян забавіўся. Я ўжо хвалявацца пачала.
– Мы яго бачылі на лузе, – уторкнулася Малімонка. – Ён хутка прыляціць. І прынясе вам гасцінец!
– Даўно пара! – суцешылася бацяніха.
– Я чула, што бацяны ўмеюць спаць нават падчас палёту. Гэта праўда? – пацікавілася Адэля
– Не тое каб спаць, але падрамаць хвілін 10-15 часам удаецца, – удакладніла птушка. – Пакуль даляціш да Паўднёвай Афрыкі! А што ж – дарога ў вырай – свет няблізкі. Бацян недзе выведаў – каля 10 000 кіламетраў!
– Ого! – уразіліся Адэля з Малімонкай.
– Цяпер мяне зусім не дзівіць, што спаць вы можаце, стоячы на адной назе.
– І гэта праўда, – заківала бацяніха. – Дзякуючы заняткам йогай!
– Ну, добра. Але няўжо ў такую далеч вы сапраўды дабіраецеся без мапы і навігатара?
– Што такое навігатар?
– Гэта такое прыстасаванне, якое дапамагае выбіраць найкарацейшую дарогу і прытрымлівацца зададзенага кірунку, – патлумачыла авечка. Толькі бацяніха адкрыла дзюбу, каб нешта ўдакладніць, як рабочы скончыў абмяраць гняздо.
– Ну што, гаспадынька, праз пару дзён чакайце зноў. Будзем ваша гняздо добраўпарадкаваць. Майна! – даў ён каманду кіроўцу, і кош павольна паплыў уніз.
– Чакайце, – залямантавала Адэля. – Я ж яшчэ не спыталася ў бацяніхі пра йогу! Колькі гадзін у дзень яна займаецца йогай!
– Ледзь не палову жыцця, – вытыркнула дзюбу з гнязда бацяніха. – Любую вольную хвілінку. Гэта дазваляе адпачыць ад мітусні і засяродзіцца на сапраўды важных рэчах.
Кош між тым спусціўся, працягваць размову стала нязручна. Рабочы высадзіў Адэлю з Малімонкай, яны адвіталіся і кожны рушыў у свой бок.
– От бачыш, – заявіла Адэля, ледзь толькі машына ад’ехала. – Варта мне было запэўніць, што з буслянкі вось-вось упадуць на зямлю ўсе яйкі, як адразу знайшліся тыя, хто іх ратуе.
– Але ж ім нічога не пагражала, – запярэчыла Малімонка.
– А скуль ты ведаеш? – спыталася Адэля. – Раптам зноў віхура ўзнімецца, як летась? Памятаеш, колькі дрэў з коранем павыдзірала? Што той віхуры садраць гняздо са слупа? Раз плюнуць! А цяпер буслянку падымуць вышэй і добра замацуюць. І нашым бацянам будзе начхаць на віхуры і электрычнасць!
Задаволеная сабой Адэля і козачка Малімонка пашыбавалі на лужок. Высока над імі пралунаў бацян. Паляцеў да свайго гнязда – была яго чарга выседжваць яйкі.
– Адно я не зразумела, – задумліва прамовіла Адэля, праважаючы поглядам бацяноў цень.
– Што, Адэлю? – не цярпелася козачцы.
– Нешта я ў буслянцы нідзе немаўлят не бачыла. Тады чаму кажуць, што дзяцей бацькам бацяны прыносяць?
– Не ведаю, Адэлю. Можа, людзі маняць?
Адэля паціснула плячыма.
– Прыдумала! – заявіла авечачка праз колькі хвілін. – Мы з табой купім навігатар. І калі буслянку будуць умацоўваць, зноў прабяромся ў гняздо! Нібыта толькі для таго, каб уручыць падарунак. Можа, удасца разведаць, дзе бацяны немаўлят трымаюць!
– Ой, Адэля, неяк няёмка зноў без запрашэння ў буслянку ламіцца.
– Без запрашэння, затое з падарункам. Лічы, амаль на наваселле! Бусел – сімвал. А зацікаўленасць жыццём папулярных асоб – гэта нармальна! – даводзіла Адэля, не зважаючы на нясмелыя пярэчанні козачкі.
Сабраўшы столькі новых звестак пра яшчэ адзін сімвал Беларусі, Адэля пачувалася ледзь не гераіней. У яе ўжо спеў план, як можна гэтымі звесткамі скарыстацца, працуючы над новым выпускам перадачы пра жывёл і птушак, якія шукаюць свайго прызначэння ў жыцці.
– От бачыш, Малімонка, – падсумавала авечка. – Атрымалі мы сваю ўзнагароду ў бацянах! Столькі даведаліся з першых… – авечка крышку завагалася, падбіраючы слова. – З першых дзюб!
Зубрынае інтэрв’ю для авечкі Адэлі. Частка 2 (казка) + аўдыё
У кожнай сям’і свае парадкі, свае звычкі. Калі ты, дружа, захацеў цукерку або марозіва, не думай, што на тваім шляху да акрэсленай мэты будзе зялёнае святло. Вось, да прыкладу, палез я ўчора ў шкапчык за цукеркаю, а жонка тут як тут: каму было сказана, што абед хутка. Сапсуеш апетыт, а потым будзеш гундосіць, што кішкі марш граюць.
Іншая справа з унукамі. Вось захацела ўнучка Яная каб на сняданак Бабуля напякла ёй бліноў-пухнацікаў. Услухайцеся толькі: унучка “проста захацела”, а не ўзахапы ўпрошвала ці пераконвала, што бліны са смятанаю або згушчонкаю намнога карысней поснай манкі. Бабуля адразу пагадзілася. Нават не спытала, а чаму не з творагам, ці яшчэ з якой начынкаю, ці што прыгатаваць яе браціку Мацейку. Ведала, што той больш любць тонкія блінцы, наліснікі як іх яшчэ завуць. Ад слова выканае бабуля просьбу кожнага, нават умаўляць не трэба. Таму ў гэтай сям’і ніхто не журыцца.
У тую раніцу Яна прачнулася раней звычайнага.
З радаснай усмешкай Яна з’явілася на кухні, чым здзівіла Бабулю.
— Добрай раніцы! – прывіталася.
— Добрай, добрай! А гэта што, Яна? І чаго гэта сёння так рана ўскруцілася? – здзівілася Бабуля. – Яшчэ б паспала. Учора дапазна “сядзела ў тэлефоне", дык ці выспалася?
Бабуля глядзела з прыязнай усмешкай на ўнучку, адначасова здымала з патэльні чарговыя пухнаценькія Сонейкі.
— Выспалася я, не турбуйся, Бабуля! Усё цудоўна! – Гэта не сама я рана паднялася, а чарадзейны пах з кухні ды вось гэтыя гарэзы разбудзілі і паклікалі: “Паспяшайся, дзяўчынка, а то ўжо блінчыкі твае любімыя мы скрадзем!” І паказала пальчыкам на акно, дзе скакалі Сонечныя Праменьчыкі.
— Ну й добра! Тады рыхтуйся снедаць. Толькі спачатку – мыць твар, - нагадала Бабуля.
— Добра. Я хуценька! Бабуля, толькі фортку адразу зачыні, каб Праменьчыкі не скралі мае блінчыкі.
— А Мышка калі падкрадзецца і ўскараскаецца на стол?
— А ты адгані ад маіх пухнацікаў! – прамовіла дзяўчынка і пакрочыла да рукамыйніка.
— Не хвалюйся, дзіцятка, яшчэ з вечара я іх улагодзіла, - старалася супакоіць малую.
— Смачна есці! Сёння ж Масленіца, нагадала Бабуля. — Гэта свята праводзін Зімы і сустрэча Вясны.
— Дзякуй, Бабулька! Якая ты сонечная!
Бабуля толькі ўсміхнулася: “На здаровейка, мая харошая!”.
У вялікай місцы вабілі сваім чарадзейным пахам блінчыкі-пухнацікі. Яна паклала сабе на талерку як мага больш тоўсценькіх, але невялічкіх, са сваю далоньку светленькіх жоўта-карычневых блінцоў.
— А цяпер возьмем згушчонку і намажам кожны пухнацік, - разважала ўслых малая. – І зап’ём цёпленькім малачком.
— Ну як, блінчыкі? – пыталася Бабуля і хітравата паглядала на ўнучку, якая спрытна ўпраўлялася з блінцамі.
— Смаката! Прыгожыя і цёпленькія, як Сонейкі! Адно аб’ядзенне! Якая ты, Бабулька, залатая!
— Ты, Яначка, відаць, высакавата мяне ўзняла? Я проста ад душы пякла іх, - адказвала Бабуля і радавалася апетыту ўнучкі.
— Во як цікава: Бабуля ля пліты стаіць, а яны шчэ ў ложках валяюцца! – прамовіў зайшоўшы ў хату Дзядуля.
— І што тут дзіўнага? – запярэчыў Сонечны Зайка, які ўжо сядзеў на ражку форткі.
— А ты што тут робішь, - звярнуўся да яго Дзядуля.
— Ну, адна ж прачнулася, - усміхнуўся Сонечны Зайка стосу жоўценькіх сонейкаў. - А я дапамагаю ёй падтрымліваць настрой.
— Добра, калі так, - прамовіў Дзядуля і сеў побач. – Я са сваімі клопатамі ўправіўся, можа, Зорачка і мяне пачастуе Сонечнымі блінамі?
— Ды сядай ужо, калі прыйшоў, — сказала Бабуля.
Услед за самым смелым праз адчыненую фортку завіталі такія ж мілыя Сонечныя Праменьчыкі. І ў кожнага вабныя ўсмешкі да вушэй:
— Наша Мама ўжо даўно свеціць, - казалі Праменьчыкі. – І мы радуемся новаму дню і кожнаму добраму Чалавеку, - паведаміў першы, відаць, самы ўвішны Праменьчык.
— Зірні ў акенца, Яначка! – азваўся другі, не менш рупны зіхотны Зайка. – Птушачкі ўжо даўно пяюць-заліваюцца, дзетак сваіх спяшаюцца накарміць. Як і твая Бабулька.
— Бач, як зіхацяць і вабяць блінчыкі, - казаў трэці.
— Частуйцеся, калі ласка! – запрашала Яна.
— Дзякуй! Зараз і мы паспрабуем бабуліных сонейкаў, - адказалі ледзь не хорам Сонечныя Праменьчыкі, і пачалі лашчыць і смакаваць аладкі.
— Смачна есці! -пажадала ім Яна. Праменьчыкі смакавалі аладкі, зажмурвалі ад задавальнення і светлай радасці вочкі і, здавалася, што вось-вось замуркочуць. І з замілаваннем паглядалі на Бабулю Яны.
— Якая вы руплівіца! Дзякуй вам за такі смачны сняданак! – казалі яны і працягвалі ласавацца.
— На здаровейка, мае вы святлячкі! Я вас так клічу, яшчэ з дзяцінства, - адказвала Бабуля. – Мне заўсёды шчасціла менавіта днём, калі вашыя зіхоткія Праменьчыкі скакалі па твары, і тады з’яўляліся канапушкі. Так, так! За іх мяне вось гэты чалавек Зорачкай пачаў клікаць, а пасля і сам закахаўся, - адказвала Бабуля з пяшчотай гледзячы на Дзеда.
Праменьчыкі засмяяліся і таксама скіравалі сваю ўвагу на Дзядулю. Той сядзеў побач і моўчкі ўсміхаўся.
Зманлівы пах блінчыкаў паклікаў і малога дварнягу Байкала. Той самастойна адчыніў дзверцы і зайшоў у хату.
— Ну што, Байкал? – І ты на бліны завітаў? – запыталася Бабуля.
— Гаў! -Гаў! - Сонейкаў хачу!
— Сядай, сядай! Зараз і табе падам Сонейкаў.
— Толькі каб не вельмі гарачых. Гаў!
— Так. Крыху пацярпі, мой ахоўнік.
Сабачук то ўстане, то прысядзе на хвілінку, зноў ускочыць і завіляе хвастом.
— Іду-у, Байкал! Іду-у! – адгукалася жанчына і ставіла сподак.
— Частуйся, малыш! Яна вунь са сваімі сябрамі Сонечнымі Праменьчыкамі як не па дзесяць ці болей ўплялі.
— Дзякуй, Бабулька! Зараз я іх даганю! Які пах! І сапраўды смаката! Ам-ам! – чмякаў сабачук.
— А дзе гэта сёння Маркіз? Няхай бы і ён блінцоў паспрабаваў. Ад учарашняга не бачыла, - спытала Бабуля і зірнула на Дзеда.
— Я таксама не бачыў, - вінавата адказаў стары, быццам у тым яго вінавацяць. – Можа на паляванне сышоў?
— Ага, на паляванне! Як ты ў маладыя гады быў прыахвоціўся, што я ні свет, ні зара бліны пякла, - заўсміхалася Бабуля. – Абое ведалі, што іх Маркіз хаця і не малады кот, але такі лянівы, што хаця і галодны будзе, але за мышшу не пабяжыць. Хутчэй наадварот. Па ім будуць шэрыя поўзаць, а ён толькі вачамі вадзіць за іх рухамі і цешыцца іх забавамі.
Байкал вырашыў адшукаць сябрука і пайшоў у выведку. Папярэдзіў старых, каб загадзя не перажывалі за свайго гадаванца. І што ён апавядзе аб сваіх выніках.
Раптам пачуўся шум і лязгат. Дзед пайшоў у сенцы паглядзець, што дзеецца. І толькі ён сунуўся, як на яго, акурат на самыя плечы, зваліўся Маркіз і гакнуўся на падлогу.
— Добра, што Бог табе крылляў не даў, злыдзень! Што на гэты раз? Я Бабулі не казаў, што і сёння бачыў цябе спячым, а мышы табе масаж рабілі. Ты павінен дапамагаць гаспадарам, а не наадварот.
— Не кажы, Дзед! Калі ласка! Я аддзячу, бо як даведаецца гаспадыня - не нюхаць мне яе смачных блінцоў, - замуркатаў, падымаючыся, як ні ў чым не бывала, чорны, як смоль Кот.
Не мінула і хвіліны, як лянівы і тоўсты, што бабёр Кот Маркіз смакаваў блінцы са смятанаю. І быў задаволены сваім жыццём.
— Здаецца, пакуль усё, перапынак, - прамовіла Бабуля. — Пакуль Мацейка спіць, я вам распавяду пра гісторыю бліноў.
— Ой, Бабулечка, раскажы, калі ласка! – зацікаўлена прамовіла Яна.
— І нам вельмі цікава! – прадтрымалі Праменьчыкі.
— Тады слухайце, - пачала Бабуля. – Бліны ў беларускай кухні былі не проста ежай, але і важным сімвалам. Бачыце, - яна бярэ тоненькі блінчык і падносіць да свету, - круглы блін нагадвае Сонца, якое адраджаецца пасля зімы.
— Таму яны і сталі сімвалам Масленіцы, - працягнула думку Бабулі ўнучка. – Нам у школе расказвалі.
— Так, мая мілая, але калісьці даўно-даўно бліны былі не такія як сёння, зусім прымітыўныя. Яны былі ў тыя часы адной з першых формаў хлеба. Нездарма бліны ў нас здавён выпякаюць, а не жараць як сала ці бульбу.
— Цікава! А чаму мой не падобны на Сонейка? – хітрыя вочкі Яны так і загарэліся. Бачна, што ведала прычыну, бо сама ж загадвала менавіта пухнацікі з далоньку. Але ёй цікава было, як адкажа Бабулька.
— Ах ты, - ласуха! Таму, што Сонейка мінула нашу хату, як убачыла, што я акрамя яечак ад Куркі Чубаткі на кефіры пяку блінкі. А як пачала вяпякаць да таго ж на свежым малацэ – адразу завітала, і сынкоў сваіх Праменьчыкаў выправіла. Бач, які гэты тоненькі, і ўзоры на ім, як каруначкі. Зірніце, як спраўна зварочвае яго ў трубачку гэты хлопчык, што ціхенька падсеў да стала.
Бабуля падыйшла да Мацейкі і паклала яму цёпленькі блінок.
— Спраўна, а чаму ж не! – ці то з зайздрасці, ці проста хацела, каб на яе звярнулі ўвагу сказала Яна. – Хітранькі! Варэнне не любіць, а каб толькі маю згушчонку есці!
— Дзеці, супакойцеся! Хопіць усім. – Слухайце далей, - спыніла Бабуля. – Расказвалі, што князёўна Барбара Радзівіл з Нясвіжскага замка, якая жыла больш за чатыры стагоддзі таму, таксама любіла такія блінчыкі. Але толькі не з гушчонкаю і не з варэннем, а з ікрою.
— А я не люблю ікру, - зморшчылася Яна.
— А табе ніхто і не прапаноўвае, - пасміхаўся Мацейка, зварочваючы ў трубачку намазаны згушчонкай чарговы блінчык.
— Цяпер усяго хапае, - азваўся Дзед. – У наш час пшанічнай мукі не было. Толькі гарохавая, аўсяная ды ячневая, аржаная і то не заўсёды. Што казаць пра розныя смакоцці, што падавалі да стала розных там каралёў ды цароў. А мне грачанікі часта прыгадваюцца. Няхай праснакі-праснакамі, але ж з кіслым малаком добра “заходзілі”.
— Не журыся, Яначка! – пачаў суцяшаць малую Сонечны Праменьчык. – Радавацца трэба, што жыццё заможным стала! І вы можаце выбіраць, што з’есці, а што не.
— Ды я і не журуся, Праменьчык, - адказвала дзяўчынка і яе шчочкі заірдзеліся. – Я проста хацела нагадаць, што той блінок я спякла, калі Бабуля карміла Байкала. Але ніхто не нагадаў, што бабулін вопыт я даўна пераняла.
— Вось і цудоўна! Разумніца ты мая! – адказала Бабуля і пацалавала ўнучку ў кучаравую галоўку. – Мы з табой нават дранікі са скваркамі для Дзеда пяклі. І нават кручанікі з грыбамі і цыбуляй.
— Дзе, дзе дранікі са скваркамі? Дзе дранікі са скваркамі? – з моцным брэхам крычэў Байкал.
— Бач ты яго! Дранікаў са скваркамі захацеў! – устаў Дзед на голас Байкала.
— Цябе ж толькі што пакармілі! Не сорамна? Вяшчальнік знайшоўся. Лепей бы паглядзеў курэй, каб у шкоду не ўлезлі.
— Байкал паглядзі, Байкал папільнуй! – гаў, гаў, не сунімаўся сабачук. —А каб запрасіць да стала, дык толькі Маркіз у вас у пашане, па якім мышы катаюцца, быццм на санках з горкі.
— Ніякіх іншых бліноў сёння няма, - тлумачыў Дзед. – Так што ідзі па сваіх справах.
Сонца, быццам запрошанае на сняданне, усё больш смялей дазваляла сваім мітуслівым дзецям - Праменьчыкам – садзіцца да сямейнікаў. Яна з Мацейкам таксама вылазілі з-за стала, і зноў садзіліся. Дзед казаў, што трэба сем разоў сесці за стол, бо «наперадзе нас чакае напаўгалодны час». Гэта ён пра сямітыднёвы пост. Але дзеці гэтага не зразумелі і рабілі тое, што ім па душы. Яна таксама ласавалася тоненькімі з каруначкамі блінчыкамі і адначасова забаўлялася з Праменьчыкамі. А тыя цалавалі яе ў шчокі, вочы. Малая моршчылася, але смяялася і ўсё пазірала то на Бабулю, то на Дзядулю.
— Ба, глядзіце, Сонечны Праменьчык нібы Зайка скача і цалуе ўсіх! Нават Дзядулю ў сівую бараду пацалаваў! – радавалася Яна.
А Сонечны Праменьчык садзіўся на люстэрка, ад якога адбівалася мноства Зайчыкаў. Яны сваволілі не толькі на кухні, а і ў вітальні, і ў залі.
— Дзед таксама заслужыў сонечны пацалунак. Ён у гэтыя дні асаблівы: жыве ўспамінамі пра пяты дзень Масленіцы, - казала Бабуля і падкладвала яму цёпленькі блінок.
— Дзякуй, мая Зорачка! – казаў Дзед Бабулі, і прыязая ўсмешка на яго вуснах была шчырай і непасрэднай. Сонечны Зайка гэта запрыкмеціў, але сеў на шчаку Мацейкі, заўсміхаўся:
— Усе, хто завітаў да нас на бліны ў першы дзень Масленіцы, той увесь год будзе здаровы і шчаслівы! – з гонарам аб'явіў Мацейка.
— Мы заўжды радыя гасцям, - казала Бабуля і загадкава зірнула на свайго абранніка.
— І падзяка маёй Зорачцы! - заўсміхаўся Дзядуля.
— І Князёўне таксама! – дадаў Мацейка.
Часта дзеці любілі туліцца да Дзеда, каб паслухаць яго аповеды пра маладосць і вясёлыя успаміны пра мінулае.
— Ну, што, мае вы гарэзы, зноў да мяне прыйшлі, засумавалі ў сваіх гаджэтах? – з усмешкай казаў Дзед абдымаючы сваіх ўнукаў.
— Хочаце яшчэ адну смешную гісторыю вам расскажу?
— Так, дзядуля, раскажы! – у адзін голас выкрыкнулі дзеці.
— Добра, раскажу, - з замілаванай усмешкай на твары і з выглядам апавядальніка з вопытам пачаў Дзед.
— Было гэта больш за паўвека таму, - распачаў свой аповед Дзед. — У той, значыцца пяты дзень Масленіцы мая цешча, а ваша ўнукі Прабабуля, завітала да нас з адказным візітам. На бліны. А калі па праўдзе, то свайго маладога зяця больш пільна разгледзець.
Цешча мая жанчынай ганарыстай была. Вось і ў той дзень на Сырны тыдзень прыйшла са сваімі сяброўкамі. Такімі ж гаваркімі і цікаўнымі. Напачатку ўсё да мяне прыглядаліся. Тое-сёе пра цешчын характар я ведаў, таму загадзя падрыхтаваўся. Купіў парачку птушачак, Саловак, каб спявалі-радавалі любую цешчу. Прыбраўся ў будынку.
Я частаваў гасцей блінамі з кілбаскаю пальцам пханай, з чорнай і чырвонай ікрою, што зарабіў за тыдзень у адной фірме. Напояў розных панаставіў. Кручуся вакол іх, маіх гасцей, падліваю ў кілішкі і падкладваю кожнай у сподачак. Каму вяндлінкі, каму медавухі.
А Салоўкі бачаць такія справы і самі спяваюць-заліваюцца. Міргаюць мне цудоўныя птушачкі: маўляў, не хвалюйся, хлапчына, усё будзе як трэба. І наноў так заспявалі, ажно за сэрца брала. Што і я пагатоў з маладой жонкаю ў пляс кінуцца. Але разумею, што гаспадарам нельга. Адна з сябровак вашай прабабулі так разышлася, што напачатку кінулася да мяне танцаваць, а потым сказала: «Не, спачатку пагляджу які ты гаспадар!»
Унукі рассмяяліся. Забыліся і пра Сонечныя блінчыкі і пра Праменьчык, які таксама не мог стрымацца.
І пайшла тая жанчына па будынку цікавіцца. Зазірнула ў істопку, затым – у павець. А там, на вушаку, акурат за самымі дзвярыма вісеў хамут на Буланку, маладую кабылку, якую толькі набыў жарабяткам у аднаго нарачанскага чалавека. Ведаеце: вясковы чалавек павінен у гаспадарцы мець усё сваё. Іначай ты не гаспадар, а прасцяк і лайдак.
Дык вось, значыцца, хамут у павеці вісеў. Як толькі цікаўная жанчына адчыніла тыя дзверы і зірнула ўнутро павеці яе галава адразу аказалася ў хамуце. Яго новыя, яшчэ не разношаныя клешчы надзейна трымалі паланянку. Жанчына ад неспадзяванкі як заверашчыць на ўсё наваколле, як тое парася ў заборы. Ажно Салоўкі мае перапужаліся і схаваліся ў той неспадзяванцы ў … маразільню. Ад страху карова, бычок, авечкі, свінні, козы ды куры вырваліся са сваіх стойлаў і панесліся няма ведама куды. Толькі маладой кабылцы Буланцы не ўдалося выскачыць. Як убачыла жанчыну ў сваім хамуце, - расказвала пасля Буланка, - дык зацікавілася той карцінай: нарэшце добрая падмена аб'явілася. Вось гэта здолее пацягнуць не толькі плуг!
Калі нарэшце з хаты выскачылі госці, то не адразу змаглі ўзяць у галаву: аднекуль, здаецца, побач крычыць-раздзіраецца жаночы голас. А што здарылася, ніхто і ўцяміць не можа. І толькі мая адважная цешча першай абегла ўсе мае пабудовы і натрапіла на паланянку.
А ля хаты ўжо сабралася ўся вёска. Людзі дзівяцца і рагочыць, пабраўшыся за жываты.
Бабуля ў гэты час пазірала на ўнукаў, а тыя не хавалі сваіх усмешак і таксама трымаліся за жываты ад смеху, як і Бабуля.
—А цешча тым часам, — працягваў Дзед, — распачала арыю пра кепскага гаспадара, у якога ўсё параскідана, хлявы пустыя, а скрозь пастак паразвешваў, быццам багацей які. Было б што абараняць.
— На хаду кумекаю, што цяпер ужо забярэ дачку сваю ад мяне, - працягваў Дзядуля. – Ажно чэшуць сюды яшчэ дзве сяброўкі. А тая, што ў хамуце раве немым голасам: «Людцы добрыя, ратуйце! Ай, задыхаюся! І навошта ты мяне сюды паклікала? Ай не ўбачу я больш белага свету! І ўсё з-за твайго зяця-ірада! Ай, людцы, ратуйце!
— Ну і чаго ты дзярэшся? Хто цябе загнаў у гэты хамут? – дапытвалася цешча. - Мой зяць быў за сталом, са мной побач. Ніхто над табой не здзекуецца. Паглядзіце на гэты цуд!
Паланянка толькі сіпела ад весняга, пакуль яшчэ вельмі падманлівага і дрыготкага ветрыка, бо была апранута ў лёгенькі швэдарчык. Амаль раскірэчаная ад залішняга хвалявання, яна ўсё яшчэ спрабавала выблытацца не столькі з хамута колькі са сваёй збруі.
— Глядзіце! – казала цешча. – Тут і дурню зразумела: як толькі ты прыадчыніла дзверы і ўсунула сваю цікаўную галаву з сеткаю-парыком, так і зачапілася за хамут. Цешча падыйшла бліжэй і адкірзала сетку парыка сяброўкі ад хамута. Цікаўнай Амілі нос прышчамілі, - рассмяялася цешча.
Я не адразу зразумеў: ці не разыгрывае мяне цешча, якая раптам перакінулася на маю абарону.
— Вось, - працягвала следчы эксперымент цешча, звяртаючыся да паланянкі, - зірні, ты адразу пачала ёрзаць, што ўжо і модны шалік, які вісеў у цябе на шыі зачапіўся за супонь, якая і сцягнула клешчы хамута. Твая залішняя цікаўнасць цябе ж і зняважыла. Зрабіла пасмешышчам на ўсё наваколле. Зірні-зірні, колькі людцаў дзівуецца з цябе!
І без таго багровы твар паланянкі наліваўся ўсё большай ярасцю, бо яна не сціхала, толькі яшчэ гучней разносіўся яе асіпшы голас.
— Як можна аддаць сваё дзіця за такога сухара! Калі ты зараз жа не забераш адсюль сваю дачку, а маю хрэсніцу, я больш табе не сяброўка! – крычала госця.
— Бачу я, - уступае ў размову Бабуля, - што над нашым неакрэплым шчасцем навісла навальніца. Бягу ў хату і замацоўваю на жываце невялікую падушачку. Маўляў, паглядзіце: позна нас разлучаць, калі пад маім сэрцам новае жыццё б'ецца. І выходжу на двор. Звяртаюся да госці:
— Прабачце, цётачка, што такое здарылася. Ён не наўмысля, так ужо атрымалася.
Адчуваю, як жанчына ўтаропілася на мой жывот і з новай сілай заверашчала:
— Дык ты яшчэ і дзіця ад яго чакаеш!
— Я, - кажа Бабуля, - у той момант ужо ледзь сябе стрымлівала. Але, відаць, нездаровая істэрыка жанчыны надаела ўсім. Адкуль толькі ўзяўся наш кот Маркіз, які з вышак скача на бочку з мукой. За ім – вялікі пацук. Вечка, што накрывала бочку адскоквае пад столь, і кот падае ў муку. А за ім услед ляціць вялізны шэры Пацук. Толькі клуб агню пакаціўся па зямлі.
— Чортава сіла! – крычыць паланянка.
Ад неспадзяванага цяпер ўжо паланянка інстынктыўна кідаецца ў бакі, зрывае з цвіка хамут і, напужаная, з тым хамутом на шыі джгае за веснічкі.
Вяскоўцы поўзаюць ад смеха на ўколеньках. Цешча таксама пасміхаецца. Толькі ўжо больш лагодна пазірае то на мяне, свайго зяця, то на дачку.
— Ну й вясёлая Масленніца атрымалася! А дзіцятка – гэта цудоўна. Трэба ж ведаць: жывот выручыў! І зяць мой – зух! І каток ваш дужа кемлівы.
Сонечныя Праменьчыкі, як і ўнукі не сунімаліся ад смеху, але сабраліся з духам і паклікалі маці-Сонца, каб забрала з падваконня свой дар – першы блін.
Я, ваш казачнік, падзякаваў за прысутнасць у той Сырны дзень – і Сонейку са сваімі дзеткамі-Праменьчыкамі, і Салоўкам, якія цешылі прысутных сваімі цудоўнымі спевамі і якія, на маю радасць, нават пасля схованкі ў маразільні захавалі свае галасы, бо скемілі схавацца ў торце, і Катку Маркізу, і сваім дарагім ўнукам, і гасцям.
З тае пары мы з Зорачкай дружна жывём, хлеб-соль жуём, кампот п'ём ды ўнукаў гадуем. А калі захочацца мне цукерачак ці Сонейка на патэльні, абавязкова спытаю дазволу ў сваей Зорачкі. Бо дзякуючы яе кемлівасці мы да гэтае пары ў адну дудку спяваем. Вось і я вам кажу: «Хто жонку добрую мае, той гора не знае».
Выстаўка «Беларускае кіно ў аб'ектыве Міколы Гнісюка. Да 100-годдзя беларускага кіно» адкрылася ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры».
Праект прысвечаны творчасці М. Гнісюка, яго ўкладу ў айчыннае кіно. Фотамастак працаваў з беларускімі рэжысёрамі Элемам Клімавым і Віктарам Туравым, а таксама Глебам Панфілавым, Мікітам Міхалковым, Эльдарам Разанавым. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты беларускіх акцёраў і рэжысёраў, кадры са здымкаў фільмаў.
Экспазіцыя арганізавана галерэяй сумесна з жонкай фотамастака, журналістам, сцэнарыстам, рэжысёрам-дакументалістам Надзеяй Майданскай.
— Звярніце ўвагу на партрэт актрысы Святланы Сухавей. Ён быў на вокладцы часопіса «Савецкі экран», які выходзіў тады 10-мільённым тыражом, — расказала Надзея Майданская. — Муж вельмі любіў людзей і з гэтым пачуццём ішоў на здымку. Імкнуўся спачатку пагаварыць, каб суразмоўца раскрыўся. Ён жартаваў, што здымае так, каб з ім віталіся пасля гэтага. Многія пасля станавіліся яго сябрамі.
Усе прадстаўленыя на фотавыстаўцы дакументы перададзены ў дар Беларускаму дзяржаўнаму архіву кінафотафонадакументаў і ўяўляюць сабой фотакалекцыю, якая ўключае фатаграфіі прадстаўнікоў беларускага савецкага кінематографа і тэатра – Стэфаніі Станюты, Уладзіміра Гасцюхіна, Святланы Сухавей, кадры са здымкаў вядомых мастацкіх фільмаў, такіх як «Дыханне навальніцы», здымкі, зробленыя падчас правядзення Усесаюзных кінафестываляў у Мінску ў 1970 і 1985 гадах. Агульная колькасць фотанегатываў і фотаслайдаў, перададзеных у фонды архіва, складае больш за 180 адзінак захоўвання. Фотакалекцыя стане выдатным і найкаштоўнейшым папаўненнем для Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь.
Мікола Гнісюк вядомы таксама і па рабоце з вядомымі прадстаўнікамі сусветнага кінематографа і эстрады, сярод якіх Марчэла Мастраяні, Мілаш Форман, Роберт дэ Ніра, Сафі Ларэн і многія іншыя. Перададзеныя дакументы, якія паступілі ў архіў на дзяржаўнае захоўванне, дазволяць захаваць памяць аб вялікім майстры для будучых пакаленняў.
Фотамастак нарадзіўся 18 снежня 1944 года ў вёсцы Перакарынцы ў Вінніцкай вобласці, у сялянскай сям'і. У 14 гадоў ён патрапіў у ваенна-духавы аркестр, і з вёскі дзе не было ні святла, ні радыё, ён апынуўся ў Рызе (Латвію лічыў сваёй другой радзімай).
У аркестры ён праслужыў пяць гадоў. Скончыў Рыжскае музычнае вучылішча. Іграў на трубе і нават граў з Раймандам Паулсам. Але пасля таго, калі ён падчас ігры страціў прытомнасць, лекары забаранілі яму іграць на трубе. Па аб'яве, ён уладкаваўся на Рыжскую кінастудыю праяўшчыкам кінастужкі, дзе прапрацаваў паўгода. Юнака заўважылі і парэкамендавалі прайсці курсы асістэнтаў кінааператара.
Сам Гнісюк успамінаў, што сур'ёзна фатаграфіяй заняўся, менавіта, працуючы на Рыжскай кінастудыі, і вырашальную ролю адыграў у гэтым знакаміты Гунар Біндзі. Пад яго кіраўніцтвам ён працаваў на здымках фільма «Рукі».
Кіно ўвайшло ў жыццё Гнісюка пасля таго, як ён узяў удзел у конкурсе на замяшчэнне вакантнай пасады фотарэпарцёра ў часопісе «Савецкі экран» і перамог. У часопісе ён прапрацаваў роўна 25 гадоў, пакуль не быў звольнены ў сувязі з рэарганізацыяй. Але сам Мікола Гнісюк быў удзячны часопісу, за тое, што ён зрабіў кіно асноўнай тэмай ягонай творчасці.
Для прыхільнікаў кіно і фатаграфіі гвыстаўка ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» з'яўляецца значнай падзеяй, якая дае магчымасць дакрануцца да граняў творчасці Міколы Гнісюка, убачыць узаемасувязь мастацтва фатаграфіі і кінематографа.
Як фарміравалася беларускае кіно? Топ-10 фільмаў, якія вы не зможаце забыць
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылі экспазіцыю «Іконы Веткі. Спас Нерукатворны», якая прадстаўляе творы з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава.
Веткаўскія іконы яркія, прыгожыя, практычна ўсе пакрытыя сусальным золатам. Дапаўняюць тэму не толькі металічныя і шытыя бісерам аклады, але і меднае мастацкае ліццё, рукапісныя кнігі, ручнікі, даматканыя палотны, куфры і сапраўдныя хусткі — убрусы, якія насілі жанчыны ў стараабрадніцтве. Узоры на гэтых хустках — у іканапіснай традыцыі веткаўскай школы.
Выставачны праект з'яўляецца вынікам шматгадовых даследаванняў тэмы «Вобраз Спаса Нерукатворнага ў мастацтве Веткі» супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Г. Шклярава. Увазе гледача прадстаўлены збіральніцкі, экспедыцыйны, рэстаўрацыйны, навукова-даследчы і мастацкі досвед вывучэння выявы.
Спас Нерукатворны можна лічыць першым партрэтам Хрыста. Асаблівае развіццё вобраз Спаса на Плаце (хустцы) атрымаў на Ветцы, ён змяшчаўся на дамавых іканастасах у стараабрадніцкіх цэрквах Веткі.
Асаблівае развіццё вобраз Спаса на плаце атрымаў на Веткаўшчыне і змяшчаўся на дамавых іканастасах у стараабрадніцкіх мясцовых храмах. Аўтарам канцэпцыі гэтай экспазіцыі стала намеснік дырэктара веткаўскага музея, мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Галіна Нячаева, якая ведае розныя варыянты паходжання вобраза.
— Па адной з версій, Хрысту, які ідзе на Галгофу, жанчына сваёй хусткай абцірае крывавы пот, які аддрукоўваецца, — тлумачыць Галіна Нячаева. — Негалосна такая старажытная ўзорная хустка прысутнічае ў адлюстраванні ўсіх веткаўскіх Нерукатворных Спасаў. У цэлым на прыкладзе сакральных твораў музея выяўляецца спадчына наўгародскіх і пскоўскіх, яраслаўскіх і маскоўскіх традыцый у веткаўскай школе іканапісу.
Пачатыя яшчэ ў 1979 годзе, у перыяд паездак з заснавальнікам музея Ф.Р. Шкляровым, даследаванні паспяхова працягваюцца і сёння. На працягу больш за сорак гадоў гэтая займальная праца суправаджаецца новымі адкрыццямі, якімі дзеляцца з наведвальнікамі супрацоўнікі музея.
Метадам экспанавання твораў стаў выпрацаваны за гады стыль Веткаўскага музея. Гэта - «апісанне культуры ў тэрмінах прасторы». Улічваючы, што аб'ектам семіятычных трактовак выступае мастацкая выява, яго жыццё ў візуальным тэксце самай іконы складаецца і ў візуальна прадстаўленых кантэкстах-наратывах. У маляўнічым увасабленні «Спаса Нерукатворнага» закладзена і таямніца «вапнога ўладкавання», гэта значыць прынцыпаў каларыту старажытнага жывапісу. Стрыжнем выставачнай прасторы выступае выява «Шлях мастака Ананіі».
Па задуме аўтараў, экспазіцыя адлюстроўвае містыку старажытнага вобраза і яго домабудаўнічую ролю, ідэю зямнога ўвасаблення, «сыходжання раю», аж да шытай «рызы» на абраз, шаўковай шалі і размаляванага куфра сялянскага жылля – прасторы, дзе жыла гэтая асоба.
Самы старажытны экспанат датаваны 17-м стагоддзем. Менавіта тады і ўзнікла Веткаўская школа іканапісу.
Як мастацкі і духоўны цэнтр, яна вядома ва ўсім свеце. Усяго ў Мінск з Палесся дастаўлена каля сотні экспанатаў.
Прыгажосць у дэталях. Выстаўку Сямёна Дамарада адкрылі ў Мінску
Імхі ды лішайнікі — адны з самых старадаўніх раслін. Людзі здаўна заўважылі, што яны дапамагаюць пры запаленнях, апрэласцях ды ўкусах камароў.
У нашых лясах сустракаецца шмат відаў імхоў. На першы погляд, яны падобныя, але паглядзіце ўважліва: у адных сцяблінкі растуць угару, не ўтвараючы галінак, як у зязюльчынага лёну, у іншых — распасцёртыя па зямлі і збольшага разгалінаваныя. Разнастайнае і лісце: то шырокае, добра прыкметнае, то вузкае і такое дробнае, што толькі ў лупу пабачыш. Як правіла, гэта шматгадовыя (часам аднагадовыя) "ліліпуты". Памеры іх вылічваюцца міліметрамі, радзей — сантыметрамі (ад 1 да 50, зрэдчас да 100). Хоць самыя буйныя дасягаюць і паўметра ў вышыню, а водныя і паўзучыя сцелюцца-цягнуцца і таго даўжэй.
Сярод імхоў шырока распаўсюджаны сфагнавыя. Сфагнум — гэта агульная назва для розных відаў імхоў: "белы мох", "буры мох", "чырвоны мох" ды інш. Расце такі мох звычайна на балоце, утвараючы буйныя падушкі або суцэльныя дываны. Сустракаецца і ў вільготных лясах.
Мох сфагнум ужываюць як у народнай, так і ў навуковай медыцыне ў якасці антысептычнага сродку і перавязачнага матэрыялу пры гнойных ранах, бо ён валодае здольнасцю ўбіраць вялікую колькасць вільгаці, што перавышае ўласцівасці нават гіграскапічнай ваты. Бактэрыцыдныя ўласцівасці сфагнуму вызначае наяўнасць у ім асаблівага фенолападобнага рэчыва сфагнолу, што прыгнятае рост і жыццядзейнасць такіх мікраарганізмаў, як кішачная палачка, халерны вібрыён, залацісты стафілакок, сальманела ды інш. Ванны з яго адварам выкарыстоўваюць пры лячэнні суглобаў.
Ва ўмеранай і халоднай зонах паўночнага паўшар'я растуць зялёныя імхі, сярод якіх шырока распаўсюджаны лясны мох —зязюліьчын лён. Расце ён буйнымі падушкападобнымі дзярнінамі. Уяўляе сабой скрыначку са спорамі, якая мацуецца на доўгай ножцы.
Сваёй назвай расліна абавязана вонкавым падабенствам з маладымі парасткамі лёну. Гэты мох утварае друзлыя дзёраны на купінах у вільготных хвойніках, на пнях, вакол камлёў дрэў. У зязюльчынага лёну лісце зялёнае, а ў сфагнума светла-зялёнае. Яшчэ адно адрозненне ад сфагнума — наяўнасць валасінак, якія выконваюць функцыю каранёў. Зязюльчын лён больш жорсткі, яго доўгія валокны падобныя да яловых галінак. І ёмістасць вільгаці ў яго меншая, чым у сфагнуму.
Водны настой гэтага моху ў народнай медыцыне беларусы ўжывалі унутр пры кашлі, матачным крывацёку, а адварам моху мылі галаву пры перхаці і выпадзенні валасоў.
Цяжка ўявіць сабе лес без лішайнікаў. Гэтыя расліны часта сустракаюцца на дрэвах. Трэба адзначыць, што лішайнікі з'яўляюцца важнай часткай агульнай біялагічнай разнастайнасці Беларусі. Іх слаявішчы могуць паглынаць вільгаць з паветра, з дажджоў і смугі. Таму, як і імхі, яны жывуць ад дажджу да дажджу. Актыўнае жыццё ў іх бывае толькі, калі яны змочаны вадой і маюць яркую, сакавітую афарбоўку. Тады адчуваецца, што расліны жывуць поўным жыццём. Калі суха, яны падсыхаюць, і жыццё ў іх замірае: фарбы блякнуць, яны цьмянеюць, зморшчваюцца, пераходзячы ў стан спакою. Мяккія, пругкія да гэтага, храбусцяць пад нагамі, крышацца пры лёгкім дакрананні.
Пераважная частка рэдкіх лішайнікаў Беларусі (15 відаў з 17) расце менавіта ў Белавежскай пушчы. Яны прыстасаваныя да самых неспрыяльных умоў асяроддзя, празмернай сухасці субстрату і паветра, рэзкай змены тэмператур, могуць існаваць там, дзе не жывуць іншыя арганізмы.
Вонкава непрывабныя, лішайнікі першымі засяляюць бедныя пажыўнымі рэчывамі субстраты і ствараюць у далейшым аснову для рассялення іншых раслін ды арганізмаў. Лішайнікі ўдзельнічаюць у глебаўтварэнні і часткова — у раскладанні горных парод. Таксама яны з'яўляюцца ежай для жывёл і бесхрыбетнікавых усіх відаў.
Нягледзячы на тое, што дрэвы могуць і самі рэагаваць на ўмеранае, хранічнае забруджванне паветра, уздзеянне на іх рост такіх фактараў, як змены ў глебах, робяць рэакцыю дрэў цяжкімі для вымярэння на забруджванне. Лішайнікавыя ж супольнасці дазваляюць не толькі вымяраць забруджванне паветра, але і паказаць яго ўплыў на розныя аспекты здароўя лясоў. Таму знікненне іх — трывожны сігнал небяспекі для ўсіх арганізмаў, у тым ліку і для чалавека. Таму, калі вы дзе-небудзь на дрэвах ды іншых аб’ектах заўважыце шмат гэтых раслін, можаце быць упэўнены: паветра тут вольнае ад прамысловых газаў, і можна дыхаць на поўныя грудзі.
Беларусы здаўна верылі ў лекавую моц імхоў ды лішайнікаў, асабліва тых, што выраслі на паклонных камянях. Іх настойвалі на вадзе або на гарэлцы, а потым пілі.
Каля капліцы на могілках у вёсцы Кудзінавічы Капыльскага раёна ляжыць вялікі камень, каля якога моляцца на Вялікдзень і ў дзень Святога Роха – 16 жніўня. На камені высвідравана ямка і выбіта барэльефная выява крыжа. Валун называюць Святы камень, Божы След, След Хрыста або След Божай Маці. Мох з гэтага каменя, верылі, дапамагае ад захворванняў зубоў. Раілі яго проста прыкладваць да хворага зуба. Да каменя і ў наш час прыносяць грошы, цукеркі і велікодныя булкі.
Верылі, што зубы лечыць і мох з вялізнай камлыгі, якая ляжыць на вяршыні гары з могілкамі каля вёскі Горка Дзятлаўскага раёна.
Лічылі, што найбольшай лекавай сілай мох і лішайнік з каменя валодаюць менавіта на свята Юр’я — 6 мая па праваслаўным календары. У гэты дзень хросны ход ідзе ад Георгіеўскай царквы, якая знаходзіцца ў самой вёсцы, да крыніцы непадалёк ад гары, а вяртаючыся, людзі наведваюць і камень. Па павер’ях, каб не хварэць, трэба тройчы прапаўзці на каленях праз адтуліну ў валуне, а потым у якасці лекаў ужыць мох, лішайнік і ваду з каменя.
У вёсцы Маяк (былая назва Дзюрдзева) Слуцкага раёна мох з паклоннага каменя ратуе ад спуду і праклёну. Каля былой вёскі Вязкі, побач з турбазай каля горада Браслава ляжыць камень, мох з якога раней ужывалі ад хвароб страўніка. Яго настойвалі на вадзе або гарэлцы, а потым пілі.
7 жніўня, у дзень Святой Ганны, шмат паломнікаў збіраецца да невялічкай цэркаўкі ў вёсцы Пацавічы Мастоўскага раёна. Па паданнях, некалі нібыта быў пакладзены у ганак камень са следам Святой Ганны. У дзень храмавага свята веруючыя патаемна стараюцца зняць хоць крышку моху з прыступак.
У паўночна-ўсходняй частцы вёскі Малыя Грыдзюшкі Шаркаўшчынскага раёна ляжыць Шалёны камень. Ён мае акруглую пляскатую форму, на паверхі якой расце шмат імхоў ды лішайнікаў. У народзе здаўна лічылі, што гэты мох лекуе розныя цяжкія хваробы, нават шаленства, а таксама надае фізічную моц. Беларускі мастак Язэп Драздовіч у пачатку мінулага стагоддзя запісаў са слоў сваёй пляменніцы Ядвісі: “Во гэта Шалёны камень. Тут, кажуць, даўней прабягаў ашалелы чалавек, упаў на гэты камень, дый пачаў яго грызці… Грыз, грыз аж датуль, пакуль не заснуў. А прачнуўся — аздаравеў. І цяпер, калі дзе каго шалёны сабака абкусае, з гэтага каменя на лекі мох абрываюць і кавалкі адбіваюць”.
Мастак зазначыў, што праходзячы міма каменя, заўважыў на ягоным гарбе два шрамы ад стальнога зубіла, з дапамогаю якога параўнальна нядаўна быў зроблены невялікі, як на паўдалоні, адшчэп. Але так рабілі зрэдку, і валун добра захаваўся ў сваім першасным выглядзе.
У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выстаўкі “Сямён Дамарад. Краявіды радзімы”, на якой прадстаўлена каля 50 жывапісных твораў з майстэрні аўтара і фондаў музея.
Імя Сямёна Уладзіміравіча добра вядома знатакам выяўленчага мастацтва як у Беларусі, так і за яе межамі. За гады сваёй творчай дзейнасці мастак працаваў у самых розных тэхніках і жанрах: манументальным роспісе, мазаіцы, акварэлі. У апошнія дваццаць гадоў Сямён Уладзіміравіч займаецца пейзажным жывапісам.
Краявіды Дамарада выкананы ў рэалістычнай манеры, але пры гэтым складаныя па вобразнай сістэме, насычаны эмацыйна, рамантычныя і паэтычныя па настроі. Дамарад — мастак імпрэсіяністычнага светаадчування, які імкнецца ўлавіць уражанне ад адыходзячага імгнення. Таму на яго палотнах часта прадстаўлены пераходныя станы прыроды — вясна і восень, вечар і раніца, — калі яе зменлівасць выяўляецца асабліва інтэнсіўна. Асабліва прыцягваюць увагу мастака віды роднай Бабруйшчыны, а таксама Нарачанскага краю.
Хоць у апошнія гады Сямён Дамарад аддае перавагу жывапісу, у яго работах адчуваецца ўплыў акварэльнай тэхнікі.
Усё пачынаецца з дзяцінства - гэта дакладна пра Сямёна Дамарада. Таму што гены бацькі, вядомага лірычнага пейзажыста Уладзіміра Дамарада, маглі б і не прарасці ў сыне, як гэта здарылася з яго братам і сястрой, калі б хлопчык не пасябраваў з прыродай, што называецца, з малодшых пазногцяў. Спачатку хадзіў з бацькам у грыбы, пасля на начную рыбалку, калі можна было глядзець, слухаць ... Потым пленэры ў наваколлях Бабруйска — на іх вывозіў сваіх вучняў выкладчык студыі выяўленчага мастацтва бабруйскага Дома піянераў Барыс Фёдаравіч Бяляеў, яго любімы настаўнік. А дома натхнялі альбомы рэпрадукцый Васняцова, Несцерава, Левітана, Шышкіна...
— Люблю пісаць ваду, — адзначае Сямён Уладзіміравіч. — З ёй звязана шмат адчуванняў. Напрыклад, такое — ты вяртаешся з рыбалкі, а пад табой шэсць-восем метраў глыбіні. Заходзіць сонца, да вёскі яшчэ далёка, і ты знаходзішся ў нейкім адхіленым свеце, як бы паміж вечарам і ноччу, паміж святлом і цемрай. Адчуваеш сувязь з часам, з продкамі, якія тысячы гадоў таму сапраўды гэтак жа плылі па вадзе, але не пакінулі слядоў. Вада нясталая, яна ўбірае падзеі, але ўсё трымае ўнутры сябе, раскрываючы то радасны свой бок, то сумны, то жорсткі.
У глебаўскую мастацкую вучэльню ён прыйшоў з цвёрдым перакананнем: без кахання да прыроды добрым мастаком не станеш. І працягваў з эцюднікам калясіць на ровары па наваколлях ужо Мінска. Потым тэатральна-мастацкі інстытут, паходы па сталічных музеях, з якіх заўсёды спяшаўся дадому: хутчэй да мальберта, не расплюхаць бы пачуцці, якія нарадзіліся ў ціхіх залах ля вялікіх палотнаў.
— Я, мусіць, наогул імпрэсіяніст па адчуваннях. Памятаю, аднойчы ўвесну мяне паланіла вада — сваім колерам, была незвычайна блакітная! А можа, я проста засумаваў тады вясной?.. На беразе былі раскіданы галінкі, і кожная кропелька на іх іскрылася, пералівалася, жыла. А яшчэ запал у памяць колер гэтых галінак на фоне блакітнай вады. Гэта было - святло!.. На карціне трэба перадаць гэтыя адчуванні гэтак жа абвострана, але я да гэтага часу не ведаю, як гэта зрабіць.
На яго карцінах як скрозь прызму паэтычнага суму ў стане засяроджанай разважлівасці глядзяць на нас неба і зямля, сонца і вада, дрэвы і вясковыя хаткі з вачыма-акенцамі. Да самых дробязяў, да паўтонаў, да зыбкіх прадчуванняў, якія нараджаюць жывыя выявы зменлівага свету, яго работы складаюць маляўнічая выявы радзімы, дарагія сэрцу, далікатныя і трапяткія, як сама і прырода.
Сям’я як натхненне. Выстаўку Юрыя і Вольгі Крупянковых прэзентавалі ў Мінску
Сямейны тандэм Юрыя і Вольгі Крупянковых — добры прыклад таго, як людзі ў розных сферах жыцця знаходзяцца на адной хвалі. У кастрычніку ў Галерэі мастацтваў імя Леаніда Шчамялёва адкылі выставачны праект мастакоў пад назвай «Горад. Музыка. Казка», які дакладна дэманструе нам, наколькі натхненне аўтараў звязана з іх сямейным узаемаразуменнем.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 90 работ, створаных Юрыем і Вольгай Крупянковымі. Тэхнікі і сюжэты ў мастакоў розныя, але, тым не менш, ёсць нешта важнае, што аб'ядноўвае ва ўспрыманні іх непадобныя работы.
І графіка Вольгі, і жывапіс Юрыя ствараюць адчуванне кранальнага пазнавання таго самага горада, той самай музыкі і тых самых казак, якія мы так любім.
Юрый Крупянкоў нарадзіўся ў Мінску, з'яўляецца выпускніком Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яго жывапісныя работы, прысвечаныя роднаму гораду, насычаны неверагодным цяплом і пяшчотай. Гэтыя пачуцці глядач абсалютна ясна адчувае, таму што цеплыня, пяшчота і бясконцае каханне да мінскіх вуліц, праспектаў, набярэжных, безумоўна, былі суаўтарамі мастака пры напісанні гэтых палотнаў.
Габрэйская тэма ў творчасці Юрыя Крупянкова, якая пачалася з карцін, прысвечаных халакосту, працягваецца мелодыяй мястэчак, дзе праз смех і слёзы ўзлятае ў вячэрняе неба голас вечнай скрыпкі. Пад яе стары напеў праносіцца жыццё — радасці і смутку, кірмашы, вяселлі, пахаванні.
Увогуле работы аўтара — гэта адначасова і вяртанне ў дзяцінства, і асэнсаванае паглыбленне ў рэальнасць. За кошт колеравай творчай гамы Юрыя мы адчуваем, як расчыняюцца дзверы нашага сэрца і хтосьці з нас можа ўспомніць сваіх блізкіх людзей, але апынуцца ў свеце асабістай фантазіі.
Вольга Крупянкова таксама нарадзілася ў Мінску і скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Яе прафесійныя перавагі аддадзены графіцы і зачаравальнаму чараўніцтву казачных і міфалагічных сюжэтаў.
Асноўная частка прадстаўленых на выстаўцы работ мастачкі – экслібрысы, адны толькі назвы якіх бударажаць свядомасць блізкасцю ілюзорнага свету: «Фея памежжа», «Заклінальнік дажджу», «Нараджэнне Афіны», «Залюстроўе», «Дама і цмок». Гэтыя і іншыя творы Вольгі прывабліваюць не толькі сваёй казачнасцю, але і своеасаблівай кампазіцыйнай складанасцю, спалучэннем разнапланавых і разнамаштабных аб'ектаў на адным лісце.
Вольга Крупянкова — прыемны і шчыры чалавек, з ёй цікава камунікаваць, задаваць ёй самыя розныя пытанні, а вось творчасць яе можна адразу назваць інэлектуальнай, цікавай, інфарматыўнай. Бачна, наколькі абгрунтавана аўтар паглыбляецца ў кожную работу і імкнецца данесці сэнс гледачу не праз агульны сюжэт, а праз дэталі.
Нягледзячы на тое, што мастакі працуюць у розных тэхніках і жанрах, іх творчая манера мае шмат агульнага — гэта пазітыўнае стаўленне да свету, жаданне бачыць радасць і казачнасць у штодзённых рэчах, адчуванне свята.
Шмат увагі яны надаюць перадачы чалавечых пачуццяў, цеплыні сямейных адносін, імкнуцца ўбачыць гармонію і прыгажосць жыцця.
Не пужаючыся складаных шматфігурных кампазіцый, аўтары імкнуцца дасягаць у сваіх работах максімальнай выразнасці. Дбайная прадуманасць і дакладнасць дэталяў у палотнах Юрыя пераклікаецца з вытанчанасцю і выразнасцю насычаных графічных лістоў Вольгі. Мастакі адкрываюць гледачу дарогу ў свой свет, адначасова рэальны і казачны, напоўнены цяплом і любоўю.
Аднойчы ўзімку, у моцны мароз, у сваякоў не завялася машына. Адкрыўшы капот, гаспадар машыны ўбачыў перагрызеныя правады ў маторы. Памкнуўся дакрануцца да іх, як раптам на яго выскачыў пацук і цапнуў зубамі за рукаў курткі.
«Добра яшчэ, што не пакусаў» — абураўся кожны, хто даведваўся гэтую гісторыю, і ўсе дружна абураліся пацучынаму нахабству. Я — не выключэнне.
«Цікава, а гэты выпадак лічыцца страхавым?» – запыталася я.
Высветлілася, што так! Не адно толькі маім сваякам пацук машыну пашкодзіў. Падобныя здарэнні частыя, асабліва ўзімку.
Як толькі я гэта пачула, фокус увагі змясціўся. Я паспрабавала ўявіць сябе на месцы шкодніка, які папсаваў машыну – і адчула не толькі яго крыўду, але і гнеў. Гэта ж трэба: толькі цёплае мясцечка абушкаў, жытло зладзіў, як з’явілася нейкая пачвара і выганяе яго! Тут жа прыдумаўся герой — пацучок Фэлік, які селіцца ў маторы джыпа і такім чынам падарожнічае. Гэта і быў пачатак казкі «Пацучок Фэлік падарожнічае».
Алена Масла
Маленькі пацучок Фэлік марыў пра незабыўнае падарожжа. Аднойчы цішком ад шматлікай радні ён сабраў у вузельчык свой невялікі скарб, напісаў ў цыдулцы, каб яго не шукалі, і выбраўся з падвала, дзе жыў.
На вуліцы Фэліку адразу кінуўся ў вочы вялізны будынак з шыльдаю: «ДзяржСТРАХ»*.
– Нічога сабе наверсе жывецца, – прамармытаў Фэлік. – І ў падземнай дзяржаве небяспек аж задужа, але ж абвестак пра тое яшчэ не вывешваюць!
І Фэлік адразу ж скіраваўся да кантэйнера са смеццем, дзе месціўся офіс страхавой кампаніі «Супрацькатэ».
Страхавы агент Пац Цапавіч скарыстаўся з таго, што Фэлік па маладосці шмат чаго не разумеў і не стаў тлумачыць, што «ДзяржСТРАХ» для людзей тое самае, што «Супрацькатэ» для пацучынай радзіны.
– Наверсе поўна нечаканасцяў і непрыемнасцяў, ці мала што здарыцца! – падтрымаў ён маладзенькага пацучка, і Фэлік без шкадавання аддаў за страхоўку свайго жыцця і здароўя ўсе каўбасныя скуркі, сабраныя на чорны дзень.
Фэлік пашыбаваў да машын, якія стаялі ў двары. Справа ў тым, што ён хацеў пабачыць як мага больш, таму і намерыўся падарожнічаць на аўтамабілі.
Пацучок аблюбаваў чорны джып. На дне машыны ў ахоўных панэлях нібы спецыяльна для яго былі прадугледжаны дзюркі. Праз іх Фэлік і пратачыўся ў рухавік.
Тут ён агледзеўся. Усе дэталі прыбраны ў футаралы, можна не баяцца ўпусціць доўгі хвост у механізм. Пацучок уладкаваўся як зручней: дастаў з вузельчыка коўдру і паслаў яе пад бок. З нагруднай кішэнькі выцягнуў фотаздымак сям’і і павесіў на панэль перад вачыма. Пасля ўзяў у лапу сухую скарынку і стаў грызці яе. Сэрца ў Фэліка калацілася ад жаху перад невядомасцю. Ну, але ж ён разумеў: без рызыкі сапраўднае падарожжа не адбудзецца!
* «Дзяржстрах» – «Дзяржаўнае страхаванне». Калі, мой дружа, ты не ведаеш, што гэта, запытайся ў дарослых. Мама ці тата патлумачаць табе, што такое сваечасова аформленая страхоўка. Яна, канешне, не ратуе ад розных прыкрых здарэнняў, але ж дапамагае пасля справіцца з іх наступствамі, бо застрахаваным асобам кампенсуюць за перажытыя непрыемнасці. Фэлік гэта ведаў, толькі ён не ведаў, што страхавыя кампаніі называюцца па-рознаму і што ў людзей яны таксама ёсць. Сам Фэлік і ўся яго радня карысталіся паслугамі «Супрацькатэ».
Кіроўца, маладая жанчына, прыйшла даволі хутка. Яна завяла машыну і рушыла.
Некалькі хвілін Фэлік напружана ўслухоўваўся ў свае адчуванні. Крыху падкідвала на выбоінах, рухавік равеў. Каб не пераймацца ад рэзкіх гукаў, Фэлік уставіў у вушы слухаўкі і ўключыў плэер. Адразу пацучку паспакайнела. А калі рухавік прагрэўся і пацяплела, Фэлік усцешыўся – усё ішло нават лепей, чым ён мог разлічваць!
Пасля цікаўны пацучок стаў круціцца і шукаць шчыліны, з якой зручна было назіраць за тым, што робіцца на вуліцы.
І тут ён не прагадаў! Высокі джып дазваляў быць як бы па-над усімі, нішто не засціла Фэліку далягляд. Вось гэта дык падарожжа!
Тры дні Фэлік не высоўваў носу са сваёй новай кватэры на колах. Перакусваў тым, што знаходзілася ў вузельчыку, а за жыццём назіраў праз шчыліну пад капотам.
І толькі калі прыпасы сышлі, насмеліўся на вылазку. Аўтамабіль жа ноччу стаяў у двары дома, дзе быў Фэлікаў падвал. Таму пацучок скарыстаўся нагодаю і збегаў праведаць сям’ю.
Мама гаравала, што яе сынок схуднеў, але разам з усёй раднёй уважліва слухала пра Фэлікава падарожжа.
Пацучок так маляўніча расказваў пра гарадскія вуліцы і праспекты, па якіх давялося пракаціцца, што дарослыя пастанавілі: некалі Фэлік яшчэ і кнігу пра свае вандроўкі напіша!
А моладзь узахвоцілася: і мы сабе машыны знойдзем – і пакатаемся!
На растанне мама спакавала Фэліку паўнюткую торбу гасцінцаў і пажадала шчаслівай дарогі.
Пацучку паспакайнела. Збегшы з хаты цішком, ён усё ж такі перажываў. А цяпер цешыўся: родныя ведаюць, чым ён заняты.
Адно гэта веданне надало Фэліку рызыкі яшчэ больш, чым ён дагэтуль меў: назаўтра пацучок выскачыў на першай жа стаянцы ў горадзе.
Гаспадыніны туфлікі на высокіх абцасах працокалі і зніклі за дзвярыма з шыльдаю «Цырульня».
Фэлік хаваўся за колам і назіраў за нагамі мінакоў, якія спешна бегалі туды-сюды. Яму ўжо добра надакучыў парад чаравікаў, туфлікаў і боцікаў – нічога цікавага. Аж раптам!
– Пі-прывітанне! – пачуў ён. – Давай знаёміцца!
Фэлік не заўважыў, як у яго схованку шмыгнулі дзве прыгожанькія пацучыхі.
– Ларыска! – назвалася адна.
– Анфіска! – падала лапку другая.
А Фэлік так разгубіўся, што забыўся, як яго клічуць.
Ён стаяў і лыпаў вачыма. Дзяўчаткі былі такімі непадобнымі да тых, каго ён бачыў раней! Вусікі завітыя, пазногцікі нафарбаваныя, поўсць на галаве ў адной – чырвоная, у другой – зялёная. А ў вушах і ў носе – завушнічкі!
Сяброўкі рассмяяліся, пабачыўшы Фэлікаву разгубленасць. Яны прывыклі да таго, як іх знешнасць дзейнічае на суродзічаў, і паблажліва сказалі:
-- Ну, што ты спруцянеў? Мы жывем вось у гэтай цырульні. Службовае становішча, можна сказаць, вымагае адпаведнага выгляду. Пад рукамі заўжды фарбы ды інструмент, грэх не скарыстацца. Хочаш, і табе зараз знешнасць зменім? Пайшлі да нас у цырульню!
Ад такой прапановы Фэлік спруцянеў яшчэ больш. Ён не хацеў ані фарбавацца ў іншыя колеры, ані завіваць вусы. Але ён не хацеў і баязліўцам сябе перад красунямі паказаць.
Пакуль Фэлік стаяў моўчкі і кеміў, што адказаць, з цырульні выйшла гаспадыня аўто.
– А давайце я вас лепш на джыпе пакатаю! – прапанаваў Ларысцы і Анфісцы Фэлік.
Тут ужо разгубіліся дзяўчаткі. Фэлік падаўся ім маўчуном і цюпам, а высветлілася – зух!
Ларыска і Анфіска не пакутвалі без увагі: кавалеры, зачараваныя красой дзяўчатак, задорвалі іх сырнымі абгрызкамі. Але аўтамабіля ніхто з іх не меў. Таму дзяўчаткі з радасцю пагадзіліся катацца і ўслед за Фэлікам шмыгнулі ў аўто.
Ім надзвычай спадабалася Фэлікава кватэра. Цёпла, утульненька, дызайн ва ўлюбёным стылі хайтэк. А, самае галоўнае, фатаздымак сям’і на сцяне. Мама – буйным планам. Адразу бачна: Фэлік (да той пары ён ужо згадаў сваё імя і назваўся) – добра выхаваны пацучок, трымаецца традыцый і даражыць сям’ёй. З такім не страшна звязаць свой лёс.
Ларыска і Анфіска нават па-новаму адна на адну зірнулі. Толькі былі сяброўкамі, як раптам сталі пачувацца суперніцамі. Цікава – каго Фэлік упадабаў больш?
Але думаць над гэтай загадкаю доўга не выпадала. Гарадскія карцінкі ў шчыліне пад капотам мяняліся з маланкавай хуткасцю, ажно займала дух, і дзяўчаткі адно пішчэлі ад асалоды.
Фэлік цешыўся, што дагадзіў паненкам. Адно хваляваўся, што ад гулу рухавіка дзяўчаткам магло закласці вушы.
Але Ларыска і Анфіска былі выбітнымі тусоўшчыцамі, загартаванымі дыскатэкамі. І шум іх толькі натхняў. Хуткасць жа аўтамабіля хаця і палохала, але адначасова і ўзрушвала.
Цудоўнейшай прыгоды ні Ларыска, ні Анфіска ў сваім жыцці яшчэ не мелі!
Ад цырульні ад’ехаліся даволі далёка. Калі машына спынілася ў чарговы раз, падарожнікі пачулі, як кіроўца праз мабільны тэлефончык казала, што зрушыцца з месца не раней як праз тры гадзіны. Ого, колькі часу давядзецца прастойваць!
Але тут красуні пазналі месца:
— Гэта ж наша любімая кавярня! Мы сюды на каву часта бегаем! – запляскалі яны ў ладкі. – Праўда, наверх нас нас не пускае вунь той сярдзіты дзядзька, – паказалі Ларыска і Анфіска на камінара*.
*Камінар – чалавек, які чысціць коміны
Камінар быў адмысловы. Ён даўно ўжо не лазіў па дахах і не чысціў комінаў, бо аднойчы яму пашчасціла знайсці чароўны гузік, які выконваў самае запаветнае жаданне. Камінар заўжды марыў мець чысцейшую работу – і чароўны гузік спраўдзіў яго жаданне: камінар уладкаваўся працаваць ў кавярню. Ён стаяў на ўваходзе, зазываў наведвальнікаў і ўсім ахвотным даваў патрымацца за чароўны гузік на сурдуце.
Праўда, камінар чамусці не любіў ні мышэй, ні пацукоў. Іх ён у кавярню не пускаў.
Той бяды! Справядлівасць усё адно ёсць на свеце!
– Якраз пад кавярняй у падземным калектары цячэ рэчка, -- патлумачылі Фэліку Ларыска і Анфіска, – і пані Пацукевіч адчыніла тут кавярню “На галерах” усёй радзіне на пацеху. Фэлік, красачка, так хочацца кавы з марозівам! Завядзі нас!
Фэлік памацаў торбачку з гасцінцамі ад мамы. Там было некалькі скрылёчкаў вэнджанай каўбасы, сушаны сыр, сухары і кавалак яблычнага пірага. Фэлік ведаў, што хатнія прыпасы былі самай цвёрдай і хадавой валютай. І на ўваходныя білеты іх павінна было хапіць.
Прыяцелі спусціліся ў калектар.
Ого, з такім багаццем, як у Фэліка, ім хапіла не толькі на ўваходныя білеты!
Спачатку кампанія заказала сабе каву з марозівам. Але ад гэтага пачастунку толькі ўзыграўся апетыт, і пазней Фэлік узяў сабе дранікаў, а дзяўчаткам – варэнікаў.
Пасля яны пілі духмяную гарбатку «Мышыныя вушкі» (не падумайце благога, так завуцца незабудкі).
А пасля ім прынеслі гарачы шакалад. Ларыска і Анфіска паспыталі шакаладу і закруцілі насамі:
– Фу-фу-фу, а вось шакалад тут не сапраўдны! – піскнула Ларыска.
– Сапраўдны густы-густы, і да яго абавязкова падаецца шклянка вады! – патлумачыла Анфіска. – Па такі варта ў Майстэрню шакалада завітаць!
Адразу ж сяброўкі намерыліся патрабаваць кнігу скаргаў, каб выказаць гаспадыні прэтэнзію.
(Па праўдзе, справа зусім не ў тым, што шакалад быў кепскі. Проста Ларысцы і Анфісцы хацелася паказацца перад Фэлікам і абазначыць сваю азнанасць ва ўсім).
Але Фэліку, які апроч свайго падвала так мала яшчэ бачыў, ўсё было смачна і ўсё – цікава! І ні з кім не хацелася сварыцца.
Таму, каб адцягнуць увагу Ларыскі і Анфіскі ад кнігі скаргаў, ён нагадаў:
– Ці не пара нам наверх? І так няма пэўнасці, што мы заспеем аўтамабіль, бо забавіліся.
Сяброўкі адразу забыліся на скаргі. Хуценька праглынулі гарачы шакалад, на які толькі што наракалі – і кепска ім не зрабілася. На растанне селі ў галеры, пакаталіся па падземнай рацэ і выскачылі на вуліцу.
Апынуўшыся на паверхні, Ларыска злаўчылася, падскочыла і ўхапіла такі камінара за гузік – яна задумала застацца з Фэлікам назаўжды!
Толькі кампанія ўладкавалася пад капотам, як вярнулася гаспадыня. Добра, што не бавіліся даўжэй і не пісалі скаргаў. Во каб спазніліся і засталіся без транспарта! Да добрага прывыкаеш хутка, і тэпаць пешкі нікому ўжо не хацелася.
Машына рухалася паволі, бо быў час пік, і вузкія вулачкі старой часткі горада скрозь пазабіваліся пробкамі.
Можа, кіроўцы гэта і не падабалася, а вось Ларыска з Анфіскай і Фэлік знайшлі шмат прыемнага ў павольнай яздзе па брукаванцы. Машыну не падкідвала, а злёгку зыбала. Прыяцелі сцішыліся, прыхінуўшыся плячыма да цёпленькага рухавіка, і задрамалі.
Гэта быў цалкам апраўданы перадых пасля цэлага дня новых яскравых уражанняў!
Кампанія дружбакоў прыязджае на шопінг
Абудзіліся ад таго, што дзверы ў аўто бразнулі: гаспадыня спынілася зноў і некуды пайшла.
Ларыска з Анфіскай вытаркнулі свае мыскі на двор і адразу вызначылі:
– Ой, гэта ж слынны гандлёвы цэнтр! Фэлік, кабеты хутка з такіх месцаў не вяртаюцца! Давай і мы на шопінг выправімся.
Што такое шопінг, Фэлік яшчэ не ведаў. Але Ларыска і Анфіска хуценька патлумачылі, што шапінгаваць – гэта, папросту, рабіць закупы.
Фэлік памацаў торбачку, правяраючы, ці не завалялася там чаго з «цвёрдай валюты» – мамчыных гасцінцаў.
Дзе там! Усё ў кавярні «На галерах» спусцілі!
Ды Фэлік не засмуціўся. У таемнай кішэньцы ён меў ламаны грош, таму шопінга палохацца не стаў.
Ларыска і Анфіска і праўда шмат што ведалі і шмат у чым разбіраліся. Вось і ў гандлёвым цэнтры адразу сталі шнарыць па крамах, нібы па ўласнай кватэры.
Фэлік зайшоўся разам з імі толькі ў парачку, і галава ў яго з непрывычкі пачала гудзець, усярэдзіне стала млосна, а ўваччу залёталі мятлікі.
– Ай, Фэлік, – скрывіліся сяброўкі, – ты такі самы, як і ўсе хлопчыкі. Двух хвілінаў патрываць у краме не можаш!
– Давай мы пакінем цябе вось тут, дзе кажушкі прадаюць, -- пашкадавала Фэліка Ларыска. – Тут лавачка ёсць, пасядзіш, а мы тым часам усё абгледзім.
– Фэлічак, а калі нам на абноўкі сваіх заначак не досыць, ты даложыш? – пацікавілася Анфіска.
Фэлік без лішніх размоў дастаў ламаны грош і аддаў дзяўчаткам. Той бяды! Добра пашукае на сметніку – і не адзін такі яшчэ знойдзе.
Ларыска і Анфіска пабеглі за абноўкамі, а Фэлік сцішыўся на лавачцы.
Але не доўга ён цешыўся спакоем! Дзве прадавачкі, якія, канешне ж, заўважылі, як шчодры Фэлік аддаваў сяброўкам ламаны грош, хуценька скіраваліся да яго.
– Малады чалавек! – завуркаталі яны. – Якраз сёння мы атрымалі апошнюю калекцыю кажушкоў ад выбітных дызайнераў! Хутка зіма, уцяпліцца не зашкодзіць! – лагодна казала адна.
– Юнаку з такой мадэльнай знешнасцю любы кажушок будзе да твару! – дадавала другая, і вось Фэлік, сам не заўважыў як, стаў манекенам.
Ён стаяў, растапыраўшы ў бакі лапкі, а прадавачкі ўссоўвалі яму на плечы то адзін, то другі… пяты… дваццаць пяты кажушок і трашчэлі, як сарокі: Фэлік і прыгожы, і цікавы, і вочкі ў яго разумныя, і поўсць у яго бліскучая, і лапкі роўненькія – і, як вынік усяго пералічанага, гаманец* яго, па ўсім відаць, тоўсты…
*Гаманец – кашалёк
Фэлік адурэў зусім. Ён шкадаваў, што ў яго таемнай кішэньцы няма яшчэ аднаго ламанага гроша. Аддаў бы прадавачкам толькі за тое, каб яны ад яго адчапіліся і памаўчалі.
Яны ж тым часам начапілі на Фэліка чарговы кажушок і расхвальвалі на ўсе лады. Казалі, што зняць яму яго не дадуць.
Фэлік мусіў сказаць, што грошай з сабой у яго няма.
– Не бяда! – суцешылі прадавачкі. – Мы вам зараз запакуем кажушок, а вы нам што-небудзь у задатак пакінеце. А за пакупкай вернецеся пазней!
Яшчэ больш прыгод пацучка Фэліка мы апублікуем на «Слушна» у хуткім часе.
⚡️ Чытайце таксама:
One fine body…