
Заяц — адзін з самых распаўсюджаных персанажаў у міфалогіі і фальклоры народаў свету. Вобраз гэтага звера шырока прадстаўлены і ў культуры беларусаў, гэта адзін з вельмі папулярных і супярэчлівых вобразаў беларускай міфалогіі.
У народных уяўленнях заяц паўстае як адмоўным і дэманічным вобразам, так сімвалам плоднасці і вялікай жыццёвай сілы.

У сучаснай масавай свядомасці вобраз зайца прысутны перадусім як увасабленне баязлівасці і як персанаж народных казак, у якіх ён фігуруе безабароннай істотай. Паказальныя ў гэтых адносінах выразы палахлівы як заяц, дрыжаць як заяц, заячае сэрца, заячая душа, уцякаць як заяц. Беларуская легенда тлумачыць баязлівасць зайца тым, што ў яго занадта маленькае сэрца. Бог выляпіў яму занадта даўгія вушы, а на сэрца не хапіла гліны. Тады Бог адарваў яму хвост, пакінуўшы толькі маленькі адростачак, які потым аброс поўсцю і зрабіў маленькае сэрца. Вось чаму заяц усіх баіцца, а яго ніхто.

Тым не менш, у беларускіх народных уяўленнях зайцу прыпісваюць мужчынскую і эратычную сімволіку, а таксама дэманічныя рысы. На Палессі ў гульнявых песнях да яго звяртаюцца заюхна-бацюхна. А ў беларускай дзіцячай прыпеўцы спяваюць: “Ой ты, баба старая,/ Чаму не йдзеш замуж за зая”. Дзявочая жартаўлівая песня ў Клецкім раёне: “За гарою зайчыкі трубяць, Чаму мяне хлопцы любяць?”
Заяц згадваецца ў казках і прыказках як сімвал урадлівасці. Калі маленькія дзеці пыталіся, адкуль яны ўзяліся, ім адказвалі, што іх прынёс заяц і паклаў у капусту. Па той жа прычыне бясплодным жанчынам раілі есці як мага больш зайчаціны, асабліва самцоў.
На Палессі, калі выпякалі вясельны каравай, яго ўпрыгожвалі рознымі фігуркамі з цеста, у тым ліку і выявай зайца. Гэта павінна было паўплываць на нараджэнне ў маладых вялікай колькасці дзяцей. А пры дзяленні караваю гэтую выяву ўручалі жаніху з жартаўлівым пажаданнем… У заходнім Палессі сон пра злоўленага зайца азначае для жанчыны цяжарнасць і нараджэнне сына. Беларусы Ваўкавыскага раёна даюць курам заячы памёт, каб яны лепш несліся.
Зусім іншай прыроды дэманалагічная сімволіка зайца. Яна звязана са светам духаў і нячыстай сілы. Як лясны насельнік ён падуладны лесуну і з'яўляецца яго «сабакам». Паўсюдна ў славян распаўсюджаныя ўяўленні пра сувязі зайца з чортам, д'яблам, з нячыстым духам наогул. Асабліва распаўсюджаныя ўяўленні пра зайца-пярэваратня. Папулярныя страшныя аповяды пра чорта або лесуна ў заячым абліччы, які перабягае чалавеку дарогу, кідаецца яму пад ногі або пераследуе яго. Так, на Палессі расказваюць, як заяц водзіць паляўнічага па лесе, заваблівае яго ў гушчар і знікае ў віхуры.
Згодна з распаўсюджанымі беларускімі народнымі павер’ямі, душы памерлых могуць прымаць выгляд розных жывёл, у тым ліку і зайца. Бытуе такая прыкмета: заяц пад вакном праскача – да нябожчыка. Паводле народных павер’яў, калі выпраўляешся ў дарогу і раптам сустрэнеш зайца, то лепей адразу ж вярнуцца дахаты, бо поспеху не будзе. А каб усё абышлося і нічога не здарылася благога, трэба адразу хоць што, напрыклад, жменьку саломы ці хоць шпільку кінуць на зямлю. Таксама, калі заяц перабяжыць дарогу сватам, то гэта азначае няўдалае сватаўство, а калі вясельнаму поезду, то шлюб будзе нешчаслівы. Тады раілі вярнуцца дахаты і адкласці вяселле на іншы час.
Па народных вераваннях, заяц, які з’явіўся каля жытла, – прадвеснік пажару. Так, нашы продкі верылі: калі падчас пабудовы новай хаты, туды забег заяц, то яна абавязкова згарыць. У такім разе будоўлю спыняюць, а матэрыял пускаюць на дровы. Таксама казалі, што будзе пажар, калі заяц проста забяжыць у вёску. Тут маецца на ўвазе магічная сіла касога погляду. У народным уяўленні, погляд незвычайных “касых” вачэй зайца з’яўляецца прычынай пажару.

Нездарма зайца ў народзе завуць “касым”, уважаюць, што яго касавокасць можа ўплываць на чалавека. Таму, відаць, цяжарным жанчынам забаранялася есці зайчаціну, іначай можа нарадзіцца дзіцёнак з касымі вачыма. З зайцам таксама звязаны шэраг іншых забарон для цяжарнай жанчыны. Калі такая жанчына шкадуе забітага зайца, то дзіця будзе мець парослыя заячай поўсцю плямы. А зласліўцы могуць зрабіць так, што дзіця народзіцца з “заячай губой”.
Народная традыцыя звязвае зайца са сном. Прычыну ўплыву зайца на сон чалавека таксама бачаць у асаблівых вачах зайца, здольных выклікаць як бессань, так і дрымотнасць. Распаўсюджана ўяўленне, што заяц спіць з расплюшчанымі вачыма. “Спіць як заяц” – кажуць пра таго, у каго неспакойны, чуйны сон. Каб пазбегнуць дзіцячай бессані, імкнуліся не згадваць зайца і не зваць дзіця зайчыкам, калі ўкалыхвалі яго ці калі ён прачынаўся. Аднак зайцу нярэдка прыпісвалася і супрацьлеглая здольнасць – выклікаць сон. Так, існавала павер’е: каб вылечыць дзіцёнка ад бессані і начнога крыку, яго трэба было выкупаць у заячай капусце.
У народнай медыцыне зайцаў выкарыстоўвалі для лячэння розных захворванняў. Напрыклад, зайчаціна дапамагала пры анеміі, бо насамрэч змяшчае вялікую колькасць жалеза. Адвар з зайчаціны з цыбуляй ужывалі для лячэння прастудных захворванняў. Гэты адвар павышае імунітэт.
Зайчаціну выкарыстоўвалі пры лячэнні апёкаў і ран. Мяса змяшчае вялікую колькасць бялку, што дапамагае паскорыць працэс загойвання.
Старадаўнія лячэбнікі раілі лекі з заячых частак, асабліва з вантробаў. Шкуркай зайца, якога задрала сава, абкручвалі хворае горла дзіцяці. Адвар костак зайца выкарыстоўвалі пры праблемах з суставамі і косткамі. Таксама ад ламаты хворае месца мазалі мядзвежым салам і пакрывалі заячай шкуркай.

Попел ад заячай галавы, змешаны з мёдам ці мядзвежым салам, або воцатам, выкарыстоўвалі супраць выпадзення валасоў. Лёгкае, вымачанае ў салёнай вадзе цэлы месяц сакавік, давалі пры ўдушшы і пры падучай хваробе. Ад дрыжэння членаў лячэбнікі раілі падсмажаны або вымачаны ў віне заячы мозг.
У выпадку ліхаманкі заячае сэрца разразалі на чатыры часткі, высушвалі, таўклі ў парашок і адразу ж ужывалі. Высушаныя ныркі ў выглядзе парашка выкарыстоўвалі ад камянёў у нырках і ад нетрымання мачы. Папулярным быў парашок з заячай крывёй. Зайца доўга ганялі і калі той стамляўся, то калолі, збіралі кроў і высушвалі яе ў парашок. Ад падучай (радзімца) такі парашок штодня давалі дзіцёнку па дзве лыжкі з вадой ці з грудным малаком. Высушаную кроў выкарыстоўвалі пры паносах, у тым ліку пры крывавых. Заячай крывёю зводзілі з твару вяснушкі і розныя плямы.
Увогуле заячую кроў лічылі самым дзейсным сродкам павышэння патэнцыі. Заячым тлушчам змазвалі палавыя органы парадзіхам падчас цяжкіх родаў. Заячы памёт выкарыстоўвалі пры лячэнні венерычных захворванняў.
Заячае сала прымянялі ад нарываў, бяльма і зубнога болю – ім мазалі за вушамі. Жоўцю з цукрам лячылі вочы, а таксама пускалі ў вушы ад глухаты. Для лячэння хвароб вачэй выкарыстоўвалі заячую мачу.
У старадаўняй беларускай кухні папулярнай стравай быў заяц са смятанай. Зайца нашпігоўвалі кавалкамі сала, салілі, клалі на бляху, абкладалі кавалачкамі масла і запякалі. Як мяса да паловы запякалася, аблівалі смятанай і дапякалі. Потым разразалі на кавалкі, абкладалі лімонам і залівалі соўсам, у якім ён гатаваўся.
Чытаюць таксама:
Адметная роля свінні ў народнай медыцыне
Магія прыдарожных і аброчных крыжоў Беларусі
Падарожжа ў беларускія легенды. Чаму варта з’ездзіць у музейны комплекс «Дудуткі»?

У сучаснай навуцы тэрмін "кувада" абазначае асаблівыя рытуальныя дзеянні, якія выконваюцца мужчынам, калі яго партнёрка цяжарная або нараджае. Падчас кувады мужчыны радыкальна змяняюць свой лад жыцця і нават часам самі імітуюць цяжарнасць. Цяпер гэта з'ява сустракаецца рэдка, у асноўным у народаў, якія захавалі паганскія вераванні, але ў старыя часы рытуал быў распаўсюджаны паўсюдна, у тым ліку ў Беларусі.
Этнаграфічная навука на працягу усяго свайго існавання праяўляла абвостранную цікавасць да гэтай экзатычнай з’явы. Навукоўцы кажуць, што гэты звычай існаваў яшчэ да нашай эры. Многія даследчыкі мяркуюць, што зараджэнне кувады адносіцца да пераходнага часу ад матрыярхату да патрыярхату, калі бацька стаў прад’яўляць свае правы на дзяцей. Звычай кувады перажыў Сярэднявечча і дайшоў да Новага часу, працягваў існаваць у многіх краінах свету да 20 стагоддзя. А ў некаторых першабытных народаў існуе і дагэтуль.
Кувада ў перакладзе з французскай couvade азначае выседжванне яек або птушанят. У выніку гэтага абраду мужчына клаўся ў ложак і імітаваў боль, які адчувала пры родах жанчына. Пасля нараджэння дзіцяці мужчына атрымліваў віншаванні ад сваякоў у гонар шчаслівага зыходу родаў. Існуе мноства розных формаў кувады — ад мяккай, практычна сімвалічнай, і да больш жорсткай з экстрэмальнымі формамі.

Звычай сімвалічнай кувады яшчэ зусім нядаўна існаваў у індзейцаў Каліфорніі і Паўднёвай Амерыкі, у Паўднёвай Індыі. Бытавала такая кувада і ў старажытнага насельніцтва Корсікі ды Іспаніі. У баскаў і на Корсіцы ў мінулым менавіта мужчына прымаў віншаванні ад суседзяў, лежачы ў ложку з немаўляткам. А яго жонка выконвала ўсю належную ёй хатнюю працу і толькі час ад часу падыходзіла пакарміць дзіця.
У Паўднёвай Індыі пасля родаў муж надзяваў на сябе жончыну вопратку і клаўся ў ложак у цёмным пакоі. Дзіця клалі побач з ім. Мужчыну давалі лекі, якія даюць парадзіхам для аднаўлення сіл. Тыя прадукты, якія забаранялася есці парадзісе, былі забароненыя і для яе мужа. Інакш духоўная сувязь, якая існуе паміж абодвума бацькамі і іх дзіцём, магла быць парушана.
Найбольш жорсткі абрад кувады існаваў у гвіянскіх індзейцаў. Тут жанчына выконвала свае звычайныя абавязкі яшчэ за некалькі гадзін да родаў, а потым, разам з іншымі жанчынамі свайго племені, сыходзіла нараджаць у лес. Адпачыўшы некалькі гадзін, яна вярталася дахаты і працягвала сваю працу. А муж ляжаў у яе гамаку і адмаўляўся ад усёй ежы, акрамя вадкай кашы. Яму нельга было ані паліць, ані мыцца. І яшчэ некалькі тыдняў пасля родаў жанчыны з яго племені даглядалі яго.
У бразільскіх індзейцаў бацька нованароджанага адразу пасля родаў клаўся ў ложак. Ён клапаціўся пра дзіця і не еў нічога, апроч бульёну. Калі яму дазвалялі падняцца з ложку, ён надрэзваў сабе скуру на руцэ і націраў рану перцам. Боль мужчына павінен быў трываць моўчкі — "інакш ён не варты быць бацькам".
Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя ў паўднёваславянскіх народаў муж клаўся побач з жонкай-парадзіхай і стагнаў, калі стагнала яна. А пасля нараджэння дзіцяці пэўны час заставаўся ў ложку.
Ва ўсходніх славян падобныя з'явы засведчаны яшчэ ў 19 стагоддзі. Прычым абрад тут здзяйсняўся з мэтай не толькі “дапамагчы” парадзісе, але і абараніць немаўля ад злых сіл. Звычайна жанчыны нараджалі ў лазні, каб не прыводзіць нячыстую сілу ў дом. У першым пакойчыку пры лазні развешвалі лялькі, зробленыя з анучак, — кувадкі, каб ў іх усяляліся злыдухі. Тут жа часта знаходзіўся і муж жанчыны.

Звычай перадачы родавых мук на мужа пачынаўся яшчэ ў вясельным абрадзе. Калі муж прызнаваў аўтарытэт жонкі, то дазваляў ёй тры разы перакаціцца праз сябе. Гэтым ён абавязваўся прымаць на сябе пакуты будучых родаў — спачуваць стогнамі пакутам жонкі.
У многіх народаў Усходняй Еўропы для мужоў цяжарных жанчын і жанчын, якія кармілі немаўля, існаваў шэраг забарон у працы, побыце і нават у харчаванні. У святочныя дні забаранялася плесці што-небудзь, секчы дровы — каб не “адрубіць” дзіцёнку нейкія часткі цела. Нельга было рабіць труну і капаць магілу — інакш дзеці памруць. Муж не меў права сварыцца, бо народзіцца непаўнавартаснае дзіця.
Паводле этнаграфічных апісанняў, на землях Беларусі ў розных рэгіёнах абрад кувада адбываўся па-рознаму. Так, у некаторых месцах перад родамі муж доўга глядзеў жонцы ў вочы, а потым сыходзіў у пушчу і там крычаў, біўся аб дрэвы. Пазней ужо хоць так і не рабілі, але ў пушчу сыходзілі нават яшчэ і ў пачатку 20 стагоддзя. Бывала ў час родаў муж узлазіў на дах або стаяў на ганку. Каб паскорыць роды, ён расшпільваў на сабе адзенне. У Смаленскай губерні яшчэ ў 19 стагоддзі муж пры родах жонкі надзяваў сукенку ці спадніцу, завязваў галаву хусткай і стагнаў.
У некаторых вёсках будучага бацьку клалі на лаўку, да жывата прывязвалі гаршчок кашы і разбівалі яго палкамі. Кармілі перасоленай кашай, салёнымі сухарамі, хрэнам. Паілі агурэчным расолам, квасам ці віном настоеным на палыне. Месцамі павітухі да мужчынскага чэлеса прывязвалі вяроўку і ў час схватак ягонай жонкі тузалі за яе. Лічылася, што муж такім чынам дапамагае жонцы хутчэй разрадзіцца.
Пры цяжкіх родах павівальная бабка загадвала мужу расшпіліць каўнер адзення, штаны, развязаць пояс, зняць абутак, а ў некаторых вёсках прымушалі распрануцца да нагаты, легчы ў ложак і горка плакаць. На Заходнім Палессі муж клаўся на лаўку і вельмі гучна доўга стагнаў. А на Усходнім Палессі муж паіў парадзіху з роту ў рот або ёй давалі піць праз заручальны пярсцёнак.
Паводле старажытных павер’яў, парушэнне мужам такіх прадпісанняў магло выклікаць нараджэнне хворага ці пачварнага дзіцяці.
Пасля родаў бацька клаўся ў ложак і прымаў віншаванні. Жанчына пераапраналася ў адзенне мужа і вяла хатнюю гаспадарку. Так працягвалася да хрышчэння дзіцяці. Пасля чаго муж ледзь не тыдзень, ляжаў у пасцелі з лялькай, зробленай з анучак. А ўжо потым лялькі спальваліся ў час абраду ачышчэння. На ўсходзе беларускай этнічнай тэрыторыі ў час хрэсьбінаў бацьку немаўляткі цягалі за вушы.

Таксама на хрэсьбінах існаваў звычай “перасол”: хросная падавала бацьку лыжку кашы са жменяй солі, каб ён адведаў як “солана” прыйшлося ягонай жонцы. У такую лыжку кашы часам яшчэ дадавалі перац, гарчыцу, воцат, віно і піва. Муж павінен быў хутка праглынуць такую страву, сказаць які-небудзь жарт і пакласці на талерку грошы.
Абрад кувада працягваўся яшчэ і пасля хрышчэння дзіцяці. Бацьку нованароджанага адводзілі ў лазню, і там бабка ці хросная біла яго розгамі, каб перацярпеў тыя пакуты, якія жонка зведала пры родах. Але часцей за ўсё мужчыны толькі імітавалі боль, чым адчувалі рэальныя фізічныя пакуты.

Чаго ж нашыя продкі хацелі дабіцца, калі здзяйснялі гэты дзіўны абрад? На гэты конт існуе дзве думкі. Па адной версіі, такім чынам бацька заяўляў правы на нованароджанае дзіця. Іншая версія тлумачыць незвычайныя дзеянні мужа жаданнем абараніць жонку і нованароджанага ад злыдухаў. Бацька, у адрозненне ад парадзіхі, чысты ў рытуальным сэнсе і мацнейшы, як бы займаў яе месца і ахоўваў дзіця і хату ад нашэсця злых сіл. Да таго ж, этнографы лічаць, што гэтыя абрады маюць глыбокі сэнс: перажытыя сумесна пакуты ўмацоўвалі сувязь бацькі з дзецьмі і рабілі сям'ю мацнейшай.
Так ці інакш, але кувада, якая існуе ўжо тысячы гадоў, часам невытлумачальным чынам праяўляецца ў сучасных сем'ях. Вядома, што пэўная частка мужчын адчуваюць дыскамфорт і нават боль, калі іх партнёрка нараджае. Нават адлегласць не ўплывае на гэтую з'яву — муж і жонка могуць знаходзіцца ў розных паўшар'ях, але ўсё адно адчуваюць такую містычную сувязь.
Чытайце таксама:
«Гендар-паці» на Палессі. Цяжарнасць і народныя прыкметы беларусаў
Як нараджэнне блізнят успрымалі продкі ў старажытныя часы?
Адносіны да цяжарных жанчын у старажытнай Беларусі. Традыцыі і абрады
Вы ведаеце, што такое «кефірная нірвана»? А як палепшыць стан скуры самымі простымі і даступнымі сродкамі? Усяго адзін знаёмы з дзяцінства прадукт — кефір — можа дапамагчы ў вырашэнні мінімум 5 асноўных праблем, з якімі даводзіцца сутыкацца кожны дзень, спяшаючыся на вучобу або пачынаючы працоўны дзень.
Гэты напой здымае напружанне і мышачнай, і нервовай сістэм. Ён здольны зняць стрэс пасля цяжкага дня. Кефір супакойвае нервы і прыводзіць цела ў стан так званай «кефірнай нірваны». Менавіта таму яго рэкамендуюць ужываць у «крытычныя дні» або проста пасля моцнага разумовага або фізічнага перанапружання. А вось калі выпіць шклянку кефіру раніцай за паўгадзіны да ежы, то вам гарантаваны апетыт і бадзёрасць.

У кефіры ёсць мікраэлементы (ёд, медзь, фтор), вітаміны групы А, В, С, РР, Н і бэта-каратын, ён насычаны тлушчамі, вугляводамі і арганічнымі кіслотамі. Усе гэтыя кампаненты дапамагаюць адчуць прыліў сіл і пры гэтым паляпшаюць стан скуры, умацоўваюць зубы і косці.
І нават тое, што вы паспелі з'есці за дзень, гэты напой дапаможа лепш ператравіць і засвоіць, бо паляпшае абменныя працэсы.
Вядома, што прыхільнікі гэтага кісламалочнага прадукту выглядаюць больш свежымі і маюць менш праблем з памяццю.
На аснове кефіру ў хатніх умовах робяць розныя віды масак для валасоў: для аб'ёму, гушчыні, абястлушчвання, аднаўлення, бляску. Танна і добра — гэта пра крэмы, скрабы, маскі на аснове кефіру. Яны выдатна чысцяць і дбаюць пра скуру. І ўсё гэта ў хатніх умовах, без паходаў у дарагія касметалагічныя цэнтры.
Звычайна рэкамендуюць выпіваць шклянку кефіру пасля 18.00 вечара замест шчодрай вячэры. На яго аснове распрацавана мноства дыет і разгрузачных дзён. Самыя вядомыя — проста кефірная, яблычна-кеірная, кефір у спалучэнні з карыцай. Такая смаката пазбавіць арганізм ад шлакаў і таксінаў, пачысціць кішэчнік, печань, ныркі.

Кефір даволі пажыўны. Яго можна купіць у любой краме. Гэта хуткі, просты і танны спосаб наталіць страўнік, калі няма часу на гатаванне. А калі аднойчы крыху напружыцца і зрабіць кефір самастойна, атрымаеце літры карыснага прадукту за капейкі. Зрабіць кефір самому можна з малака і спецыяльнай кефірнай закваскі, якая знойдзецца і ў звычайнай краме, і ў інтэрнэце.
Акрамя таго, з кефіру можна прыгатаваць мноства смачных і лёгкіх страў. На кефірнай аснове робяць тварог, кактэйлі, супы, кексы, блінцы. Рэцэпт апошніх просты: узбіваем яйкі, цукар, соль, дадаём муку, кефір, кіпячоную ваду, трошкі соды і крыху расліннага алею — вуаля! — цеста гатовае. Шыкоўны сняданак або пачастунак.
Наш супернасычаны лад жыцця і харчаванне ўсухамятку бясследна не мінаюць. Болі ў жываце і хранічны гастрыт становяцца сталымі спадарожнікамі. Кефір нармалізуе працу страўнікава-кішачнага тракту, аднаўляе яго флору. Калі выпіваць шклянку кісламалочнага напою штодзень, можна забыцца пра запоры, уздуцце жывата, млосці ды метэарызм. Акрамя таго, палепшыцца імунітэт.
Кефір не панацэя. Ён не можа выратаваць ад працоўнай стомы або паменшыць вучэбную нагрузку. Але пры пастаянным ужыванні эфект будзе відавочны: вы адчуеце сябе лепш, а значыць, і выглядаць будзеце яшчэ больш прывабна.

Сярэдзіна летняга сезону — гэта перыяд, калі збіраць можна самыя розныя грыбы, большасць з якіх пачынаюць фарміравацца ў ліпені, і збіраць іх можна аж да самай восені. Аднак жнівеньскаму збору грыбнікі часцей аддаюць перавагу восеньскаму. Давайце сёння пагаворым аб тым, якія грыбы можна збіраць у пачатку апошняга месяца лета.

Звычайна ў гэтым летнім месяцы адбываецца нарыхтоўка грыбоў, прызначаных для засолкі і марыноўкі. Якія ж грыбы растуць у жніўні, якія можна сабраць і нарыхтаваць?
Такіх даволі вялікая колькасць: маслякі, падбярозавікі, чырвонагаловікі, грузды, рыжыкі, ваўнянкі, апенькі, лісічкі, белыя грыбы, а таксама сыраежкі. Вядома, год на год не даводзіцца і часам тэрміны збору парушаюцца.
Масляты адрозніваюцца сваёй жоўтай ножкай і капялюшыкам, які мае па краях бялёсыя сляды і пакрыты ліпкай субстанцыяй, нібы алеем. Гэтая масляністая скурка вельмі лёгка здымаецца.
Праверыць ці сапраўдны гэта грыб можна, паглядзеўшы яго на зломе: калі ён змяняе колер, яго губчаты пласт пунсовы, а прысмак горкі, то такі грыб не бярыце.
Часта маслякі растуць у хвойным лесе.
Падбярозавікі маюць бялёсую ножку, бураваты капялюшык, які знізу часта белы, роўны, як і мякаць грыбочка на зрэзе. Гэта азначае, што перад вамі ядомы грыб. У тым выпадку, калі грыб вы ўбачылі пад іншым дрэўцам, то магчыма, што гэта паганка. Падбярозавікі — насельнікі бярозавых гаяў.
У падасінавікаў даволі шчыльны, афарбаваны ў буравата-пунсовы колер капялюшык, зрэз яго крышку сіні. Падасінавікі лічацца грыбамі, якія хутка растуць, яны вельмі папулярныя сярод аматараў грыбоў

Грузды — звычайна белыя, яны маюць пухнатыя краёчкі, а таксама белы сок, даволі з'едлівы. Растуць грузды групамі і часта пад бярозамі. Калі ў грыба рэдкія пласцінкі, ён вельмі хутка сінее на зломе, моцна цвёрды і бяроз побач няма, то магчыма, што гэта ён атрутны. Грузды проста любяць пяшчаную глебу, засяляюць бярозавыя гаі і ў ліпені, пачатку жніўня іх ураджай максімальны.
Лісічкі — даволі шчыльныя грыбы, якія маюць або абрыкосавую, або светла-аранжавую афарбоўку. Пластыкі з капялюшыка пераходзяць на ножку. Калі грыб мае ала-аранжавую афарбоўку і пустую ножку, гэта, хутчэй за ўсё, атрутны грыб. Часцяком лісічкі насяляюць буйнымі сем'ямі, іх месяцы паспявання — сярэдзіна лета.

Рыжыкі маюць колер, які адлюстроўвае іх назву. Яны вылучаюць аранжавы млечнік, зусім не горкі, у адрозненне ад атрутных грыбоў. Калі млечнік белы і горкі, то такі грыб, хутчэй за ўсё, атрутны. Растуць рыжыкі часцей за ўсё ў маладым хваёвым лесе, на ўзлесках, якія параслі травой.
Па смакавых якасцях рыжыкі адны з лепшых сярод грыбнога царства. Так што лета — гэта самы разгар збору рыжыкаў.
Апенькі любяць расці на пяньках, а таксама паваленых дрэвах. Капялюшык гэтага грыба афарбаваныя ў охрысты колер, мае невялікія чорныя лускавінкі, на ножцы звычайна бялёсыя кольцы або плёнку. Калі грыбы растуць проста на зямлі, маюць жаўтлявы ці пунсовы капялюшык, на іх няма лускавінак, а іх пласціны зялёныя або карычневыя, у спалучэнні з адсутнай плёнкай і зямлістым пахам, гэта, хутчэй за ўсё, атрутны грыб. Апенькі — адны з самых ураджайных грыбоў, растуць сем'ямі. Часам варта пайсці ў лес, каб сабраць некалькі кошыкаў апенек і потым прыгатаваць смачную вячэру з грыбамі.
Бліны з тушанай капустай і грыбамі. Пакрокавы рэцэпт

Белыя грыбы лічацца каралямі грыбнога царства, іх кошт перавышае кошт мяса, і збіраюць іх вельмі ахвотна. У белага грыба даволі тоўстая і вельмі шчыльная ножка, а таксама вялікіх памераў карычневы капялюшык. Аснаванне такога грыбочка белае, смакавыя якасці проста ідэальныя, як і надзвычайны грыбны пах.
Калі зрэзаць грыб і ўсярэдзіне яго ножка памяняе колер і будзе гарчыць, то, хутчэй за ўсё, перад вамі паганка, асабліва страшная тая паганка, дзе зрэз паружавеў.
Караля леса знайсці у мясцовасці, дзе ёсць елкі, хвоі, бярозы ці дубы.
Сыраежка — гэты грыб вельмі лёгка зламаць, ён мае капялюшыкі, афарбаваныя ў розныя колеры: яны могуць быць ружовымі, карычневымі і нават зялёнымі і з іх лёгка можна зняць скурку. Калі капялюшык мае карычнева-чорную афарбоўку, ружаватую ножку, а мякаць на сломе хутка цямнее і з'яўляецца грубай, то з высокай доляй верагоднасці вы знайшлі атрутны грыб. Шукаць сыраежку можна ў любым лесе, часта яны з'яўляюцца на палянках, на ўзлесках лесу, па абочынах дарог, у маладых бярэзніках. Гавораць, што самыя смачныя сыраежкі з зялёнымі капялюшыкамі.

Масляты можна збіраць пасля фарміравання жоўтай ножкі і такога ж колеру капялюшыка.
Калі падбярозавік будзе з белай ножкай з яркімі лускавінкамі і бураватым капялюшыкам, значыць, пара збіраць ураджай.
Падасінавік гатовы да збору, калі сфарміруе шчыльны свідра-чырвоны капялюшык.
Калі грузд сфарміраваў белую пладовую ножку з пухнатымі бакамі, яго таксама можна збіраць.
У рыжыкоў як толькі з'яўляецца аранжавы млечнік, значыць грыбы гатовыя да збору.
Хвалюшкі абзавяліся касматым ружаватым капялюшыкам, значыць грыбы таксама гатовыя да збору.
Як толькі капялюшыкі ў лісічак сталі светла-аранжавымі, значыць, іх таксама можна збіраць.
Калі капялюшыкі белых грыбоў сталі карычневымі, значыць, пара збіраць ураджай.
Калі сыраежкі пачынаюць лёгка ламацца, грыбы гатовыя да збору.
Як прыгатаваць сметанковы суп з грыбамі? Пакрокавы рэцэпт

Збірайце грыбы там, дзе растуць мухаморы, бо яны з'яўляюцца паказчыкам здаровай экалогіі. Калі ж на тэрыторыі няма ніводнага мухамора, але шмат сыраежак, то такое месца лепш абысці бокам.
Не забывайце, што большасць грыбоў расце менавіта па ўзлесках лесу, так што залазіць углыб, рызыкуючы заблудзіцца, няма ніякага сэнсу. Грыбы растуць звычайна дні тры, таму, калі не горача і часта ідуць дажджы, то па грыбы можна хадзіць двойчы на тыдзень. Занадта рана выходзіць на ціхае паляванне не варта, грыбы банальна не паспеюць вырасці.
Збірайце грыбы не ў вядро, а ў кошык, так яны захаваюць свежасць да дому і не зламаюцца, пашкодзіўшы адзін аднаго. Грыбы з прыкметамі гнілі, наяўнасці чарвяточын ці тыя, якія вы не ведаеце, ніколі не бярыце — здароўе даражэй у любым выпадку.
Памятайце, што грыбы — гэта самая цяжкая ежа для арганізма чалавека, асабліва грыбы са смажанай бульбай. Таму рэкамендуемы не гатаваць іх асобна, а хай лепш грыбы служаць духмяным дадаткам да асноўных страў.
⚡️ Чытайце таксама:
Што шукаць у лесе? 15 відаў грыбоў, якія можна есці людзям
Атручэнне грыбамі. Правілы першай дапамогі
Грыбны, бурачны і нават ягадны. Які квас любілі гатаваць беларусы ў старажытныя часы

У Беларусі вялізная колькасць касцёлаў. Нават у самых маленькіх вёсках, у якіх сёння амаль нікога не засталося, стаяць велічныя цагляныя каталіцкія саборы.

Ці можна аб'ехаць і ўбачыць усе касцёлы Беларусі? Складана сказаць, але некаторыя касцёлы, безумоўна, варта наведаць, каб пашырыць кругазор.

Сёння раскажам пра касцёл Святога Міхала Архангела ў Белагрудзе. Гэта Гродзенская вобласць.
Вёсачка з прыгожай назвай Белагруда зусім невялікая. У ёй пражывае паўсотні жыхароў і знаходзіцца галоўная славутасць — гэты касцёл.


Але гэта толькі зараз вёсачка такая мініяцюрная, а раней яна была з вялікай колькасцю людзей і вельмі старажытнай гісторыяй.
На гэтым месцы ў VI-VIII і XII-XIII стагоддзях знаходзіліся паселішчы банцараўскай культуры і сярэднявечнага перыяду. Першы касцёл быў заснаваны прадстаўніком знакамітага роду Завішаў — Янам. У дзяржаўным гістарычным архіве Літвы захаваўся сапраўдны акт аб заснаванні касцёла. Яго падпісаў ваявода і тры сведкі: Андрэй Сапега, Аляксандр Юндзіла і Ян Трыцяк. Знайшоў яго Аляксандр Ярашэвіч.

Касцёл Беззаганнага зачацця святой Дзевы Марыі быў драўляны і прастаяў некалькі дзесяцігоддзяў, перш чым быў знішчаны маскоўскімі войскамі. Казакі, якія ваявалі на баку Масквы (вайны 1654-1667 гадоў), спалілі на Беларусі мноства каталіцкіх храмаў. У 1703 годзе Уладзіслаў Шэмет адбудаваў новы драўляны касцёл, які і прастаяў на гэтым месцы да пачатку XX стагоддзя. У храме захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Міласэрнасці, якая з'яўляецца копіяй Маці Божай Вастрабрамскай. Святыня датуецца XVII стагоддзем.

З 18 стагоддзя пры касцёле пачалі хаваць памерлых з бліжэйшых паселішчаў, якія ўваходзілі ў склад беларудскай парафіны: Махавары, Раклеўцы, Кавалі, Дзітва, Цыбары, Кульбакі, Вольжава, Янаўляны, Дзейнава, Далёкія, Парэчаны, Вельскія, Люборы і іншых.

Будаўніцтва касцёла Святога Міхала Арханёла ў сучасным выглядзе вялося з 1900 па 1908 г., гэта значыць зусім нядаўна касцёлу споўнілася 100 гадоў. Ён уяўляе сабой вельмі ўдалы ўзор позняга неараманскага стылю. Дзякуючы свайму размяшчэнню на высокім беразе ракі Дзітва касцёл добра бачны на вялікай адлегласці.

У 1908 годзе касцёл асвятлілі пад імем Святога Міхала-Арханёла. Звонку храм уяўляе сабой базіліку з дзвюма двух'яруснымі вежамі. Унутры прама над уваходам размешчаны арганныя хоры, а сам касцёл упрыгожаны арнаментальным роспісам. На касцёле ёсць «ахоўная» таблічка, паводле якой на дадзены момант Белагрудскі касцёл Святога Міхала-Арханёла з'яўляецца помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння.

Цэнтральны фасад будынка ля галоўнага ўваходу вылучаецца арачнай брамай. Крылы трансепта, на франтальных фасадах, пазначаны вокнамі-ружамі ў зоне двухгранных шчытоў, якія, у сваю чаргу, увянчаны велічнымі крыжамі.

Унутранае ўбранне храма Святога Міхаіла Арханёла размяжоўваецца на нефы масіўнымі аркамі на чатырохгранных калонах, якія, у сваю чаргу, перакрываюцца крыжовымі скляпеннямі, упрыгожаны фрэскамі з дзіўнай прыгажосці арнаментальным роспісам.
У заканчэнні нефа размешчаны васьмікалонны двух'ярусны алтар неараманскага стылю. У самым цэнтры алтара прадстаўлены абраз Маці Божай Міласэрнай.
Падобныя яму, толькі меншага памеру, 1-ярусныя і чатырохкалонныя алтары размешчаны ў трансэпце. Невялікая агароджа алтара ўвянчана чатырма выявамі анёлаў.
У цэлым, будынак храма Міхаіла-Архангела больш паходзіць на сярэднявечны замак, які захоўвае мноства неразгаданых векавых таямніц.

Храм размешчаны на старажытных могілках, якія абнесены каменнай агароджай. Усе пахаванні ўтвараюць дугу вакол касцёла, што сустракаецца дастаткова рэдка.
Гэтыя могілкі захаваліся і зараз. На ім пахавана нямала асоб, імёны якіх назаўжды ўпісаны ў гісторыю Гродзеншчыны. Напрыклад, прадстаўнікі вядомага шляхецкага роду Кастравіцкіх. Самым старым пахаваннем, якое адразу ўдалося знайсці, датавалася 1874 годам.


На ўскрайку могілак захавалася драўляная капліца, якая старэйшая за сам касцёл. Дакладная дата пабудовы невядомая, але хутчэй за ўсё, гэта сярэдзіна 19 стагоддзя. На каплічцы захавана арыгінальная чарапіца, якой яна была першапачаткова накрыта.

Даехаць да вёскі Белагруда і ўбачыць касцёл Святога Міхаіла Арханёла проста. Гэта 15 км ад Ліды.
Неверагодныя касцёлы Беларусі. Куды паехаць, каб пазнаёміцца з духоўнай культурай беларусаў?
One fine body…