
Як вядома, вяроўка апроч практычнага значэння можа мець і больш глыбокае сімвалічнае. У традыцыйных вераваннях беларусаў вяроўка азначала моцную і непарушную сувязь. У негатыўным значэнні яна ўспрымалася як няволя, рабства і абмежаванні. У станоўчым — як моцны сяброўскі або шлюбны саюз, а таксама як повязь духу з целам. Вяроўка, як і нітка, азначала паслядоўнасць падзей і з’яў лёсу. Яна часта ўспрымалася як жыццёвы шлях.

Разам з тым, вяроўка — прадмет, рытуальныя функцыі якога абумоўлены тэхналогіяй яе вырабу — віццём або пляценнем. Паводле старажытных вераванняў, гэты працэс, як сакральны і магічны, адносіцца да стварэння жыццёвага шляху, яго ўпарадкавання. У народнай культуры ёсць розныя легенды і павер’і, звязаныя з вяроўкай. Паводле аднаго з расказаў, багацей даў бедняку вяроўку, каб той на ёй засіліўся. Калі чалавек паспрабаваў павесіцца на дрэве, то сук надламіўся, ён патрапіў у дупло і там знайшоў золата.
Вяроўка часта выступае ў якасці талісмана. У такіх выпадках асабліва цэніцца вяроўка шыбеніка. Так, рыбакі вяроўку вісельніка як талісман прывязвалі да сеці. Паводле павер’яў, калі канакрад завалодае хоць часткай такой вяроўкі і будзе насіць яе з сабой, то ён застрахаваны ад няўдач у сваёй злачыннай прафесіі. Раней, каб весці паспяховы гандаль гарэлкай, шынкары і карчмары намагаліся прыдбаць такую вяроўку. Шынкар вымочваў яе ў гарэлцы і абыходзіў вакол паселішча, каб жыхары часцей наведвалі шынок. Такую вяроўку выкарыстоўвалі і для лячэння разнастайных хвароб людзей і хатняй жывёлы. У час засухі кавалачкі вяроўкі шыбеніка кідалі ў ваду.
Важнае магічнае значэнне мела вяроўка, якая судакраналася з нябожчыкам. Так, удовы самі вілі вяроўкі, каб апускаць труну ў магілу. У дадзеным выпадку вяроўка выступала ў якасці ручніка-абыдзённіка. Потым такія вяроўкі вешалі на навакольныя дрэвы ці на крыж. Меркавалі, нібыта гэта дапаможа душы памерлага ўзысці на неба. Ад ліхаманкі ратаваліся тым, што на шыю хворага вешалі вяроўку, якой да гэтага звязвалі ногі нябожчыку, або той, якой быў засілены сабака, ці вяроўкай, выпадкова знойдзенай на дарозе.
Але існавалі і пэўныя забабонны, табу на віццё і пляценне вяроўкі. Так, забаранялі плесці вяроўкі або шнуры ў чужой хаце, таму што гэта было “нядобра для хатніх”. Віць вяроўку забаранялася ў святкі. Няможна было віць вяроўку і цяжарнай жанчыне, каб дзіцёнак у будучым не засіліўся. Калі тоўстая жанчына зацяжарыць, то павінна была асцерагацца, каб не пераступіць праз вяроўку, бо давядзецца пакутліва нараджаць.
З даўніх часоў вяроўку шырока выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне. Каб забяспечыць ад няшчасцяў цяжарную жанчыну і будучага дзіцёнка, ладзілі своеасаблівае магічнае кола — спецыяльнай вяроўкай абводзілі пасцель парадзіхі.
Калі пры вывіхах моцна пацягвалі руку ці нагу, трэба было забіць барана ці цяля, хуценька зняць з іх скуру, абгарнуць ёй хворае месца і завязаць вяроўкай. Верылі, што тады не будзе пухліны і боль хутка сціхне. Пры болях у суглобах рук іх абвязвалі вяроўкай з чырвонай воўны.
Вяроўкай лячылі нетрыманне мачы ў дзяцей. Такога хворага дзіцёнка прымушалі пралезці праз вузкую кадку без донца і пры гэтым падганялі ўдарамі вяроўкі ад вядра.
Лекавую сілу прыпісвалі і вяроўцы ад звона. У час гучання звона жанчыны хапаліся за яе, бо верылі, што так пазбавяцца ад болю ў руках. Таксама такой вяроўкай секлі адзін аднаго па хворых месцах. Каб дзеці былі здаровыя, іх паілі вадой, у якую быў пакладзены кавалачак вяроўкі ад звона. Ударамі вяроўкай ад звона каралі за сямейную здраду і рабілі гэта менавіта на званіцы.

Таксама ў магіі і народнай медыцыне нашыя продкі шырока выкарыстоўвалі навязванне і развязванне вузлоў. У магічным кантэксце гэта стала азначаць не проста фізічнае, але і рытуальнае дзеянне — заклён, стварэнне сувязі з вызначанай мэтай, напрыклад, абарона, ацаленне, прыцягненне поспеху і т. д. Развязваць вузел пры правядзенні абрадаў сімвалізавала выратаванне ці вызваленне ад каго ці чаго-небудзь.
Станоўчая або адмоўная семантыка вузла залежала ад намераў, з якімі ён завязваўся. Вузел мог служыць абярэгам, калі быў зроблены “на дабро”, ім можна было стрымаць шчасце, ураджай, плоднасць поспех. Аднак ён мог быць спосабам наслаць псоту і сурокі, калі пры яго завязванні думалі і жадалі ліхое. Тады разам з вузлом можна было перадаць чалавеку хваробу, наслаць бяду, няшчасце. Таму кожны вузел, невядома кім навязаны, лічылі небяспечным, а вузел, завязаны ўласнаручна з добрымі пажаданнямі — карысным.
Вось чаму нашы продкі лічылі вузел наймацнейшым абярэгам ад сурокаў. Так, перад вяселлем жаніх і нявеста абавязкова падпярэзваліся пад вопраткай вяроўкай або поясам з навязанымі на іх вузельчыкамі. З павязаным на руку шнуром з вузламі саджалі насенне, каліўцы, каб яны хутчэй прараслі і далі завязі пладоў. Іншым разам такія шнуры клалі на агурковыя грады і цягалі іх па баразне, каб агуркі гэтаксама завязваліся і пляліся. З другога боку, каб, каб нанесці шкоду ўраджаю, наслаць хваробу або нават смерць гаспадарам, чараўнік ці ліхі чалавек заломваў і звязваў вузлом каласы на полі. Іншымі словамі — рабіў залом (закрутку, завітку, завязку).
Каб пазбавіцца ад хваробы, нашы продкі праводзілі такі абрад: з малітвай “завязвалі” ў вузел хваробу і спальвалі гэтую вяроўку. Дакладна такім чынам здымалі псоту і сурокі. З дапамогай вяроўкі сімвалічна стваралі двайніка хворага: вымяралі ўсе яго суглобы і завязвалі там вузельчыкі. Затым такую вяроўку спальвалі або забівалі асінавым калочкам ў старое дрэва. А часам дасведчаныя знахары пры звіху нагі ці рукі навязвалі на вяроўцы вузельчыкі, а потым тую вяровачку прывязвалі да пакалечанай рукі ці нагі. З часам боль сунімаўся, і хворы ачуньваў.
Дзеля папярэджання зубнога болю знахары раілі насіць на шыі ці на руцэ чырвоны баваўняны шнур, звязаны 27 вузельчыкамі. Яго павінен быў зрабіць старэйшы ці малодшы з дзяцей. Дзеля гэтага ён браў шнур з аршын даўжынёю (даўжыня рукі ад кончыкаў пальцаў да пляча), рабіў на ім тыя 27 вузельчыкаў і пачынаў адваротны адлік: 9, 8, 7, 6, 5, 4, 3, 2, 1. І так тройчы, пакуль не складзецца лічба 27. Кожнага разу дзіця павінна было налічыць дзевяць вузельчыкаў, не пераводзячы дыху.
Ліхаманку лячылі таксама з дапамогай вузельчыкаў. Дзеля гэтага трэба было некаму, хто ўвесну ўбачыць першы раз бусла, завязаць на чым-небудзь вузлы і даць развязаць іх хвораму на ліхаманку. Завязваць вузлы на вяроўцы раілі і самому хвораму падчас чытання Евангелляў у Вялікі Чацвер. Пасля чаго ён павінен быў аперазацца той вяроўкай.

На ўсе святы, а асабліва на Каляды, строга забаранялі цяжарным жанчынам не толькі ткаць і прасці, а таксама вязаць вузлы. Казалі, што ў адваротным выпадку дзіця можа стаць калекам. А ад Раства і да Новага года павер’е забараняла развязваць вузлы, а калі ў тым была крайняя патрэба, дазвалялі звязанае месца перапаліць.
І наадварот, падчас нараджэння дзіцяці, каб родам нічога не перашкаджала, развязваліся ўсе вузлы не толькі ў парадзіхі, але і ў бабкі-павітухі, расшпільвалі ў адной і другой каўнер кашулі, развязвалі паясы. Таксама выносілі ўсе вяроўкі з хаты, адмыкалі дзверы ў доме, адчынялі юшкі ў комінах і прасілі святара адчыніць царскія вароты і г.д. А каб маладая лягчэй нараджала ў будучым, у першую шлюбную ноч, калі яна засынала, малады муж спяшаўся развязаць ёй усе паясныя вузлы і расшпіліць каўнер кашулі.
Пасля нараджэння дзіцяці трэба было моцна завязаць адрэзаную пупавіну і схаваць. А калі дзіцёнку спаўнялася сем год, яму загадвалі развязаць пупавіну. У выпадку паспяховага развязвання пупка, дзіцяці прарочылі ў будучым розум і вынаходлівасць.
Развязваць вузлы, паводле народных павер’яў, трэба было і ў выпадку, калі перад смерцю чалавек доўга пакутаваў. Тады на вопратцы паміраючага расшпільвалі ўсе гузікі, развязвалі ў хаце ўсе вузлы, адмыкалі ўсе замкі. Гэта павінна было палегчыць ды скараціць пакуты.
Чараўніцтва беларускай народнай лялькі. Ад чаго выратуе і чым дапаможа?

Невыпадкова ў нашай мове слова “жывот” сугучна са словам “жыццё” — некалі яны былі сінонімамі. І гэтая сінанімічная сувязь захавалася ў фальклоры, напрыклад, у прыказцы “Не шкадуючы жывата свайго”, гэта значыць — жыцця.

Старадаўнія лячэбнікі ад болю ў жываце ў першую чаргу раілі цяпло: пакласці нагрэтую патэльню, кавалкі верхняга слою земляной падлогі — “натопкі”, або паставіць на жывот гліняны гаршчок. Бывала, у гаршчок яшчэ клалі пук запаленай кудзелі. У некаторых вёсках, каб не балеў жывот, нашча елі тры лыжкі кіслай капусты, пілі халодную гарбату, раслінны алей і розныя ўзвары: пятрушкі, чарніц, брусніц, семя крапівы, кмену. Увесну сасновыя шышкі настойвалі на віне.
Шырока быў распаўсюджаны звычай гладзіць жывот каменнымі сякеркамі, якія былі вельмі папулярным лекавым сродкам. Іх з’яўленне ў народзе звязвалі з навальніцай. Лічылася, што такімі каменнымі стрэламі Пярун б’е чорта падчас навальніцы або прарок Ілля забівае злыдухаў. У некаторых вёсках верылі, што такія стрэлы на працягу 7 ці 12 гадоў знаходзяцца ў зямлі, а потым выходзяць на паверхню. Каменныя сякеркі называлі Перуновы стрэлы, Грамавыя стрэлы, Грамніцы, Чортавы пальцы, Чортавы пазуркі, Перкуна кулька, Страла з неба, Гірда ды інш. Знаходка такой каменнай сякеркі лічылася вялікім шчасцем, і яе старанна захоўвалі. Асабліва дзейснымі іх лічылі для лекавання жывата. Часам сякерку награвалі ці рабілі з яе парашок.
Асабліва каштоўнымі лічылі каменныя сякеркі са скразнымі адтулінамі. Праз адтуліну пралівалі ваду, якая пасля такого дзеяння нібыта станавілася лекавай, і ёй запівалі розныя парашкі. Хворыя месцы на жываце і ўвогуле на целе лячылі ўколамі знойдзеных апрацаваных крэменяў.
Ад розных хвароб жывата раілі настойваць на гарэлцы мох з сакральных валуноў. Да прыкладу, так рабілі ў вёсцы Горка Дзятлаўскага раёна або ў былой вёсцы Вязкі каля Браслава. Ад хвароб жывата таксама бралі ваду з шэрагу святых крыніц. Гэта крыніцы ў вёсках Баравуха і Труды Полацкага раёна, Палыкавічы Магілёўскага раёна. У Чарневічах Глыбоцкага раёна лекавую ваду з крыніцы трэба было піць цягам году тройчы на дзень.

Пры пякотцы і пры катары страўніка ўнутр давалі піць самагон, раствор соды або чарку гарэлкі, змяшанай з пячным попелам і тоўчаным перцам, або салёную ваду з перцам, а таксама свіную жоўць з гарэлкай. Лекары прапісвалі штодня піць па чарцы гарэлкі, настоенай на палыне, мяце, балотным бабоўніку, траве дуброўцы.
Каб пазбыцца пякоткі, трэба было есці рэшткі цеста, што заставаліся на хлебнай лапаце пасля таго, як хлеб пасадзілі ў печ. “Каб пячэйка не пякла, трэба было есці той хлеб, што на нож набярэцца, кроячы”. Тое самае раілі і цяжарнай жанчыне, якая пакутавала ад пякотак — есці хлебны мякіш, які прыстаў да нажа, калі яна рэзала бохан. А яшчэ такая цяжарная павінна была цішком пайсці ў лазню і там, заклаўшы рукі назад, тройчы пракаўтнуць вады з якой-небудзь пасудзіны.
У некаторых выпадках лічылі, што “печая бывае ад нястраўнасці да яшчэ ад таго, калі хто пазайздросціць, як убачыць, калі той есць што-небудзь смачнае”. Апроч шматлікіх іншых сродкаў, найчасцей раілі ад пякоткі піць вельмі моцна пасоленую ваду і грызці крэйду ці вугаль, або есці сырую фасолю і гарох. У апошнім выпадку трэба было каўтаць гарошыны і фасоліны цэлымі.
Цікава, што прычынай узнікнення пякоткі была і неахайнасць у прыгатаванні і спажыванні страў. Прыкладам, пякотка ўзнікала ў тых, хто еў з місы, адкуль ела котка, або піў з кубка, з якога яна піла. Таксама, калі кот выліжа патэльню, а гаспадыня не памые яе, а потым штосьці на ёй пасмажыць, то той, хто з’ясі так прыгатаваную страву, будзе пакутаваць на пякотку.
Захавалася старадаўняя замова ад “жогі” або пякоткі: “Пячай пячэ,/ Цераз мост вада цячэ,/ Мост уваліўся,/ Пячай утапіўся”.

Пры коліках у жываце нашы продкі пілі з гарэлкай воўчыя кішкі, сцёртыя ў парашок, або таўклі абрыкосавыя ядры і пілі іх з вадой ці елі з мясной поліўкай.
Пры болю ў нырках лячэбнікі 19 стагоддзя раілі розныя жывёльныя лекі. Так, заячы памёт спальвалі ў попел і пілі з вадой. А галубіны памёт з семем крэс-салата гэтаксама разводзілі ў вадзе і пілі. Парашкі рабілі з каменьчыкаў, якія былі ў жоўці быка, з каменьчыкаў з галавы шчупака і акуня.
У якасці мачагоннага сродку выкарыстоўвалі канапляны сок — канаплянае малако, ягады ядлоўца, сок цыбулі, тоўчаны з цукрам. Рабілі узвар з ягад шыпшыны і праз кожныя дзве гадзіны пілі па шклянцы.
Ад хваробы печані раілі вымаць з жывой рыбы жоўць. Потым абмачыць у ёй два пальцы, указальны і сярэдні, намаляваць жоўцю крыж на тым месцы, дзе печань у хворага, ды сказаць: “Рыба здохла, жоўць яе падсохла. Печань пойдзе ў рабы Божай (імя) на вылячэнне. Амінь”.
Калі хварэлі на запор, то пілі шклянку ці дзве сывараткі, ці шклянку агурэчнага расолу, ці ваду, якой была вымыта квашня, або сырое малако ці салёную гарэлку, гарбату з мяты ці палыну, адвар кары крушынніка ці прастрэла. Косткі свіных ног спальвалі і іх попел пілі з вадой.
У старадаўніх лячэбніках шмат увагі надавалася змаганню з глістамі. Калі чалавек скардзіўся на боль у жываце, то знахары казалі, што чалавек пакутуе на глістоў, і нават запэўнівалі, што чуюць у жываце іх бурчанне. Прыкметамі наяўнасці глістоў лічылі кругі пад вачыма, бледнасць твару, ваніты, пухлы жывот, сверб у носе. Пры такіх сімптомах раілі піць мятныя кроплі. Таўклі жывых ракаў і клалі на жывот. Шкарлупінне з курыных яек расціралі ў парашок і пілі з вадой. Глісту, якая выйшла з чалавека, сушылі, таўклі ў парашок і пілі з гарэлкай. Выкарыстоўвалі і свежы канапляны алей, яго прымалі па адной чайнай лыжцы двойчы на дзень.
Лекі ад глістоў давалі менавіта ў апошнюю квадру месяца і ніколі на маладзік. Асабліва стараліся рознымі метадамі засцерагчы ад глістоў немаўлят. Дзеля гэтага з тушы дзіка выразалі мачавы пухір, змешвалі мачу з пакостам — танным неачышчаным сланечнікавым алеем. Потым пухір вешалі ў дым, пасля чаго ім церлі ў немаўляці пупок для змярцвення глістоў. Таксама раілі рабіць купель для дзіцёнка з казіных выпаражненняў. Пасля гэтага на целе дзіцяці з’яўляліся чорныя пухіркі. Іх зразалі брытвай з упэўненнасцю ў тым, што гэта галоўкі глістоў.
Увогуле хваробам дзяцей надавалі вялікую ўвагу і ўжывалі для іх лекавання даволі дзіўныя захады. Так, калі ў маленькага дзіцёнка выпадалі кішкі, трэба было ўзяць яго за ножкі і, перавярнуўшы галоўкаю долу, тройчы страсянуць. Калі тое самае даводзілася рабіць з больш дарослым дзіцём, то ў двярны вушак забівалі моцны цвік і падвешвалі дзіця нагамі ўгору прыблізна на паўгадзіны. Прычым гэта варта было паўтарыць тройчы.
Вострыя болі ў страўніку дзіцяці беларусы называлі “разачкай” і лічылі, што яны здараюцца ад таго, што цяжарная маці хадзіла па пілавінні. Вельмі хутка вылечвалі гэту хваробу купаннем у адвары тых самых “пілавін”, праз якія праходзіла цяжарная.

“Калі жывот баліць, то найлепей разарваць прарэх у сарочцы, то і хутка мінецца”.
“Няможна ніколі станавіцца на тым месцы, дзе конь качаўся, бо жывот будзе балець. Некаторыя таксама баяцца, што праз гэта ногі могуць балець”.
“Боль жывата хутка сунімаецца, як на жывот кінуць горшчык ці чэрава моцна пацерці тою суконкаю, якую насіў ужо змарлы чалавек”.
“Калі баліць жывот, то трэ, каб на голае чэрава трэйка падзьмухаў хто-небудзь, хто ў свае маткі радзіўся першы ці апошні”.
“Калі жывот баліць з таго, што вельмі шмат чаго з’еў, то трэ, каб хто добра памяў, гаворачы: “Гэта табе за тое, што не маеш меры да ў сабе веры”.
“Як у жываце завядзецца гад (саліцёр), то трэба наварыць папаратняга карэння да й піць тую юшку. Таксама вельмі помачна класці нанач пад галаву папараць, бо гад не любіць яе паху”.
One fine body…