
Малярыя. Згадка пра гэтую хваробу ў большасці людзей асацыюецца з трапічнымі краінамі. Аднак яшчэ не так даўно гэты дыягназ быў актуальны і для жыхароў Беларусі – захворванне малярыяй насіла масавы характар у сярэдняй паласе еўрапейскай часткі Расійскай імперыі, а затым і ў СССР.

Малярыя ці балотная ліхаманка гэта самая распаўсюджаная інфекцыйная хвароба на Зямлі. У асноўным яна характэрна для трапічных і субтрапічных краін. Штогод у свеце на малярыю хварэе 300 – 350 млн чалавек і з іх 1 млн памірае.
Малярыя вядомая чалавецтву з найстаражытных часоў – прыступы малярыйнай ліхаманкі апісвалі яшчэ антычныя навукоўцы: Гіпакрат, А. Цэльс, К. Гален. У часы сярэднявечча малярыя спусташала еўрапейскія гарады. У свеце неаднаразова ўзнікалі пандэміі малярыі. Да сярэдзіны XX стагоддзі на малярыю хварэла больш за 800 млн. чалавек штогод, смяротнасць дасягала 3 млн чалавек на год. Асобны тэрмін "malа aria" (ад іт. "кепскае паветра") у якасці азначэння хваробы ўпершыню з'явіўся ў Італіі ў другой палове 16 стагоддзя і канчаткова зацвердзіўся ў медыцынскай тэрміналогіі з сярэдзіны 18 стагоддзя.
Захворванне на малярыю ў свеце дасягнула піка да 1930-х гадоў, штогод у той час на планеце хварэла каля 700 млн. чалавек, з якіх каля 7 млн. памірала. У Савецкім Саюзе за 1934–1935 гг. было зарэгістравана больш за 9 млн. выпадкаў малярыі.
Складаная сітуацыя была і на тэрыторыі БССР. Прыродныя ачагі малярыі ў Беларусі фармаваліся ў асноўным у поймах рэк на тэрыторыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей. І прычына тут у асаблівасцях мясцовай прыроды: у такіх поймах – а яшчэ ў забалочаных участках, на плыткаводдзе вадасховішчаў, у прыбярэжнай зоне азёр, сажалак, кар'ераў і меліярацыйных каналаў з багатай воднай расліннасцю – ствараюцца ідэальныя ўмовы для размнажэння малярыйных камароў. Менавіта ў такіх вадаёмах развіваюцца іх лічынкі, а далей, пры наяўнасці хворага чалавека (крыніцы ўзбуджальніка) і прыдатных кліматычных умоў, запускаецца ланцужок перадачы захворвання.
Да 1960-х гадоў інфекцыя малярыі часта здаралася на Беларускім Палессі ў вясновыя месяцы. Вялікія ўспышкі назіраліся прыкладна раз на 15 гадоў. Здараліся і смяротныя выпадкі, асабліва на хутарах у ваколіцах вёскі Снядзін Петрыкаўскага раёна. У 1911 года на тэрыторыі Мінскай губерніі, куды ў той час ўваходзіла і Палессе, было зарэгістравана 19 тысяч хворых на малярыю.
Вялікія эпідэміі здарыліся ў 1923, 1924 і 1927 гадах на Гомельшчыне, у прыватнасці – на Мазыршчыне. Прычынай гэтага лічылі масавыя перасяленні людзей у часы Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. За апошнія дзесяць гадоў сетка ачышчальных каналаў прыйшла ў поўны заняпад. Прыпяць разлівалася і не высыхала ўсё лета. У 1923 г. эпідэмія малярыі была таксама і ў Кіеве. У тыя гады з Мінска на Палессе было паслана тры урачэбныя атрады для барацьбы з пошасцю. На Мазыршчыне ў 1923 г. медыкі зафіксавалі 851 “малярыка”, а ў 1924 г. ужо налічылі 1 897 хворых. Лекавалі людзей хінінам, давалі па 7,5 грамаў на рукі.
Планавая барацьба з малярыяй у нашай краіне была распачата яшчэ ў 1920-я гады: арганізавана сетка спецыялізаваных супрацьмалярыйных станцый, пачала працаваць планавая дзяржаўная праграма барацьбы з інфекцыяй.
У 1927 г. на Палессі тры месяцы працаваў атрад студэнтаў-медыкаў. Яны не толькі лячылі хворых, але і вывучалі народныя метады барацьбы з хваробай. У 1928 г. студэнт А. Горбач у краязнаўчым часопісе “Наш край” (№ 1) надрукаваў артыкул “Некаторыя з народных сродкаў барацьбы з малярыяй у Мазырскай акрузе”.
Сітуацыю з захворваннем на малярыю ў БССР пагоршылі баявыя дзеянні Другой сусветнай вайны і нацысцкая акупацыя. Адсутнасць неабходных лекаў, масавая міграцыя насельніцтва, рэзкае зніжэнне ўзроўню жыцця – усё гэта прывяло да імклівага росту колькасці выпадкаў малярыйнай ліхаманкі.
Станоўчы вынік у тым, што сітуацыю ўдалося ўзяць пад кантроль. Актыўная меліярацыя – маштабнае асушэнне балот у Палессі – істотна скараціла плошчы прыдатных для выплоду камароў месцаў. У выніку распаўсюджанасць мясцовай малярыі пайшла на спад, і ў 1956 годзе мясцовыя ачагі інфекцыі былі цалкам ліквідаваныя.

У народзе на Палессі такую хваробу называлі хіндзя, хондзя, хундзя, несбудзь, трасца або шохля ці шухля. Паводле павер’яў, захворванне пачынаецца пасля таго, як у чалавека з балотнай вады ўсяляецца нейкі злыдух, ведзьма. Былі ўпэўнены, што малярыйных ведзьмаў існуе 77. У вёсцы Буда Бячанская ў Жыткавіцкім раёне калі, чалавека пачынала калаціць, дык ён адлічваў 77 зярнят проса, нёс іх у балота, кідаў у ваду і прыгаворваў: “даю вам зярнят 77 на кашу ўсем”. Таксама там казалі: “Іх семдзесят сем хондзѐў е: е така, шо як чоловек спіць, е така, шо гнеце, е така, шо трэсе…”. А калі хацелі праклясці каго-небудзь, то прамаўлялі: “Шоб на яго напала шохля!”.
У вёсцы Малешаў каля Турава лічылі, што хондзю нельга клясці, а то ад яе будзе пакутаў яшчэ больш. Там верылі, што калі хондзю ўдосталь накарміць тым што яна вельмі хоча, то хвароба пакіне чалавека.
У некаторых вёсках былі ўпэўнены, што хондзя не любіць рыбы і яек, і таму забаранялі хвораму іх есці. Шмат дзе ад малярыі грызлі кару асіны. У вёсцы Скрыгалаў Мазырскага раёна елі лісце вярбы ці ўжывалі адвар з палыну. У Тураве елі кароўю жоўць, а ў блізкай да горада вёсцы Верасніца ўжывалі жоўць рыбы ліня. У вёсцы Хваенск Жыткавіцкага раёна пілі ваду, у якой у гарбарнях мокла дубовая кара.
Лекі ад хондзі павінны быць горкімі. У Мазыры па завулку Пралетарскі і ў навакольных вёсках у якасці лекаў выкарыстоўвалі каштаны. Плады спальвалі, расціралі ў муку, змешвалі з гарэлкай і пілі. Калі не дапамагала, то ў настоянку дадавалі перац ці хіну.
У некаторых вёсках раілі паліць тытунь, які змешвалі з патоўчанымі могілкавымі касцямі. Рабілі таксама настоянку на жабах і вожыках. Пілі сваю мачу – адну ці разам з самагонам і выцяжкамі з конскага гною – дзеля таго, каб хворага званітавала, і тады хондзя ўцячэ. Прычым, у вёсцы Буда Жыткавіцкага раёна лічылі, што мачу трэба піць менавіта з халявы бота.
Да рук прыкладалі розныя жоўтыя кветкі. Існавалі і такія парады: трымаць у зубах конскую галаву і “межы лічыць”, спужаць хворага: стукам, кінуць яго знянацку ў ваду ці абліць вадой; прымусіць яго ісці на могілкі і паляжаць на чыёй-небудзь магіле. У якасці прафілактыкі раілі насіць талісманы – напрыклад, варанае курынае яйка. А нежывых жаб і вужакаў насілі на матузку на шыі. У Тураве без ведама хворага варылі жабу з малаком і давалі гэта выпіць малярыку. Там жа хвораму ў час прыступу запускалі пад кашулю жывую жабу і абавязвалі трымаць яе, пакуль не здохне.

На лячэнні малярыі спецыялізіраваліся некаторыя знахары-шаптуны. Так, у вёсцы Азяраны Жыткавіцкага раёна знахар замаўляў хваробу на хлебнай скарынцы. Затым даваў такую скарынку хвораму на малярыю, і той павінен быў па кавалачку з’ядаць раніцай і на ноч. У вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна знахар загаворваў хондзю на паперы. Гэтую паперку хворы павінен быў насіць у ладанцы на матузку, пакуль ладанка не згубіцца. Альбо праз нейкі час яе здымаў сам знахар.
У згаданых вёсках Хваенск і Буда хваробу таксама выкурвалі на гарачыя вуголлі. Туды кідалі кавалачкі свянцонага хлеба ці яйка, або грамнічныя свечкі. Кідалі яшчэ і гусіны памёт. Хворы, каб вылечыцца, павінен быў дыхаць такім дымам.
Вобраз малярыі-хондзі адлюстраваны не толькі ў павер’ях, легендах, але і ў замовах, дзе хваробу з дапамогаю магічнага слова адсылаюць “на крутыя горы, на ніцыя лозы”; “на сырыя балоты, на гнілыя калоды”; б’юць “драцяным кнутом”, загароджваюцца ад яе “жалезным плотам”.

Ядловец спрадвеку ўжываўся як у медыцынскіх практыках, так і ў магічных. Гэтая расліна адносіцца да іглічных, якія лічацца не зусім звычайнымі па сваіх уласцівасцях. Так, ядловец, як і галінкі елкі, выкарыстоўваліся ў пахавальных рытуалах, а таксама для абароны ад злых духаў.

Ядловец – гэта хвойны хмызняк які з сямейства кіпарысавых. У народзе яго яшчэ завуць хвойным вінаградам, а яшчэ – верас, ялынец, верасова дрэўца. Вырастае ад 1–3 да 12 метраў вышынёй. Жыве 200–300 гадоў. Лісце – калючыя цвёрдыя іголкі (хвоя) – размешчаны мутоўкамі, па тры ў кожнай. Плады – ілжывыя мясістыя ягады-шышкі з трыма косткамі. Спачатку яны зялёныя, а на наступны год пасля паспявання – чорныя, з шызым васковым налётам, велічынёй з гарошыну. З лекавай мэтай збіраюць маладыя галінкі ў вяснова-восеньскі час (бывае, нават узімку) і спелыя ягады – увосень.
Гэты невялікі іглічны хмызняк часта згадваецца ў легендах і валодае мноствам дзівосных уласцівасцяў. Старажытныя грэкі і рымляне верылі, што ядлоўцавыя галіны ці ягады могуць выратаваць ад змей і розных пачвар. У міфе пра Арганаўтаў Ясон і Медэя справіліся з гіганцкім змеем, дакрануўшыся да яго вачэй галінкай ядлоўца, абшмараванай чарадзейным зеллем. Нашы продкі таксама лічылі ядловец абярэгам ад нячыстай сілы. У якасці талісмана яны насілі на целе насенне ядлоўца, якое, паводле павер’яў, выратоўвала чалавека ад нападу змей.
Тое, што расліна была вечназялёнай, спарадзіла павер'і пра яе незвычайную сілу, здольную пераадолець нават смерць. Таму галіны ядлоўца спальвалі на пахаванні, высцілалі ім магілы, кідалі перад пахавальнымі працэсіямі. Так хмызняк набыў нядобрую рэпутацыю: некаторыя лічаць, што яго нельга высаджваць побач з хатай, бо гэта можа наклікаць няшчасці ці смерць.
Акрамя таго, лічыцца, што ядловец па сваіх магічных здольнасцях можа абараняць людзей і худобу ад розных хвароб, ад псоты і сурокаў. Па гэтай прычыне нашы продкі абкурвалі ім сваё жытло і жывёлу пры эпідэміях і розных няшчасцях, пры падазрэннях на чары і другія негатыўныя магічныя ўздзеянні. Галінкі ядлоўца асвячалі ў царкве на Вялікдзень і цягам года захоўвалі пад абразамі, як абярэгі вешалі над дзвярыма і насілі ў кішэнях. На Палессі галінкамі ядлоўца ўпрыгожваюць вясельны каравай.

Пра гаючыя уласцівасці ядлоўца людзі ведалі задоўга да навуковых даследаванняў гэтай расліны. Настоі і адвары з яго шышкаягад ужывалі для лячэння кашля, вадзянкі, страўнікава-кішачных захворванняў. Лічылі, што ядловец здымае стрэс і боль, асабліва ў суставах, зажыўляе раны, лечыць скураныя захворванні, павышае апетыт. Ядловец выкарыстоўвалі для ваннаў пры бранхіце, астме, сухотах. З яго ягад рабілі адвары пры хваробах печані, мачавога пухіра, нырак, пры кашлі і прастудзе.
Ядловец выкарыстоўваецца як у народнай, так і ў афіцыйнай медыцыне. Сфера яго прымянення даволі разнастайная. Расліна валодае добрымі мачагоннымі і жоўцегоннымі ўласцівасцямі, таму ўжываецца пры рэўматызме, падагры, цыстыце, захворваннях нырак, хваробах печані.
У пладах расліны, якія ўжываюць у лячэнні часцей за ўсё, утрымоўваюцца такія рэчывы, як: эфірны алей, цукар, смала, арганічныя кіслоты, вітаміны. Славіцца ядловец і як ачышчальнік паветра. У зарасніках ядлоўца ў шэсць разоў больш фітанцыдаў, чым у хвойных лясах, і ў 15 разоў больш, чым у лісцяных. Нават галінка ядлоўца, пастаўленая ў ваду, адчувальна чысціць паветра ва ўсёй кватэры. Даведзена, што гектар ядлоўца за суткі выпарае каля 30 кг лятучых арганічных рэчываў (фітанцыдаў). Гэтай колькасці дастаткова для ачысткі ад бактэрый паветра вялікага горада.
Важна: Ядловец (ягады, прэпараты, настойкі, адвары і гэтак далей) нельга ўжываць пры запаленні нырак, нефрыце, нефрозе, язве страўніка. Нельга прымяняць пры цяжарнасці. У выпадку атручвання ці перадазіроўкі ядлоўцам неабходна зрабіць прамыванне страўніка і звярнуцца да ўрача.
Пры зборы ядлоўца нельга блытаць ядловец звычайны, які прыдатны да ўжывання, з ядлоўцам казацкім, бо гэты від ядлоўца атрутны для чалавека. Праверыць, які перад вамі ядловец, можна такім спосабам: у пладоў звычайнага ядлоўца 3 костачкі ўнутры ягады-плода, у атрутнага казацкага – 2 костачкі. Яшчэ казацкі адрозніваецца ад звычайнага тым, што сцелецца па зямлі і расце па большай частцы ўшыркі, з-за чаго атрымаў распаўсюджанне як дэкаратыўнае кустоўе.

На тэрыторыі Беларусі ёсць два лячэбныя гаі з ядлоўца, багатыя фітанцыдамі. Адзін з іх знаходзіцца каля вёскі Вялікая Кракотка ў Слонімскім раёне на Гродзеншчыне, у пойме ракі Зяльвянкі. Тут на плошчы ў некалькі гектараў растуць дзясяткі відаў ядлоўцаў рознай формы і вышыні. Ёсць шарападобныя, пірамідальня, стрэлавідныя і нават прамавугольныя.
На самай ускраіне гэтага ядлаўцовага гаю раней знаходзіліся старадаўнія могілкі. З ім звязана мясцовая традыцыя: паводле старых вераванняў, калі хавалі чалавека, які сам пазбавіў сябе жыцця, над галавой і ў нагах клалі камяні, а побач ставілі драўляны крыж. Лічылі, што ў дзень Страшнага суда такому нябожчыку будзе лягчэй падымацца, трымаючыся за крыж. Цяпер ад гэтых камянёў амаль нічога не засталося – могілкі ўзаралі, і на гэтым месцы зрабілі пасадкі.
А яшчэ ў Вялікай Кракотцы ёсць і другія цікавыя месцы: Свята-Зосіма-Саваціеўскі мужчынскі манастыр, Кракоцкая града – геолага-геамарфалагічны помнік прыроды, Кракоцкі валун і крыніца Іаана Прадцечы, або Крыніца пана Скурата. Засіма-Саваціеўскі манастыр з’яўляецца аб’ектам паломніцтва. У манастыры захоўваюцца мошчы святых Засімы, Савація і Германа Салавецкіх – заснавальнікаў знакамітага Салавецкага манастыра на поўначы Расіі ў канцы 14–15 стагоддзяў. У манастыры ёсць храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, пабудаваны ў 1883 годзе з бутавага каменя. У 2010 годзе са Святой Гары Афон прывезлі копію цудатворнай іконы Прасвятой Багародзіцы і змясцілі ў храме.
Другі лекавы ядлоўцавы гай знаходзіцца каля старадаўняй вёскі Чабахі ў Пружанскім раёне на Брэстчыне. Там ёсць гасцявы дом “ Шале Мажжавелавае”. Дом размешчаны на горцы, на дзіўнай прыгажосці прыроднай ядлоўцавай паляне з блакітным ісландскім мохам, плошчай больш за 3 га.

Халодны верасень, але сыты.
Верасень — з досвіткам дзень.
У верасні і ліст на дрэве не трымаецца.
У верасні адна ягада, дый то горкая рабіна.
Як настане верасень — гаспадарам поўна гумно і кішэнь.
Вресень, руин, риень, зарев — гэтым старабеларускім найменням дзявятага месяца года адпавядае сучаснае беларускае верасень, што паходзіць ад слова «верас» (менавіта ў гэты час расліна пачынае красаваць). Ва ўкраінскай мове першы месяц восені таксама вересень, у чэшскай – zaři, польскай – wrzesień.
У англічан, французаў і немцаў – варыянты рымскага september. Рымскі september меў 29 дзён (адзін дзень дадаў Юлій Цэзар у 46 годзе). Рымляне прысвячалі яго Вулкану, богу агню, і святкавалі Вулканаліі, забіваючы ў ахвяру парася і цяля. У старажытных грэкаў на працягу дзевяці дзён адбываліся «містэрыі», таемныя культы. У іх прымалі ўдзел толькі пасвячоныя, якія рабілі ахвяры з захаваннем асаблівых абрадаў.
Неспрыяльныя ўмовы надвор’я верасня — выпадкі частых дажджоў, ранніх замаразкаў, вялікіх вятроў. Сяляне стараюцца ўбраць бульбу, агародніну і садавіну. Дрэвы мяняюць сваю афарбоўку, каб пазней засвоіць сонечную энергію: чырвонае, карычневае, пунсовае і жоўтае лісце робіць гэта лепш, чым зялёнае.
Пасля першых замаразкаў, звычайна тое назіраецца ў сярэдзіне месяца, пачынаецца лістапад. Шматгадовыя назіранні за звялай прыродай і паводзінамі жывёлы адлюстраваны ў мудрых народных прыкметах. Каток-вуркаток вымываецца і сцены шкрабае — на непагадзь, а на спіне качаецца — на добрае надвор’е. Імклівыя павучкі па хованках разбягаюцца — непагадзь наступае.
Плятуць свае красёнцы павукі ў паўднёвым напрамку — пацяплее, а ў паўночным — пахаладае. Цецярукі на верхалінах дрэў расселіся — на яснае надвор’е. Воблакі цягнуцца з поўначы на поўдзень — на сонечнае надвор’е, а наадварот — чакай непагадзь.
Вераснёўскія перуны абяцаюць цёплую восень. Тлушчам пер’е ў гусей, качак і курэй пакрываецца — халады набліжаюцца. Воблакі нізка сцелюцца — чакай халадоў.
Туманы на зямлю прылягаюць — пацяплее хутка. Калі лісты на дрэвах моцна трымаюцца — абавязкова чакай позняй зімы.

У гэты дзень лічылася, што прыйшоў час убіраць буракі. Іх вельмі цанілі, лічылі, што яны лечаць ад хвароб. Нашы продкі прыкмецілі, што 1 верасня часта дзьме цёплы паўднёвы вецер, які так і звалі – цяпляк. Казалі: «Бацечка поўдзень пусціў вецер на авёс-даўгарост».
Былі такія прыкметы: якое надвор'е сёння, такім яно будзе цэлую восень; туман з раніцы прарочыў снежную зіму; калі вецер дзьме поўдня, то ўраджай аўса будзе багаты.
У старыя часы ў гэты дзень ушаноўвалі мужчын. Важна было накрыць багаты стол, прыгатаваць шмат смачных страў, каб гаспадар дома быў заўсёды задаволеным і сытым — тады і працаваць будзе добра ды спрытна.
Па народных прыкметах, калі журавы ляцяць высока і не спяшаюцца, то восень будзе цёплай.
У гэты дзень жанчыны займаліся льном, раскладвалі яго для прасушкі, церабілі і часалі ўжо гатовы, каб атрымаць валокны, з якіх потым спрадзецца нітка. Кросны былі, бадай, у кожнай хаце, ткалі і на продаж, і на пасаг, і для штодзённага ўжытку.
Калі 3 верасня было ясна, то ведалі, што на працягу яшчэ некалькіх дзён будзе трымацца добрае надвор'е.
У старыя часы гэты дзень называлі Агафон Гуменнік. Лічылі, што «на Агафона лясун з лесу ў поле выходзіць, бегае па сёлах і вёсках, раскідвае снапы па гумнах». Таму ў ноч на 4 верасня сяляне ў кажухах навыварат вартавалі гумны з чапёламі ў руках, бо калі «ёсць у гумне – будзе і ў торбе».
Была такая прыкмета: калі на Агафона ясны дзень, то сонечнае надвор'е пратрымаецца яшчэ чатыры тыдні.

Гэты дзень у некаторых месцах Беларусі лічыўся ўдалым для азімай сяўбы. Але ж у іншых месцах да 5 верасня было супрацьлеглае стаўленне. Раней у лясах да гэтага часу паспявалі брусніцы і журавіны.
Былі такія прыкметы: калі жураўлі цягнуцца на поўдзень, то зіма прыйдзе рана; калі іх клін ляціць нізка, то вялікіх маразоў не будзе; калі журавы ляцяць моўчкі і хутка, то трэба чакаць хуткай непагадзі.
Нашы продкі лічылі, што гэты дзень павінен быць ціхім, інакш ільняное насенне абсыплецца. У народзе было павер'е, што 6 верасня лепш не хадзіць у лес па ягады і грыбы, бо «хто ў гэты дзень з хаты выходзіць, вяртаецца абпалены і сам сябе не памятае».
Была такая прыкмета: калі ў гэты дзень ішоў дождж, то людзі лічылі, што восень будзе сухой, а ўраджай наступнага года багатым.
У некаторых месцах Беларусі гэта быў дзень Баўтрамея, ягонае імя рыфмавалі з адпаведнымі аграрнымі працамі: «Прыйшоў Баўтрамей – жыта на зіму сей». У іншых мясцінах у гэты дзень малацілі жыта і запасаліся грыбамі.
Была такая прыкмета: якое надвор'е 7 верасня, такім яно і ўсю восень будзе. У гэты дзень у старыя часы адляталі ў вырай буслы.
З гэтым днём нашы продкі звязвалі ўборку аўса: «Адрыян з Наталляй аўсы канчаюць касіць». Па традыцыі ў гэты дзень людзі выносілі з песнямі з поля ў двор апошні аўсяны сноп. Увечары частаваліся талакном на кіслым малаку або на вадзе з мёдам і аўсянымі блінамі.
Былі такія прыкметы: халодная раніца абяцае раннюю і халодную зіму; калі да гэтага дня не апала лістота з бярозы і дуба, то зіма будзе суровай.
У гэты дзень збіралі рабіну і каліну.
Былі такія прыкметы: вялікі ўраджай рабіны — да марозу; навальніца — прадвеснік цёплай восені.

У гэты час сяляне спяшаліся прыбраць ураджай перад вераснёвай непагаддзю, вывазілі снапы, складалі хлеб у скірды, таму дзень гэты называлі скірднікам: «Сава скірды зладзіць, на розум наставіць».
У старыя часы гэты дзень называлі Іван Калінавік, Іван Нішчымны (Посны). Па метэаралагічных назіраннях нашых продкаў дзень Івана Нішчымнага канчаткова завяршае летнюю пару. Прыбіралі агароды, сушылі і апрацоўвалі лён ды каноплі, збіралі ягады каліны. На Магілёўшчыне стараліся паболей заараць і засеяць жыта, якое, як разлічвалі, будзе асабліва ўмалотнае.
Былі такія прыкметы: калі менавіта сёння жураўлі ляцяць на на поўдзень, то восень будзе кароткай, а снег пойдзе рана; калі шпакі доўга не ўлятаюць, то восень будзе сухой; калі цёмнымі вечарамі па небе цягнуцца чароды гракоў, то надвор'е будзе добрым.
У гэты дзень было прынята накрываць багатыя сталы, клікаць гасцей і ладзіць застоллі. На абед беларускія гаспадыні абавязкова падавалі ячную кашу з тварагом.
Была такая прыкмета: калі птушкі 12 верасня высока кружаць і не жадаюць адлятаць, то восень будзе цёплай, сухой і працяглай.
«На Купрыянаў дзень журавы на балоце дамаўляюцца, якім шляхам-дарогаю на цёплыя воды ляцець». – казалі раней у народзе. У старыя часы ў гэты дзень нашы продкі збіралі ўраджай буракоў, бульбы, морквы, журавін. Дарэчы, журавіны нельга было збіраць раней – гэта, па прыкметах, магло наклікаць бяду на чалавека.
Былі такія прыкметы: калі жураўлі ляцяць нізка, то да канца восені будзе цёпла; калі дразды раскрычаліся, то будзе дождж; калі сустрэлі вожыка, то хутка пацяплее.
У гэты дзень нашы продкі праводзілі абрад «Жаніцьба коміна» – так адзначалі свята агню перад надыходам халодных месяцаў. Комін упрыгожвалі ручнікамі, стужкамі, кветкамі, «частавалі» гарэлкай, кідалі ў печ трошкі сала, збожжа, арэхаў, выказвалі пажаданні аб дабрабыце, вадзілі карагоды і пелі песні.
Беларускія ручнікі. Сюжэтнасць і адметнасці рэгіянальнага ткацтва
Былі такія прыкметы: калі дзень ясны, то восень будзе пагодлівай; калі дзень дажджлівы, то восень будзе сырой; калі дзікія гусі ляцяць на зімоўку, то зіма будзе ранняй.

У старыя часы на гэты дзень была такая прыказка: «На Фядота і Руфіну не выганяй з двара скаціну, выганіш — бяду нажывеш».
У гэты дзень прыбіралі ёўні (халодныя гаспадарчыя будыніны), уцяплялі, абкурвалі верасам і маліліся аб дабрабыце свайго статку. Была такая прыкмета: калі 15 верасня ідзе дождж — восень будзе сухой, лічылі нашы продкі.
У гэты дзень гаспадыні прыбіралі ўсялякую старызну ў хаце, ветрылі дабро з куфраў. Трэба было абавязкова вымыць брудныя рэчы, вычысціць абутак. Тое, што зусім было непрыдатнае, кідалі ў вогнішча, якое распальвалі на градках.
Былі такія прыкметы: калі сонца схіле чырвонага колеру, то хутка будуць халады і замаразкі; калі на елі шмат шышак, то зіма будзе цёплай; калі сёння грыміць гром, то восень будзе цёплай.
Вавіла-познія вілы — так называлі гэты дзень у старыя часы. Жанчыны 17 верасня выкопвалі цыбулю.
Была такая прыкмета: шмат шалупіння на цыбулі — зіма будзе вельмі халоднай.
У народзе гэты дзень лічыўся шчаслівым для прадказанняў, таму на Захара і Лізавету наведвалі варажбітак і знахароў. Добра высаджваць 18 верасня цыбуліны цюльпанаў.
Была такая прыкмета: якое надвор'е сёння, такой і зіма будзе, калі на рабіне лісце ўжо пажаўцела, то зіма будзе ранняй і халоднай; калі на рабіне шмат ягад, то восень будзе дажджлівай.
Нашы продкі прыкмецілі, што звычайна ў гэты час надыходзіць пахаладанне — Міхайлаўскія замаразкі. Людзі верылі: хто 19 верасня распаліць агонь у печы, у таго здарыцца пажар. У гэты дзень шмат у якіх мясцінах забаранялася працаваць.
Былі такія прыкметы: калі гэты дзень цёплы, то зіма таксама будзе цёплай; а вось калі пасля гэтага дня на дрэвах з'явіцца іней, то зімой будзе шмат снегу.

Раней у гэты час пачынаўся гандаль рэпчатай цыбуляй. Гэтая гародніна грала важную ролю ў харчаванні, ёй таксама прыпісвалі гаючую сілу: «цыбуля ды лазня – усім кіруюць», «цыбуля з часныком родныя браты».
Была такая прыкмета: калі на цыбулі шмат шалупіння, то маразы зімой будуць моцныя.
Як смачна прыгатаваць цыбульнікі? Пакрокавы рэцэпт
У гэты дзень адзначалася адно з найстаражытнейшых і найболей важных свят, якое завяршала сельскагаспадарчы цыкл. Багачом называўся кошык са збожжам, у сярэдзіну якога ўстаўлялі свечку. З гэтым кошыкам сяляне абыходзілі двары, грукаліся ў кожную хату, зазіралі нават у гумно. У час абыходу спявалі дажынкавыя і восеньскія песні.
Назіралі на Багача і за жывёлай, прыкмячалі: калі пасля 21 верасня быдла імкнецца на пашу вельмі рана, то і зіма будзе ранняя. Была такая прыкмета: калі сёння добрае надвор'е, то і ўся восень павінна быць такой.
Дзень восеньскага раўнадзенства. Нашы продкі працягвалі святкаваць Багач. Акрамя гэтага віншавалі маладых маці і абавязкова ўшаноўвалі павітух, бо гэты дзень лічылі іхным днём.
Былі такія прыкметы: калі сёння не пачалося бабіна лета, то яшчэ доўга не будзе цяплець; калі з вішні не апала лісце, то замаразкі будуць не хутка.
У гэтую пару малыя і дарослыя адпраўляліся ў лес, каб назапасіць для ежы рабіну, якая пасля першых замаразкаў станавілася саладзейшаю. Чырвоны колер ягад звязваў гэта дрэва ў народнай свядомасці з ахоўнай магіяй. Яе выкарыстоўвалі таксама ў вясельным абрадзе для аховы жывёлы.
Былі такія прыкметы: калі на рабіне шмат ягад, то восень будзе вільготнай, а зіма суровай, калі вецер сёння дзьме з захаду, то будзе дождж, а калі з усходу — будзе пахмурна.
У гэты дзень маладыя дзяўчаты збіраліся на Хвядорыны вячоркі — на ігрышчы, жаніхоў выглядаць.
Былі такія прыкметы: калі вавёркі актыўна закапваюць арэхі, то хутка надыдуць маразы; калі прайшоў дождж і з'явілася вясёлка, то хутка прыйдзе бабіна лета. А яшчэ нашы продкі верылі, што калі сёння вы ўбачыце пчалу, то зіма будзе позняй і цёплай.

Па народным павер'і, змеі з гэтага дня перабіраюцца з палёў у лясы. Лічыцца, што 25 верасня вельмі важная для паляўнічых дата: у апошні раз у годзе можна падстрэліць якога-небудзь звера і вярнуцца дадому са здабычай.
Раней на гэты дзень былі такія прыкметы: калі дрэвы стаяць ужо без лістоты, то зіма сёлета будзе ранняй; калі надвор'е сонечнае, то яно будзе ясным яшчэ цэлы тыдзень.
Нашы продкі лічылі, што з гэтага дня спыняецца ўсякі рост раслін: «З Карнея корань у зямлі не расце, а дубее». Таму раней менавіта сёння пачыналі прыбіраць караняплоды і карэнні: «Карнееў дзень на двары, усякі карэньчык у сваёй нары».
Былі такія прыкметы: калі куры пачалі ліняць, то зіма будзе цёплай; калі сёння пройдзе дождж, то наступныя дні будзе добрае надвор'е.
Узвіжанне (Здзвіжанне). У гэты дзень адзначалася свята «закрывання» зямлі на зіму, якое было звязана з вужамі. Лічылася, што сонца і прырода «грае, здзвігаецца». Да гэтага часу ўсе азімыя і яравыя павінны быць звезены з поля, лічылі нашы продкі. Па народных павер'ях, 27 верасня выпаўзалі ўсе змеі і збіраліся разам, каб адправіцца на зімовы сон.
Былі такія прыкметы: калі раніцай раптам здарыўся мароз, то зіма будзе ранняй; калі вецер дзьме з поўначы, то кастрычнік будзе цёплым.
Раней гэты дзень называлі рэпарэз, ён замыкаў земляробчы год. Рэпа вельмі шанавалася сялянамі: «Рэпа – мяса, рэж ды еж». З яе раней рабілі заціркі і кашы, запраўкі мясных і рыбных страў.
У гэты дзень назіралі за чародамі гусакоў, якія адляталі ў вырай. «Гусакі ляцяць – зіміцу на хвасце цягнуць, снег нясуць».
Нашы продкі сёння займаліся нарыхтоўкай капусты на зіму. Звычайна рабілі гэта разам, збіраючыся на так званыя капусныя вечарынкі.
Самая смачная ежа ў пост. Гатуем капуснякі разам з блогерам
Былі такія прыкметы: калі сёння цёпла і суха, то зіма будзе позняй і мяккай; калі грыміць гром, то зімой будзе вельмі мала снегу; ясная ноч — да трывалай зімы.

30 верасня
Па старадаўняй традыцыі сёння належала паплакаць аб родных і блізкіх. Потым моладзь збіралася на вечарыны, дзяўчаты шапталі на каханне, на замужжа.
Была прыкмета: калі раніцай гэтага дня пахмурна – надвор'е ў бліжэйшыя дні будзе добрым.
One fine body…