
Грыжа - распаўсюджанае захворванне, якое можа ўзнікнуць у любым узросце. Хвароба ў роўнай ступені з'яўляецца як у жанчын, так і ў мужчын. У мінулым у беларусаў, як і ў іншых народаў, лячэнне грыжы часта грунтавалася на народных метадах, замовах і альтэрнатыўных практыках. З развіццём медыцыны падыходы да лячэння грыжы значна змяніліся.

Грыжа або кіла — гэта даволі распаўсюджанае анатамічнае парушэнне, пры якім унутраныя органы выцягваюцца з адной поласці ў другую. Існуюць некаторыя віды грыж. Калі разыходзіцца пупочнае колца, і праз яго змесціва брушной паражніны выпінаецца вонкі, то гэта пупочная кіла. Унутраныя органы пры пэўных умовах могуць выходзіць і праз пахвінны канал, і тады ўтвараецца адна з самых распаўсюджаных -- пахвінная кіла. Існуюць і іншыя разнавіднасці грыж. Часам таксама "слабым месцам" становяцца вобласці пашкоджанняў цягліц і звязкаў.
Галоўныя сімптомы грыжы - боль і выпінанне. Пры гэтым можа адчувацца ціск ці паслабленне цягліц. Таксама боль можа рэзка нарастаць пры натужванні, уздыме цяжараў, кашлі і чханні. Часам пацыенты скардзяцца, што ў іх "нібы нешта абарвалася ўнутры".
Ёсць яшчэ грыжа пазваночніка (хрыбетніка), і яна з’яўляецца больш небяспечнай. Бо калі вылечыць пупочную кілу можна за адзін прыём у лекара, то з хрыбетнай маем іншую сітуацыю -- прызначаецца курс тэрапіі, праводзіцца хірургічная аперацыя. Тым не меней, грыжа хрыбетніка ці жывата - самыя распаўсюджаныя варыянты гэтага захворвання. Існуюць пэўныя групы людзей, якія трапляюць пад асаблівы фактар рызыкі. Гэта грузчыкі, чыя прафесія звязана з пастаянным узняццем цяжкіх прадметаў. У такіх людзей звычайна бывае грыжа пазваночніка і паяснічнага аддзела. Потым у людзей з лішняй вагой магчымая як кіла жывата, так і міжпазваночная грыжа. Цяжарныя жанчыны могуць пакутаваць як на грыжу пазваночніка і паяснічнага аддзела, так і на грыжу жывата. Але варта разумець, што ад гэтай хваробы ніхто не застрахаваны.
Паводле народных уяўленняў грыжу, або як яе часта называлі ў народзе – грызь, выклікае жывая істота, якая грызе чалавечыя вантробы і мае выгляд пухліны ці наросту. Прычынай гэтага лічылі псаванне, насланае ведзьмаком. Таму і лячэнне спалучала ў сабе магічныя рытуалы, замовы і практычныя прыёмы.
У дзяцей. У народнай медыцыне асаблівая ўвага надавалася лячэнню грыжы ў дзяцей, а дакладней – у немаўлят. Звычайна такая хвароба ўзнікала і ўзнікае сёння ў неданошаных дзяцей, у якіх злучальныя тканіны развіты слаба, што і павялічвае рызыку фармавання выпінання. Дадаць сюды частыя і моцныя прыступы кашля, працяглы плач, запоры або колікі – усё гэта таксама спрыяе пашырэнню пупочнай адтуліны.

Якімі ж метадамі лячэння такіх грыж карысталіся нашы продкі? Як правіла, яны падзяляліся на некалькі кірункаў.
У першую чаргу выкарыстоўвалі імітацыйнае “выгрызанне” і замовы. Гэта быў самы папулярны спосаб лячэння дзіцячай пупочнай грыжы. Знахарка або сама маці праводзілі магічны рытуал “грызення”. Дзеля гэтага маці або знахарка нахіляліся над жыватом дзіцяці і імітавалі кусанне – тройчы шчоўкалі зубамі каля пупка. Вельмі часта такі працэс суправаджаўся дыялогам з тым, хто стаяў на парозе. На пытанне “Што ты грызеш?” жанчына адказвала: “Грызь грызу!”. На што ёй казалі: “Грызі, грызі, каб не было!”. У дадатак прамаўлялі магічныя словы замоў: “Грызь-грызянка, чорная казяўка. Я – грызь – гам, пуп грызці не дам”. Або хваробу адсылалі “на сухія лясы, на гнілыя суччы”, каб яна пакінула чалавека. Напрыклад: “Грызь загрызаю, на суку пакідаю. Грызі, грызь, сук, а не Шуркін пуп”.
Таксама бралі канец пупавіны, які пасля перавязкі пры родах, сушылі і захоўвалі як лекавы сродак, таўклі яго і змешвалі з грэцкай кашай. Потым маці дзіцёнка, ці знахарка, перажоўвала такую сумесь і карміла хворага. Хворым на грыжу дзеткам давалі піць настой з лістоў бурака, а ў некаторых мясцінах цягам трох дзён давалі соску з цёртых буракоў. Націралі хворае месца хвойнай серай. Таўклі ў ступе жывых ракаў і давалі есці такую кашу.
На Пасожжы хворага дзіцёнка ставілі каля дзвярнога вушака і на вышыні ягонага росту пракручвалі дзірачку. У яе клалі пасму дзіцячых валасоў і забівалі калочкам. Лічылі, што калі дзіця перарасце дзірачку, то хвароба знікне.
Калі грыжа выпірала, нашы продкі разумелі, што яе трэба вярнуць на месца механічнымі прыёмамі. Тады да пупочнай грыжы прыкладалі вялікую медную манету, звычайна пятак, і моцна прывязвалі яе ільняной тканінай альбо спавівалі дзіця. Лічылі, што медзь валодае гаючымі ўласцівасцямі, а сама манета проста фізічна ўтрымлівала органы ад выпадання.
У дарослых ад цяжкай працы развівалася пахавінная або хрыбетная грыжа. У такіх выпадках мясцовыя кастаправы або знахары спрабавалі акуратна ўціраць, “упраўляць” грыжу пальцамі, выкарыстоўваючы для змазкі тлушч, алей або сала. Прыкладалі яшчэ да кілы замарожаны конскі тлушч, піхтавае або камфорнае масла. Рабілі кампрэсы з настою дубовай кары з воцатам, а таксама з лістоў крапівы, лапуха, каланхое. Варылі скуру вугра для артымання клею, які прыкладалі да хворага месца. Давалі піць настой імбіру з часныком, адвары з зёлак: плакун-травы, тысячалісніка і інш. На Палессі грыжу перавязвалі стужкамі, знятымі з магільных крыжоў. Да хворага месца прыкладалі рассечаную мыш, яшчэ паілі настоем з грамавой (перуновай) каменнай стралы. На грыжу маглі прыкладаць пласты цёплай гліны або замешанага жытняга цеста на кіслай заквасцы.
На хворае месца навязвалі нітку з ільну-сырца ці чырвоную ваўняную нітку. Прычым абвязвалі тройчы і штораз на нітцы рабілі па дзевяць вузельчыкаў. Паводле аднаго з метадаў лячэння грыжы, хворы сам пралазіў, ці яго працягвалі праз дупло, або праз расколіну ў дрэве. А каб расчэпленае дрэва зраслося, яго потым абвязвалі пасам хворага. На дрэва яшчэ вешалі і ягоную кашулю. Верылі, калі дрэва зрасцецца, то і хворы чалавек паправіцца.
Кансерватыўнымі метадамі лячэння да нашага часу з’яўляліся і з’яўляюцца даўкія павязкі, выцяжныя гарсэты, тугія рэмні для папярэджвання выпадзення органаў. Таксама здаўна рабілі паласныя аперацыі, выкарыстоўвалі дыету і кровапусканне.

У адрозненне ад містычных абрадаў, сучасная медыцына прапануе дакладныя і правераныя часам стратэгіі для ліквідацыі праблемы грыж. Выбар метаду залежыць ад узросту пацыента, памеру дэфекту, наяўнасці сімптомаў і агульнага стану здароўя.
Своечасовая дыягностыка паталогіі дазваляе пазбегнуць сур'ёзных наступстваў. Часам фізічнага агляду бывае дастаткова для таго, каб зразумець, што ў чалавека грыжа. У маленькіх пацыентаў дэфект часта выяўляюць падчас планавага медагляду: перад дзіцячым садам ці школай.
У большасці дзяцей пупочная грыжа праходзіць сама сабою да 3-5 гадоў. У гэтых выпадках прымяняецца тактыка чакання. Калі кіла не зачыняецца да 5 гадоў, мае вялікія памеры, выклікае дыскамфорт ці адбылося ўшчамленне, рэкамендуецца хірургічнае ўмяшанне. Аперацыя ў дзяцей звычайна праходзіць хутка і мае высокі працэнт поспеху.
Што тычыцца дарослых, то грыжы лечаць выключна хірургічным шляхам. І чым меншая грыжа па памерах, тым прасцей яе апераваць і тым меншымі будуць непажаданыя наступствы. Трэба памятаць, што найбольшая небяспека грыжы любога віду заключаецца ў зрушэнні пэўнага органа ў брушной паражніне. Калі своечасова не прыбраць ушчамленне яго сасудаў, то цягам 10 гадзін надыходзіць некроз або змярцвенне тканін. Каб гэтага не адбылося, хірург робіць разрэз над грыжай, упраўляе яе і ўмацоўвае слабое месца. Для такога ўмацавання выкарыстоўваюцца ўласныя тканкі пацыента ці, што больш эфектыўна, сучасныя сетачныя імпланты. Сетка служыць каркасам для прарастання гэтых уласных тканін і надзейна зачыняе кілавыя вароты.
Тым не менш, калі пацыент з высокай аперацыйнай рызыкай і мае невялікую і няўскладненую грыжу, то да яго ўжываюць кансерватыўны метад лячэння. Такім пацыентам рэкамендуюць нашэнне бандажа, ён утрымлівае грыжу ва ўпраўленым стане, прадухіляе яе выпінанне і ўшчамленне. Але трэба памятаць, што гэта часовая мера, бо працяглае выкарыстанне бандажа можа прывесці да паслаблення цягліц. Таксама такі пацыент павінен кантраляваць масу свайго цела і паменшыць фізічныя нагрузкі. Яму забаронена падымаць цяжары, займацца спортам, бо такія заняткі і залішняя вага падвышаюць унутрыбрушны ціск і правакуюць павелічэнне кілы.
Выснова. Грыжа - хвароба не смяротная, на ранніх этапах лечыцца лёгка. Галоўнае, пры падазрэнні на гэтую хваробу своечасова звярнуцца да лекара і не даводзіць да цяжкіх ускладненняў.

Пакроў Прасвятой Багародзіцы — вялікае праваслаўнае свята. Адзначаецца штогод 14 кастрычніка. Паводле падання, вобраз Багародзіцы з’явіўся вернікам, і яна расхінула покрыва над галовамі людзей. Гэты цуд стаў знакам заступніцтва і суцяшэння. Вернікі шануюць памяць Багародзіцы, дзякуюць за абарону ад бедстваў.
Свята шануюць і ў народнай традыцыі. Раней яго называлі Покрыва дзень, Першае зазім’е, Трэцяя Прачыстая, Засідкі. Дарэчы, тэма заступніцтва (пакрывання) — ключавая ў сутнасці свята. Лічылася, што на Пакроў снег абавязкова пакрывае зямлю. Адсюль і такая прымаўка: «Бог на зіму зямлю зачыняе — няхай адпачывае».Пакроў у календары беларусаў лічыцца мяжой, якая падзяляе год на дзве палавіны — летнюю і зімнюю. Таму нашы продкі стараліся да гэтага часу ўцяпліць дом, усё прыбраць. Казалі: «Пакроў правярае ўладароў».
У сялянскім побыце слова «Пакроў» паступова аддзялілася ад царкоўнай легенды і стала ўспрымацца ў сувязі са звычаем пакрывання галавы замужніх жанчын. Верагодна, такое тлумачэнне было звязана з тым, што ў гэты дзень заключалася шмат шлюбаў.
Асаблівы каларыт святкаванне Пакрова набыло ў многіх вёсках у Падняпроўі, дзе праводзілі абрад «Свечка». Сутнасць яго заключаецца ў пераносе вялікай васковай свечкі, зробленай сваімі рукамі, і абразоў з хаты ў хату. У традыцыйнай культуры беларусаў свечка — абярэг, сродак забеспячэння здароўя і дабрабыту на наступны год.\

Свечку ўпрыгожвалі, ставілі ў посуд са збожжам. Адметнасцю падняпроўскай свечкі было тое, што для яе шылі спаднічкі і кожны год пераапраналі ў новы ўбор. Пад абразамі для яе ладзілі своеасаблівы п’едэстал. Нашы продкі верылі: калі свечка ёсць у доме — тады будзе парадак. Лічылася, калі прайсці пад свечкай у час яе пераносу, можна здабыць здароўе на доўгія гады.
Часцей за ўсё свечкі прысвячаліся розным святым — Мікалаю, шматпакутнай Варвары, архангелу Міхаілу, святой Параскеве-пятніцы. Іконы і свечкі захоўваліся па чарзе ва ўсіх жыхароў вёскі, штогод пераносіліся з хаты ў хату.
Дарогу ад дома, дзе раней стаяла свечка, да той хаты, куды яна перамяшчалася, высцілалі саломай. Гаспадыні, сустракаючы абярэг на вуліцы, браліся пад рукі, кружыліся і казалі: «Каб жыта так каласілася і вілася, як мы кружымся».
Пасля пераносу свечкі застолле ладзілі ў абедзвюх хатах: і ў той, дзе яна стаяла, і ў той, куды пераносілася. Гэта была сапраўдная ўрачыстасць: з пашанаю, танцамі і спевамі. Стравы на святочную вячэру збіралі з усёй вёскі — гэта падкрэслівала калектыўны характар абраду. Аднак сёння ён захаваўся толькі ў асобных вёсках.
Па традыцыі, на свята прынята наведваць усяночнае трыванне ў храмах. Праваслаўныя вернікі моляцца Багародзіцы і просяць у яе дапамогі. Згодна з прыметамі, на Пакроў Божая Маці чуе маленні вернікаў. Пасля наведвання царквы збіраліся за святочным сталом, запрашалі блізкіх і сваякоў.
Як правіла, на Пакровы імкнуліся завяршыць збор ураджая. Акрамя таго, з 14 кастрычніка пачыналі гуляць вяселлі. Незамужнія маладыя дзяўчаты казалі так: «Акрый зямлю сняжком, а мяне жэнішкам». Таксама Пакроў Прасвятой Багародзіцы лічыцца першым так званым зімовым святам. Па гэтай прычыне ў некаторых рэгіёнах Беларусі кажуць так: "Зіма прыходзіць на Пакроў".

Нельга займацца цяжкай фізічнай працай. Акрамя таго, пад забаронай генеральная ўборка і іншыя бытавыя справы. Не рэкамендуецца правакаваць канфлікты, лаяцца. На свята не варта пераядаць, а таксама марнатравіць алкаголем. Не варта як браць, так і пазычаць. Бацькі верылі, што можна аддаць увесь свой дабрабыт, забраўшы сабе чужыя праблемы.

Па традыцыі, на свята ў ноч з 13 на 14 кастрычніка хадзілі ў царкву на ўсяночнае трыванне і звярталіся да Божай Маці з малітвамі. А яшчэ пяклі піражкі, якімі частавалі сваіх блізкіх, сваякоў. Лічыцца, што шчодрасць, выяўленая на Пакроў, магла прыцягнуць дастатак у хату. Акрамя таго, на свята таксама пяклі бліны.

Паводле прыкмет, паўднёвы вецер казаў пра мяккую зіму, у той час як паўночны паказваў на снежную. Калі ж на Пакроў выпала поўня, то гэта казала аб сухім леце. А яшчэ лічылася, якім будзе надвор'е 14 кастрычніка, такім будзе ўся зіма.
Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам.
Святы Пакроў стагі пакрыў: першы стажок — дранічкамі, другі стажок — саломкаю, трэці стажок — белым снегам.
На Пакровы мароз — сей пад кустом авёс.
Я маці абавязаны… У Дзень матулі ўспамінаем жанчын, якія падарылі нам творцаў літаратуры

Кожны дзень мы ходзім па вуліцах і не задумваемся, кім былі спраектаваны будынкі вакол нас. Кожны мае сваю гісторыю і свайго стваральніка. 2 кастрычніка — быў Сусветны дзень архітэктуры. Мы склалі падборку архітэктараў-беларусаў, якія зрабілі вялікі ўнёсак у прыгажосць і непаўторнасць Мінска.
Справядліва сцвярджаць, што над абліччам Мінска працавалі сотні архітэктараў, але і таксама будзе правільным адзначыць, што яго сучасны выгляд сфарміравала куды больш вузкая група аўтараў.

Мінску пашанцавала, што ў міжваенныя гады ў ім працаваў Іосіф Лангбард, ураджэнец невялікага мястэчка ў Польшчы. Не проста таленавіты, але прарыўны архітэктар, які рэалізаваў у Беларусі восем з пятнаццаці сваіх работ. Іх ведаюць усе: Дом урада, Тэатр оперы і балета, Дом афіцэраў, галоўны корпус Акадэміі навук.
Пасля вайны, вярнуўшыся ў Мінск для распрацоўкі праекта па аднаўленні горада, Лангбард прыняў удзел у стварэнні абсалютна нетыповага для яго творчасці, але характэрнага пазнейшай сталінскай эпосе кінатэатра «Перамога». Так, гэта таксама вялікі канструктывіст.

Пасляваенны Мінск у цэнтральнай яго частцы створаны па бачанні Міхаіла Паруснікава. Значная частка праспекта Незалежнасці ў найбольш пышным сектары распрацавана ім — гэта і будынак КДБ, і Нацбанк, і жылыя дамы, за якія была ўручана Дзяржпрэмія БССР.
Акрамя таго, Паруснікаў стварыў той вобраз стадыёна «Дынама», які намёртва ўдрукаваўся ў масавай свядомасці — з аркадай галоўнага ўваходу і класічнай акантоўкай трыбун.
Верагодна, практычна ніхто акрамя спецыялістаў не ведае, што Паруснікаў быў таксама аўтарам даволі сціплага ў адносінах да маштабаў яго асобы аб'екта — Захар'еўскага моста праз Свіслач. Верагодна, вы па ім праязджалі мільён, а можа і дзесяць мільёнаў разоў.

Яшчэ адно важнае прозвішча ў спісе вядучых архітэктараў Мінска — Міхаіл Вінаградаў.
Аўтар і суаўтар праектаў Нацыянальнай бібліятэкі, чыгуначнага вакзала, кінатэатра «Масква», санаторыя «Белая Русь» на Нарачы.
Наогул Вінаградаў быў вельмі прадуктыўным, кіраваў уласнай творчай майстэрняй і стварыў каля двух сотняў аб'ектаў у Беларусі.

Патрыярх беларускай архітэктуры Георгій Заборскі, які нарадзіўся ў Мінску ажно ў 1909-м годзе і пражыў у сталіцы аж да смерці ў 1999-м, вядомы праектамі Круглай плошчы (цяпер Перамогі) з манументам, забудовай вуліцы Леніна.
Ён жа стварыў будынак Сувораўскага вучылішча, першы варыянт музея Вялікай Айчыннай вайны, тэатр лялек, кінатэатр «Піянер».

У 60-х Заборскі па асабістым жаданні перайшоў на кіраўніцтва спецыялізаваным інстытутам праектавання для сельскай мясцовасці. Менавіта Заборскі пачаў рэалізоўваць у Беларусі канцэпцыю «супервёсак» ці «аграгарадоў», як іх тады называлі.

Леанід Левін, аўтар мемарыяльнага комплексу «Хатынь» у цэлым спецыялізаваўся менавіта на манументальным мастацтве, аднак часам прымаў удзел і ў будаўніцтве жылых і грамадскіх будынкаў.
У прыватнасці, ён спраектаваў станцыі метро «Няміга» і «Плошча Леніна», рэканструяваў Нямігу, Верхні горад і Ракаўскае прадмесце.

Сяргей Мусінскі, які атрымаў нават народны тапонім «Дом Мусінскага» за жылую высотку на Нямізе, вядомы якраз найбольш па гэтым праекце.
У 50-х і 60-х яму быў давераны цэнтральны праспект Мінска ад БНТУ да плошчы Калініна, стварэнне будынка мінскага выканкама, другога корпуса гатэля «Мінск» і палаца мастацтваў на Казлова.

Міхаіл Гаўхфельд заўсёды быў крыху ў цені сваіх больш вядомых калег, але яго ўклад у развіццё Мінска неацэнны, асабліва ў новы час.
Гэты архітэктар стварыў футбольны манеж, падземны гандлёвы цэнтр «Сталіца», цяперашняе аблічча праспекта Дзяржынскага, пасольства Казахстана (у суаўтарстве).
У мінулым Гаўхфельду двойчы даручалася рэканструяваць стадыён «Дынама» —спачатку з надбудовай казырка да Алімпіяды-80, а пасля ў 1997-2003-м.
Верагодна, найбольш нечаканымі работамі архітэктара можна лічыць комплекс інтэрнатаў Маторнага завода ля метро «Магілёўская».

Ну і Алег Вараб'ёў... Таленавіты архітэктар, які працаваў у Мінску ўжо больш за 50 гадоў.
Наогул гэта чалавек, які прыдумаў Салігорск, але для сталіцы ён, вядома, зрабіў больш. Гасцініца «Арбіта», гандлёвы цэнтр «Кірмаш», штаб «Беларускай калійнай кампаніі» на Машэрава, офісы банкаў у сталіцы і іншых гарадах… Вараб'ёў яшчэ ў 1991-м стварыў прыватную майстэрню.
Самая нечаканая, самая маштабная работа архітэктара — комплекс з гасцініцай Marriott на праспекце Пераможцаў.
Невядомая Беларусь. Куды паехаць палюбавацца прыродай і нетыповай архітэктурай

У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі.
Кастрычнік ходзіць па краю і гоніць птушак з гаю.
Кастрычнік ні калёс, ні палоз не любіць.
Кастрычнік зямлю беліць, а лес дык залоціць.
Кастрычнік – дзясяты месяц года. Стараславянскія назвы яго – листапад, риень, паздерник, брудень; у сербаў –паздзернік, у палякаў – pazdziernik, ва ўкраінцаў – жовтень. Беларускае найменне месяца паходзіць ад слова «кастрыца»: у гэты час сяляне трапалі, часалі лён і каноплі, з якіх ападала шмат кастрыцы.
Кастрычнік – сярэдні месяц восені, характарызуецца зменлівым надвор`ем: бываюць густыя туманы, слата, частыя замаразкі, а часам выпадае і снег. Дрэвы стаяць аголеныя, птушкі адляцелі ў вырай. Наступае пара для садаводаў: пасадка дрэў і ягаднікаў, абмазванне ствалоў глінай і вапнай, іх ацяпленне. Народны каляндар месяца небагаты. Яго асноўнае свята – Пакровы. У скарбніцы сялянскай мудрасці маюцца прыкметы, па якіх вызначаецца надвор`е як на бліжэйшыя дні, так і на вялікі тэрмін – зіму і вясну.
У гэты дзень нашы продкі збіралі і сушылі шыпшыну. У вусных календарах дзень называлі «жураўліны лёт».
Была такая прыкмета: калі на Арыну жураўлі паляцяць, то на Пакровы трэба чакаць першага марозу; якое сёння надвор'е, такое будзе і 1 кастрычніка.
З гэтага дня пачыналася так званая «пчалiная дзевяцiна», якая доўжылася з 2 па 10 кастрычнiка. У гэты час збіралі мёд, ставілі вуллі ў склеп і кожны дзень стараліся з'ядаць па маленькай лыжцы гэтага карыснага прадукту.
Прыкмячалі: калі вецер з поўдня – будзе добры ўраджай зімовага хлеба на наступны год.
У гэты дзень у нашых продкаў адзначалася свята млынароў. Людзі адносілі ім розныя прысмакі: хлеб, гародніну, мёд.
3 кастрычніка нашы продкі назіралі за ветрам. Былі такія прыкметы: дзьме паўночны вецер – да сцюжы; паўднёвы – да цяпла; заходні – да макроцця; усходні – да добрага, але халаднаватага надвор'я.
У гэты дзень па вуліцах хадзілі свацці, зазіралі праз платы, глядзелі, ці ўсё там дагледжана – шукалі добрых гаспадынь для жаніхоў.
Лічылася, што надвор'е гэтага дня пратрымаецца без змен чатыры тыдні. Калі ж дзьмуць моцныя паўночна-ўсходнія вятры, а дзень ясны – зіма будзе халодная.

На Іону забаранялася лавіць і есці рыбу. У гэты дзень таксама загаворвалі ліхаманку і зубны боль.
Нашы продкі прыкмецілі: калі да 5 кастрычніка з бярозы ліст не апаў, снег ляжа позна.
У гэты дзень у гонар печнікоў пяклі абрадавыя пірагі-налівушкі – аладкі з жытняй мукі з бульбай. Адварвалі бульбу, таўклі яе, змешвалі з яйкам і малаком, а потым налівалі таўчонку на сырую аладку. Такія пірагі сімвалізавалі працу печніка.
Прыкметы: калі шмат жалудоў упала з дуба, то налета будзе добры ўраджай зерня; калі дзень туманны, то наступны год будзе ўраджайным.
У некаторых рэгіёнах Беларусі ў гэты дзень праводзілі абрад варажбы «на шчаслівую бабулю», каб вызначыць каторая будзе прымаць роды ўдала. У ранейшыя часы 7 кастрычніка пачыналі малаціць хлеб.
Прыкметы: калі грыміць гром, то зіма будзе яснай і бясснежнай; калі птушкі ляцяць нізка да зямлі, то зіма будзе ранняй і марознай.
У гэты дзень нашы продкі секлі і квасілі капусту. Пяклі капусныя піражкі, а таксама хлебныя аладкі на капусных лістах. Білі курэй на продаж, таму гэты дзень часам называўся Сяргей-куратнік.
Капуста, рэпа, хрэн - Сіла крыжакветных. Кіраўніцтва па самай здаровай гародніне
Прыкметы: калі першы снег на Сяргея, то зіма ўсталюецца на Міхайлаў дзень (21 лістапада); калі вецер паўночны, то зіма будзе сцюдзёнай, калі паўднёвы, то зіма будзе цёплай.
Да гэтага дня належала завяршыць пасеў азімых і іншыя палявыя работы: «Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты добрага слова». Дзень быў асаблівым таксама для сваццяў – яны «сакрэтна шапталіся» з жаніхамі, дамаўляліся, каб на Пакровы згуляць вяселлі.
Былі такія прыкметы: моцны лістапад у гэты дзень прадказваў раннюю зіму; а дождж азначаў, што яшчэ тры тыдні будзе дажджлівае надвор'е.

У вусных календарах – бортнікі. У гэты дзень завяршалася «пчаліная дзевяціна» – восеньскае свята пчалы. Вуллі падрыхтоўвалі да зімоўкі. У некаторых месцах лічылася вялікім грахом працаваць 10 кастрычніка – «усё зробленае на карысць не пойдзе».
Прыкметы: навальніца 10 кастрычніка – зіма будзе кароткай і бясснежнай; сухое надвор'е ў гэты дзень азначае, што маразы надыдуць не хутка.
Былі такія прыкметы: калі дрэвы заінелі, то зіма будзе халоднай і зацяжной; калі куры паднялі пер'е і нахохліліся, то ў бліжэйшыя дні будуць халады; калі зайцы да гэтага часу не пабялелі, то зіма будзе цёплай.

У гэты дзень святкавалі «Пакроўцы» – паміналі памерлых сваякоў. У некаторых рэгіёнах паляўнічыя здабывалі «імяннога» зайца і сканчалі дзень паляўнічымі апавяданнямі на бяседах.
Нашы продкі прыкмецілі: на Феафана шмат зорак – да сухога восеньскага надвор'я; вячэрні туман абяцае хуткае пацяпленне.
Раней у гэты дзень нашы продкі чысцілі гароды ад бульбоўніку, набівалі пярыны свежай саломай, а старую палілі ў печах. Салому ў сялянскай гаспадарцы вельмі шанавалі. Маці праводзілі на парозе хаты абрад купання дзяцей з рэшата, каб яны меней хварэлі.
Прыкметы: калі першы снег выпадзе ў гэты дзень, то зіма надыдзе не хутка; калі ўжо ўсе жоравы ўляцелі ў вырай, то зіма будзе ранняй і халоднай.
У народзе пра гэты дзень казалі: «Прыйшлі Пакровы і пытаюць: "Ці да зімы гатовыя?"»; «Пакровы – пастухоўскія кіі на дровы»; «Прыйшлі Пакровы – раве дзеўка бы карова». Ад 14 кастрычніка пачынаўся час вяселляў. Моладзь ладзіла вячоркі, дзе хатняя праца спалучалася з песнямі, гульнямі і танцамі.
Прыкмета: якое надвор'е на Пакровы, такое яно будзе ўсю зіму да вясны; калі на Пакровы яшчэ не выпаў снег, то яго яшчэ доўга не будзе.
15 кастрычніка
У некаторых месцах Беларусі з гэтага дня адзначалі «дзявоцкае лета», якое доўжылася тыдзень. Усе дні размяркоўвалі паміж дзеўкамі і дзяўчынкамі, якіх ужо прынялі «у дзеўкі», варажылі пра характар будучых маладух.
Прыкмета на 15 кастрычніка: моцны дождж і вецер – зіма будзе халоднай.
Раней у гэты час сялян наведвалі розныя майстры, шылі кажухі, паўкажушкі, боты, каталі валёнкі, фарбавалі прадзіва.
Людзі прыкмячалі, што дзень усё больш памяншаўся, і казалі так: «Дзяніс пацягнуў дзень уніз».
Продкі прыкмецілі, што халады становяцца мацнейшымі, адчуваецца набліжэнне зімы. Лічылі, што не варта было ў гэты дзень хадзіць у лес, бо там гаспадараць лесуны і рознае ліха.
Прыкметы: калі выпаў снег, то сапраўдная зіма будзе роўна праз 40 дзён; калі па небе вечарам плывуць чырвоныя аблокі, то наступны дзень будзе ветраны.
У гэты дзень раней пачыналі ткаць. У хатах адбываліся доўгія вячоркі, на якіх дзяўчаты сядзелі за працай: пралі, каб пасля наткаць і нашыць на ўсю сям'ю. Праца суправаджалася песнямі і ціхімі гульнямі.
Прыкметы: калі вароны і галкі віліся ў паветры, то хутка будзе снег; калі стаіць бязветранае надвор'е, то хутка пахаладае.
Сяляне ў гэты дзень падводзілі вынікі гаспадарчага году. Напаўнялі свірны харчамі. Верылі, што чым больш прызапасіць да 19 кастрычніка, тым прасцей будзе перажыць зіму – тады ежы хопіць да надыходу цёплых дзён.
Прыкметы: калі сённяшні дзень бязветраны, то хутка пахаладае; калі ў лесе шмат буйных грыбоў, то зіма будзе марознай; калі вароны збіраюцца ў вялікія чароды, то маразы ўдараць хутка.

У гэты дзень сяляне раніцай перш за ўсё кармілі быдла і толькі пасля гэтага садзіліся снедаць. Печ належала падпаліць самаму малодшаму ў сям'і – верылі, што ў гэтым выпадку ўсю зіму ў хаце будзе цёпла.
Прыкмета: «Калі Сяргей снегам пакрыецца, то з Матроны (22 лістапада) зіма ўстане на ногі».
«Трыфан футра латае, Пелагея рукавічкі шые». Так казалі ў старыя часы, бо нашы продкі ў гэты дзень пачыналі рыхтаваць вопратку да хуткай зімы.
Прыкметы: калі ў лесе шмат грыбоў, то зіма будзе працяглай і марознай; калі на бярозе ўсё яшчэ ёсць лісце, то снег выпадзе няхутка; калі дзяцел дзяўбе дрэва ўнізе, то зіма будзе цёплай, калі ля самай верхавіны, то зіма будзе суровай.
Нашы продкі гэты дзень называлі «дрэвапілец», таму стараліся нарыхтаваць як мага болей дроў на зіму. Таксама ў гэты дзень асаблівую ўвагу надавалі авечкам.
Прыкмета: калі ў гэты дзень пойдзе дождж, то снег сёлета выпадзе рана.
У гэты дзень па месяцы варажылі пра надвор'е. Рогі месяца на поўнач – быць хуткай зіме. Калі на поўдзень – хуткай зімы не чакай, будзе бруд ды слізотаж.
Прыкмета: калі сёння дзень без маразоў, то яшчэ месяц іх не будзе.
Раней сяляне ў гэты дзень адвозілі на млын збожжа, каб намалоць з яго муку або крупу.
Таксама ў гэтую ноч нашы продкі назіралі за зоркамі і спрабавалі прадказаць з іх дапамогай надвор'е і ўраджай: міргаюць – да змены надвор'я, палаюць – да вятроў і сухога году. Шмат яркіх зорак на небе – да ўраджаю наступнага году.

У даўнешыя часы лічыўся Днём Марціна. Быў звычай рэзаць гусей ды адзначаць свята рознымі стравамі, асабліва печанай (ці смажанай) гуссю – «птушкай Марціна». З гэтай нагоды была прыказка: «Марцін святы – губіцель гагаты».
Прыкметы: яркія зоры на начным небе – пацяплее, цьмяныя – будзе халадаць; шмат яркіх зор на начным небе – будзе добры ўраджай гароху налета.
Сяляне рыхтавалі месцы для вясновых пасадак. Ладзілі лазневы дзень, каб пазбавіцца ад хвароб і ўмацаваць здароўе, што і дазваляла перажыць зіму.
На гэты дзень у старыя часы была прыкмета: «Певень заспяваў раней за дзявятую гадзіну вечара – заўтра будзе дождж».
У старыя часы гэты дзень людзі называлі Параскева Гразнуха або Параскева Трапальніца. Казалі так: «На Гразнуху не бывае суха», бо прыкмецілі, што гэты дзень адзначаўся няўстойлівым надвор'ем, брудам і халепай.
Прыкметы: калі на дарогах шмат бруду, то роўна праз чатыры тыдні стукнуць сапраўдныя маразы; калі на рабіне шмат ягад, то лістапад будзе вельмі мокры.
Народныя святы і прыкметы восені
У гэты дзень працягвалі мяць і церабіць лён. А вось шыць і праць нельга было – гэта магло прывесці да няшчасця.
Былі такія прыкметы: калі сёння раптам выпадзе снег, то налета будзе вельмі добры ўраджай зерня; калі котка п'е шмат вады, то надвор'е бліжэйшымі днямі стане горш.
Сяляне 29-га стараліся дастаць зімовую вопратку з куфраў, каб прагрэць яе на апошнім сонцы і выветрыць на першым марозе. Верылі, што гэта дапаможа прадухіліць хваробы.
Прыкметы: вецер пераменлівы ў гэты дзень – зіма будзе з частымі адлігамі.

З гэтага дня прыбіралі з двароў калёсы, пераходзілі на санкі, што азначала канец летняга шляху.
Прыкметы: калі месяц на небе з белым адлівам, то будзе пахаладанне, калі з жоўтым – сонечнае надвор'е; калі котка спіць цэлы дзень, то хутка пацяплее.
Раней на дзень Лукі паўсюль спраўляліся восеньскія вяселлі, шчаслівыя сваты задаволена канстатавалі: «На Лукаша – дзеўка наша».
Прыкмета: бледны і каламутны месяц 31 кастрычніка – чакай дажджу або снегу, магчымыя таксама маразы.
One fine body…