24.05.2020
24.05.2020

40 дзён… Боль нясцерпны…

logo
Думкі ўслых
0 141
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Я ведала… Я адразу гэта ведала… Як толькі страціла сваю дарагую мамачку. Няпраўда, што час лечыць. Няпраўда, што пасля 40 дзён быццам робіцца лягчэй. З чаго б?! Я плачу ўголас штодня дзясяткі разоў… Галашу, захліпаючыся слязьмі. Мая мамачка стаіць перад унутраным зрокам. Цяжкі час. 40 дзён…

І ўсе гэтыя дні я, атэіст-рэаліст, штовечар, кладучыся спаць, прашу… У Бога, у вышэйшай сілы? Не ведаю… Прашу, каб супакоіў душу маёй мамачкі. Каб ёй добра было ТАМ. Каб нічога больш не балела. І яшчэ шчыра прашу, каб адпускалі яе да мяне. Каб яна прыходзіла хаця б у сне. Бо я так сумую… Без мамачкі проста невыносна!

Я пастаянна бачу, як мы з ёй гуляем па наваколлі… Як аглядаем і абмяркоўваем кожную дробязь… Як яна ідзе дахаты па дарозе, што бачная з акна. У сваім сінім паліто, якое ёй так пасуе, шэрай шапцы, купленай гэтай зімой, сінім з белым шаліку, які падаравала ёй малодшая ўнучка Юля. Я часта ёй казала, якая яна прыгожая ва ўсім гэтым…

І я цяпер раз-пораз пазіраю на дарогу – у надзеі яе ўбачыць. Яна ж заўсёды вярталася да нас… Адусюль, дзе б ні была. Мы заўсёды былі на сувязі. На тэлефоннай, асабістай, унутранай…

А цяпер… Цяпер у мяне забралі бОльшую і лепшую частку мяне (прабачце, калі паўтараюся ў сваіх думках). Бо ўсё, што б я ні рабіла, было для мамачкі… Як мне жыць зараз??? Я не разумею… Мы пастаянна абдымаліся – проста так. Яна мяне шкадавала… Як жа яна мяне шкадавала! І што працую шмат, што стамляюся, што галаўны боль даймае… Пашкадуе – і лягчэй рабілася без таблетак…

А як яна клапацілася пра ўсіх нас! Усё – для нас…«Дочачка, Светачка, зайчык…» Мамачка мая любімая!!! Ты такая пяшчотная… Не магу сказаць – была. Не магу зразумець. Як гэта??? 48 з паловай маіх гадоў была, а зараз – няма?! Гэта проста якаясьці жахлівая памылка… Гэта ўсё няпраўда…

На могілках я проста патанаю ў слязах, пазіраючы на яе партрэт, з якога яна нам пасміхаецца. Мамачка, ты не можаш быць тут. Толькі не ты!!!

Мне так хочацца адчуць, што яна побач… Хаця б знак які… І – нічога. Гэта так балюча! Я толькі тры разы бачыла яе ў сне і адзін раз чула яе голас. Не лічачы мінулай ночы.

Напярэдадні, падчас падрыхтоўкі да 40 дзён, хаця і былі за памінальным сталом толькі свае (каранавірус! самаізаляцыя!), шмат перарабіла хатняй працы. Дужа стомленая клалася спаць. Але не забылася шчыра папрасіць, каб мая мамачка да мяне прыйшла.

… Я сплю. І чую, як за сцяной, у мамінай спальні… Тата размаўляе з мамай. Я – туды. І бачу, што мамачка ляжыць, накрытая коўдрай. Я – да яе: «Мама, мамачка мая!» Яна ўсміхаецца, называе мяне дочачкай. Я цалую яе ў шчокі і адчуваю… Што прачынаюся…

На гадзінніку – 2.13. Кароткі сон, хвіліны на 2. Але ж я пабачыла маю мамачку… І я дакладна ведаю, што на 40 дзён яна была дома, была з намі. За ўсім назірала, усё чула. Што мы казалі пра яе, як плакалі… Спадзяюся, што мы ўсё зрабілі правільна. Што яе душа засталася ўсцешанай.

Мяне папракалі ўжо ў тым, што я так плачу… Што выказваю свае пачуцці на людзях. Прабачце, я проста не магу трымаць гэта ў сабе! Што магу, тое трымаю… А гэта проста на разрыў!

Чытаючы сумныя паведамленні пра тое, як раптоўна ад каранавіруса паміраюць людзі, нават не старыя зусім, я шчыра суперажываю іх блізкім. Бо ведаю: яны таксама адчуваюць нясцерпны боль. І яго таксама трэба выказваць.

І гэты крык душы – не толькі ў памяць маёй любай мамачкі, але і ўсіх тых, каго страцілі іншыя. Мае самыя шчырыя спачуванні… Так, гэта жыццё, і нічога не змяніць нам у такім раскладзе. Але як жа балюча!!!

40 дзён… Я так спадзяюся, што цяпер мамачка зможа часцей мне сніцца! І вельмі спадзяюся, што калі-небудзь мы сустрэнемся з ёй ТАМ. Што гэтае ТАМ усё ж такі існуе… Інакш увогуле невыносна…

Мамачка мая, я так цябе люблю! Прыходзь да мяне, калі ласка! Ты ж мне гэта паабяцала… Няхай сто разоў скажуць, што так нядобра і няправільна… А я яшчэ раз насуперак усім скажу: ад маёй МАМАЧКІ ніколі і нічога не можа быць дрэннага…

Калі ласка, памяніце добрым словам маю мамачку, Адамовіч (Кавалёву) Ніну Іванаўну. І памаліцеся за яе душу. Хто ведае, як трэба, і хто ўмее. А для мяне яна заўсёды жывая… І яна заўсёды са мной…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 141

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".