03.05.2019
03.05.2019

А гайда па крапіву! Вельмі смачную траву!:)

logo
Карысныя прадукты
0 71
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці ведаеце вы, што ў Англіі ўжо больш за 20 гадоў праводзіцца чэмпіянат (!!!) па паяданню… крапівы?! Хацелі б паўдзельнічаць? Асабіста я – не, бо ў мяне і ад выпадковага дакранання на руках адразу пухіры з’яўляюцца. А яшчэ ў Англіі з крапівы робяць… віно! Зацікавіліся? Хацелі б зрабіць таксама? Тады – наперад, па пякучку! Для трох літраў віна яе трэба назбіраць усяго толькі… 40 кілаграмаў!:)

Нарэшце і мы прычакалі зеляніны. Дзьмухаўцы цвітуць, крапіва раскашуе… Самы час яе, маладзенькую, нарваць ды не на віно пусціць, а зварыць першую страву. Паколькі ў беларускай мове няма слова «щи», а ёсць толькі адпаведнікі «капуста» альбо «бацвінне», назаву нашу ўлюбёную страву проста: суп з крапівы.

Вось любяць яе ў нашай сям’і – і ўсё тут! «Гэта… ад беднасці?!» – чула і такое пытанне. Не-а… Гэта – ад турботаў пра здароўе! Хочацца вітамінаў натуральных ды мікра-макраэлементаў. А іх тут, як сцвярджаюць даследчыкі, багата. Гэта і вітаміны А, В, С, Е, К, і медзь, марганец, жалеза, бор, нікель… Ёсць чым захапіцца! Калі няма супрацьпаказанняў да ўжывання, вядома ж.

Але спачатку – пра станоўчае.

Крапіва, па прызнанні тых жа даследчыкаў, ужываецца з мэтай прафілактыкі і лячэння анеміі, узмацнення стрававання і паляпшэння абмену рэчываў, выводзіць шкодныя рэчывы з арганізма… І ўвогуле, гэта – своеасаблівы полівітамінны канцэнтрат. І, па меркаванні вучоных, крапіва нават здольная паніжаць узровень цукру ў крыві.

Але… Як заўсёды – ёсць «але»…

На жаль. Нельга ўжываць крапіву ў любым выглядзе тым, хто церпіць ад мочакаменнай хваробы, захворванняў нырак. Паколькі яна павышае згусальнасць крыві, нельга есці гэтую траву пры варыкозе. Цалкам забаронена яна пры цяжарнасці і дзецям да трох гадоў. А вось маладым мамам, якія кормяць, есці яе можна і трэба. Калі, вядома ж (і гэта адносіцца да ўсіх), няма на крапіву алергіі.

Ну, а тым, каму можна…

Наперад, па карысную пякучку! 40 кілаграмаў збіраць не трэба. Так, добры жмут, каб на суп для сямейнікаў хапіла. І не забудзьцеся пальчаткі! Інакш і есці пасля не захочацца… Па крапіву накіроўваемся ў экалагічна чыстыя месцы. Не збірайце яе ў непасрэднай блізкасці ля ажыўленых транспартных шляхоў, на звалках і г.д. Да таго ж, яна павінна быць яшчэ маладой. Інакш не пражуеце! І карысці ад старой будзе няшмат.

Сабралі, перабралі ў пальчатках?! Можна пачынаць гатаваць. Як заўсёды смяюся, самае смачнае ў супе з крапівы – гэта… курынае мяса! Плюс яйка. Плюс смятана. «Э, дык гэта суп з сякеры?!» – скажаце вы. Ну, не зусім. Чыстую крапіву есці не так ужо і цікава. Хаця можна. Але ж мы не ў Англіі…

Суп з крапівы

Суп з маладой крапівы

Інгрыдыенты

  • 100 г крапівы
  • 100 г  бульбы
  • 220 г мяснога булёна або вады
  • 5 г зеляніны пятрушкі і кропу
  • рэпчатая цыбуля і морква
  • кавалачкі адварнога яйка
  • смятана
  • соль, спецыі

Прыгатаванне

Пачынаем з прыгатавання булёну з курыцы (хто з якіх яе частак прывык гатаваць).

Пасля закіпання ў ваду, апрача птушкі, дадаем таксама цыбуліну з шалупіннем, нарэзаную долькамі моркву і каранёвую пятрушку.

Праз гадзіну булён здымаем з агню, працэджваем. Мяса курыцы разбіраем на дробныя кавалачкі і разам з морквай ды пятрушкай вяртаем у булён.

А за той час, пакуль ён гатуецца, маладую крапіву старанна прамываем, апускаем у салёны кіпень, адварваем да мяккасці (у іншай каструлі пры адчыненай накрыўцы).

Адкідваем на друшляк, абдаем халоднай вадой.

Адціскаем, дробна рэжам, апускаем у булён. Перамешваем і даем яшчэ хвілін 5 пагатавацца...

У талеркі змяшчаем кавалачкі адварнога яйка, зеляніну. Наліваем суп, дадаем смятану і…

Смачна есці!

«Фактычна рэстаранная страва!» – жартуюць заўсёды ў нашай сям’і. Зрэшты, магчыма, дзесьці і ў Мінску можна адшукаць у рэстаранах такую, прама скажам, экзотыку. Раней жа на вочы трапляла інфармацыя, што няма ў Беларусі пастаўшчыкоў крапівы, якая ж яшчэ павінна прайсці экспертызу… А вось у Кіеве быццам бы такі суп можна заказаць. Але навошта нам аддаваць грошы ў тых жа рэстаранах, калі першую страву з крапівы рэальна прыгатаваць самім?! І танней, і смачней, і… Колькі хочаш! Ці не так?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 71

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".