Як я казала ўжо раней, што ні дзень, то якоесьці свята… Народнае, царкоўнае, афіцыйнае, неафіцыйнае. А то і проста прыцягнутае за вушы! 🙂 Але як натрапіцца на вочы інфа пра яго, мімаволі пачынаеш задумвацца, прыслухоўвацца, штосьці рабіць ці, наадварот, не рабіць. Так і сёння, 20 лістапада, на Фядота. Гэты дзень у народзе называлі – Фядот Ледастаў, Фядот Карчомны.
Даўней, калі надвор’е было стабільным і ніякі парніковы эфект ці глабальнае пацяпленне людзям яшчэ не пагражалі, на Фядота зазвычай на рэках ды вадаёмах ужо ўсталёўваўся першы лёд. І гэта для нашых продкаў было доўгачаканай падзеяй.
Чаму?! Ды таму, што можна было распачынаць вандроўкі ў патрэбныя мясціны па лёдзе, а не чакаючы штохвілінна, што разам з возам, канём і ўсім дабром правалішся ў якую багну. «Рэкі лёдам пакрыліся – зімовыя дарогі адчыніліся». Памятаеце «Палескую хроніку» Івана Мележа?!
Ды і ў наш час хапае аддаленых населеных пунктаў, размешчаных так, што ў сезон восеньскіх дажджоў яны атрымліваюцца сапраўды адрэзанымі ад «вялікага свету». Ну, і даўней падлёдная рыбалка магла пачынацца ўжо там, дзе лёд быў хаця б 5 сантыметраў таўшчынёй.
У гэты час пільна прыглядалі за дзецьмі. Бо часцяком лёд быў яшчэ крохкім, няўстойлівым. Таму бацькі не пускалі сыноў ды дачок гуляць да рэчак-вадаёмаў.
А што кажуць нам народныя прыкметы? Што заўважалі нашы продкі на Фядота, калі да зімы (у іх – практычна сапраўднай, у нас – хаця б каляндарнай) было зусім блізка?
«Калі галкі крычаць-турбуюцца – быць снегападу». Ну-у-у-у… Паглядзім, быць ці не. Пакуль у прагнозе сапраўды бачу невялікі мокры снег, але ў чацвер. Цікава, лічыцца ці не?! 🙂
«Калі на Фядота выпаў вялікі першы снег на сырую зямлю, дык чакай ураджай жыта». Паглядзім-паглядзім. І на першае, і на другое. А пакуль завязваем вузельчык на памяць.
«Пеўні шмат спяваюць – да цяпла». Ну-у-у-у, наколькі я заўважала па суседскіх на дачы, яны заўсёды шмат спяваюць. 🙂 Бывае, як наладзяць пераклічку, дык толькі і марыш, каб яна хутчэй скончылася. А то ледзь не над вухам: «Кукараку-у-у-у-у!» А наконт цяпла… Дык нам яшчэ толькі-толькі пахаладанне абяцаюць.
«Калі цяжарная жанчына ў гэты дзень будзе маліцца, паводзіць сябе сціпла і добразычліва, дык дзіця народзіцца здаровае». А вось і фактычна кіраўніцтва да дзеяння, праўда?!
І адваротнае: «Калі цяжарная будзе есці похапкам, дык яе дзіця ўсё жыццё будзе неспакойным. А калі ў гэты дзень яна будзе шмат спаць, дзіця вырасце гультаём». І хто ж яго ведае… Раптам, і праўда працуе?! Усяго толькі прыкмета?!
А яшчэ Фядот лічыцца апекуном жаночага рукадзелля. Праўда, якоесьці дзіўнае стаўленне ў яго да розных відаў народнага мастацтва-творчасці. Напрыклад, прасці і ткаць сёння – калі ласка! А вязаць – нельга. А цяпер скажыце мне: ці шмат сярод нас тых, хто садзіцца цяпер за кросны? А аматараў вязання?! Ну дык вось жа… Але, як і падчас Калядаў, давядзецца падначаліцца… На ўсялякі выпадак.
Так што сёння кросны, кросны і толькі кросны! 🙂 Ніякіх клубкоў ды пруткоў! Дарэчы, даўнейшыя майстрыхі верылі, што калі сёння напрадуць-наткуць шмат, дык і ўсё зімовае рукадзелле будзе ўдалым.
А паколькі надыходзіць перыяд надвор’я непрадказальнага… Калі то слата, то замаразкі… І мы трапляем па некалькі разоў на дзень з цяпла – у холад, а з холаду – у цяпло… Дбаем пра ўласнае здароўе! Каму – прышчэпкі, каму – БАДы з вітамінамі, каму – траўкі з лекавай гарбатай… Галоўнае – турбуемся і клапоцімся пра сябе і сваіх блізкіх! Будзьце здаровыя!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by