Магчыма, аматары гэтай залатой (у ідэале) пары года ўжо рыхтуюцца да яе сустрэчы з хлебам-соллю – паслязаўтра. Іншыя ж, загарнуўшыся на канапе ў цёплы плед і адвярнуўшыся да сцяны, у паўсне шэпчуць: «Не хачу…» Ды толькі незалежна ад нашых жаданняў і хаценняў спадарыня Восень усё роўна прыйдзе. Калі ў рэале – невядома (а можа, мяркуючы па надвор’і апошніх дзён жніўня – ужо?!). А па календары – паслязаўтра. 1 верасня. Дзень ведаў.
Чытаю тое, што пісала роўна год таму… Ну што тут скажаш... Што тычыцца надвор’я, дык гісторыя паўтараецца. А што тычыцца агульнага настрою ды самаадчування… Эх!
Калі бабіна лета, маладое і сталае, нас сёлета не парадуе, значыць, надыходзіць час цёплых касцюмаў, калготак і шкарпэтак, куртак і шалікаў, парасонаў… І трэба ўжо добра захінацца ад скразнякоў, бо, здаецца, наш арганізм толькі і чакае верасня-кастрычніка-лістапада, каб расклеіцца… Але сёлета нам давядзецца насцярожана прыслухоўвацца да яго. Прастуда? Дакладна яна? А часам гэта не (???)… Не будзем вымаўляць услых… Цьфу-цьфу-цьфу! Эх – другі раз!
Вось ужо і электрычнасць трэба запальваць нашмат раней па вечарах. А хутка і ўранні будзе цёмна. І трэба зараней настройвацца на такія цёмныя дні і ночы… Грэцца пледам ды гарбатай… Альбо прапіць яшчэ да сезону прастуды курс «Фітагору»…
Па пэўных прычынах асабіста я ўжо не будую планаў. Ні на восень, ні на зіму… Няхай ідзе, як ідзе. Паглядзім, куды завядзе… А вы? Будуеце?! І што ў прыярытэце?!
Нашыя продкі, напрыклад, засыпаўшы збажыну ў засекі і адсвяткаваўшы заканчэнне жніва, працягвалі шчыраваць на ўласных палетках. Наперадзе іх чакала прыбіранне ўраджаю бульбы ды іншай гародніны, позняй садавіны… І, вядома ж, народныя святы са сваімі абрадамі ды традыцыямі.
Вось апошнія ніяк нельга было прапусціць, бо людзі верылі, што ад гэтага залежыць дабрабыт сям’і, здароўе сямейнікаў, будучы ўраджай, пра які пачыналі дбаць фактычна пасля прыбірання папярэдняга.
Таму ўшаноўвалі Кіпрыяна, на якога журавы збіраюцца ў вырай, і Тадору, на якую лета заканчваецца…Спраўлялі Багач і не хадзілі ў лес на Узвіжанне, калі змеі разам спаўзаюцца…Звярталіся да Мацея як абаронцы ад п’янства і Баўтрамея, які апекаваўся над азімым жытам… І пра ўсё гэта мы з вамі даведаемся падрабязна. У свой час. У верасні.
А сёння і заўтра яшчэ цешымся ўсведамленнем, што мы знаходзімся ў леце. Прынамсі, тыя, для каго змена сезонаў важная, хто адчувае яе духоўна і фізічна.
І пра што ўжо час прыгадаць? Канешне ж, пра добра вядомае! Пра тыя самыя прагулкі, якія можна наладжваць раніцай і ўвечары (адпаведна, ідучы пехатою на працу і з працы), а таксама ў абедзенны перапынак…
Каму лянота пераходзіць па спасылцы, кораценька нагадаю, што прагулкі ў любое надвор’е:
- Паляпшаюць настрой і пазбаўляюць ад стрэсаў.
- Станоўча ўздзейнічаюць на працу мозгу, канцэнтрацыю і памяць.
- Адчувальна ўплываюць на здароўе.
- Напаўняюць энергіяй.
- Паляпшаюць сон.
Можна таксама пачаць загартоўвацца, пакуль у кватэры яшчэ адносна цёпла… Памятаеце, што ў гэтай справе галоўнае? Што арганізм прывучаецца падтрымліваць пастаянную тэмпературу цела пры розных умовах знешняга асяроддзя.
Ну, і мне асабіста ўсё ж такі хочацца закупіцца памідорамі, бо сваіх сёлета пазбаўленыя з-за патопу на дачным участку… І… што зрабіць? Правільна, вельмі карысны для арганізма таматны сок! Апрача таго, што ён смачны, ім жа яшчэ і лячыцца можна. Каму цікава, пераходзім па спасылцы!
Ну вось… Сказала, што планаў не будую, а ўжо тое-сёе, атрымліваецца, запланавала. Значыць, трэба выконваць. Альбо хаця б паспрабаваць.
Усім аматарам восені – добра сустрэць яе паслязаўтра! А прыхільнікам лета – правесці яго апошнія дні з карысцю. Да сустрэчы ў верасні на старонках блогу «Думкі ўслых»!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by