Ну вось мімаволі зайздросціш, бывае, тым, у каго ўвесь год – лета! 🙂 Хаця і разумееш, што вечнае лета таксама надакучвала б. Асабліва, калі з дзяцінства зведалі, што такое снежныя зімы. Але-але… То зайздросна (ха-ха!) тым, у каго мімоза на 8 Сакавіка расце проста на вуліцы… Ірві – не хачу. А то тым, хто ў сакавіку збірае… ананасы! 🙂 Тым больш, што сёння – Сусветны дзень ананаса! Хачу ў Бразілію! 🙂
Насамрэч гэта жарт, і ў Бразілію, на радзіму ананасаў, я не хачу дакладна. Што ж тычыцца самога ананаса… Даўней, калі гэтая экзотыка толькі-толькі з’явілася, набывалі яго да святаў. Ананас на Новы год?! Круцяк! Між іншым, кажуць, што ў Кітаі сям’я не садзіцца на Новы год (кітайскі, вядома ж!) за стол, пакуль на ім не будзе ананаса.
А ў нас было і тут сваё «але»… Часцяком фрукт трапляўся недаспелым, салодкасці ў яго практычна не мелася (а гэта быў час трох лыжак цукру ў гарбату! Ну, вы разумееце…). І асаблівага задавальнення ад спажывання – таксама. Таму зараз да ананаса асабіста я дыхаю роўна. 🙂 А вось марынаваны – люблю. Асабліва ў салаце.
Першае ж знаёмства з ананасам адбылося яшчэ падчас майго шчаслівага дзяцінства ў Савецкім Саюзе, калі ў кіёск, што гандляваў марозівам і размяшчаўся акурат насупраць школы, завезлі ананасы, замарожаныя кавалачкамі. Вось адразу смак спадабаўся! А пра карысць ананаса, вядома ж, даведаліся значна пазней.
А ці ведаеце вы, што ў Расіі ў свой час ананас… тушылі, варылі і гатавалі з яго першую страву?! 🙂 Асабіста ў мяне і думкі зараз такой не ўзнікае. А ў вас?! Экзатычны фрукт, і ўсё на гэтым. Спажываць – адпаведна.
Думаю, многія ўжо шмат гадоў ведаюць, што ўжыванне ананаса, соку з яго (толькі натуральнага!) спрыяе пазбаўленню ад лішняй вагі. Хаця, вядома ж, на адных ананасах не пахудзееш. Ды яшчэ ў тых месцах, у якіх хочаш… 🙂 А чым жа яшчэ ён карысны для нас?
У ім утрымліваюцца практычна ўсе вітаміны групы В, вітамін С. Ёсць фермент брамелайн, які спрыяе расшчапленню бялку. У ананаса нізкі глікемічны індэкс. Яго могуць спажываць хворыя на цукровы дыябет.
Марганец і магній, фосфар і натрый, жалеза, калій і кальцый – усё гэта, па сцвярджэнню даследчыкаў, у ананасе маецца. Плюс клятчатка, якая дапамагае пазбавіцца ад запораў.
А што тычыцца нормы… Урачы раяць спажываць не больш за 200 грамаў ананаса ў дзень. І гэта, між іншым, цэлая сутачная норма аскарбінкі.
Але! Толькі не людзям з гастрытам, павышанай кіслотнасцю і язвай страўніка. Забаронена! Паводле некаторых даследаванняў, не варта есці гэты фрукт і цяжарным. Астатнім, як заўсёды, асцярожна і прыслухоўваючыся да рэакцыі ўласнага арганізма. Бо магчымыя праявы алергічных рэакцый.
«Ну вось, так добра ўсё пачыналася, – могуць закапрызіць некаторыя, – а цяпер суцэльныя абмежаванні і папярэджанні». Ну, нічога не зробіш. У такі час мы жывем…
А вы любіце смузі?! Тады гэты рэцэпт – для вас!
Інгрэдыенты:
- Свежы ананас – 200 г.
- Банан – 1 шт.
- Шпінат – 300 г.
- Вада – 300 мл.
Прыгатаванне:
- Парэзаць ананас і банан кубікамі.
- Пакласці ў блэндар.
- Дадаць шпінат і ваду.
- Здрабніць-перамяшаць да аднароднай масы.
Смачна піць! 🙂
Хаця я, па шчырасці, абышлася б тут без шпінату… 🙂 Ды і не так часта ён з’яўляецца ў крамах нашага гарадка…
Цікава было б паспрабаваць вырасціць ананас дома – з хвосціка. Ведаю, што ў некаторых умельцаў гэта атрымліваецца. Уяўляю сабе, як цікава назіраць да ростам і развіццём пасаджанага! Але там столькі ўмоў трэба захаваць… Прычым для пасадкі падыдзе хвосцік толькі са спелага ананаса.
Я б, мабыць, паспрабавала б вырасціць ананас з насення. Гэта неяк мне бліжэй. Але пакуль што не бачыла ў продажы такога экзатычнага насення. А можа, проста не прыглядалася?! 🙂 А вы?!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by