15.03.2021
15.03.2021

Абязводжванне: прычыны, сімптомы, метады прафілактыкі

logo
Хваробы ад А да Я
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адным з асноўных фактараў для забеспячэння нармальнага функцыянавання арганізма з'яўляецца задавальненне патрэбы ў вадзе.

Стан, пры якім арганізм губляе больш вады, чым спажывае, называецца абязводжваннем. Кожны з нас, без перабольшання, хаця б раз з ім сутыкаўся.

Абязводжванне. Хаця б аднойчы адчуваў кожны.

Пачуццё смагі пасля інтэнсіўнай трэніроўкі, працяглага знаходжання на сонцы альбо ў душным памяшканні ці проста пасля доўгага ўстрымання ад піцця – першы сігнал арганізма аб перарасходзе вадкасці і яе дэфіцыце.

Праблема, як правіла, знікае сама па сабе пасля наталення смагі. Але бываюць і іншыя сітуацыі, калі абязводжванне арганізма настолькі вялікае, што прыводзіць да парушэння працы органаў і сістэмаў, а часам нават спалучанае з рызыкай для жыцця.

Якія прычыны абязводжвання? Чым характарызуецца цяжкая ступень дэгідратацыі? Як аднавіць баланс у арганізме пры вадкасных і электралітных парушэннях? І як прыгатаваць у хатніх умовах раствор аральных рэгідратацыйных соляў для прафілактыкі цяжкага абязводжвання? Даведайцеся з нашага матэрыялу.

Прычыны абязводжвання і групы рызыкі

Кругаварот вады ў арганізме – абсалютна нармальная з'ява, з якой мы сутыкаемся штодня. Наш арганізм губляе вільгаць разам з потам, мачой, слязьмі, падчас дыхання... Гэта натуральныя страты, якія гэтак жа натуральна папаўняюцца разам з ежай і пітвом, якія мы рэгулярна ўжываем.

Але ў некаторых сітуацыях аб'ёмы стратаў вады значна павялічваюцца, і каб іх кампенсаваць, давядзецца прыкласці значна больш намаганняў. Пры цяжкім абязводжванні неабходная медыцынская дапамога, паколькі такі стан можа ўяўляць пагрозу для жыцця.

Абязводжванне. Натуральныя страты вады арганізмам і яе папаўненне.

Прычынай абязводжвання могуць стаць:

  • Панос, ваніты. Вострая дыярэя, якая ўзнікае раптоўна і рэзка, можа выклікаць вялікую страту вады і электралітаў за кароткі прамежак часу. Калі апроч дыярэі прысутнічаюць і ваніты, страты вадкасці і мінералаў павялічваюцца.
  • Высокая тэмпература, ліхаманка. Як правіла, чым вышэйшая тэмпература, тым мацнейшае абязводжванне. Рызыка дэгідратацыі вырастае ў разы, калі ліхаманка суправаджаецца дыярэяй і ванітамі.
  • Празмернае потавыдзяленне, гіпергідроз. Вадкасць выводзіцца з арганізма разам з потам. Пры нармальным потавыдзяленні гэтыя страты лёгка кампенсуюцца. Але калі вы пакутуеце ад гіпергідрозу альбо знаходзіцеся ва ўмовах, якія правакуюць празмернае потавыдзяленне (інтэнсіўныя фізічныя нагрузкі, гарачае і вільготнае надвор'е і г.д.), пры гэтым не маеце магчымасці ў поўнай меры задаволіць патрэбы ў вадзе, рызыка абязводжвання ўзрастае.
  • Пачашчанае мочаспусканне. Гэты стан можа быць звязаны з невыяўленым альбо некантралюемым цукровым дыябетам. Асобныя лекавыя сродкі, такія, як дыурэтыкі і некаторыя лекі ад артэрыяльнага ціску, таксама могуць павысіць рызыку абязводжвання, бо валодаюць мачагоннымі ўласцівасцямі і правакуюць залішняе вывядзенне вадкасці з арганізма.

Абязводжванне. Прычыны абязводжвання.

Пры неспрыяльных умовах, якія складваюцца, найбольш схільныя да рызыкі абязводжвання:

  • Немаўляты і малыя дзеці, у тым ліку і таму, што не заўсёды могуць паведаміць пра смагу і не ў стане задаволіць яе самастойна.
  • Сталыя людзі. З узростам запас вадкасці ў арганізме памяншаецца, зніжаецца здольнасць захоўваць вільгаць, прытупляецца пачуццё смагі. Гэтыя абставіны пры высокай тэмпературы, дыярэі, пачашчаным мочаспусканні толькі пагаршаюць праблему.
  • Людзі з хранічнымі захворваннямі, да ліку якіх адносіцца некантралюемы цукровы дыябет, захворванні нырак, дэменцыя, артэрыяльная гіпертэнзія. Абвастрэнне хранічнага танзіліту і нават звычайная прастуда, якая суправаджаецца болем у горле, таксама павялічваюць рызыку абязводжвання, паколькі выклікаюць болевыя адчуванні пры ежы і піцці, адпаведна, прыводзяць да адмовы ад іх.
  • Людзі, якія працуюць альбо займаюцца спортам ва ўмовах высокіх тэмператураў і вільготнасці, пры гэтым не выконваюць пітны рэжым.

Сімптомы ўмеранага і цяжкага абязводжвання

Самая галоўная прыкмета, якая сведчыць пра дэфіцыт вады ў арганізме (а пры лёгкай ступені абязводжвання часцяком адзіная), – смага. Але чым большыя страты вады, тым мацнейшая смага. Гастраэнтэролаг, к.м.н. Алена Адаменка пералічыла, якія сімптомы могуць сведчыць пра дэгідратацыю, якая запатрабуе спецыяльных намаганняў для яе прадухілення.

Пры ўмеранай ступені абязводжвання да пачуцця смагі дадаюцца наступныя сімптомы:

  • Сухасць, адчуванне «ліпкасці» ў роце.
  • Галаўны боль, лёгкае галавакружэнне.
  • Адчуванне сцягнутасці і сухасці скуры.
  • Скарачэнне аб'ёму мачы.
  • Мача набывае цёмна-жоўты колер.
  • Могуць з'явіцца мышачныя сутаргі.

Пра цяжкую ступень дэгідратацыі могуць сведчыць:

  • Змены ў паводзінах (экстрэмальныя мітуслівасць ці, наадварот, дрымотнасць).
  • Сухасць слізістых абалонак рота і вачэй.
  • Выяўленая сухасць скуры. Заціснутая двума пальцамі скурная зморшчына выпростваецца вельмі павольна.
  • Адсутнасць потавыдзялення.
  • Памяншэнне аб'ёму альбо поўная адсутнасць мачы.
  • Запалыя вочы.
  • Зніжэнне тургору скуры.
  • Нізкі крывяны ціск.
  • Пачашчанае сэрцабіцце.
  • Ліхаманка.
  • Страта прытомнасці.
  • Страта 10% масы цела і за больш кароткі прамежак часу.
  • У найбольш цяжкіх выпадках – трызненне.

Абязводжванне. Сімптомы цяжкага абязводжвання.

Сімптомы абязводжвання ў немаўлятаў і дзяцей малодшага ўзросту могуць крыху адрознівацца ад сімптомаў у дарослых.

Западозрыць абязводжванне ў малыша можна па наступных прыкметах:

  • Перасохлыя вусны, сухі язык.
  • Адсутнасць слёз пры плачы.
  • Сухі падгузнік на працягу 3 і больш гадзін.
  • Запалыя вочы, шчокі.
  • Мяккі запалы раднічок.
  • Празмерная дрымотнасць, раздражняльнасць.

Наяўнасць і ступень дэгідратацыі можна таксама вызначыць лабараторнымі метадамі, сярод якіх аналізы крыві і мачы і некаторыя іншыя.

Аднаўленне водна-солевага балансу і прафілактыка абязводжвання

Аптымальны спосаб пазбегнуць абязводжвання: заўсёды выконваць пітны рэжым.

Патрэбу чалавека ў пітной вадзе можна разлічыць па спрошчанай схеме, зыходзячы з індывідуальнай масы цела:

  • На першыя 10 кг масы цела неабходна 100 мл/кг.
  • На другія 10 кг масы цела – 50 мл/кг.
  • На астатнюю масу цела разлік робіцца па формуле 10 мл/кг.

Г.зн., здароваму чалавеку з масай цела 60 кг неабходна ў суткі не меней 1,5 л вады.

Абязводжванне. Патрэба чалавека ў вадзе.

Аднак, неабходна ўлічваць, што пры пэўных абставінах (хвароба, актыўныя заняткі спортам і высокая фізічная нагрузка, спякота і г.д.) і з улікам індывідуальных асаблівасцяў аб'ём спажыванай вадкасці можа быць вышэйшым.

Пры ўмеранай ступені абязводжвання проста вадкасці недастаткова, паколькі яна характарызуецца стратай не толькі вільгаці, але і электралітаў. Для таго, каб не дапусціць пагаршэння дэгідратацыі, эксперт рэкамендуе ў якасці пітва ўжываць аральныя рэгідратацыйныя растворы. Іх можна прыгатаваць самастойна ў хатніх умовах.

Для гэтага неабходна ў 1 літры вады развесці 1 чайную лыжку солі (без верху) і 8 чайных лыжак цукру. Пры ўмераным абязводжванні, як правіла, досыць 1,5 л раствору ў суткі.

Пры абязводжванні варта цалкам выключыць з ужывання:

  • Газаваныя напоі.
  • Пакетаваныя фруктовыя сокі.
  • Салодкія чай і каву.
  • Лячэбную гарбату і травяныя зборы, якія валодаюць стымулюючым, мачагонным альбо паслабляльным дзеяннем.

Абязводжванне. Што выключыць з ужывання.

Яны не спрыяюць аднаўленню воднага балансу, а наадварот, правакуюць дадатковае вывядзенне вадкасці і электралітаў з арганізма.

Пры цяжкай ступені абязводжвання катэгарычна забаронена займацца самалячэннем! Гэты стан патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі і ўнутрывеннага ўвядзення інфузійных раствораў. Цана пытання – жыццё чалавека.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».