Народзіны — гэта складаная культурна-гістарычная з’ява, частка народнага побыту і сямейнага ўкладу. Тут перапляталіся дахрысціянскія і хрысціянскія вераванні. Як даўней на Беларусі праходзілі роды, якія абрады і павер’і былі звязаныя з цяжарнасцю, парадзіхай і немаўляткам…
Нараджаць? Да бацькоў!
Цяжарным жанчынам забаранялася падстрыгаць валасы, пераступаць праз вяроўку, клубок нітак, што-небудзь зашываць і г.д. Цяжарная асцерагалася, каб выпадкова не надзець вопратку навыварат ці не ўскласці на сябе мужчынскае адзенне — тады дзіця магло нарадзіцца двухполым. Цяжарнай забаранялася хадзіць на пахаванні, глядзець на нябожчыка. Калі ж абставіны прымушалі зрабіць гэта, то традыцыя патрабавала завязаць чырвоную хустку ці прывязаць да пояса чырвоную нітку.
Жанчына, адчуваючы набліжэнне родаў, імкнулася, каб пра гэта ведала як мага менш людзей, асабліва дзяўчат. Лічылі, што прысутнасць кожнага старонняга чалавека павялічвае тэрмін родавых пакут.
У некаторых раёнах была завядзёнка, каб жанчына на час родаў вярталася ў хату бацькоў і заставалася там на 6–8 дзён пасля родаў.
У даўнія часы радзільных устаноў практычна не існавала. У канцы 19 стагоддзя ў мінскай гарадской лякарні для парадзіх быў толькі адзін пакойчык на два ложкі, а дзіцячых калысак там увогуле не было. У 1912 годзе ў Мінскай губерніі меддапамогу пры родах атрымлівалі толькі 4,43 % жынчын ад колькасці ўсіх родаў. Толькі эліта нараджала дома пад наглядам дыпламаваных акушэрак.
"Цып-цып-цып…"
Нараджалі і пасля 50 гадоў. У 1893 годзе ў Санкт-Пецярбургу выйшла манаграфія доктара мед. навук А. А. Сіцылінскага «Акушерская помощь в Минской губернии», дзе ён апісвае свой досвед працы з 1880 па 1889 гады. Роды да 20 гадоў доктар аднёс да заўчасных, таму што пры іх было зафіксавана больш за ўсё смяротных выпадкаў. Да ранніх родаў былі залічаны роды ва ўзросце ад 20 да 25 год, своечасовымі і добрымі — ад 25 да 35 год, несваечасовымі — ад 35 да 50 і познімі пасля 50 год. Па назіраннях даследчыка, чым большы быў узрост парадзіхі, тым менш было смяротных выпадкаў. Менш за ўсё трагічных выпадкаў за гады даследавання адбылося ў жанчын ад 35 да 40 гадоў.
У час родаў жанчыну стараліся змясціць у незанятую палову дома, у лазню ці ў гумно. Калі які-небудзь чалавек у час родаў заходзіў у дом, то не павінен быў выходзіць да іх заканчэння, калі ж у гэтым была пільная патрэба, то ён абавязаны быў пакінуць што-небудзь для дзіцёнка.
Дзеля прыспешвання родаў жанчыну прымушалі пераступіць праз тры парогі, або праз раскладзеныя мужчынскія штаны, або праз начоўкі. Калі ўжо змучаная парадзіха не магла стаяць, то яе пад пахі асцярожна падвешвалі да столі.
Бабкі, стоячы вакол яе, прыгаворвалі: «Крутыя горы ў кучу сыйдзіцеся, у рабе божай косці разыйдзіцеся!». Каб хутчэй выходзіў паслед, бабка садзілася перад парадзіхай і клікала яго, прыгаворваючы: «Цып-цып-цып…».
Бывала, каб паскорыць схваткі, над галавой парадзіхі стралялі са стрэльбы. А каб роды прайшлі своечасова і без затрымак, у памяшканні, дзе яны адбываліся, адчынялі дзверы, адмыкалі замкі, падымалі накрыўкі ў куфры, адсоўвалі юшку ў коміне, завешвалі вокны, гасілі агонь. Таксама развязвалі ўсе вузлы на адзенні не толькі ў парадзіхі, але і ў бабкі. Пры цяжкіх родах прасілі святара адчыніць у храме царскую браму і даць пояс, які той выкарыстоўвае ў час богаслужэння для падпаясвання падрызніка. Такім поясам апаясвалі жывот парадзіхі.
І муж пры справе
Роды лічылі шчаслівымі, калі пры іх прысутнічаў муж, але такое здаралася зрэдку.
У канцы 19 стагоддзя ў некаторых раёнах, найбольш на ўсходзе Беларусі, яшчэ існаваў старадаўні звычай «кувада».
Ён уяўляў імітацыю родавых пакутаў мужам парадзіхі. Паводле старажытных павер’яў, такім чынам мужчына зацвярджаў сваё права на дзіцёнка. Падчас гэтага абраду муж клаўся на палацях ці на якім іншым высокім месцы. Павітуха прывязвала вяровачку за ягоны полавы орган і працягвала яе да ложку парадзіхі. Як толькі жанчына пачынала стагнаць, бабка, што знаходзілася каля яе, кратала вяровачку, і гэта выклікала стогны ў мужчыны. Існавалі і іншыя звычаі, калі мужу давалі лыжку солі або разбівалі гаршчок на яго жываце.
Што рабілі з пупавінай
Пасля родаў жанчыне змазвалі жывот маслам. Бабка пераваязвала пупавіну і купала немаўля. У некаторых раёнах на роды запрашалі дзвюх бабак — родавую і прыёмную. Першая дапамагала ў час родаў, а другая перавязвала пупавіну і купала.
Пупавіну звычайна перавязвалі пасмачкай лёну або суровай ніткай. Часам да яе дадавалі яшчэ адну чырвоную нітку. Пупавіну хлопчыка перавязвалі на сякеры ці на дубовай калодзе, а дзяўчынкі — на верацяне ці на ліпавай калодзе. Яе загортвалі ў тканіну, дзе разам з ёй клалі кавалачак хлеба і соль. Потым усё гэта закопвалі пад якім-небудзь дрэвам, а часам пупавіну хлопчыка хавалі на куце на гарышчы, а дзяўчынкі — каля печы. Імя народжанаму давалі ў адпаведнасці з царкоўным календаром.
У некаторых мясцінах, калі дзіцяці спаўнялася 3 гады, а часцей 7 гадоў, яму давалі развязаць вузельчык з пупавінай, каб такім чынам "развязаць свой розум". На Віцебшчыне хлопцу аддавалі пупавіну, калі ён ішоў у войска, а дзяўчыне — калі выходзіла замуж.
На лапату — і ў печ!
Яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя этнографы ў многіх раёнах Беларусі, асабліва на Палессі, фіксавалі дужа старажытны звычай «перапякання дзяцей». Калі немаўля нараджалася кволым, яго клалі на хлебную лапату і тройчы засоўвалі ў цёплую, без агню печ. Так рабілі і з падрослымі, але хворымі дзецьмі.
Абрад выконвалі такім чынам: бабка-знахарка на світанку прыносіла ваду з трох калодзежаў, замешвала на ёй цеста і пякла хлеб. Пасля выпякання хлеба клала дзіцёнка на хлебную лапату і ставіла яе на прыпечак. Калі бабка саджала лапату ў печ, то маці дзіцёнка тройчы абыходзіла вакол хаты. Пры гэтым яна кожны раз зазірала ў вакно і пытала: «Што ты, бабусю, робіш?». На Палессі знахарка адказвала: «Хліб гніцю», а на поўначы Беларусі — «Сушчы пяку».
Галоўнай мэтай такога абраду было быццам бы «дапячы» ў печы, якая ў міфалогіі заўжды была сімвалам жаночага чэрава, немаўля, што «не дапяклося» ва ўлонні маці. Таксама лічылі, што хвароба немаўляткі — «сушчы» — спальваецца ў печы і разам з дымам сыходзіць праз комін.
Пасля родаў сваякі і суседзі ішлі ў адведкі. Бацька немаўляці, свякруха ці маці парадзіхі запрашалі каго-небудзь у кумы — дзеля гэтага абавязкова выпякалі і неслі з сабой хлеб. У кумы ніколі не бралі бяздзетных і няхрышчаных людзей. Адмаўляцца быць кумамі было нельга, лічылася грахом. Асабліва ахвотна ішлі хрысціць пазашлюбных дзяцей, бо існавала павер’е, што такім кумам пасля хрышчэння дзіцяці ва ўсім будзе шанцаваць. Так, паводле павер’я, калі дзяўчына доўга не магла знайсці сабе пару, ёй раілі пахрысціць пазашлюбнага хлопчыка. І як толькі ён пачне хадзіць, ягоная хросная маці возьме шлюб.
https://bel.24health.by/dze-toj-dub-shto-dzyacej-dae-byasploddze-praz-pryzmu-belaruskix-narodnyx-uyaulennyau/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by