06.02.2024
06.02.2024

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 1 (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Як падумаю, наколькі неабдымны Божы свет! Жывуць у ім розныя жывёлы і птушкі – лятаючыя і поўзаючыя, плаваючыя і хадзячыя. І канечне ж, жывуць людзі – заможныя і нясчасныя, што спадзяюцца толькі на Збавіцеля ці нават на выпадак.  Адныя ў раскошы купаюцца, іншыя – апошні грошык на лусту хлеба эканомяць: кожнаму свая доля!

А ёсць яшчэ адна катэгорыя людзей – сярэдняя, якая працай сваёй і сама харчуецца, і аб хатніх жывёлах клапоціцца.

У адной вясковай хаціне, дзе падрасталі адзін пад адзін пяцёра дзетак, красавалася котка Аліса. Якое жыццё, якая раскоша, якое прыволле! Усяго ў яе ўдосталь: і ежы, і незалежнай свабоды, і нават слова сваё ў вялікай сям’і мела. Па хаце і панадворку заўсёды хадзіла ў гуморы, і прыязна ўсміхалася не толькі кожнаму члену сям’і, а і Сонейку, і лёгкаму Ветрыку і нават Шарыку. І ўсе, нават, здавалася самы злы на свеце сабачук Шарык,  адказвалі ёй сваёю ласкаю. На свае вушы чуў, што Шарык, як сапраўдны джэнтэльмен заўжды першым з ёю вітаўся: «Добрага ранку, Аліса!». Яна расплывалася ва ўсмешцы, гулліва адказвала на прывітанне і крочыла  па сваіх каціных справах, мурлыкаючы і паціраючыся сваімі рыжа-бела-чорнымі бліскучымі бакамі, і абвіваючы  пушыстым хвастом ногі шчырых ёй субяседнікаў, — мя-ў-ў-ў!

Сабака Шарык

— Як жа я табе ўдзячная, дарагі Чалавек! – казалі яе шчаслівыя блакітна-карычневыя вочы. — Колькі людзей бачылі нас на гарадскім сметніку-звалцы! Але каб табе каторы прылашчыў…

Мо з сотні катоў і котак, што сталі непатрэбнымі сваім гаспадарам дзень пры дні корпаліся-шукалі каб чагосьці паесці, а ты адзін мяне ўзяў на рукі. Не пабаяўся! Абагрэў, адмыў, накарміў.

— Паглядзіце на яго! – люта казалі яго паплечнікі па працы. — У яе скура ды косці, і блохі хутчэй за ўсё! Трымайцеся ад яго!

А ён прыхінаў жывы камячок да сябе, глядзеў яму ў згаслыя вочы, якія здзіўлена пазіралі на чалавека, як дараваны анёлак. І толькі рэдкія дрыжыкі гэтай істоты ўваходзілі ў грудзі выратавальніка халоднымі нажамі.

Суседзі таксама прымалі яго за дзівака: дзяцей жа сваіх поўны гарнец, а тут яшчэ і гэтае боскае стварэнне.

Але чалавека таго, як сапраўднага Гаспадара нічога не пужала: багацце меў – карову, цялушку, свіней ды трусоў, курэй ды індыкоў для сям’і і сваякоў. Сам меў добрае здароўе і цягавітыя рукі. І яшчэ два сыны беларусу Івану ў дапамогу ды жонка-руплівіца – і з меншымі ўпраўлялася, і ў садзе-агародзе ўсё ладам раскашавала, і сталавалася сямейка добра ўпацеўшы, як і ў працы.

І калектыўнай працай Гаспадар штодня не ганьбаваў, як і з дзецьмі пазабаўляцца…

— Дзякуй табе, мой Гаспадар! За тваю смеласць, ласку і дабрыню! Я цябе шчодра аддзячу, мяў -ў, мяў-ў.

Задавальненне і цікавасць, цеплыня і ласка людская вярнулі бадзялае кацяня да шчаслівага жыцця.

Хазяін і котка Аліса

— «Аліса, пайшлі да мяне пад коўдру», — штораз нашэптвала-клікала пяцігадовая Настачка, расчэсваючы і без таго пушыстую і бліскучую поўсць. — Што за жарты, мая харашуха? Хадзем! Мне ножкі пагрэееш!

Але котка заўжды адмаўлялася, ўдзячна вуркатала – му-у-р-р, му-у-р-р! Яна ведала, што карысці ў гаспадарскіх пабудовах ад яе прысутнасці  будзе куды болей: «і кот-чужынец не сунецца на маю тэрыторыю, і мышам не будзе паратунку» — разважала Аліса.

Тады дзеці частавалі сваю любіміцу «на дарожку» рознымі хатнімі прысмакамі, якія яна ўпадабала – каўбаскай ды малачком, тваражком, а калі і азёрнай рыбкай. А Віскас воддаль абыходзіла. Паеўшы з ахвотай, удзячна аблізвалася, лапкай мыла старанна роцік. Дзякавала кароткім: мяў-ў-ў. І сыходзіла на начное дзяжурства ў паветкі, адрыну, лазню.

Яна добра засвоіла мацярынскі наказ: «сама ўсяму вучыся: і ежу, пры неабходнасці раздабыць, і прытулак прыстойны знайсці, і абавязкова карыснай для каго-небудзь быць. Памятай: у кожнага – свае клопаты. А калі што – бяда розуму навучыць, і свайго дамагчыся здолееш. Пакуль бяды не знаеш, дык і розуму не маеш».

Аліса расла актыўнай і цікаўнай. Вось і зараз, вярнуўшыся з начнога дзяжурства, адразу – прыг на падваконне – уважліва і нават з пажадай назірае праз аконную шыбу за тым, як суседская чорная котка перацягвае цераз плот свой непаслухмяны вывадак.

Кацяняты пішчаць і працівяцца, брыкаюцца і валтузяцца між сабой. Толькі маці перацягне за карак першага і возьмецца за другога, як першы зноў падлезе ў шчыліну пад плотам, апынецца ў чужым кветніку і пачне хавацца, або пачынае кусаць маці за хвост ды цягаць за вушы братоў і сястрычак. Усе пяцёра аднолькава пушыстыя і бела-рыжыя.

Аліса 1

Аліса напачатку прыпадымаецца, робіць спінку горбікам, поўсць на ёй таксама ўздымаецца. Яна пачынае вурчэць, выказваючы сваю незадаволенасць малымі падшыванцамі.

— Во каб зараз яе выпусціў, — казаў сярэдні Грышка, — ураз навяла б дысцыпліну сярод непаслухмянага кацінага войска!

— Невядома! Разбегліся б куды каторы! І ўсё, амба! – заключыў сярэдні, але ён жа і старэйшы на дзесяць хвілін Алесь.

— Цікава, а дзе іх тата? — здзіўлена-запытальна азвалася Мілана. — Дзеці слухаюцца, калі строгасць з ласкаю павінны крочыць побач.

— Ну ты, малая, і сапраўды сямейны Макаранка! — падаў свой важкі голас сямікласнік Лявонка. — Нездарма кожны раз  бацькі кажуць: «Прыслухоўвайцеся да Міланкі! Яна дурнога не прамовіць».

Тым часам, Аліса ўжо хадзіла па падваконні. Відаць, думала пра тое, што не пашчасціла ў тым каціным сямейсте толькі бацьку, які не бачыць, наўрад ці  ўбачыць увогуле, як растуць свае шматлікія дзеці-нашчадкі. А можа з шыкоўнага і велічнага караля ён ператварыўся ў разбойнага Пірата, у якога адно вока і парваныя вушы, перабітыя лапы і выцвілая, з каўтунамі поўсць? — разважала Аліса.

— Бадзіня! Бач  ты, вялікай справы да дзетак сваіх яму няма! Лічыць: усё што мог, ім даў. Астатняму навучацца самі, праз асабістыя шышкі і сінякі. Гад які! Так яму і трэба!

Котка Аліса

… Успомніўся першы самастойны выхад на двор. Дзень стаяў сонечны і Алісе захацела выйсці ў сад. Хвалі свежага паветра, напоўненыя рознымі пахамі  і гукамі, нахлынулі на яе. Дастаткова вопытная котка нават прысела ад нечаканасці. Так многа новага: маладая шаўкавістая трава, скрозь яблыкі, грушы, вішні, чарэшні. А парэчак ды агрэсту ў гаспадароў – дужа багата. Наўкола – грады, цяпліцы, кіламетровыя палеткі бульбы. І паўсюль красуюцца кветкі, кветкі, кветкі… Пахі разносяцца на ўсю вуліцу. «І калі яны з усім гэтым упраўляюцца? Яшчэ і я ў іх, — разважала Аліса. — Вось дык задачка…»

Колькі пчолак на кветках! Вакол кожнай кветачкі – зумкаюць працавітыя пчолкі і гудуць махнатыя чмялі. А вунь, зусім побач гуляюць у тэніс зялёныя палявыя конікі. А вунь тоўсты махнаты вусень  паўзе па сваіх справах, не звяртаючы ўвагі на прысутных. А вось тоўсты і важны жук упэўнена трымае курс на невялічкую лужынку вады. А ў той лужынцы-люстэрку адбіліся і мордачка кацяняці і перакулены дагары нагамі лес і, здаецца, Аліса зараз у лесе з зялёным і тоўстым як маладая яловая шышка, жуком забаўляецца. Ах, якая мілота!

— Добры дзень, Жук! – павіталася Аліса. —Мяў-ў-ў!

— До-о-б-ры! А чаму добры?

— Добры, таму што цудоўны сонечны дзень, — вясёлым галаском адказала Аліса. — І табе таго ж жадаю! Ну, бывай здарова!

Жук з зычным гулам расправіў серабрыстыя крылцы, што скрываліся пад чорным панцырам, і знік у нябеснай сіняве.

— Вось і пагаманілі, — засмуцілася Аліса.

Яна праводзіла яго поглядам. Усміхнулася, быццам хацела адгадаць яго маршрут. Памыла лапкай тварык. Агледзелася. Навокал была адна трава, ого-го якая! У пояс і густая, як чалавеку схавацца, а не малому кацяняці. Барану прыстаў – то й не абваліць. Відаць, гэта гаспадарскі сенакос, — разважала Аліса. — Акрамя травы нічога не бачна: ні хаты, на агарода, ні сада, ні кветак з пчолкамі і чмялямі.

Котка

А сонейка так ласкава, так хораша пазірае на яе, маленькую праворную котку, як маці на сваё дзіцятка. Усюды льецца яго шчырае  святло і цяпло. Многа работы  залатому сонейку і ля ракі, куды толькі што прытэпала малое стварэнне.

Кацяня прымасцілася на прагалінку з малінавым шарам канюшыны, сярод неялікай шаўкавістай траўкі з краскамі. Глядзела на люстэрка вады, якое блішчэла-пералівалася  ажно да мігцення ў вачах. Аж ужо на сон пацягнула. Раптам, а божачка ж! Яна ўбачыла, як на супрацьлеглым бераг з вады высоўваеццв  спачатку нос, а потым круглая мокрая галава. Вылез на бераг. Хвост у звярка доўгі, прыплюснуты з бакоў. Страшыдла! Няйначай страшыдла, і ўсё тут. Ён быў можа крыху больш за яе, кошку. Але надта злы і кусачы. Па мордзе бачна: вылез і цікуе, каб спаймаць і з’есці каго.

І тут ёй ўспомніўся выпадак з ранняга дзяцінства.

Таксама стаяў прыгожы сонечны дзянёк. Аліса з братамі і сёстрамі вырашылі схадзіць пакупацца на возера. Па дарозе бегалі-забаўляліся, ажно пакуль не сустрэліся з хлапчукамі-падлеткамі. Убачыўшы шасцёра шэра-бура-чорна-малінавых кацянят, падаставалі свае рагаткі і пачалі іх растрэльваць. Маруся з Лаурай першымі згубілі вочы, праз некалькі трапных стрэлаў камянямі памерам з перапёлчына яйка. Наступныя «кулі» зашпокалі па бульбянішчы, шляпках сланечнікаў і бліжэйшым кустоўі хмызняку. “Агонь” быў трапны, кацяняты пішчэлі, шалелі ад балючых удараў камянямі. А калі ад тых стрэлаў назаўжды прымусілі  два маленькія камячкі ляжаць пад прыбярэжнымі вольхамі, падлеткі гойсалі і шалелі ад задавальнення. Акурат як і мінулы раз, калі «расстралялі» з рагатак іх Маму…

Кацяня

— Гэй, загоннае паляванне на пушных хатніх жывёл стартавала! – крычалі з задавальненнем хлопцы.

Здаецца, усё сцішылася. Гой, малодшы брат Алісы, ўсё стараўся абхітрыць юных гангстэраў:  заскокваў на дрэвы, хаваўся пад кусты буйнога дзядоўніку, лажыўся і поўзаў па бульбяных барознах – усюды даставалі каменныя «кулі». Нарэшце, калі сілы яго пакідалі, прысеў нібыта на імгненне для перадыху, тут трапны стрэл і – няма Гоя. Толькі кроў пырснула…

Старэйшы Верас напачатку так стаіўся, малойчыкі думалі што пакончылі з «кацінай зграяй», аднак  апошні стрэл па малодшаму брату, які не мог спакойна перачакаць у той жа баразне. Ён запішчэў, нават заплакаў, ды так моцна, што «куля»  мясцовага гангстэра імгненна патрапіла ў галаву кацяня…

Котка Аліса

Малая Аліса трэслася і ад жалю, і ад страху, але сачыла за тымі нелюдзямі. У гэтае ж імгненне зямля застагнала ад невыноснага болю. Застагнала ад крыўды і жаху, ад нечалавечай жорсткасці. Застагнала ад згубы звычайных чалавечых якасцей. Лес зашумеў, загаманіў ва ўсю сваю моц, на увесь белы свет.

А ў адказ — цішыня… Ніводзін чалавек не адвярнуўся, як бы і не пачуў таго поклічу. Акрамя некалькіх старых жанчын, што спыніліся і хіталі сівымі галовамі ў знак згоды з мудрым Лесам...

Як дабрадзейнасць Бусла да сваркі давяла (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».