Аліса звярнулася да Гаспадара сядзібы з просьбай дазволу заняцца выхаваннем суседскіх кацянят, і першае з чаго пачаць — неабходна тэрмінова арганізаваць каціную школу.
Гэтая прапанова гадаванца Алісы прыемна парадавала сваіх гаспадароў. У знак удзячнасці за яе ініцыятыву сямейны савет вырашыў: пабудаваць адмысловы будынак для кацінай школы, а ўсіх без выключэння бадзялых кацянят залічыць у склад вучняў, і паставіць на поўнае забеспячэнне.
Мама прапанавала: «У школцы павінна быць фея Калі ласка. Гэта будзе вясёлая, але ўдумлівая і разважлівая, прывабная з выгляду дзяўчына, якая штодня будзе шчыра сустракаць кожнага і заклікаць не толькі прыкладна паводзіць сябе, але і добрасумленна вучыцца. У кішэнях фартушка феі Калі ласка будуць знаходзіцца адзнакі ўчынкаў кожнага вучня. Калі ж тыя ўчынкі будуць адмоўнымі, фея будзе злавацца. Калі такіх «грахоў» збярэцца больш трох, яна можа нават здзесніць неверагоднае – зляцець на рознакаляровым парасоне. І патрэбна будзе цэлых тры дні весці сябе без заўваг. І тады фея вернецца».
— Па-другое, — працягвала мама, — абавязкова трэба ўключыць сучасную, павучальную, вясёлую і добрую казку. Павінны быць урокі па этыкету: паводзіны за сталом і ў грамадскіх месцах, пачцівыя адносіны да бацькоў і старэйшых. Вучні абавязаны ведаць як правілы дарожнага руху, так і сачыць за сваім знешнім выглядам.
— Усё гэта, мама, мы павінны падаваць праз уласны прыклад, — заўважыў старэйшы сын. – Прапаную працягваць не толькі агульныя чытанні, а і святы-сцэнарыі, якія мы распрацоўваем.
— Гэта вельмі правільна, сын! – падтрымаў Гаспадар. — А цяпер – усе за работу!
І закіпела работа.
Працавалі талакою,
Толькі гоман над ракою.
У сям’і адзін – за ўсіх,
Як за родных, за сваіх,
А ўсе за аднаго,
Як за роднага, свайго…
Гаспадар з сынамі школку ўзводзяць, маці з дочкамі рыхтуюць школьныя прылады, пішуць планы і сцэнарыі.
Усё шумела і грала – работа кіпела. Вырастала побач хатка, колькі спрыту і здагадкі ў будаўніцтве і ў паперах.
І ўжо за колькі дзён школа для навучання катоў была гатовая. Ну, няхай сабе не дзён, а тыдняў, гэта ж казка! Затое якая прыгажосць атрымалася: сапраўды не школа, а казачны горад!
Над дзвярыма галоўнага ўваходу блішчэла-красавалася шыльда «Каціная школа». Ніжэй – другая «Сардэчна запрашаем у краіну ведаў!»
Адыйдзе Гаспадар на колькі крокаў, палюбуецца то на плод рук сваіх, дзе аканіцы з пернікаў, а дзве прыгожыя шакаладныя башні ўзвышаюцца. А над імі круцяцца флюгерныя пеўнікі і гаворачы гадзіннік. А вышэй іх - стрэшка, нібы ракетны нос уздымаецца ў неба.
У прыгожых класах, дзе стаялі новыя парты, а на сценах віселі вясёлыя шматкаляровыя плакаты з малюнкамі розных жывёл і раслін з літарамі пад імі было светла і прасторна. Прыток свежага прахалоднага паветра і асаблівая ўрачыстасць надавалі вучням асаблівага настрою і цікавасці.
Погаласка пра школу для катоў імгненна па ўсёй акрузе разляцелася. Вялікія каты і кацяняты з радасцю беглі ў школу: адныя, каб схавацца ад летняй спёкі, другія – каб розуму вучыцца, іншыя – проста пагаманіць, каб завесці новых сяброў. Але гэта пакуль, бо заняткі, калі каторы яшчэ добра не ўцяміў, аднолькавымі, як і патрабаванні, для ўсіх будуць. А пакуль няхай прытруцца, асвояцца дзень-другі. А там – за навуку!
Адна сям’я, дзе кот-бацька і кошка-маці прывялі сваіх трох гадаванцаў, і ад кожнага па букету кветак. Аднаму з іх, відаць самаму кволенькаму, маці-кошка дапамагла ўручыць кветкі чароўнай феі Калі ласка. Два астатнія - Вугельчык, (так бацькі клікалі свайго гадаванца!) і Попел ўручылі свае букеты дырэктару школы, кім быў Гаспадар сядзібы і Галоўнай настаўніцы, яго жонцы Нэлі Іванаўне.
Бачна было, з якой радасцю гэтыя пушысцікі крочылі ў школу. Навыперадкі, адзін перад адным таўкаюцца, смяюцца і пішчаць. Некаторыя нават лапы свае у ход пускалі. І толькі добразычлівая ўсмешка чароўнай феі Калі ласка стрымлівала кепскія намеры драчуноў, прымушала супакоіць свой гнеў. Фея Калі ласка самая адукаваная ў свеце. Яна – дыпламант шматлікіх міжнародных конкурсаў і ўладальнік Вялікага шакаладнага медаля, скончыла Акадэмію Чароўных Навук. Адзіны прафесіянал, хто можа лёгка ўпраўляцца з цэлай арміяй вось такіх рознабаковых і нястрыманых чатырохлапых вучняў.
У асобным кабінеце пад назвай «Садко» чакае вуняў самы Вясёлы Паштальён, жартаўнік і хахатун.
Паштальён на перапынках дастаўляе важныя паведамленні вучням ад дырэктара школы ці ад бацькоў кацянятак.
А у медпункце сядзяць два самых Мудрых Гнома: дзядуля-Гном і ўнук-Гном.
Адзін з доўгай чорнай барадой і ў чырвоным чароўным калпаку, другі, унук, поўненькі ў твары і з рабенькімі канапушкамі на носе. На макушцы - сіні чароўны калпак.
Чароўная фея Калі ласка паведаміла, што Мудрыя Гномы здатныя любога вучня ад самай невылечнай хваробы вылечыць.
Ёсць у казачным школе свой шавец, які для самых-самых адораных выдатнікаў шые сямімільныя чароўныя Боты-Скараходы. А яшчэ ён праводзіць урокі шыцця для дзяўчынак-котак.
Ёсць у казачнай школе нават Булачнік, які выпякае прыг-скок-Булачкі з варанай згушчонкай. Яны самі па сабе скачуць і прама ў рот.
А побач са школай віднеецца цудоўны каскад з трох азёраў. Пасярод самага вялікага – серабрыстая струна Вадаграя вырываецца з недраў і б’е, распыляючыся мільёнамі вясёлак да самага неба. І вяртаюцца на зямлю, рассыпаючыня на сорак саракоў мільёнаў чароўных вясёлкавых пырскаў. І калі хто спаласне тымі пырскамі твар свой ці вып’е тры глыткі... Любое добрае жаданне абавязкова збудзецца.
А якая ў тых азёрах рыба водзіцца! Калі ты заядлы рыбак і маеш час пакуль ісці сустракаць са школы свайго выхаванца, прыхапіўшы вуду, выцягнеш не толькі плотку ці карася, а і ладнага шчупака і нават сіга з фарэллю. А тое, што спаймаеш абавязкова, я табе гарантую, бо гэты занятак дазволены толькі для навучэнцаў школкі і іх сем’яў. Памятай пра гэта! Будзе чым паласавацца ўсёй сям’і.
Дарэчы, з берага возера школа яшчэ прыгажэй глядзіцца. Нават сонейка і тое днямі над будынкам цешыцца!
А тым часам у школе працягваліся ўрокі.
…Калі ўвайшла ў клас Галоўная настаўніца, адразу ўсе супакоіліся. Сціх гоман і піск, усе ўважліва слухалі.
— Каб стаць сапраўдным катом ці разважлівай кошкай, патрэбна засвоіць некаторыя асноўныя правілы паводзін, - казала Нэлі Іванаўна.
І на мультымедыйным экране з’віліся суродзічы вучняў, якія дапамагалі сваім гаспадарам, стрымана паводзілі сябе як за сталом, так і ў грамадскіх месцах. Цікавым падаўся ролік аднаго з Сакавіцкіх песенных фестываляў катоў. Некаторыя заёрзалі, заскакалі, нават падключыліся да тых песнапенняў. І так замяўкалі, што настаўніца вымушана была спыніць відэасюжэт.
— Дарагія вучні! – працягвала Нэлі Іванаўна. – Вы павінны ўважліва ўсё слухаць, а не крычаць і пішчэць! Падчас навучання будзеце сустракаць многа якіх цікавых фактаў, гісторый і відэасюжэтаў, але ж калі вы будзеце так моцна крычаць, то нічога і не запомніце. Таму ўважліва слухайце і глядзіце. У вашым жыцці ўсё спатрэбіцца. Дамовіліся?
— Так! – мя-я-я-я-я-ў-ў-ў! – разнеслася па ўсей кацінай школе.
— Вось і цудоўна! А зараз мы пагаворым пра вашых гасцей. Калі госць з’віўся параненым – не распытвай «дзе і як?», напачатку акажыце першую медыцынскую дапамогу, а пасля ўжо супакойце яго і спытайце аб здарэнні.
— А калі я не вытрымаю і адразу спытаю? – закрычаў вялікі чорнай масці кот па клічцы Грак.
— А ты паспрабуй хаця б у думках стаць на месца пакрыўджанага! – старалася растлумачыць сітуацыю зайшоўшая ў клас Аліса. – Калі лапа перабіта, ці яшчэ што-небудзь больш важнае, боль нястрыманы. А цябе распытваюць: “што ды як?” Не лепшы момант, пагадзіся, Грак?
— Згодны, - адказаў той вялым голасам.
— Вось і я пра тое ж самае! – працягвала Аліса. – І яшчэ, нельга адразу кідацца і на пачастункі ад гасцей.
Яна павярнулася да Нэлі Іванаўны, якая моўчкі назірала за апошняй партай. А там, прытаіўшыся за спінамі папярэдніх вучняў, спраўна трушчылі хатнія бутэрброды рыжы кот Васька і чорна-белая Мілка.
— Смачна есці, шаноўныя вучні! – сказала з усмешкай настаўніца.
Клас рассмяяўся. Адразу пачаў пішчаць, гаманіць, варочацца і мяўкаць.
— Вось гэта якраз той выпадак парушэння дысцыпліны, які нельга на ўроку сабе дазваляць, - у адзін голас, нібы згаварыўшыся, звярнуліся Галоўная Настаўніца і Аліса. – Для гэтага існуюць перапынкі. Тым больш, што ўсе вы пастаўлены на поўнае забяспячэнне, дзе прысутнічае гарачая ежа. Расклад перапынкоў для адпачынку і прыняцця ежы ў вас запісаны ў дзённіках. Часцей у іх заглядвайце! Усім зразумела?!
— Мя-я-я-ў-ў! – раздалося па класе.
— Значыць, дамовіліся! На першы раз Ваську і Мілцы зраблю заўвагу. Калі ласка, перадайце мне свае дзённікі! Хай і бацькі пачытаюць, каб таксама ведалі пра паводзіны сваіх дзяцей.
Нагадаўшы пра паводзіны, цярплівая настаўніца павольна абвяла позіркам навучэнцаў і спынілася на невялікім белым, ажно да сінечы ў вачах, пушыстым катку па клічцы Май.
– Акрамя таго, некаторыя спраўна правяраюць абутак гасцей і, нягледзячы на дрэнныя ці прыемныя пахі ад яе, гэта не месца для вашай прыбіральні, – казала Нэлі Іванаўна. І тут колькі партаў зарыпелі, заёрзалі і як адзін уткнуліся мордачкамі ў дзённікі.
— Ведайце, вашыя насы таксама могуць аказацца ў эпіцэнтры тых пахаў! Вось тады і зразумееце: што такое добра і што такое дрэнна, - далучылася да размовы Аліса. — І ніхто не будзе зважаць на ваш запытальны і жалобны голас.
Урок працы прайшоў таксама вельмі актыўна і займальна. Каты-хлопчыкі выпільвалі кухонныя дошкі, кошкі-дзяўчаткі, надзеўшы прыгожыя рознакаляровыя фартушкі, завіхаліся ля газавых пліт: у кожнай было сваё заданне. Праз пэўны час, адведзены ўрокам, увесь клас частаваўся смачным тортам уласнага прыгатавання. Кацяняты-хлопчыкі таксама не падвялі. У дзённіках і тых, і другіх красаваліся самыя высокія адзнакі.
Пасля чарговага перапынку сярод вучняў пайшла чутка, што ўрок фізічнай культуры будзе весці Майстар спорту міжнароднага класа па дзюдо, уладальнік дзясятага дана. Сапраўдны Майстар!
— Нічога дзіўнага! Мой тата і старэйшы брат таксама маюць чорныя паясы! – азваўся брытанец Базыль. – Такі пояс дастаецца толькі майстрам вышэйшай катэгорыі, хто сумеў аб’яднаць у сабе дзве процілегласці Інь і Янь.
— Я ведаю, што гэта такое! Я ведаю! – мя-я-ў-ў! - запішчаў Пірат. Гэта, калі спартсмен амаль не прымяняе сілу, толькі гнуткасць і лоўкасць.
— Так, сапраўды, усё ты ведаешь, Пірат, – казаў з усмешкай Базыль
Сёння ў іх школе свята: завітаў сам Байцоўскі Кот Зора, заслужаны трэнер і чэмпіён.
Іх чаканні апраўдаліся на ўсе сто працэнтаў. Тут было на каго паглядзець! Нягледзячы на даволі немалады век, усё ў ім дыхала сілай і адвагай. Шматлікія рваныя барозны на мордзе, разарваныя вушы і выцекшае вока гаварылі пра многае. Перш за ўсё пра былыя баталіі, з каторых ён заўжды выходзіў пераможцам. Вучні сустрэлі спартыўнага героя стоячы і пад бурныя апладысменты. Слухалі яго пры поўным маўчанні. Нават самыя актыўныя на язык з заміраннем сэрца лавілі кожнае слова выдатнага байца.
Грозны Зора глядзеў на вучняў, слухаў. Няхай і быў ён нібы Пярун, але не пярэчыў. Толькі ў вусы свае лёгка пасміхаўся. Калі клас супакойваўся, працягваў гаворку.
— Самае галоўнае – не правакаваць і захоўваць вытрымку! Не звяртаць асаблівай увагі на малых сабачак, — з веданнем справы расказваў Майстар вялікіх баёў. — Яны толькі шмат брэшуць, але не кусаюць, таму што самі яшчэ больш баяцца. Самымі небяспечнымі для нашага брата з’яўляюцца паляўнічыя і байцовыя сабакі. Гэта - Бландхаунд, Лабрадор-рэтрывер, Далмацін ды іншыя. Вось гэтае вуха мне парваў Лабрадор. Неяк надвячоркам гулялі мы з сяброўкай ў парку, як нечакана напаў гэты звяруга. Бойка была доўгай і крывавай. У выніку я пайшоў на сваіх нагах, а вось таго разбойніка з распаласаванай удоль і ўпоперак шкурай павезлі ў ветэрынарную клініку. Пасля гэтага ўчынку мне гарадскія камунальшчыкі Падзяку ўручылі «За смелы валанцёрскі ўчынак па санітарнай ачысцы гарадскога парку». Прыемна? Так! А вуха яно і ёсцьека вуха! У нашай справе галоўнае – нюх і спрыт!
— А ці даводзілася змагацца з байцоўскімі сабакамі-людаедамі – Амерыканскім Бульдогам ці Пітбулем? – пытанні сыпаліся адно за адным.
— Так, і не аднойчы. І з Ратвейлерам, і з Неапалітанскім Масціна… У такіх баях трэба многа чаго і ўмець і ведаць. Адзін мне перакусіў абедзьве нагі, дык я сам склаў яе па костачках і вось, - ён стукнуў нагою па падлозе так, што сцены закалаціліся, а люстра апусцілася на стол Галоўнай Настаўніцы. — А сяброўка, за якую я змагаўся, адпаіла мяне валошкавым ды з рознымі іншымі зёлкамі адварам.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by