Канікулы для кацянят ішлі на карысць. Да сярэдзіны лета яны падраслі, некаторыя нават пасталелі. Ужо менш гарэзнічалі і не лазілі па дрэвах да шпакоўняў, адкуль пішчэлі жоўтаротыя птушаняты.
Апошнія апярыліся і вылецелі з бацькоўскіх гнёздаў. І зараз чуецца толькі адна ціхая песенька перапёлачкі. Яе голас недасягальны для сваволыных кацянят. Асабліва для неўтаймоўнага Пірата. Гаспадар ведаў пра яго кепскі характар, таму і не павучаў яго настаўленнямі, а больш прыслухоўваўся і, калі ў яго развагах знаходзіў штосьці рацыянальнае, ішоў насустрач. Абгрунтоўваў сваімі доказамі.
У тую раніцу Пірат распачаў гутарку пра дзівосны, ненатуральны час, у якім і яму давялося жыць: «Што ні вазьмі зараз — скрозь адна хімія. А я хачу звычайнага малака з-пад каровы і вантрабянкі ці сала. А яшчэ — азёрнай або рачной свежай рыбы».
Прыслухаўся Гаспадар да тае прапановы і вырашыў узяць усіх сваіх гадаванцаў на рыбалку, вырваць, так бы мовіць з зоны камфорту. «Разам з кнігай прыроды бліжэй пазнаёмяцца, і асалоду зроку, слыху і сэрцу атрымаюць. Калі не спазнаюць, не палюбяць прыроду, цяжка яе берагчы», — думалася Гаспадару.
Нават у павуціне нашага жыцця заўжды знойдзецца маленькі прасвет для дакладнага адказу.
Пачуўшы радасную навіну, кацяняткі ўвесь вечар церліся аб ногі Гаспадара і задаволеныя мурлыкалі. Толькі Зефір выказваў сваю боязь сустрэчы з Мядзведзем, пра якога нядаўна паказвалі па тэлевізары. Але з яго толькі пасміхаліся, казалі, што гэта адзінкавыя выпадкі. А каб хутчэй усе сцішыліся Гаспадар наліў у колькі металічных адмысловых піялак малака, а яго дзеці аднеслі іх ў сталовую.
Усцешаныя толькі адной думкаю, што хутка адзін за другім будуць цягаць з ракі свежую рыбу, радаваліся. І ціха напявалі нейкую вясёлую мурню-мелодыю.
Напіўшыся малака ўсе адразу зазявалі і пайшлі спаць. Ноч прайшла хутка і незаметна.
Яшчэ з-за далягляду не выкацілася сонейка, а Гаспадар ужо пачаў раскатурхваць, падымаць з ложкаў сваіх гадаванцаў. Попел з Вугельчыкам ды іншыя хутка паўскоквалі і пачалі збірацца: пачысцілі зубкі, памылі мордачкі і паўсоўвалі на лапкі спартыўныя красоўкі.
Пірат моўчкі сядзеў на ложку і глядзеў у адну кропку. Бачна было, што аб нечым думаў.
— От я вас пакатаў, дык пакатаў!
— Калі гэта, Пірат? – спыталіся Байран з Леапольдам.
— У сне! Усю ноч мы гойсалі на гаспадаровым скутары. І невядома што было б далей, каб не Мядзведзь сустрэўся!
— І што? Ён дахаты нас падвёз?
— Вам смешна, а я ўсю ноч тросся ад страху.
— А казаў, што самы смелы, – азваўся Байран.
Пачуўся лагодны смех.
— Ну дык што там было, Пірат? – прасілі рассказаць сон Байран з Леапольдам.
— Добра, слухайце, – згадзіўся рассказаць сон Пірат.
Электраскутар, на якім мы ехалі, нёсся па зялёных прасторах уздоўж бяскрайняга жытняга мора, дзе ўзлескі і паляны патанаюць у карунках белых рамонкаў і ліловых званочкаў. Нёсся насустрач ранішняму сонейку і бадзёраму ветрыку.
Раптам аднекуль апусціўся бела-сівой засланкаю туман. А за паваротам туман пагусцеў і ўжо суцэльным пластом вісеў над дарогаю. Акурат паперадзе іх скутара хтосьці вялікі і чорны дарогу пераходзіць.
— Што гэта за прывід? – падумалася мне.
Я рэзка затармазіў – скутар спыніўся, скінуўшы вас праз руль, і заглух. Але вы толькі засмяяліся, бо ведалі, што абое зваліліся, таму што не трымаліся як след.
Потым хутка падняліся з долу і сталі дапамагаць мне завесьці скутар. Але, на жаль, нічога не атрымлівалася. Тады мы залезлі на сядзенне і сталі чакаць дапамогі. Раптам бачым: нехта ідзе – вялізны, у калматым футры. Прыгледзеліся — Мядзведзь.
— Ну, думаею, ад скутара Гаспадара застанецца груда скручанага жалеза, а разам з ім і ад нас усіх калі застанецца адна поўсць.
Мядзведзь падышоў бліжэй, дастаў ключ з замка запальвання, стукнуў па платформе, пад якой стаяла акумулятарная батарэя. Мы так перапужаліся, што не толькі знямелі, але нават акамянелі, быццам муміі якія: ні табе шолаху, ні табе голасу нямога ад нас можна было пачуць. Нежывыя істоты, не іначай.
Мядзведзь павольна і ўпэўнена зноў уставіў ключ у замок запальвання і павярнуў яго. Скутар бясшумна запрацаваў. Што рабіць? Ці крыкнуць ад радасці, ці сціпла падзякаваць? Пакуль я разважаў, мядзведзь мне першым працягнуў лапу. Зноў не ведаю, што рабіць. Падаць сваю далікатную лапку страшна. Але ж ён дапамог завесці скутар! І я працягнуў мядзведзю сваю лапку. Ціскануў ён яе так, што я ажно крыкнуў на ўсё наваколле і … прачнуўся.
— Вось дык сон, – засмяяліся кацяняткі.
Леапольд ды Зефір усё яшчэ песціліся ў мяккіх пасцелях. Аліса ўвогуле, здаецца, пасміхалася ў сне, штосьці гаварыла сабе пад нос.
— Усім – пад’ём! – пачуўся камандны голас Гаспадара. — Пяць хвілін на зборы! Хто не ўкладзецца ў графік застаецца на гаспадарцы. І пра свежую рыбу няхай забудзе. Час пайшоў!
Што тут пачалося! Уміг усе паўскоквалі з ложкаў, памыліся, апрануліся і выстраіліся ў адну шарэнгу. Што цікава: нават красовак ніводзін не пераблытаў, як і ніводнага піску ці штуршка. Гэта вельмі парадавала Гаспадара.
— Вось каб такімі арганізаванымі заўсёды былі! – усміхаўся Гаспадар. – Усе вуды з рыбацкімі прынадамі – у мяне. Кожнаму з вас – вось такое каляровае вядзерца. Гайда, за мной!
Светлая раніца ўсміхалася наваколлю. Сонечныя промні гулялі з лісцем бярозак ды клёнаў, рассыпаліся зайчыкамі на мордачках кацянят, залацілі алюмініевыя вудзільны, падфарбоўвалі і без таго іх каляровыя вядзерцы.
Кацяняты, хаця і моршчыліся, жмурачыся ад забаўных сонечных зайчыкаў, але больш радаваліся расянай шаўкавістай траве – пагодліваму цёпламу дню. Пірат ледзь не рынуўся ў разору, зачапіўшыся за разбарсаны шнурок красовак.
— І хто гэта прыдумаў нам, самым загартаваным катам у красоўках хадзіць? Падумаеш – раса на золаку сцюдзёная! А калі яна была цёплаю? – І, не чакаючы хаця б якой рэакцыі, зняў абутак і закінуў на плечы.
Гледзячы на яго астатнія таксама паразуваліся.
— Зусім іншая справа: і ногі ў ранішняй расе памыем, і яшчэ больш загартуемся, – упэўнена выказаўся Леапольд. — І пах каласістага жыта, і водар квітнеючых красак зараз больш чуецца. Праз лапы…
Каціны ўзвод рыбакоў шчыра і весела рассмяяўся, але працягваў шпарка крочыць уздоўж поля ўслед за Гаспадаром.
Раптам зусім побач нейкая вялікая птушка камнем упала на зямлю. Пад ёй нешта затрапяталася жывое.
— Глядзіце, глядзіце! – першай заўважыла Аліса. —Там Каршун спікіраваў! Некага ўпаляваў. І першай кінулася бегчы да месца здарэння.
Следам падбеглі Вугельчык з Попелам. А вось Базыль з Байранам распачалі гульбу «Хто каго павязе?». І ўжо сыты Базыль ускараскаўся на карак паджарага Байрана, а той імгненна прымчаў да ахвяры. Скінуў свайго вершніка. Драпежнік як і не чуў прысутнасці іншых. Пад каршуном танюсенька пішчаў Зайчык. Аліса ўжо насілася вакол драпежніка, махала рукамі, шыпела, нібы злая змяя. І раптам як скочыць на Каршуна. Быцццам згаварыліся, зашыпелі ўсе да аднаго кацяняты. Хтосьці шпурнуў у драпежніка свае красоўкі.
Каршун раззлаваўся яшчэ болей і скінуў кошку. Узняў падрапаную галаву з налітымі чырванню вачыма, убачыўшы столькі выратавальнікаў сваёй ахвяры, незадаволена запішчэў, ўзмахнуў шырокімі і дужымі крыламі, адляцеў у сасоннік.
Аліса ўзяла на рукі напалоханага звярка. Падышоў Гаспадар. Ён перавязаў раздрапаную ранку на спіне малога небаракі. Калі Зайка перастаў дрыжэць, Аліса з Піратам аднеслі яго ў глыб лесу і выпусцілі на волю.
— Бяжы, малыш! Будзь пільным! І больш ніколі ў кіпцюры каршуна не пападайся!
Зайка з хвіліну пасядзеў, паглядаючы на сваіх выратавальнікаў і, упэўніўшыся ў іх добрых намерах, падаўся ўглыб лесу.
Каціны ўзвод дружна, але ўжо моўчкі крочыў да рэчкі. Яго спадарожнікамі былі ласкавае сонейка і вясёлыя спевы жаўрука, рознагалоссе іншых птушак, а таксама стракатанне палявых зялёных конікаў у траве. Для кацянят уся гэтая прыродная музыка была новай і незвычайнай. Яны хаця і подбегам крочылі, але ледзь паспявалі за Гаспадаром.
— Каб некаторыя падоўгу не валяліся ў ложку, мы зараз не беглі б так хутка, а больш уважліва прыглядаліся да прыгажосці чароўнага зялёнага прастору, — нагадаў Май. – Калі яшчэ надарыцца вось так падарожнічаць і назіраць за ўсёй гэта прыгажосцю!
— У мяне ёсць прапанова: сваю першую рыбіну нашыя соні аддаюць мне, — сказаў чорны Пірат і рассмяяўся. — Я ж вас, сябры, ўсю ноч вазіў на гаспадаскім скутары! Круці не круці, а што трэба заплаці.
— Сябры, а я лепей у лес завітаў бы, - сказаў ухмыляючыся, быццам і не чуў прапановы Пірата, Зефір. – Там столькі ягад! Хутка назбіраеш поўнае вядзерца духмяных суніц, чарніц. Ды й баравікоў у гэтых ваколіцах багата.
— Ага, у лес ён махнуў бы! Скажы лепш у такую пару нырнуць у вадзяную прахалоду ды пуза потым на сонцы пагрэць не лішнім было б! – азваўся Базыль.
Раздаўся смех. Але ніхто не падтрымаў неспадзяваныя прапановы Зефіра і Базыля. Наадварот, хтосьці сказаў давесьці пра хітрую хваробу Зефіра Мудрым Гномам. Вось яны акурат вельмі хутка лечаць такія хваробы. На што балбатлівы Зефір не адрэагаваў, а толькі сышоў далей, да абрыву, дзе з-пад карчоў не толькі вусатага рака, а і ладнага язя можа спаймаць.
Усе, акрамя Алісы, пагадзіліся з першай прапановай. Хаця пэўная доля няўпэўненасці заставалася. Ведалі, што лепей прыняць бок Пірата, чым пасля ўвесь час чакаць ад яго непрыемнай неспадзяванкі. Аліса смела і рашуча заявіла, што яе малады растучы арганізм патрабуе рыбінага тлушчу, кальцыю і дадатковага харчавання. Пачуўшы тую заяву, Гаспадар прыязна ўсміхнуўся. Хто, акрамя яго ведаў пра мінулае Алісы? Ніхто! Вось і добра. Затое ніхто не ўздыме на смех, як не папікне і не запярэчыць.
Рачное страшыдла
Рыбакі спыніліся на беразе ракі і, па прыкладу старэйшага, пачалі разматваць свае вуды.
— Спачатку ловім усе. Кожны вядзе падлік свайго ўлову. Як толькі садок напоўніцца (нюхам чую: ён абавязкова напоўніцца пад завязку!), самы нешчаслівы рыбак пакідае сваё месца, здае вуду і кіруецца пільнаваць агульны ўлоў, — Гаспадар абвясціў умовы рыбалкі.
— Згода! – чулася з усіх бакоў. Гаспадар толькі ўсміхнуўся, чапляючы чырвонага чарвяка на кручок. Усміхаўся таму, што між яго гадаванцамі нарэшце ўсталяваліся паразуменне і згода. Гэты надавала яму душэўнай радасці і ўздымала настрой.
— Былі часы, што ўлетку ля ракі зялёная засень ад зарасляў лазняку, крушыны, вольхі і хмелю скрозь была. Вакол – балоцістая нізовіна, і таму тут шмат рыбы было, — згадваў, каб падахвоціць сваіх гадаванцаў Гаспадар. — Шчупакоў, лінеў, акунёў ды плотак, а калі і пудовыя самы ўбрытваліся ў невад. Бывала, што не ведалі куды тую рыбу дзяваць: начоўкі налаўлівалі.
— Гэта нас не было! Але, калі вы, Іван Паўлавіч, багата рыбы елі, чаму такі худы? – запытаўся Пірат і хітра ўсміхнуўся.
— Па-першае, я зусім не худы, а жылісты! Ну, а па-другое, калі ты такі цікаўны – ад рыбы тоўстым ніколі не станеш. А вось бадзёрым – абавязкова!
— Значыць, я таксама буду бадзёрым і жылістым? – не адступаў Пірат.
— Абавязкова! Калі сёння рыбы больш за іншых спаймаеш, – адказаў Гаспадар. — Ну, у добры час усім!
Сонца паднялося вышэй. Яно пералівалася вясёлкамі і адбівалася ў буйных кроплях расы. А тыя кроплі былі шчодра рассыпаны па траве.
— Глядзіце, глядзіце! Вунь кропелькі сонца на траве! – ледзь не выкрыкнуў Вугельчык.
Аднаго маўклівага гаспадарскага погляду было дастаткова, каб той не даў волю сваім эмоцыям і, чаго добрага, не выкрыкнуў. “Гэта вельмі ўсцешна, калі гадаванцы навакольную прыгажосць сваімі вачамі бачаць. Але зараз не зусім той час, каб напоўніцу радавацца. Пасля рыбалкі – усе будзем голасна і шчыра выказвацца. Не хапала яшчэ праміргаць ранішнюю паклёўку”, – разважаў пра сябе Іван.
І толькі ён глянуў на паплавок, які рэзка схаваўся пад вадою, нырнуўшы ля самага вялікага трыснягу, рэзка падсек, і хуценька пачаў круціць катушку. Вудзільна пацяжэла, выгнулася і вымушала рыбака адступіць крыху назад, падалей ад трыснягу, каб была лепшая магчымасць манёўру. Як толькі пачаў бліжэй да берага падцягваць, убачыў вялізную галаву нейкага зялёнага страшыдла. І тое страшыдла звівалася, выпруджвалася з такой сілаю, што ў Івана рукі стаміліся, хаця ён раз-пораз адпускаў лёску, даваў сваёй ахвяры супакоіцца, каб потым з новай сілаю зрабіць колькі падцяжак да берага.
Тым часам спаборніцтва сярод рыбакоў было ў разгары. Аліса сцёбала і сцёбала срэбрабокіх плотак ды тлустых паласатых акунёў. Вугельчык з Попелам крыху адставалі і па колькасці злоўленай рыбы, і па вазе: больш дробная патраплялася на іх вуды.
Пірат меў невялічкага шчупачка, тоўсценькага і гладкага, але даволі слізкага мянтуза і з дзясятак невялічкіх матросікаў.
А вось летуценнік Зефір разлёгся ля свайго вядзерца і глядзеў не на паплавок, а на неба. Ляжаў і трушчыў ладную плотачку, і меў ад таго асабліую асалоду. Раз-пораз для прыліку ўставаў каб закінуць вуду на новае месца. Затым ганяўся за стракозамі і рознакаляровымі матылькамі, што садзіліся і на яго вудзільна, і на прыбярэжныя асаку і аер.
— Як поспехі, сябар? – запыталася Аліса.
— Сумная гэта справа, сястрыца! Ды й рыба да маёй вуды падплывае нейкая хітрая і капрызная. Усіх чарвякоў маіх пераела і да цябе сышла. Бачыў, як ты сцёбаеш…
— О-о-ой! А можа ты сам струшчыў усю, што налавіў, ды забыўся?
Зефір не ў сілах быў штосьці адказаць Алісе, толькі і паспеў вымавіць: “нестандартная была”. Ураз павеяла казачным водарам шчасця і каток разамлеў на яскравым сонцы і – бултых! – зваліўся ў ваду.
Зваліўся, перапужаўшыся, нібыта хтосьці за яго спінай пасміхаўся: хі-хі, хі-хі…
— Вылазь, рыбалоў! Гэта Нячысцік да цябе прылятаў! – смяялася Аліса. — Ён, відаць, з паветранай вышыні за лайдакамі і тымі, каго прыродная ароматэрапія не бадзёрыць, а наадварот – расслабляе, і цікуе.
— Хай цікуе! Толькі б не забіў! Кажуць, што горш, калі Чараўніца на шэрым ваўку з’явіцца.
— Не заб’е! Калі толькі дзеля забавы, – пасміхалася Аліса, здымаючы з кручка вялікага сазана, срэбра-залатая луска якога блісчэла пад промнямі сонца.
— Расслабся! І Чараўніцы той не пужайся, – з усмешкай казала Аліса.
— Дзякуй, сястрыца! Суцешыла ты мяне, – адказаў Зефір і зноў задрамаў: паплавок яго вуды колькі разоў знікаў пад вадою, а ён ніяк не рэагаваў. Склаў на жываце лапкі і ледзь чутна пасопваў.
Леапольд з Піратам утаймоўвалі страшыдлу, якая трапілася Гаспадару. Гэтым страшыдлам аказаўся вялізны, можа тону з гакам, чорны, тлусты і галаваты з шырачэзнай пашчай і доўгімі вусамі, Сом. Ён скакаў па беразе ракі, а стомлены Гаспадар, па твары якога бегаў ціхі-ціхі смех, толькі разводзіў рукамі. І штораз паўтараў: “Чуйка мяне і сёння не падвяла! Не падвяла!”
— Вось дык звер! Хапай яго за жабры! – у захапленні крычаў Леапольд.
— Хлопцы, давай сюды! – камандаваў Леапольд. — Мы з Байранам, Вугельчыкам, Попелам і Гракам на спіну ўскочым і прыціснем яго да зямлі, каб не змог не толькі рухацца, але і піснуць.
А Сом скакаў, і ўсё далей ад ракі адводзіў. І, калі ўжо адчуў, што і сам прытаміўся, чалавечым голасам прамовіў:
— Выслабаніце са свайго палону маіх дзетак, і я супакоюся.
— Рыбаловы! Увага ўсім! Слухай загад! Хто спаймаў сомікаў – неадкладна выпусціць у раку! – скамандаваў Гаспадар.
Невялікі сомік аказаўся толькі ў адной Алісы. Яна адразу падыйшла да свайго вядзерца, дзе сярод спайманай рыбы варушыўся тлусценькі сомік, і выпусціла яго ў раку.
Стары Сом супакоіўся. Тады Аліса парупілася і пакуль той не ачомаўся, звярнулася за дапамогай да сваёй старой знаёмай Жабы Чараўніцы, каб тая выклікала Чароўных Лебедзяў. Трэба ж тое страшыдла дадому адвезці.
І вось ляцяць, ажно свіст стаіць, быццам звяно рэактыўных самалётаў у ясным небе, пара грацыёзных Белых Віцязяў.
Талакою ўсцягнулі старога Сома на тры падводы. Узняліся ў неба Белыя Віцязі і панеслі багаты ўлоў у Чароўны Горад. Туды, недзе між Смаргонню і Мядзелам, дзе рыбаловаў чакалі не толькі Чароўная Фея «Калі ласка», Мудрыя Гномы – лекары, майстар-Шавец ботаў-скараходаў, жартаўнік і хахатун Паштальён, а і Галоўная Настаўніца са сваімі дзецьмі – ўсе яго добразычлівыя насельнікі.
І вас, дапытлівыя і цікаўныя, таксама запрашаем на свежую юшку!
Абяцаем: будзе смачна!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by