26.04.2019
26.04.2019

Анемія. Калі жалеза вяртае маладосць і жаданне жыць

logo
Хваробы ад А да Я
0 53
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пастаяннае пачуццё стомленасці, «звон» у галаве, роспач, заўчасныя маршчыны, праблемы з памяццю і ўвагай, сухія ломкія валасы. «Ну вось і маладосць прайшла», – з сумам канстатуюць жанчыны, набліжаючыся да адзнакі ў 40 гадоў. На самай справе, у большасці выпадкаў сітуацыю можна выправіць. А вінаватай у такім стане нярэдка выступае жалезадэфіцытная анемія.

У народзе такую хваробу называюць малакроўем. І вызначаюць часцей за ўсё па зніжаных паказчыках узроўню гемаглабіну. Вядома, пакутуюць ад анеміі і мужчыны. Але ўсмоктвальнасць жалеза ў кроў у прадстаўнікоў моцнага полу вышэйшая. Ды і штомесячных кровастратаў, у адрозненне ад жанчын, няма.

У тонкасцях распаўсюджанай праблемы разбіраемся з Людмілай Смірновай, загадчыцай кафедры клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам.

З-за чаго можа ўзнікнуць жалезадэфіцытная анемія?

  • шчодрыя працяглыя месячныя;
 
Людміла Смірнова
Заг.кафедры клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар
Дэфіцыт жалеза часта ўзнікае ў маладых жанчын фертыльнага ўзросту. У гэтым плане вялікае значэнне маюць павялічаныя менструальныя кровастраты. У норме яны не павінны складаць больш за 100 мл на працягу 3-4, максімум 5 дзён. Аднак некаторыя жанчыны штомесяц губляюць па 200-300 мл. Развіваецца анемія. Сучасныя сродкі гігіены не заўсёды дазваляюць зразумець, які аб'ём крыві жанчына губляе штомесяц. Прычыну працяглых і шчодрых менструацый трэба высвятляць. Вінаватым у іх можа быць, напрыклад, эндаметрыёз. Патрэбны абавязковы агляд акушэра-гінеколага.
  • запаленчыя захворванні жаночай палавой сферы (напрыклад, фібраміёма маткі);
  • праблемы ў рабоце шчытападобнай залозы (гіпатэрыёз, тырэяідыт і інш.);
  • незбалансаванае харчаванне;
  • парушэнне засваення жалеза.

Прыкметы жалезадэфіцытнай анеміі

Жалезадэфіцытная анемія мае сваё аблічча:

  • бледнасць скурнага покрыва. Анемія пачынаецца з латэнтнага дэфіцыту жалеза ў тканках, таму скура робіцца вельмі бледнай і, дарэчы, вельмі дрэнна загарае;
  • пачуццё стомленасці. Чалавек адзначае, што ўжо не можа так лёгка выконваць некалі звыклыя для сябе нагрузкі. Напрыклад, падымацца па лесвіцы робіцца цяжэй;
  • прыгнечанасць, дэпрэсіўнасць;

— У мяне рабіла дысертацыю акушэр-гінеколаг. Мы даследавалі якасць жыцця жанчын, якія пакутуюць на жалезадэфіцытную анемію. Большасць з іх знаходзяцца ў маркоце. Хтосьці са старых урачоў казаў, што ў жанчын з дэфіцытам жалеза свет пакрыты лёгкай жалобнай смугой. І ўсё жыццё ўспрымаецца праз гэтую смугу. Пры адэкватным лячэнні ўжо праз месяц усё паўстае зусім у іншым святле.

  • зніжэнне працаздольнасці;

— Ад недахопу жалеза работа мозга пакутуе ў першую чаргу. Пацыенты адзначаюць, што ўжо не могуць успомніць або палічыць нешта так хутка, як раней. Многіх гэта палохае, асабліва калі гаворка ідзе пра справу жыцця, якая корміць сям'ю. Пры ліквідацыі дэфіцыту жалеза кагнітыўныя функцыі аднаўляюцца.

  • галавакружэнне;
  • станчэнне слізістых, мікратрэшчыны. Могуць узнікаць складанасці з глытаннем (калі выключаны пухліны, такая праблема таксама можа быць звязана з дэфіцытам жалеза). Станчэнне і сухасць слізістых прыводзяць да хваравітых адчуванняў падчас палавога акта;
  • сухая скура, заўчасныя мімічныя маршчыны;
  • ломкія пазногці;
  • сухія валасы, якія вытанчаюцца на канцах і сякуцца;
 
Людміла Смірнова
Заг.кафедры клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар
Калі я бачу рэкламу шампуню, дзе гавораць пра сухія пасечаныя валасы, заўсёды думаю, што гэта наглядная дэманстрацыя дэфіцыту жалеза. Многія жанчыны пачынаюць марнаваць вялікія грошы на дарагія крэмы і шампуні. Значна большыя, чым пайшлі б на прэпараты жалеза. У выпадку жалезадэфіцытнай анеміі касметыка не дапаможа.
  • незвычайныя смакавыя прыхільнасці;

— У некаторых пацыентаў у кутках рота ўзнікаюць заеды, у кагосьці пячэ язык. А ў некаторых з'яўляюцца харчовыя дзівацтвы, якія яны хаваюць. Напрыклад, адна жанчына вельмі любіла есці лыжкай кававую гушчу. А іншая – разгрызаць кубікі лёду. Многія адзначаюць, што сталі раптам любіць пахі свежай фарбы, ацэтону, лаку. Усё гэта можа быць прыкметай дэфіцыту жалеза. Пасля лячэння гэтыя асаблівасці сыходзяць.

Не ўсякая анемія – жалезадэфіцытная

— Ёсць больш за 50 разнавіднасцяў анемій. Аднак 90% з іх складаюць жалезадэфіцытная і анемія хранічнага захворвання. Гэта такая анемія, якая абумоўлена не дэфіцытам жалеза, а запаленнем у арганізме, злаякасным новаўтварэннем. Таму для правільнай дыягностыкі трэба ведаць не толькі паказчыкі гемаглабіну, але і ферытыну. Гэта бялок, што ўтрымлівае жалеза, узровень якога рэзка зніжаецца пры жалезадэфіцытнай анеміі і не змяншаецца, а нават павялічваецца пры анеміі хранічнага захворвання, калі ёсць запаленне, злаякаснае новаўтварэнне ці перагрузка арганізма жалезам. Сёння такі аналіз робяць ва ўсіх гарадах Беларусі.

Як лячыць жалезадэфіцытную анемію?

Прэпаратамі жалеза. Яны могуць быць солевымі або полімальтознага комплексу. Усё залежыць ад індывідуальнай пераноснасці чалавека. Галоўная ўмова: у таблетцы павінна ўтрымлівацца каля 100 мг жалеза па элементарнаму ліку (гэтая інфармацыя ёсць у інструкцыі да прэпарата). Прымаць таблеткі ці сіроп трэба па схеме, прызначанай урачом (тэрапеўтам або гематалогам). Прыкладна раз у месяц трэба абавязкова ацэньваць эфектыўнасць лячэння.

— Анемія развівалася павольна. І лячыць яе таксама трэба доўга. Для анеміі сярэдняй ступені цяжкасці гэты тэрмін складае не менш за 3 месяцы. Нам важна не толькі вылечыць захворванне, але і насыціць жалезам тканкі. А потым яшчэ выканаць прафілактыку. Звычайна маладыя жанчыны добра кампенсуюць анемію. Ужо праз 2 тыдні прыёмаў прэпаратаў жалеза стан паляпшаецца. Праз месяц пачынаюць лепш расці валасы, сыходзяць заеды ў кутках рота, «жалобная смуга» сыходзіць. Пасля курсу лячэння ў чалавека паляпшаецца настрой, ён адчувае жаданне жыць актыўна, з'яўляюцца сілы.

Што будзе, калі не лячыць жалезадэфіцытную анемію?

Што будзе, калі не лячыць жалезадэфіцытную анемію

  • Асноўнае захворванне будзе прагрэсаваць, зробіцца хранічным. Напрыклад, ёсць жанчыны, якія шмат гадоў не могуць вылечыць запаленне ў органах малога таза. Прычынай можа быць латэнтны дэфіцыт жалеза.
  • Гіпаксія тканак (недахоп кіслароду), якая будзе ўплываць як на кагнітыўныя функцыі, так і на работу ўсіх органаў і сістэмаў арганізма.
  • Прагрэсаванне анеміі з усімі яе негатыўнымі наступствамі.
  • Развіццё міякардыядыстрафіі – паражэння сардэчнай мышцы, якое ў будучыні можа прывесці да сардэчнай недастатковасці і парушэння рытму.
  • Парушэнне рэпарацыі тканак. Эпітэлій у любым месцы, дзе ёсць слізістая (у роце, страваводзе, похве), пачынае замяшчацца злучальнай тканкай. З'яўляюцца расколіны, якія робяцца ўваходнымі варотамі для інфекцый.

У якім выпадку можна кампенсаваць дэфіцыт жалеза харчовым рацыёнам?

Калі жалезадэфіцытная анемія ўжо ўзнікла, дык адным харчаваннем яе ліквідаваць не атрымаецца. Трэба прымяненне прэпаратаў жалеза. З пункту гледжання прафілактыкі, пры павышаных кровастратах, падчас лактацыі (у гэты перыяд таксама адбываецца страта жалеза), а таксама для падтрымання сябе ў форме ежа можа стаць памочнікам. У пэўнай ступені наяўнасць жалезадэфіцытнай анеміі звязана з характарам харчавання чалавека. І, да прыкладу, жанчына ў перыяд постменапаўзы, калі ў яе ўжо няма менструальных стратаў, можа папоўніць дэфіцыт жалеза і з прадуктаў харчавання.

Што трэба есці пры жалезадэфіцытнай анеміі і для яе прафілактыкі?

Што трэба есці пры жалезадэфіцытнай анеміі

У першую чаргу гэта:

  • чырвонае мяса (ялавічына, цяляціна);
  • чырвоная рыба (высакародных гатункаў – сёмга, стронга і інш.);
  • грачаная каша.

— Наш арганізм здольны ўсмоктваць толькі 2 мг жалеза ў суткі. Прычым лепш за ўсё мы «бяром» яго з чырвонага мяса і рыбы. Мяса курыцы, кураняці змяшчае шмат бялку, але мала жалеза. З раслінных прадуктаў мы здольныя засвоіць толькі 3-4% жалеза. Лідар тут – грэчка. Але і з яе ўсмоктваецца толькі 7% жалеза. Іншыя крупы (аўсяная, прасяная, рысавая) яго наогул не ўтрымліваюць. Многія любяць харчавацца так: з'есці кавалак сала, дранікі. Па каларыйнасці гэтая ежа вельмі высокая. Аднак у ёй адсутнічае жалеза.

Жалезадэфіцытная анемія не такая бяскрыўдная. Пры адсутнасці лячэння можа прыводзіць да цяжкіх праблемаў: ад дэпрэсіі і галавакружэнняў да сур'ёзных хваробаў сэрца. Выявіць жалезадэфіцытную анемію дапаможа не толькі даследаванне крыві на гемаглабін, але і ферытын.

Анемія. Калі жалеза можа нашкодзіць

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 53

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.