30-га студзеня спаўняецца 190 гадоў з дня нараджэння беларускага мастака Апалінарыя Гілярыевіча Гараўскага, творы якога з’яўляюцца вельмі важнымі для беларускага жывапісу.
Творчасць аўтара тэматычна непарыўна звязана з Беларуссю, а яго кар'ера — з Санкт-Пецярбургам. Перыяд творчай актыўнасці мастака прыпаў на сярэдзіну – другую палову XIX стагоддзя – час кардынальных пераўтварэнняў у жывапісе, якія, аднак, зусім крыху закранулі стылістыку работы майстра. Старанна і добрасумленна зробленыя па ўсіх правілах акадэмічнага жывапісу краявіды, ілюзорна-рэалістычныя партрэты ўпісваюць творчасць Апалінарыя Гараўскага ў рэчышча акадэмічнага рэалізму сярэдзіны XIX стагоддзя.
Акадэмік жывапісу Апалінарый Гараўскі нарадзіўся ў небагатай шляхецкай сям'і ў маёнтку Уборкі Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер – Бярэзінскі раён Мінскай вобласці). Акрамя Апалінарыя ў сям'і было яшчэ тры дачкі і чатыры сыны. Трое з пяці братоў Гараўскіх (Апалінарый, Іпаліт, Гілярый) сталі мастакамі.
Бацькі прадказвалі Апалінарыю кар'еру ваеннага, і таму сваю адукацыю Гараўскі пачаў у Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе – сярэдняй ваенна-навучальнай установе закрытага тыпу, якая гатавала дваранскіх дзяцей да ваеннай службы. Важную ролю ў жыцці Гараўскага адыграў палкоўнік Міхаіл Бенуа. Вялікі знаўца і знаток жывапісу, ён заўважыў здольнасці да малявання ў выхаванца і паказаў яго работы свайму брату – вядомаму санкт-пецярбургскаму архітэктару Мікалаю Бенуа, які часам гасцяваў у Брэст-Літоўску.
Дзякуючы гэтаму знаёмству, у 1850 годзе Гараўскі быў залічаны ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу вольнаслухачом з прызначэннем стыпендыі ў памеры заробку гвардзейскага прапаршчыка. Настаўнікамі Гараўскага сталі знакаміты майстар акадэмічнага жывапісу Фёдар Бруні і славуты пейзажыст Максім Вараб'ёў.
Поспехі Гараўскага пры праходжанні курса пацвярджаюць узнагароды Акадэміі: у 1852 годзе – малы і вялікі сярэбраныя медалі за пейзажы (карціна «Балота», адзначаная вялікім сярэбраным медалём, была набытая цэсарэвічам Аляксандрам Мікалаевічам); у 1853 – малы залаты медаль за пейзаж «Выгляд Ручэйскага возера каля горада Тарапца». І, нарэшце, пасля заканчэння Акадэміі ў 1854 годзе, – вялікі залаты медаль, які даваў мастаку права на паездку за мяжу за кошт казны для ўдасканалення майстэрства.
Аднак Гараўскі адклаў замежную паездку і вярнуўся на радзіму. Жыў ва Уборках, шмат пісаў, ажаніўся. Беларускія віды натхнілі мастака на стварэнне «Вячэрняга пейзажа» (1855), «Сельскага пейзажа» (1855), «Віда дубовага гаю на беразе ракі Свіслач каля Бабруйска» (1855), і іншых твораў.
У 1856 годзе адбылося знаёмства Апалінарыя Гараўскага з Паўлам Траццяковым, якое хутка перарасло ў сяброўства. Яно доўжылася да самай смерці калекцыянера. Ёсць звесткі, што фарміруючы свій мастацкі збор, Траццякоў карыстаўся кансультацыямі Гараўскага.
Толькі праз чатыры гады пасля заканчэння Акадэміі, у 1858 годзе, Гараўскі адправіўся ў Заходнюю Еўропу. Шлях мастака пралягаў праз Прусію, Францыю, Швейцарыю, Італію. Падчас падарожжа ён займаўся ў майстэрнях славутых еўрапейскіх жывапісцаў-пейзажыстаў, якія аказалі значны ўплыў на развіццё гэтага жанру. Уплыў новых настаўнікаў адчуваецца ў шэрагу краявідаў Гараўскага 1860–1870-х гадоў, сярод якіх і «Замак» (1869 г.), работа
Пасля вяртання з паездкі, у 1861 годзе, за пейзажы і партрэты, Апалінарый Гараўскі быў удастоены звання акадэміка жывапісу. Мастак пасяліўся ў Санкт-Пецярбургу, сумяшчаючы творчасць і педагагічную дзейнасць: у 1865–1885 гадах ён выкладаў у Пецярбургскай рысавальнай школе пры Таварыстве заахвочвання мастакоў
У летнія месяцы Гараўскі ездзіў на радзіму, жыў ва Уборках і Бродцы (у сядзібе адной з яго сясцёр; зараз – Бярозаўскі раён Мінскай вобласці), выязджаў на Палессе і ў Пскоўскую губерню, дзе шукаў натхненне для сваіх твораў.
Нягледзячы на прыхільнасць акадэмічнай жывапіснай традыцыі, Апалінарый Гараўскі ўважліва сачыў за новымі з'явамі ў еўрапейскім і рускім мастацтве, імкнучыся прымяняць іх у сваёй творчасці. Параўнальны аналіз твораў мастака розных гадоў дае магчымасць убачыць паступовую эвалюцыю ад ідэалізацыі, узнёсла-паэтычнай трактоўкі прыроды да рэалістычнасці і жыццёвай праўдзівасці ў яе адлюстраванні. У некаторых позніх карцінах, як напрыклад, «Клеверы ў колеры» (1895), Гараўскі выкарыстоўваў прыёмы пленэрнага жывапісу, імкнучыся перадаць багацце зменаў колеру пад уздзеяннем сонечнага асвятлення.
У 1880 годзе Апалінарый Гараўскі набыў маёнтак Кірылавічы пад Псковам. Тут 28 сакавіка 1900 года мастак памёр.
З нагоды юбілейнай даты Нацыянальны мастацкі музей арганізаваў выстаўку Апалінарыя Гараўскага, дзе ўпершыню ў Беларусі за апошнія 40 гадоў прадстаўлена панарама творчасці Апалінарыя Гараўскага ў кантэксце мастацкага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Выстаўка прадстаўляе новыя навуковыя адкрыцці ў галіне вывучэння творчасці і біяграфіі мастака.
У экспазіцыі, акрамя карцін Апалінарыя Гараўскага, прадстаўлены работы яго настаўнікаў па Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу – творы Фёдара Бруні і Максіма Вараб'ёва, а таксама брата мастака — пейзажыста Іпаліта Гараўскага. Аснову экспазіцыі складаюць творы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by