29.07.2024
29.07.2024

Мікалай Сцешыц: «Калі лічыце, што тэатр лялькі толькі для дзяцей, то дарэмна!»

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вядучы майстар сцэны, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Мікалай Сцешыц сёлета адзначае шэраг юбілеяў. Па-першае – 30 гадоў творчай дзейнасці ў Магілёўскім тэатры лялек, а па-другое – вясной артыст адзначыў сваё 55-годдзе.

Карэспандэнт «Слушна» Надзея Зуева сустрэлася з Мікалаем Арсеньевічам і давадалася шмат цікавых момантаў з яго жыцця і прафесійнай дзейнасці.

Шлях у прафесію

Сцешыц

– Я заўсёды ведаў, што буду акцёрам. Вырашыў паступаць пасля дзявятага класа. Сказаў маці, што ўсё, далей вучыцца ў школе не буду – пайду ў тэатральнае вучылішча. (Лічу, лепш займацца тым, чым хочаш.) Паехаў у Днепрапятроўск: бо ў нас не было такіх вучылішч. Паступіў на акцёра тэатра лялек. Для мяне гэта цікавей, чым быць акцёрам драматычнага тэатра. Падчас вучобы растлумачылі – акцёр тэатра лялек атрымае нашмат больш у параўнанні з акцёрам «драмы». Напрыклад, у нас была ўзмоцненая пластычная адукацыя. Лічу, той багаж ведаў, які я атрымаў, мяне вядзе ў працы і да гэтай пары.

Усе мае родныя жывуць у Любані. Уяўляеце, які фурор здарыўся, калі паступіў у тэатральнае вучылішча! Мама ганарліва хадзіла па нашым гарадку, хоць спачатку і не вельмі хацела бачыць мяне артыстам (смяецца).

Калі казаць дакладней, у вучылішчы была не вучоба, а выхаванне чалавека як асобы, як акцёра. Памятаю, мы прыходзілі а восьмай раніцы, сыходзілі, бывала, а другой гадзіне ночы.

Мяне ўражваюць дагэтуль педагогі і рэжысёры, якія ў маленькіх дзецях, што праслухоўваюцца, умеюць вызначыць, каго ўзяць, а каго не. Памятаю сябе, калі паступаў: у шорціках, у цяльняшцы – зусім дзіцяці быў (усміхаецца).

Курс набраўся моцны. І калі ты быў прафнепрыдатны, то аб гэтым казалі, і ў лепшым выпадку пераводзілі ў «кульпрасвет». У нас было на курсе ўсяго 12 чалавек, а дайшло да канца толькі пяць. Адлічыць маглі за паводзіны. Мяркую, паводзіны – гэта важна. Не прыйшоў на экзамен, сарваў урок – гэта сто працэнтаў адлічэнне з вучылішча. Было вельмі строга.

Гады студэнцтва праляцелі незаўважна. Мае аднакурснікі зараз працуюць па ўсім свеце. Шмат з іх можна ўбачыць у расійскім кіно. Я ж не адчуваю цёплых пачуццяў да гэтага віду мастацтва.

Быць драмакцёрам мне нават лягчэй. Памятаю, калі вярнуўся з арміі, у той час было цяжка знайсці працу. У мяне атрымалася ўладкавацца ў Слонімскі драмтэатр. Потым быў Магілёўскі драматычны... І толькі наш абласны тэатр лялек стаў маім другім домам. Адчуваю сябе тут вельмі ўтульна.

Тэатр як эксперымент

Тэатр як эксперымент

– У нашым тэатры актыўна развіты эксперыментальны пачатак. Можна ўзгадаць таленавітых рэжысёраў, якія цудоўна ажыццяўлялі гэтую канцэпцыю. І цяперашні Ігар Казакоў – перспектыўны ў гэтым плане рэжысёр. Нам пашанцавала, што яго знакамітыя папярэднікі – і народны артыст Украіны Сяргей Яфрэмаў, і заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алег Жугжда, і іншыя творцы ставілі ў нас спектаклі. Мы і зараз сябе пазіцыянуем як эксперыментальны тэатр. Хоць праблема рэжысуры, вядома, стаіць востра. А рэжысура ў тэатры лялек – асаблівая.

Сцэна лечыць

Фота

— У мяне ніколі не ўзнікала пытання — хворы я, ёсць тэмпература — няма — заўсёды выходжу на сцэну. За свае трыццаць гадоў служэння мастацтву не было ніводнага бальнічнага. Праўда, летась адзін усё ж з’явіўся – і тое, настаялі. Сказалі: «Коля, досыць тваіх подзвігаў» (смяецца).

І сапраўды, калі выходзіш на падмосткі, знікае тэмпература, становіцца лягчэй. Памятаю, у спектаклі «Тры парсюкі» трэба было рабіць кульбіт. А ў мяне — страшэнныя ныркавыя колікі. Гледачу ж не растлумачыш.

У такіх выпадках трэба альбо мяняць прафесію, альбо ахвяраваць сабою. Вытрымцы і самадысцыпліне навучыла тэатральная школа. Цяпер, гляджу, моладзь разбэшчаная… Не ўсе вытрымліваюць: хтосьці зрываецца. Мяне ж гэтыя ўменні вельмі выручаюць. Трэба – значыць трэба. Устаў і пайшоў. І працуеш не на дзесяць-пятнаццаць працэнтаў, а на сто. Я заўсёды выкладваюся на рэпетыцыі, бо ведаю: тое, што напрацоўваю цяпер, вернецца ў будучым. Проста не змагу пасля ніжэй гэтай планкі апусціцца.

Крызісы і ўдзячнасць

— Бываюць і белыя, і цёмныя палосы. Быў час, калі мы, акцёры, не ведалі, куды рухацца далей. Калі не было рэжысёраў. Натуральна, я нармальны чалавек, магу і дэпрэсаваць часам. А на сцэну трэба выходзіць бадзёрым, вясёлым, бо цябе чакаюць маленькія гледачы.

Маладым акцёрам стараюся дапамагчы. Аднак парад не даю – гэта справа няўдзячная. Навучыць нельга, а навучыцца можна. Хто жадае пазнаць майстэрства – падыходзяць, мы займаемся, нешта раю.

Нядаўна на гастролях, у Гродзенскім тэатры лялек, сустракаю свайго выпускніка, які вучыўся на драматычным аддзяленні. Кажу: «А чаго ты не ў драмтэатры?». А ён адказвае: «Вы так цудоўна расказалі пра “ляльку”, што вырашыў пайсці працаваць менавіта ў гэты тэатр». Вядома, прыемна.

Па жыцці мяне вяла толькі прафесія. Калі толькі прыехаў у Магілёў, адна карэспандэнтка спытала: «Мікалай, што для вас тэатр?» А я ляпнуў першае, што прыйшло ў галаву: «Тэатр – маё жыццё». Аднак гэта насамрэч так. Гэта і мая сям’я, і мае крыўды, і мае расчараванні.

У звычайным жыцці не стасуюся ні з кім. Сябе добра адчуваю толькі дома, у родных сценах. Я заўсёды ў тэатры – гэта для мяне дом. Разважаю, а можа, трэба было б жыць жыццём звычайнага чалавека: стварыць сям’ю, нарадзіць дзяцей? Але, напэўна, звар’яцеў бы. Займаюся тым, што падабаецца.

Дарослыя і лялькі

— Цікавасць дарослай публікі да лялечнага тэатра ёсць. Сказаў бы больш – яна нікуды не знікала. Часта прыязджаюць да нас гледачы з Мінска. У тым ліку на дзіцячыя спектаклі. У мяне нават была прыхільніца. Не ведаю, адкуль прыязджала, але заўсёды прывозіла незвычайныя сувеніры. Увогуле, дарослыя — тыя ж дзеці. Яны хочуць прыйсці і акунуцца ў гэтую атмасферу. Забыцца, што там, на вуліцы творыцца, ім трэба апынуцца ва ўтульным доміку. Мы стараемся падтрымліваць такую атмасферу ў тэатры. І калі думаеце, што тэатр лялькі толькі для дзяцей, то дарэмна.  Губляеце для сябе шмат чаго.

На памяць

— Я вельмі ўдзячны сваім родным, якія ўсе гэтыя гады падтрымлівалі мяне і дапамагалі. Калі б не яны, было б цяжка. І брату, і сястры, і маці вялікі дзякуй! Сястра з Масквы піша: «Брацік, ганаруся табой!». А гэта заслуга толькі маіх блізкіх.

У свой юбілейны год хачу пажадацьусім  менш расчараванняў, засмучэнняў, поспеху ў пачынаннях і справах. А самае галоўнае — здароўя! Усім – родным, блізкім і сабе.

Фота прадстаўлена Магілёўскім абласным тэатрам лялек.

Лялькі ў яго жыцці з’явіліся амаль выпадкова. Тэатральнае жыццё Анатоля Ляляўскага ( з нагоды 100-годдзя)

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама