28.06.2019
28.06.2019

Асцярожна: баршчэўнік Сасноўскага! Не чапайце яго парасоны!

logo
Думкі ўслых
0 52
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

...Гляджу ў акно маршруткі – і мімаволі ўздрыгваю, калі заўважаю не дужа далёка ад дарогі белыя парасоны вяліі-і-і-знай расліны. Зноў баршчэўнік Сасноўскага трапляецца на вочы! Ён жа захоплівае ўсё больш і больш тэрыторый не толькі на лугах, у лясах, на зямлі сельгасарганізацый, але і там, дзе знаходзяцца месцы адпачынку. Дзе гуляюць дзеці, а яны такія ж цікаўныя...

Асцярожна: баршчэўнік

Вы яшчэ не пазнаёміліся блізка з гэтай, на першы погляд, прыгожай і экзатычнай раслінай? Не ўзнікла жаданне адшчыпнуць з яе парасон альбо зрабіць са сцябліны... дудачку?! І не трэба! Бо баршчэўнік вас практычна «пакусае».

Не, не як крапіва! Яе ўздзеянне адчуваеш адразу. Каварства баршчэўніку ў тым, што напачатку вы нічога і не адчуеце. Нават можаце не заўважыць, як сок патрапіць на скуру. Але варта толькі вам апынуцца пад сонцам... Не хачу пужаць, але вынікі будуць вельмі адчувальнымі. Даволі страшнымі і вельмі балючымі.

Вось да гэтай расліны як найлепш падыходзіць крылатае: «Папярэджаны – значыць, узброены». Дык што ж хавае за ўласнай вонкавай прыгажосцю баршчэўнік Сасноўскага? Найперш – шматлікія біялагічна актыўныя рэчывы. А ў іх ліку – фуранакумарын. І калі апошнія разам з сокам трапляюць на скуру, дык пад уздзеяннем сонца выклікаюць моцныя апёкі.

І нават калі вы «паручкаліся» з баршчэўнікам увечары і не заўважылі гэтага, дык на наступны дзень пад сонцам сок пачне сваю ядавітую справу. У выніку вы адчуеце на пашкоджаных месцах моцны боль, затым згледзіце пачырваненне, а пасля – вялізныя пухіры. І яны не толькі будуць знікаць марудна, а могуць нават пакінуць на целе рубцы. А апёкі ад баршчэўніку атрымліваюцца I-III ступені!

Асцярожна: баршчэўнік

Што рабіць, калі вы – наўмысна альбо ненаўмысна – усё ж пакраталі баршчэўнік, прайшлі праз яго зараснікі альбо скантактавалі з ім нейкім іншым чынам?!

Тут усё залежыць ад таго, заўважылі вы гэты момант, ведаеце пра шкоднасць расліны ці не.

Калі заўважылі і ведаеце... Адразу накрываем участак скуры, на які трапіў сок, чымсьці шчыльным (напрыклад, нацягваем на рукі рукавы) і стараемся не трапіць пад сонца, наколькі гэта магчыма. Дома мыем рукі з мылам, узбіваючы яго ў пену, услед – слабым растворам марганцоўкі, фурацыліну.

Пасля прамывання наносім слой сродку супраць апёкаў. Напрыклад, пантэнол альбо леваміколь. Калі вы алергік, лепей прыняць адразу антыгістамінны сродак. У прынцыпе, калі і не алергік, лепей таксама падстрахавацца (ведаю па ўласнаму вопыту, толькі сітуацыя была іншай).

Важна! Як мінімум двое сутак на пашкоджаны ўчастак не павінна трапляць сонца! Ніяк і нідзе! Але калі, нягледзячы на ўсе дзеянні, з’явіўся боль і пайшлі пухіры – неадкладна па медыцынскую дапамогу!

І сітуацыя №2. Калі пра ядавітасць баршчэўніку не ведалі, пасля кантакту і пападання соку на скуру засталіся пад сонцам альбо на наступны дзень выйшлі пад яго прамяні і адчулі сябе блага... А гэта можа быць і галавакружэнне, і проста галаўны боль, і павышэнне тэмпературы... Калі сілы яшчэ ёсць, звяртайцеся па медыцынскую дапамогу самастойна і неадкладна! Калі медустанова далёка альбо самаадчуванне ўжо не надта, лепей выклікаць «хуткую».

Калісьці баршчэўнік завезлі як культурную расліну, якая павінна была ісці на корм для кароў. Маўляў, будуць шмат есці – будуць даваць шмат малака. А сама расліна-то высокая, да трох метраў, і зялёнай масы з яе мора. Еш – не хачу... Але... Як высветлілася, малако атрымлівалася з прысмакам, даволі адчувальным. А сам баршчэўнік выявіўся не толькі небяспечным для людзей, катоў, сабак, але яшчэ і самым сапраўдным захопнікам! Рассяваецца далёка і хутка.

На тэрыторыі нашай Чэрвеньшчыны шмат месцаў, дзе ён раскашуе. І жыхары перыядычна скардзяцца на небяспечнае суседства. І «хіміяй» яго труцяць, і механічна (шляхам скошвання да рассейвання насення) знішчаюць. А ён усё жыве... Нават у Мінску!

Таму трэба быць вельмі асцярожнымі, згледзеўшы шыкоўныя зараснікі, на першы погляд незвычайныя і прыгожыя. Не ісці туды самім, нават дзеля цікавага фота, і не пускаць дзяцей. Не чапайце ніякім чынам – і тады ён вас «не ўкусіць».

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 52

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".