Народны майстар Беларусі Алена Гурэцкая звязала сваё жыццё з лозапляценням і абсалютна ўпэўнена — лаза можа захапіць кожнага сваімі бязмежнымі магчымасцямі.
Алена Васільёўна працуе загадчыцай філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Акопы». Менавіта тут, у любімых мясцінах народнага паэта Беларусі, можна ўбачыць самабытную экспазіцыю работ з лазы беларускіх майстроў, у якой прадстаўлены цікавыя прадметы традыцыйнага быту: ад карзін да дзіцячых калысак.
Ці з’яўляецца лозапляценне трэндам у сучаснай беларускай культуры, як аб’екты з лазы дапамагаюць зрабіць наша жыццё больш экалагічным і якімі асаблівасцямі характарызуецца беларуская традыцыйная карзіна. Аб усім па парадку пагаварылі з Аленай Васільеўнай.
Мастацтва Беларусі
Алена Васільеўна, раскажыце пра свой шлях да лозапляцення…
— Шмат гаварыць пра гэта не буду, раскажу толькі некалькі фактаў. Яшчэ ў юнацтве мне паказалі, як плятуць беларускія карзіны, зачапіла. Пару работ зрабіла пад наглядам, пасля вучылася сама. Раней жа інтэрнета не было.
Адзін раз у Віцебску паехала купляць шторы, але вырашыла зайсці ў кнігарню на вуліцы Суворава, замест штор набыла кнігу «32 урокі пляцення з лазы». Памятаю, тады прадаўшчыца мне сказала: «Калі вы навучыцеся работаць з лазой, у вас не адны будуць шторы». Яна сказала праўду.
Наколькі лозапляценне як мастацтва актуальна ў сучасным свеце? Што асаблівага пакупнік можа знайсці ў лазе?
— Да мяне сёння прыходзіць шмат людзей, з рознымі ідэямі. Ёсць ідэі, якія трэба ўвасобіць у жыццё для нейкай выстаўкі ці, напрыклад, паказаць дэманстрацыю гародніны, прыгожа яе падаць у той жа карзінцы. Нядаўна паступіла прапанова зрабіць крылы з лазы, ёсць і сувенірныя запыты. Напрыклад, чалавек хоча, каб яму зрабілі сімвал Беларусі: хоча паставіць у сябе дома бусла ў гняздзе са ўсімі атрыбутамі: васількамі, мяшком са збожжам, які сімвалізуе багацце.
У асноўным папулярнасцю карыстаюцца карзінкі для рознай дзейнасці: схадзіць у лес, схадзіць у царкву ці касцёл на Вялікдзень. Але я заўсёды пакупніку тлумачу, як можна іх яшчэ выкарыстоўваць. Карзіна ствараецца ўніверсальная: можна ў ёй яблыкі прынесці, можна гародніну, можна паставіць на стол і скласці ў яе разнастайную садавіну. Яна выконвае і дэкаратыўную, і ўтылітарную функцыі. Можна карзіну напоўніць хлебам, пернікамі і прыгожа сервіраваць стол, латкі з лазы можна выкарыстозваць для захоўвання сталовых прыбораў. Людзі заказваюць абажуры, плеценыя куфры, карабы, скрыні, якія можна паставіць, напрыклад, у ванную.
Вельмі важна ў моманты камерцыйных заказаў не забываць пра мастацтва. Сплёў карзіну, атрымаў грошы, зрабі нешта дзеля душы.
У мяне так з'явіліся «Калядная зорачка», «Ярыла», «Купала»… Калі майстар звязаны з культурай, ён па-іншаму сябе адчувае і думае па-іншаму. Напрыклад, гледзячы на маё дрэва «Беларускія музы» — вы можаце ўбачыць вялізную частку сімвалаў, гістарычных і міфалагічных. І гэта цікава. Як думаеце, ці можна з лазы, напрыклад, зрабіць дарогу жыцця? Я прыдумала: узяла донцы рознага памеру, яны зроблены на крыжавіне і маюць форму круга. Яны рознага дыяметра, атрымліваецца выкладванне дарогі рознымі дыяметрамі гэтых донцаў, ты быццам будуеш падзеі, якія могуць быць як вялікія, так і маленькія.
Як будуецца працэс лозапляцення, з чаго ён пачынаецца і што ў ім самае важнае?
— Першапачаткова трэба знайсці матэрыял. Калі няма свайго ўгоддзя, трэба схадзіць і паглядзець, дзе лаза расце. Выбраць трэба прыдатны матэрыял, таму што не ўвесь ідзе ў пляценне. Ёсць лаза ломкая, ёсць з падоўжанымі баразёнкамі, якія псуюць выгляд выраба.
Калі вырашылі вырошчваць лазу, павінны разумець, што гэта карпатлівая праца. Спачатку трэба падрыхтаваць зямлю, высадзіць чаранкі вясной. У Беларусі іх купіць вельмі складана.
Вызначыць гатунак лазы вельмі важна, каб зразумець яго асаблівасці. Напрыклад, гатунак «Амерыканка» — ён мяккі, пры варэнні атрымліваецца насычана карычневага колеру, ёсць лаза для карзін, яна гнуткая. А вось гатунак «Пурпурны» больш пругкі, падыходзіць для абажураў, рэчаў, якія трэба захіліць. Дарэчы, рознае спалучэнне колераў і гатункаў лазы надаюць вырабу прыгожы выгляд.
Пасля сбору матэрыялу, нам спатрэбяцца адмысловыя інструменты, каб яго пачысціць. Калі на двары вясна або канец лета, то лаза чысціцца без папярэдняй тэрмічнай апрацоўкі, прут атрымліваецца сокавы, ён мае светлы колер. Нават пры замочванні, калі на сонца паставіць, ён усё роўна будзе белы.
А лазу для пляцення збіраюць пасля першых маразоў, яна ўжо паспела: прут застаецца пругкім, мае маленькую сэрцавіну. Ён пляцецца ўвесь — ад пачатку і да канца. У жніўні, калі збіраецца лаза, пруты яшчэ няспелыя: вяршыні мяккія, нагадваюць вату, для пляцення не падыходзяць. Кастрычнік ці лістапад — той час, калі пачынаюць нарыхтоўваць зімовы прут. Яго, каб пачысціць, трэба зварыць. Матэрыял абавязкова сартуецца па памерах, каб лёгка было пасля працаваць. Затым вяжам пруты ў пучкі, кідаем у ванну, кіпяцім ваду. Калі вада закіпела, дастаём нашу лазу і астуджваем — кладзём у халодную ваду, тады кара лепш адлучаецца. Калі пачысцім, пруты трэба абавязкова высушыць, нават калі яны патрэбныя ў пляценне. У чышчаным выглядзе матэрыялу таксама трэба паляжаць, каб структура прутоў стала шчыльнай.
Я распавяла вам працэс за пару хвілін, насамрэч справа доўгая. Падрыхтоўка матэрыялу — гэта 90 адсоткаў ад карзіны. Кожны дубчык у руцэ майстар трымае ад 10 да 20 разоў. Гэта толькі адзін, а ў кошыку іх 150 ці больш.
Калі рабіць беларускую карзіну з матэрыялу з карой, як гэта рабілі нашы дзяды і прадзеды, лазу трэба пакласці на сонца, каб пруты падвяліліся: яны стануць не пругкімі, а цягучымі.
Ёсць яшчэ цікавая тэхналогія запарвання прутоў у кары. Бярэцца прут, высушваецца ў кары, пасля высыхання ён дае ўсаджванне, яго зноў запарваюць. Галоўнае тут не перабраць: не зварыць матэрыял, а зрабіць так, каб кара не адставала ад дубца, моцна на ім трымалася. Колер такога матэрыялу будзе чорны ці цёмна-карычневы.
Ці можна аднесці лозапляценне да трэнду экалагічнасці?
— Вядома, многім гэта можа не спадабаецца, але раскажу факт, які ёсць і які пакупнік можа не ведаць. Майстар можа пайсці збіраць матэрыял у высечаных месцах, дзе з'явіліся аднагадовыя пабегі.
Гэта санітарныя зоны аўтамабільных і чыгуначных дарог. Натуральна, там няма ніякай экалогіі.
Я свой матэрыял вырошчваю ў экалагічна чыстым месцы, не выкарыстоўваючы хімікаты і фарбавальнікі. Ён вырастае чыстым і смачна пахне. Бо цікавасць пакупніка, які набывае выраб з лазы, безумоўна, звязаная з экалагічнасцю.
Ведаю, што сваё майстэрства вы перадаеце вучням. Што важна для вас ў працэсе выкладання?
— Калі з'явіўся інтэрнэт, многія людзі сталі набываць веды ў віртуальных крыніцах. Але я ўпэўнена, што вельмі важныя жывыя зносіны з носьбітам майстэрства. У працэсе пляцення работы і жывой камунікацыі майстар раскрывае вучню сакрэты ўкладвання дубца, абкручвання, разваротаў, загінкі. Ён можа нават не сказаць, як трэба, а рухамі паказаць, як паставіць рукі, каб узяць нарыхтоўку, а другой рукой плесці, як перавярнуць, як трымаць адной рукой аб'ект, робячы іншае.
У пачатку творчага жыцця, калі мне паказалі першую беларускую карзіну, я яе зрабіла, але мне хацелася чагосьці больш ажурнага і прыгожага. З'явіўся майстар, паказаў, як гэта робіцца, аднак праз нейкі час я ўсё роўна вярнулася да беларускіх карзін. У мяне не атрымлівалася рабіць круг, каб карзіна выглядала не крывой. Спрабавала па-рознаму, не атрымлівалася.
Аднойчы на кірмашы ў Віцебску да мяне падышоў мужчына і спытаў «Чаму ты не робіш беларускія карзіны?». Я сказала, што ў мяне не атрымліваюцца, расказала, як іх раблю, як бяру прут, накручваю на нешта. А ён мне кажа: «А ты паспрабуй не накручваць на нешта, а ўкладваць у нешта. Напрыклад, у рондаль». І я пачала круціць гэтыя кружочкі ў рондалі, і ў мяне за некалькі гадоў сабралася цэлая калекцыя беларускай карзіны ў розных варыянтах: пузатая, падоўжаная, высокая, з шырокай ручкай, з трыма коламі. І ў 2007 годзе я была намінаваная на дзяржаўную стыпендыю менавіта за стварэнне калекцыі беларускай карзіны. Так адбылося, што адно слова незнаёмага майстра паўплывала на ўсё маё жыццё.
У гэтай калекцыі інтэрпрэтацыі беларускай карзіны больш за дваццаць формаў, і гэта яшчэ не максімаьна магчымая колькасць.
Раскажыце пра асаблівасці беларускай карзіны ў лозапляценні ...
— Беларуская карзіна, як кажа старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Міхайлавіч Сахута, з'яўляецца крыжова-рэбранай. Гэта значыць, два кругі ставяцца адзін у адзін, утвараючы з двух бакоў крыж, гэты крыж альбо ўмацоўваецца ромбікам з двух бакоў і паміж імі ставіцца рабрынкі альбо аплятаецца дубцом і тады падстаўляюцца рабрынкі. То бок, гэта асобная работа, не падобная ні на што іншае. У цэлым, беларуская карзіна — гэта асобны сусвет. Яна выконваецца адным простым пляценнем, але фарміруецца пры дапамозе рэбраў. Тут ужо можна пагуляць формай: круг, авал, трохвугольнік. Той жа авал можна размясціць па-рознаму.
Беларускія карзінкі раней плялі для розных мэт: для рыбалкі, збору ягад, выкарыстоўвалі як заплечнік і як кошык з вечкам для каўбасы. У сваёй калекцыі я фактычна нічога сама не прыдумала, а назіраючы, зрабіла яе крыху сучасней. Такі кошык падыдзе ў любы інтэр'ер, ён выкарыстоўваецца сёння і будзе жыць далей.
У расійскай энцыклапедыі наша карзіна называецца беларускай ці лучковай, у беларускай — бацькоўскай, яшчэ можа называцца традыцыйнай.
Наколькі важная для нашых майстроў работа з беларускай карзінай?
— Калі іншы майстар глядзіць на твае работы і кажа: «Ну ў цябе і рэбранка», у мяне аж дух захоплівае. Беларуская карзіна, безумоўна, гаворыць аб тваім узроўні прафесіяналізму. Энергію ў такіх работах бачаць і пакупнікі, і калегі.
Не толькі карзіну можна аднесці да традыцыйнага нацыянальнага рамяства. Напрыклад, калыска, якую плялі з лазы для немаўлят, таксама выканана ў такой жа тэхніцы з рэбраў і аплецена простым пляценнем. Гэта была падвясная калыска, былі і іншыя, якія ставілі на стол і ўкалыхвалі малога. Этажэркі, мэблю з лазы заўсёды рабілі на Беларусі і рабілі якасна.
Дарожныя куфры, абажуры рабілі спецыяльна для мяшчанскіх дамоў, для маленькіх дзетак рабілі хадункі, бразготкі. Кару лазы выкарыстоўвалі для пляцення аборак. Тым больш, раней людзі ўсё рабілі для сябе ці на абмен. Калі гаспадар умеў, ён і рабіў, ці пастух пайшоў глядзець статак, нарэзаў галінак і кошыкі плеў. Плялі людзі ёмістасці для захоўвання збожжа ці мукі.
Ці быў у вашай кар'еры момант, калі вы адчулі, што лозапляценне — гэта трэнд?
— Такога моманту не было, таму што лаза заўсёды карыстаецца попытам, асабліва ў вясновы, летні і восеньскі перыяды. Як правіла, у гэты час майстры могуць парэзентаваць свае вырабы на выстаўках ці кірмашах. І да іх звяртаюцца па замову.
Можаце распавесці пра самую арыгінальную замову на вашым творчым шляху?
— Я ўжо пачынала расказваць пра крылы, яны для мяне былі вельмі цікавай работай. Я шмат разоў рабіла буслоў з крыламі, але ж асобнае крыло і каб яно функцыянавала, ідэя мяне захапіла. Крылы былі створаны на адным дыханні. Я зрабіла каркас, спляла, дадала пярынак.
Сёння мне вельмі падабаецца работа са скульптурай. Мая скульптура «Забава» была зроблена за два дні на конкурс, яна не мае рысы твару, «Ярыла» зроблены за два месяцы, там ужо ёсць нос і праглядаюцца вочы, Купала — басаногі хлопчык, на нагах бачныя пальцы, рукі ў яго не як у Ярылы проста сплеценыя, а з пазногцямі. Адбываецца рост самога майстэрства: хочацца паказаць больш складаных дэталяў. Мне не цікава рабіць тое, што я рабіла раней, ужо хочацца паказаць не проста рот ці вочы, хочацца перадаць міміку.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by