На ручніках — ад розных бед замовы.
Ва ўсе часы для нас яны
Як сімвал матчынай любові,
Як знак людское дабрыні.
А.Нефрановіч
25 мая ва ўсім свеце адзначаюць Дзень ручніка. Для беларусаў ручнік — не проста рэч хатняга выкарыстання, але ж і нацыянальная каштоўнасць.
Мова вышыўкі, не горшая за словы, можа расказаць гісторыю беларускага народа. Яна адкрывае нам цэлы свет вобразаў, падзей, вераванняў і лёсаў многіх пакаленняў беларусаў. Менавіта таму ручнікі — адзін з найбольш цікавых феноменаў традыцыйнай беларускай культуры. Яны суправаджаюць чалавека на працягу ўсяго жыцця, звязваючы яго з духоўнай спадчынай, пакінутай папярэднімі пакаленнямі, а таксама культурай і звычаямі продкаў.
Прымяненне
Ручнікі адыгрывалі вялікую ролю ў беларускіх абрадах. Іх вешалі на галінах святых дрэў, упрыгожвалі чырвоны кут хаты і абразы; дзясяткі вышытых ручнікоў рыхтавалі да вяселля.
Старажытнага беларуса ўсе жыццё суправаджалі розныя сімвалічныя рэчы: іконы, адзенне, прадметы побыту і, канешне ж, рушнікі. Сцвярджаюць, што самы стары рушнік на Беларусі датуецца сярэдзінай III тысячагоддзя да нашай эры.
Тэхналогія ткацтва
Тэхналогія вытворчасці рушнікоў была вельмі цяжкая. Ніткі для ткацтва вырабляліся з ільну. Перш – наперш лён трэба было сабраць, потым вымачыць, высушыць, а потым ужо вырабляць ніткі.
Старадаўнія ручнікі выконвалі ў чырвона-чорнай гаме, радзей сустракаецца жоўты, сіні і карычневы колеры. Малюнкі на іх намаляваны ў форме геаметрычных фігур, прысутнічае раслінны арнамент.
Чырвоны колер — сімвал цяпла, прыгажосці, чорны — сімвал багацця. Белы колер заўсёды асацыяваўся з чысцінёй, ачышчэннем, дабром, а, такім чынам, і абаронай ад усяго благога. Гэта надавала ручніку адценне святасці, рабіла яго абярэгам і сімвалам удачы ў любой справе. Арнаменты, вышытыя на ім, неслі асаблівы сэнс і глыбокае значэнне.
Вобразнасць
Сімвалічныя ўзоры ручнікоў цесна звязаны з беларускімі легендамі. Адным з галоўных вобразаў, якія выкарыстоўваюцца майстрыхамі, з'яўляецца дрэва жыцця, якое лічыцца ўвасабленнем неўміручасці і вечнага жыцця.
Выкарыстоўвалі вобразы кахання. Найбольш поўным выразам лірычных і паэтычных настрояў у народным мастацтве былі птушкі. Так, зязюля сімвалізавала жанчыну-ўдаву, салавей — паэта кахання, сокал — выява каханага, арол — героя.
Голуб жа выступаў як сімвал кахання і свету. Два галубы, звернутыя галовамі ў адзін бок, сімвалізуюць хлопца з дзяўчынай.
Але адной з самых прыгожых у беларускай вышыўцы з'яўляецца выява Лады. У славян Лада лічылася багіняй прыгажосці, юнацкасці і шлюбу. Дзяўчыны вышывалі Ладу з ружамі для таго, каб каханы пакахаў, і яны знайшлі агульнае шчасце.
Адметнасці рэгіёнаў
Беларускія ўзоры — вельмі яркія і каларытныя элементы, унікальныя сваім старажытным паходжаннем, а таксама арыгінальным выглядам. Іх прымяненне не губляе папулярнасці і да гэтага часу.
У залежнасці ад свайго галоўнага прызначэння беларускі традыцыйны ручнік можна ўмоўна далучыць да дзвюх адасобленых груп тканін: дэкаратыўна-абрадавых і гігіенічна-бытавых. Сярод апошніх вылучаўся ўціральнік («уціраннік»). Паводле даследаванняў М.Я.Нікіфароўскага, на Віцебшчыне яго асноўная служба заключалася ў выціранні рук і твару пасля ўмывання. Прычым на патрэбу сям’і выдзяляўся толькі адзін ручнік, які звычайна вісеў пасярэдзіне сцяны. У лазню яго не бралі: цела тут выціралі бялізнай – знятай ці падрыхтаванай да змены. Выглядаў ён усюды аднатыпна: не надта доўгі (каля 1,5 метра), вытканы палатняным, а часцей саржавым перапляценнем.
Увогуле Віцебскія ручнікі вядомыя, дзякуючы народныя майстрыхам вёсак Шаркаўшчынскага, Мёрскага, Браслаўскага, Віцебскага раёнаў. Ткалі з адбеленага кужалю або белай бавоўны. Аздаблялі на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор стваралі выкладаннем чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых нітак бавоўны (выбарнае ткацтва), што нагадвае вышыўку па гатовай тканіне.
Уласцівыя Віцебскім ручнікам сюжэтнасць арнаментальных кампазіцый, паліхромнасць каларыстычнай гамы, перавага белага фону ў месцах размяшчэння дэкору.
Да ліку ручнікоў утылітарнага прызначэння адносіўся скарач – маленькі, квадратнай ці падоўжанай формы, неад’емнай прыналежнасцю якога былі доўгія махры («пачопкі»). На Палессі такі ручнік называўся «трапкач», «пацірач», на паўночным захадзе – «брэндзал». Такія ручнікі больш складаныя за ўціральнік па каларыту, спосабах выканання, скарачы ніколі не ткаліся асобным вырабам, а адразаліся ад простага ці ўзорыстага палатна. Яны ўжываліся для выцірання посуду, рук. Галоўная ж функцыя такога ручніка заключалася ў выкарыстанні яго ў якасці зручнай, лёгкай і таннай прылады для пераносу керамічнага посуду з ежай.
Відазмененай формай ручніка быў і надзежнік – палатняная накрыўка для дзяжы. Яго таксама выкарыстоўвалі на ўрачыстым паднашэнні хлеба-солі, караваю.
У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя на Беларусі бытавалі і невялікія палатніны. У Калінкавіцкім раёне, дзе імі шырока карысталіся для падарункаў, яны мелі назву «платкі».
Нельга не расказаць пра Мотальскія ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна. Іх ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты. Традыцыйны колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў складаецца з двух відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы.
Магілёўскія ручнікі былі распаўсюджаны ў вёсках Бабруйскага, Кіраўскага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Магілёўскага, Хоцімскага і іншых раёнаў. Вядомы з XVIII стагоддзя. Узніклі пад уплывам мануфактурнага ткацтва. Тэхніка ткання магілёўскіх ручнікоў браная і закладная. Яны мелі на канцах па 3-5 гарызантальных палос, аддзеленых адна ад адной гладка затканымі палоскамі, і аздабленне белымі (часам чырвонымі) карункамі з кутасамі.
3 аднаго краю ўздоўж усяго ручніка праходзіла суцэльная арнаментальная паласа, праз пэўныя прамежкі чаргаваліся вытканыя або вышытыя асобныя арнаментальныя матывы: чатырохвугольнік, ромб, крыжык, трохвугольнік, зорачка і іншыя фігуры.
Са старажытнасці – у сучаснасць. Беларускія паясы
У апошнія гады павялічваецца цікавасць да беларускіх традыцый. У нашы дні ручнікі можна сустрэць у музейных залах, на выстаўках, фестывалях народнай творчасці, дзе ўсе зацікаўленыя могуць прадэманстраваць свае работы і пазнаёміцца з творчасцю іншых майстрых. А ў некаторых дамах і дагэтуль захоўваюцца старажытныя ручнікі, якія з'яўляюцца неад'емнай часткай нашай гісторыі і культуры.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by