03.04.2018
03.04.2018

Бяспечны анлайн-шопінг, або Як купляць у інтэрнэце і не баяцца махлярства

logo
Адукацыя і выхаванне
0 77
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сёння здзяйсняць пакупкі, знаходзячыся дома, можна з дапамогай любой электроннай прылады: камп'ютара, ноўтбука, планшэта або мабільнага тэлефона.

Інтэрнэт змяніў нашы спажывецкія звычкі, падкінуўшы шэраг пераваг перад паходамі на кірмашы, у крамы і гандлёвыя цэнтры. Па-першае, набываць, не выходзячы з кватэры, зручней, па-другое, прасцей знайсці навінкі, па-трэцяе, лягчэй адшукаць самыя выгадныя прапановы (прычым як у беларускіх, так і ў замежных крамах).

Як засцерагчы свае дадзеныя ў інтэрнэце?

У большасці выпадкаў у інтэрнэт-крамах можна расплачвацца анлайн - хутка і без лішніх клопатаў.

Аднак, выбіраючы анлайн-шопінг, не варта забываць пра бяспеку, каб не трапіцца на вуду інтэрнэт-ашуканцаў і кіберзлачынцаў, якія карыстаюцца няўважлівасцю пакупнікоў. Абараніць сябе ад пасягальніцтваў зламыснікаў досыць лёгка. Выконвайце простыя рэкамендацыі.

  • Не захоўвайце плацежныя дадзеныя і паролі ў памяці мабільных прылад: іх можна згубіць разам з гаджатам. Калі гэта ўсё ж такі адбылося, блакіруйце і банкаўскую, і SIM-карту. Своечасовы зварот у банк захавае вашыя фінансавыя сродкі.
  • Для аплаты тавараў у інтэрнэце выкарыстоўвайце асобную банкаўскую карту да асобнага рахунку і з абмежаванай сумай грашовых сродкаў на ім.
  • Пакуль не пераканаецеся ў сапраўднасці інтэрнэт-рэсурсу, не ўводзьце лагін, пароль, адрас электроннай пошты, нумар банкаўскай карты і іншую асабістую інфармацыю.

  • Праверце, дзе тэрытарыяльна размешчана інтэрнэт-крама. Калі вы збіраецеся набыць рэч у інтэрнэт-краме, што знаходзіцца за межамі Беларусі, неабходна даведацца, ці трэба дадаткова аплачваць мытныя пошліны. У выніку пакупка можа абыйсціся даражэй. Такім чынам, тое, што першапачаткова было прывабнай прапановай, можа апынуцца зусім невыгодным.
  • Вывучыце водгукі іншых пакупнікоў пра абраную інтэрнэт-краму і тавар (на сайце крамы і на іншых рэсурсах).
  • Насцяражыцеся, калі на сайце няма магчымасці аплаціць набыццё праз старонку банка, на якой вы ўводзіце дадзеныя сваёй карты. Калі вам прапануюць зрабіць перавод па нумары кашалька праз тэрмінал аплаты, вялікая рызыка, што за пераведзеныя грошы вы не атрымаеце нічога. Часта банкі не супрацоўнічаюць з сайтамі менавіта з-за іх падазронасці.
  • Не адпраўляйце плацежную і персанальную інфармацыю праз неабароненыя каналы – месанджар або e-mail. Звяртайце ўвагу на наяўнасць SSL-сертыфіката і піктаграму замочка бяспекі ў панэлі інструментаў або ў адрасным радку браўзэра – гэта сведчыць пра тое, што з вашымі дадзенымі нічога не здарыцца.
  • Калі вы паспяхова набылі тавар на падазроным сайце, на працягу некалькіх месяцаў уважліва правярайце спісанні са сваёй банкаўскай карты: чытайце SMS-абвесткі пра пакупкі або сачыце за рухам сродкаў у асабістым кабінеце. Калі знайшлі ўцечку, неадкладна звярніцеся ў банк.
  • Абавязкова вывучыце ўмовы набыцця рэчаў у інтэрнэт-краме. Гэта неабходна, паколькі ў розных інтэрнэт-крамах умовы могуць істотна адрознівацца. Асабліва калі гаворка ідзе пра падрабязнасці аплаты, падачы скаргі або асаблівыя ўмовы, якія тычацца дастаўкі. Таксама варта азнаёміцца з умовамі вяртання і абмену тавару да таго, як набыць яго.
  • Захоўвайце электронныя дакументы, ліставанне па электроннай пошце і квітанцыю аб аплаце, асабліва калі набываеце дарагі тавар. У выпадку паломкі вы зможаце ва ўстаноўленыя тэрміны замяніць яго ці атрымаць грашовую кампенсацыю толькі пры захаванні квітанцыі аб аплаце або бланка пацвярджэння замовы з інтэрнэт-крамы.

Як купляць тавары і паслугі праз Інтэрнэт?

Існуе некалькі прыкмет, якія сведчаць, што інтэрнэт-крама можа быць ненадзейнай.

  • У краме няма інфармацыі аб кантактах прадаўца (нумары тэлефонаў, адрас). Як правіла, сапраўдныя інтэрнэт-крамы маюць некалькі тэлефонаў, у тым ліку гарадскіх. Пажадана наяўнасць фактычнага адраса (склада або офіса).
  • Кошты ў краме занадта прывабныя. Каб атрымаць лёгкія грошы, многія ашуканцы прапаноўваюць вельмі выгадныя цэны. На іх сайце кошт тавару можа складаць усяго 10% ад яго рэальнага кошту.
  • Назва сайта выглядае падазрона. Даменныя імёны ненадзейных старонак, як правіла, доўгія і складаныя, могуць чытацца справа налева, таксама ў адрасным радку магчыма адлюстраванне аднолькавага адрасу для ўсіх старонак сайта.

  • Мноства стылістычных і граматычных памылак. Многія ашуканскія крамы перакладаюць тэкст сайта з адной мовы на іншую з дапамогай праграм машыннага перакладу, таму калі ў апісанні тавару шмат граматычных памылак або памылак друку, лепш пакінуць гэты сайт.
  • Блакіроўка выбару тавару да ўводу асабістых дадзеных. Калі на сайце інтэрнэт-крамы просяць увесці нумар тэлефона, банкаўскай карты і іншыя персанальныя дадзеныя да таго, як вы пачалі набыццё, варта пашукаць упадабаную вам рэч у іншай краме.

Запомніце: праверка надзейнасці сайта гарантуе захаванасць грошай і нерваў.

І самае галоўнае: анлайн-шопінг, паход на кірмаш, наведванне крамаў і гандлёвых цэнтраў заўсёды павінны прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі.

Прыемнага вам шопінгу!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 77

Журналіст. Маці блізнят
Глядзіце таксама