09.06.2019
09.06.2019

Бульба «нямэтавага» прызначэння…

logo
Думкі ўслых
0 51
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі ўжо да нас лета завітала, тады ўсё меней карысных рэчываў застаецца ў бульбе старога ўраджаю. Тая, што выбіралася на насенне, яшчэ на пачатку мая пасаджана і няблага расце. І ўжо каларадскія жукі, хціва паціраючы лапкі, вылазяць на пах «свежай зеляніны» з зямлі, шпацыруюць пехам ад аднаго ўчастка да другога ў пошуках спажывы. Адзін такі літаральна завіс перад нашым участкам… на папараці! Не дайшоў!:)

Хочацца ўжо свежай бульбы, хаця і не рызыкуеш пакуль набываць яе, прывезеную з замежных краінаў. Таму ямо старую. І разумеем, што яна зноўку застаецца. Летась паспрабавалі рабіць з яе свой крухмал. Здаецца, і атрымлівалася, але... Малавата прадукту на выхадзе. Не каштуе тых намаганняў.

Таму даводзіцца прыгадваць, куды яшчэ бульбу можна прыстроіць, каб рэшткі не выкідваць. І насамрэч варыянтаў хапае. У тым ліку – на карысць здароўю. Напрыклад, у касметалогіі выкарыстоўваюць разнастайныя маскі для твару і валасоў, дзе бульба – асноўны кампанент.

Рэцэптаў у сеціве мора!

Можна падабраць для свайго тыпу скуры, зыходзячы з наяўнасці кампанентаў і ўвогуле – тое, што ляжа да сэрца.

Бульба таксама выкарыстоўваецца ў рэцэптах догляду за рукамі і пяткамі, з яе дапамогай можна выдаляць мазалі на ступнях... Словам, абкладваемся сырой надзёртай бульбай з ног да галавы – і не патрэбныя нам ніякія заморскія маскі! 🙂

Самае лёгкае і простае – паловай сырой бульбіны працерці праблемныя зоны на скуры твару. Праз пару хвілін апаласнуць твар і выцерці ручніком. Зразумела, з першага разу відавочнага эфекту не будзе. Трэба рэгулярна паўтараць.

І нават пасля гэтага запасы агародніны ніяк не заканчваюцца?!

Бяром клубень, разразаем папалам, ідзём да любімай пары туфель і... націраем – замест крэму! Спачатку абутак зробіцца цьмяным. Але калі праз 5 хвілін працерці яго мяккай тканінай... Заблішчыць!

А можа, менавіта зараз самы час вымыць вокны, шкло ў аўтамабілі, пачысціць акуляры?! І зноўку бульба! У той жа паслядоўнасці. Разразаем, націраем, пасля высыхання праціраем сухой анучкай. Бляск гарантаваны! І ніякай хіміі. Аўтары ідэі сцвярджаюць, што акуляры атрымліваюць бонус – не туманяцца пры перападах тэмператур.

У вас яшчэ ёсць у хаце ці кватэры звычайная лямпачка ў люстры ці свяцільніку?! А бывае, што яна лопаецца і з патрона тырчаць вострыя парэшткі?

Бяром сырую бульбіну, устаўляем у рэшткі і акуратна паварочваем. Праблема вырашальная!

А вось што прыдумалі нашы продкі – даўным-даўно, калі карысталіся яшчэ сярэбранымі манетамі. Іх чысцілі, паклаўшы ў ваду, у якой варылася бульба! Сцвярджаюць, што зараз такім чынам можна без усялякіх намаганняў пачысціць сталовае срэбра. Проста апусціць туды на 20-30 хвілін. Асабіста я збіраюся пайсці яшчэ далей – высветліць, ці гэтак жа падзейнічае вада з-пад адваранай бульбы на сярэбраны ланцужок, бранзалет альбо пярсцёнак. Бо чысціць іх зубным парашком – значыць, забрудзіць ім усё вакол.

З асабістага вопыту прыгадваю, як даўней перасоўвалі канапу і шафу з месца на месца. Пад ножкі падкладвалі разрэзаныя бульбіны. І няблага слізгалі, скажу я вам! Да таго часу, пакуль ні трэскаліся пад цяжарам мэблі! J А калі яна да месца яшчэ не «даехала», даводзілася замяняць бульбяныя паловы.

А хто памятае, як у дзяцінстве пры прастудзе мамы прапаноўвалі нам падыхаць над каструлькай са зваранай бульбай, накрыўшыся ручніком альбо коўдрай?! Тады ж не было сучасных прыбораў – інгалятараў... А інгаляцыі рабілі вось такім чынам.

ў бульбяных клубнях нядрэнна прарастаюць чаранкі ружаў

А яшчэ кажуць, што ў бульбяных клубнях нядрэнна прарастаюць чаранкі ружаў, якія бяруць адтуль для ўласнага сілкавання карысныя рэчывы. Трэба будзе пры выпадку праверыць.

Ведаеце іншыя спосабы «нямэтавага» прызначэння бульбы?! Падзяліцеся, калі ласка, з намі. А то яшчэ ў падвале гэтай агародніны хапае...

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 51

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".